Вы тут

Аднаўляцца пасля COVІD-19 і сустракаць Новы год


Больш за 50 тысяч чалавек прайшло аднаўленчае лячэнне і аздараўленне пасля COVІD-19 у беларускіх здраўніцах. Каля 75 санаторыяў, профілем якіх з'яўляецца лячэнне органаў дыхання, прапануе новыя праграмы па аднаўленні пасля каранавіруснай інфекцыі.


Фота: pixabay.com

Прыярытэт тым, хто перахварэў

Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва прыняў рашэнне аб прыярытэтным накіраванні ў санаторыі за кошт рэспубліканскага бюджэту і фонду сацыяльнага страхавання людзей, якія перахварэлі на каранавірусную інфекцыю. Гэта як працуючыя, так і непрацуючыя грамадзяне, а таксама дзеці, якія перанеслі COVІD-19. Атрымаць пуцёўку можна па месцы жыхарства ці работы ў камісіі па аздараўленні.

— У сувязі з актуальнасцю аднаўленчага лячэння пасля COVІD-19 дзейнасць санаторна-курортных устаноў сёлета была накіравана на ўдасканаленне і павелічэнне эфектыўнасці медыцынскіх праграм па профілі «органы дыхання», — кажа дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — З'явіліся новыя методыкі з выкарыстаннем прыродных фактараў. Дадзены від паслуг аказваецца ў 75 санаторыях, усе праграмы ўзгоднены з установамі аховы здароўя, адпавядаюць стандартам лячэння і паспяхова прымяняюцца. Колькасць тых, хто перанёс каранавірусную інфекцыю і прайшоў такое аздараўленне, — больш за 50 тысяч чалавек. Гэта сведчыць, што попыт і эфект ёсць.

Навагодні банкет — ад 100 рублёў

Сістэма санаторна-курортнага лячэння, паводле слоў Генадзя Балбатоўскага, працуе ў рэжыме санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і гатовая да прыёму і максімальнага наплыву адпачывальнікаў у перыяд навагодніх свят.

— Попыт нават перавышае прапанову, таму санаторна-курортныя ўстановы ў перыяд навагодніх свят будуць працаваць з максімальна дапушчальнай запаўняльнасцю, — адзначыў суразмоўнік.

Пачнецца «навагодні» заезд у апошні момант — 30-31 снежня, бо гэта рабочыя дні, у тым ліку ў нашых расійскіх суседзяў. Працягласць тура складзе ў сярэднім 10 дзён — да 9-га студзеня будучага года. Чакаецца вялікая колькасць расіян, але ёсць цікавасць да такой кароткачасовай «перазагрузкі» і з боку беларусаў. У асноўным, гэта сямейны адпачынак з дзецьмі, у якіх пачнуцца канікулы. Здраўніцы на гэты перыяд распрацавалі спецыяльныя аздараўленчыя праграмы, яны прадугледжваюць лячэбныя працэдуры як для дарослых, так і для дзяцей. Асобным бонусам будзе ўрачыстая сустрэча Новага года.

— Усе санаторыі прапануюць навагоднія банкеты. Хачу адзначыць такую тэндэнцыю: сёлета колькасць тых, хто рэзервуе навагодні банкет, дастаткова вялікая — больш за 80 % ад усіх адпачывальнікаў. Паслугі супастаўныя па цэнах з мінулым годам — кошт аднаго дня ў сярэднім на ўзроўні 65 рублёў (летась — 63 рублі), кошт банкета — ад 100 рублёў. І банкет, і гэты перыяд будуць суправаджацца мноствам мерапрыемстваў, выступленнямі артыстаў і самадзейных калектываў, таму, спадзяюся, ва ўсіх наведвальнікаў застануцца станоўчыя эмоцыі і настрой захаваецца на ўвесь наступны год, — кажа Генадзь Балбатоўскі.

Што датычыцца эпідсітуацыі, то ў санаторыях выяўляюцца адзінкавыя выпадкі захворвання. За мінулы тыдзень, напрыклад, захварэў толькі адзін з адпачывальнікаў.

— Сёння ў санаторыях знаходзіцца амаль 17 тысяч чалавек і працуе 13 тысяч работнікаў. Гэта сведчыць пра тое, што здраўніцы — дастаткова бяспечныя месцы знаходжання. Узровень вакцынацыі работнікаў перавысіў 72 %, а што датычыцца медработнікаў, то яны прышчэплены амаль у 100 % выпадкаў, за выключэннем тых, хто мае медыцынскія супрацьпаказанні, — прыводзіць лічбы Генадзь Балбатоўскі.

Дарэчы, ва ўсіх санаторыях маецца магчымасць зрабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі. І некалькі дзясяткаў чалавек на працягу года атрымала дадзены від паслуг.

На зімовыя канікулы — у лагер

У перыяд зімовых канікул, з 25 снежня да 7 студзеня, для школьнікаў будуць працаваць лагеры — як дзённыя, так і кругласутачныя. У адпаведнасці з заяўкамі, якія атрымаў Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва з рэгіёнаў, аздараўленне ў лагерах розных тыпаў пройдзе больш за 58 тысяч дзяцей. Працягласць адпачынку ў лагеры з дзённым знаходжаннем складзе не менш за шэсць дзён, з кругласутачным — не менш за дзевяць.

На кампенсацыю затрат на аздараўленне ў перыяд зімовых канікул выдаткавана больш за 1,5 мільёна рублёў. Гэтыя сродкі дазволяць у поўным аб'ёме забяспечыць адпачынкам усіх ахвотных. Найбольшая колькасць заявак паступіла з Віцебскай вобласці, там аздараўленне пройдзе каля 10 тысяч дзяцей.

Адпачылі 125 тысяч замежнікаў

Генадзь Балбатоўскі падвёў і папярэднія вынікі года: ён для сістэмы санаторна-курортнага лячэння быў паспяховым. Каля 1 мільёна 200 тысяч чалавек прайшло аздараўленне ў беларускіх здраўніцах (у спрыяльны 2019 год лічба складала 1 мільён 380 тысяч). У параўнанні з «пандэмійным» 2020 годам, сёлета колькасць адпачывальнікаў павялічылася на 50 %, выручка — на столькі ж, выручка за экспарт паслуг — на 48 %. Амаль усе санаторыі працавалі з дадатным эканамічным вынікам.

Колькасць замежнікаў, якія, нягледзячы на пандэмію і закрытыя граніцы, рызыкнулі прыехаць на адпачынак, складае больш за 125 тысяч, 95 % з іх расіяне. Карыстаюцца нашы санаторыі попытам і ў жыхароў Казахстана, а таксама іншых краін СНД, адзінкавыя выпадкі, калі прыязджалі грамадзяне ЗША, Канады і Еўропы. Усяго ж за 9 месяцаў беларускія санаторыі наведалі прадстаўнікі 39 краін. Але пераважную большасць у айчынных здраўніцах сёлета складалі ўсё ж беларусы — 80 %.

Самыя папулярныя ў замежнікаў санаторыі вышэйшай катэгорыі, якія валодаюць найлепшай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Яе абнаўленне — працэс пастаянны. У 2020 годзе на гэта выдаткавана 108 мільёнаў рублёў, што ў 1,5 раза больш, чым у 2019-м, і штогод дадзеная лічба расце на 20 %. Што наконт цанавой палітыкі, на дадзены момант забяспечана рэалізацыя роўных правоў для грамадзян Саюзнай дзяржавы, сістэма цэнаўтварэння на пуцёўкі і паслугі для беларусаў і расіян адна.

Сёння ў Беларусі працуюць 106 санаторыяў на 29 тысяч месцаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».