Вы тут

Тэрыторыю паміж Полацкам і Лепелем акупанты планавалі зрабіць мёртвай


Часовае зацішша на фронце вясной 1944 года нямецкае камандаванне вырашыла выкарыстаць у сваіх мэтах. У складзе рэгулярных вайсковых часцей, паліцэйскіх і эсэсаўскіх фарміраванняў акупанты рушылі на Віцебшчыну — стаяла задача ліквідаваць Полацка-Лепельскую партызанскую зону, якая перашкаджала рэалізацыі захопніцкіх планаў. Прычым мэтай было не толькі знішчыць партызан на гэтай тэрыторыі, але ўвогуле ачысціць мясцовасць ад людзей, пераўтварыўшы яе ў мёртвую зону.


Мемарыяльны комплекс «Прарыў», што пад Ушачамі, прысвечаны гераічнаму прарыву беларускіх партызан з фашысцкага акружэння

Карнікі правялі дзве аперацыі па разгрому Полацка-Лепельскай партызанскай зоны — «Дождж, які імжыць» (пачалася 11 красавіка 1944 года) і «Вясенняе свята» (17 красавіка — 10 мая 1944 года). Пры падтрымцы авіяцыі, танкаў і артылерыі гітлераўцы пачалі наступленне на партызан Віцебскай вобласці. Узброенай да зубоў 60-тысячнай групоўцы праціўніка супрацьстаялі 16 партызанскіх брыгад агульнай колькасцю каля 17 тысяч чалавек, якія, акрамя стралковай зброі, мінамётаў і гармат, больш нічога не мелі. Кіраваў партызанскімі фарміраваннямі Полацка-Лепельскай зоны Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок.

На працягу месяца 16 партызанскіх брыгад вялі кровапралітныя баі з праціўнікам, які пераўзыходзіў іх як па колькасці, так і ў тэхнічным плане. Нягледзячы на моцнае супраціўленне, ворагу ўсё ж такі ўдалося захапіць партызанскую зону. Народныя мсціўцы трапілі ў акружэнне. Большая частка партызан прарвалася ў ноч на 5 мая, іншыя выходзілі з блакады на тэрыторыі Вілейскай вобласці. Па словах Лабанка, з акружэння было выведзена 15 тысяч мірных жыхароў. Нягледзячы на сур'ёзныя страты, партызаны захавалі баяздольнасць і неўзабаве злучыліся з часцямі Чырвонай арміі.

Большасць архіваў сёння даступныя. Рассакрэчаных дакументаў становіцца ўсё больш — «белыя плямы» ў гісторыі паступова знікаюць. Менавіта дзякуючы дакументам, якія не так даўно сталі здабыткам грамадскасці, можна даведацца, якія бесчалавечыя мэты ставілі перад сабой фашысты. Прычым апошнія нават не саромеюцца прызнавацца аб сваіх злачынствах у адносінах да людзей, у тым ліку мірных жыхароў.

Са 112 чалавек выжылі сямёра...

Асабліва немцы лютавалі там, дзе неслі вялікія страты. Ідучы ў атаку, яны гналі перад сабой мірных людзей. Вялі іх наперадзе і тады, калі трэба было размініраваць дарогі. «Гэтых людзей камандзір батальёна Баер называў «міннымі свіннямі», — сведчылі партызаны. — Аднойчы немцы гналі перад сабой 10—15 старых, ім не давалі нічога ядомага, яны слаблі. І адзін салдат, каб павесяліцца, усю гэтую групу расстраляў з кулямёта ў лесе. Загаду на забойства гэтых старых ён не атрымліваў, але Баер быў гэтай выхадкай вельмі задаволены».

Людзі хаваліся ў лясах і на астравах сярод балот. Сярод тых, хто вымушаны быў шукаць прытулку па-за сваёй хатай, была і жыхарка вёскі Гарадзішча-2 Ветрынскага раёна М. Сінкевіч разам са сваімі бацькамі. «14 мая 1944 года, увечары, нас знайшлі немцы, якія ішлі ланцугом з сабакамі, — расказвала жанчына. — Партызанаў у гэтым месцы не было, а былі толькі бяззбройныя грамадзяне, у большасці сваёй жанчыны, старыя і дзеці. Калі немцы падыходзілі да нашага месцазнаходжання, мае бацькі пяклі хлеб. Немцы зайшлі ў нашу зямлянку і, відаць, падумалі, што яны пякуць хлеб для партызанаў. Я ў гэты час схавалася ў лесе, непадалёку ад зямлянкі. Праз некаторы час я пачула выстралы, і калі немцы сышлі, я пабегла да зямлянкі. Каля хлява, дзе стаяла карова бацькоў, я ўбачыла іх трупы...»

Цудам пазбег фашысцкай расправы і жыхар спаленай вёскі Гарнаполле Ветрынскага раёна Пётр Афонька. Разам з роднымі і аднавяскоўцамі ён быў сагнаны немцамі ў балота, дзе па мірных людзях адкрылі агонь. «Я пры першых выстралах упаў і стаіўся, будучы параненым у нагу, але прыкінуўся забітым, — успамінаў сведка нямецкіх злачынстваў. — Застаўшыся ляжаць у балоце, я назіраў, як немцы расстрэльваюць старых, жанчын і дзяцей. Калі немцы скончылі з расстрэлам, яны сталі хадзіць і дабіваць параненых, сцягваць іх у адну кучу, таксама прыцягнулі і мяне. Затым накідалі на забітых пруты і пайшлі».

Разам з аднавяскоўцам Іванам Смаляковым Пётр Афонька здолелі пакінуць гэтае месца масавага пакарання ні ў чым не вінаватых людзей. На наступны дзень над балотам, дзе расстралялі родных і землякоў, узнімаўся слуп дыму — усіх забітых спалілі. Са 112 чалавек цудам выжылі сямёра...

Жахлівыя відовішчы

На вачах у жыхаркі вёскі Завячэлле Ушацкага раёна А. Вярхоўскай немцы пазбавілі жыцця яе бацьку-інваліда, які шэсць гадоў не ўставаў з ложка, а потым разам з ім падпалілі хату. «Мы з мамай бачылі, як іншыя немцы наносілі ўдары прыкладам вінтоўкі ляжачаму каля хаты жыхару нашай вёскі Сцяпану Мамону, ён быў з паралізаванымі левай рукой і нагой, — пісала ва ўспамінах сведка. — Пасля пабояў адзін немец выстраліў у Мамона, тады ён крыху прыпадняўся. Той жа немец выстраліў другі раз, і Мамон быў забіты. У той жа час Варвара Целяпень, якая стаяла каля хаты, упрошвала нямецкіх салдат не забіваць яе, тлумачачы, што яна параненая аскепкам авіябомбы і дрэнна сябе адчувае — хворая, але немец чаргой з аўтамата і яе расстраляў. Пасля расстрэлу траіх чалавек немцы падпалілі ўсе пабудовы, якія знаходзіліся на смалакураным заводзе, а самі сышлі. Усе, хто застаўся ўжывых пасля гэтай аперацыі, не мелі што адзець і што паесці».

Аб зверствах акупантаў у дачыненні да параненых партызан і мірных людзей у лясах каля млына Паперні, што каля Ушачаў, расказваў памочнік начальніка штаба Лепельскай партызанскай брыгады імя Сталіна Г. Любаў. «Гэта было прыкладна паміж 13 і 20 мая 1944 года. Нямецкія войскі, прачэсваючы лясныя масівы, выявілі там пакінутыя партызанамі шпіталі з параненымі партызанамі і мірным насельніцтвам, а таксама сем'і, якія хаваліся ад немцаў у гэтых жа лясах, — успамінаў ён. — Нямецкае камандаванне і салдаты здзейснілі жудасную расправу над хворымі і мірным насельніцтвам. Пасля знішчэння шпіталя я асабіста быў у гэтым лесе і бачыў абгарэлыя трупы замучаных партызан, з нажавымі раненнямі дзяцей і дарослых. Бачыў прывязаных на вышыні паўтара — два метры на дрэвах расстраляных мужчын, жанчын і дзяцей. У мужчын былі выкалатыя вочы, у жанчын адрэзаныя грудзі, дзеці былі праколатыя штыкамі. Гэта было жахлівае відовішча. Усяго прыкладна там было расстраляна і замучана чалавек 700, сярод якіх былі нават грудныя дзеці».

Хаваючыся ад немцаў у лясах Ушацкага і Лепельскага раёнаў, камандзір 2-га атрада Лепельскай партызанскай брыгады імя Сталіна Мікалай Самусь бачыў вельмі шмат забітых, павешаных мірных грамадзян. «У лесе ў раёне вёскі Старынка знаходзіліся зямлянкі, у якіх пражывалі мірныя жыхары з розных абласцей: Віцебскай, Смаленскай, Арлоўскай і інш., — сведчыў камбрыг. — Асабіста я бачыў у гэтых зямлянках прыкладна ў канцы мая 1944 года расстраляных і закатаваных мужчын, жанчын і грудных дзяцей уключна. Знаходзячыся на назіральным пункце, праглядваючы дарогу Ушачы — Лепель, я бачыў, як немцы, якія ехалі на дзвюх легкавых машынах, знайшлі ў кустах мужчыну, пагналіся за ім, злавілі і прывялі на дарогу. Злоўленага імі грамадзяніна немцы за ногі прывязалі да машын кароткімі вяроўкамі і, раз'ехаўшыся ў розныя бакі, разарвалі яго, затым, абрэзаўшы вяроўкі, скінулі яго труп у кювет...»

Прызнанні забойцаў

Ці былі немцы ў сваіх паказаннях, якія яны давалі ўжо пасля вайны, шчырымі, сёння сказаць цяжка. Аднак ужо тыя факты, пра якія яны сведчылі на допытах, выклікаюць жах. Яшчэ больш жудасна ад таго, што над ні ў чым не вінаватымі людзьмі здзекаваліся тыя, хто адносіў сябе да ліку найлепшых у цывілізаваным свеце.

«Партызаны амаль усе расстрэльваліся, — паведамляў падчас допыту былы ваеннаслужачы 95-й пяхотнай давізіі вермахта Г. Ілек. — З мірнага насельніцтва многія таксама былі забітыя, астатнія былі выселены, прычым працаздольнае насельніцтва накіроўвалася на зборны пункт у г. Ушачы, а старыя, дзеці і хворыя пераганяліся ў аддаленыя ад месца баёў вёскі. Да 12 мая, па статыстычных даных штаба 95-й дывізіі, салдатамі і афіцэрамі 279-га і 280-га палкоў было забіта 3000 партызан і мірных жыхароў, на зборны пункт Ушачы накіравана 5000 чалавек. Карныя дзеянні яшчэ працягваліся ажно да чэрвеня».

Яшчэ адзін вайсковец нямецкай дывізіі В. Герт падчас допыту расказваў, як яго батальён атрымаў заданне ачысціць ад насельніцтва мясцовасць на паўночным усходзе сяла Камень. На гэтым участку, па яго словах, знаходзілася чатыры — пяць вёсак. На сваім шляху людзей яны амаль не сустрэлі. Каб і не вярнуліся сюды, палілі іх хаты. Пытанне, куды дзеліся жыхары вёсак, не давала немцам і іх памагатым спакою. «Нечакана батальён апынуўся перад крутым абрывам, і мы ўбачылі там каля 300—400 чалавек насельніцтва, у перавазе жанчын з дзецьмі, якія, навідавоку, спрабавалі выратавацца ад угону ў Германію шляхам адплыцця па возеры, але ні лодак, ні плытоў там не аказалася, і яны стаялі каля вады са сваёй маёмасцю, пагружанай у каляскі і на сябе, — успамінаў карнік. — Убачыўшы нас, некалькі чалавек пабегла па спадзістым беразе і схавалася, мы заціснулі іх паўколам, астатняя маса людзей вымушана была вярнуцца ў вёску. Пасля гэтага камандзір батальёна капітан Венглер загадаў забраць скаціну, а насельніцтва з-за таго, што спрабавалі схавацца ад угону ў Германію, расстраляць. Выконваючы гэты загад, я таксама, як і іншыя камандзіры рот, загадаў сваім салдатам адкрыць агонь па масе насельніцтва, і праз некалькі хвілін стральбы ўсяго батальёна нікога ў жывых не засталося».

Толькі па загадзе В. Герта за восем дзён было павешана каля ста чалавек, западозраных у сувязі з партызанамі. Прычым некаторыя акты забойства ажыццяўляліся публічна. Па рэакцыі мясцовых жыхароў устанаўлівалі сваякоў павешаных. Яны адразу ж выводзіліся з натоўпу і расстрэльваліся. «Нашай задачай было правесці сарціроўку насельніцтва, асоб, якія падазраваюцца ў сувязі з партызанамі, расправіцца з імі, выгнаць насельніцтва з вёскі, спаліць яе і ісці далей», — казаў падчас допыту акупант.

Герт успомніў, як аднойчы ноччу яны ішлі каля моста і пачулі шум. «10-я і 12-я роты залеглі і адкрылі ружэйны і кулямётны агонь па мосце, — значыцца ў яго паказаннях. — Затым стральбу спынілі, асвяцілі ракетай і ўбачылі, што гэта калона мясцовых жыхароў са сваёй маёмасцю, відавочна, пакінуўшы сваю вёску, сыходзіла кудысьці. Калі стральба спынілася, да нас дайшлі крыкі, плач, стогны жанчын і дзяцей, многія былі забітыя і параненыя, таму гэтыя роты зноў адкрылі агонь, і ні аднаго чалавека не засталося ўжывых. Тут было каля 120 чалавек».

Прызнаўся фашыст і ў тым, што яму разам з камандзірам іншай роты было загадана знішчыць яшчэ адну калону мясцовых жыхароў, сярод якіх былі жанчыны і дзеці. Кулі змаглі пазбегнуць толькі некаторыя мужчыны, якія ехалі вярхом на кані.

«У канцы мая месяца 1944 года я са сваёй ротай прачэсваў паласу мясцовасці, якая падпарадкоўвалася галоўнай палявой камендатуры горада Полацка, — расказваў Герт. — Прыблізна за шэсць — сем кіламетраў на паўднёвы захад ад вёскі Межна я натрапіў на вёску, назвы не ведаю, у якую мы ўвайшлі без бою. Гэтая вёска складалася з 20—30 хат з насельніцтвам 200—300 чалавек. Пры ператрусе хат я ўстанавіў, што ў іх знаходзяцца людзі, якія ў большасці заражаныя сыпным тыфам і пакутуюць на агульную слабасць. Мне было вядома, што існаваў загад галоўнай палявой камендатуры горада Полацка, што такія вёскі падлягаюць спаленню, каб не распаўсюджваць заразу. Таму я ўтварыў са сваёй роты кола вакол вёскі і ў абодвух канцах паставіў па кулямёце, каб насельніцтва не магло ўцячы. Затым загадаў сагнаць скаціну і адвесці яе на лужок за вёску. Я асабіста вылучыў групу салдат сем чалавек на чале з оберяфрэйтарам Штанбергам спаліць хаты і аддаў загад салдатам роты, якія ачапілі вёску, страляць у насельніцтва ў выпадку спробы ўцёкаў, але насельніцтва было настолькі слабае і абяссіленае, што не было ў стане бегчы, таму ўсе жыхары згарэлі ў хатах».

Пасля гэтага страшнага злачынства, на якое фашысцкі кат, відаць, глядзеў без кроплі шкадавання, ён забраў скаціну, якая пасвілася на лужку, і пайшоў у штаб батальёна...

Вераніка КАНЮТА,

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Загінулі за два месяцы да вызвалення

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.