Вы тут

Што трэба ведаць, каб на Новы год і Каляды не адбылося надзвычайных сітуацый?


Большасць з нас ужо пачала падрыхтоўку да гэтых чаканых свят. Хтосьці ўжо ўпрыгожыў ёлку, павесіў гірлянду — прычым не толькі на лясную прыгажуню, але і на вокны, як гэта цяпер модна. Іншыя мітусяцца ў пошуку падарункаў, а таксама піратэхнікі, каб святкаванне, на іх погляд, прайшло максімальна весела. Гаспадыні пачалі задумвацца, чым будуць частаваць гасцей.


Аднак чамусьці ў гэтай перадсвяточнай мітусні, а таксама падчас святкавання Новага года і Каляд мала хто клапоціцца пра бяспеку. А пра гэта, нагадваюць ратавальнікі, нельга забывацца ні падчас упрыгожвання ёлкі і ў цэлым жылля, ні пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў, ні нават падчас падрыхтоўкі святочнага стала.

Каб ёлка была ў радасць

Здавалася б, якую небяспеку можа ўяўляць галоўны атрыбут навагодніх свят — ёлка? Справа ў тым, што яна можа стаць прычынай пажару. І няважна, размова ідзе пра жывую ялінку ці штучную прыгажуню.

Каб пазбегнуць узгарання, устанаўліваць ёлку неабходна ўдалечыні ад прыбораў ацяплення, батарэй, электрычных абагравальнікаў. Штучныя ялінкі ўспыхваюць вельмі хутка, таму справіцца з пажарам будзе няпроста. Па гэтай жа прычыне падчас упрыгожвання ёлкі не рэкамендуецца выкарыстоўваць вату і свечкі.

Яшчэ адзін важны момант — не пакідайце ўключанай у электрасетку гірлянду нанач або сыходзячы з дома. Набываць гірлянду неабходна ў спецыялізаваных крамах. Купляючы яе з рук, вы не можаце гарантаваць бяспеку ні сабе, ні сваім блізкім. Акрамя таго, ратавальнікі не рэкамендуюць ставіць ёлку на дыване. Замацаваць галоўны сімвал свят неабходна на ўстойлівай падстаўцы.

Калі ўсё ж такі ўзгарання пазбегнуць не ўдалося, перш-наперш трэба выцягнуць гірлянду з электрасеткі. Потым перакуліце ёлку на падлогу і накрыйце яе шчыльнай коўдрай ці пледам. Выдатна, калі дома будзе парашковы вогнетушыцель. Калі самастойна справіцца з пажарам не атрымалася, трэба патэлефанаваць па нумарах 101 або 112, пакінуць памяшканне і зачыніць дзверы.

Феерверк — справа дарослых

Многія не ўяўляюць Новага года не толькі без бою курантаў, келіху шампанскага, але і без запуску феерверку. Аматарам апошніх трэба ведаць, што падчас выбару піратэхнікі таксама варта звяртацца да сертыфікаванай прадукцыі. Як і ў выпадку з гірляндай, перад запускам феерверку неабходна прачытаць інструкцыю, каб быць гатовым да любой сітуацыі, якая можа адбыцца. Калі гэта сертыфікаваны прадукт, заўважаюць спецыялісты, інструкцыя будзе на беларускай або рускай мове. Сертыфікаваная прадукцыя дае ўпэўненасць у тым, што яна правільна захоўвалася, прайшла праверку.

— Запускаць піратэхнічныя вырабы могуць дзеці, старэйшыя за 16 гадоў, у прысутнасці дарослых, — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Калі піратэхнічны сродак не спрацаваў, ні ў якім разе нельга да яго падыходзіць, а тым больш браць у рукі, разбіраць або пхаць нагамі. Калі вы выпадкова знайшлі прыладу, не трэба спрабаваць прывесці яе ў дзеянне. Увогуле, набываючы піратэхнічны сродак, варта разумець, што гэта прадмет павышанай небяспекі. І чалавек, які яго прыводзіць у дзеянне, нясе адказнасць за здароўе не толькі сваё, але і тых, хто побач.

Бацькі абавязкова павінны патлумачыць сваім дзецям, да чаго можа прывесці самастойны запуск піратэхнікі. Часта цана такога вопыту вельмі вялікая: можна застацца і без пальца, і без вока... Урачы, якія дзяжураць у перадсвяточныя дні і ў навагоднюю ноч, заўсёды раскажуць аб людзях, якія пацярпелі ад піратэхнікі. І гісторыі гэтыя, паверце, зусім невясёлыя...

Часта ўзнікае пытанне, на якой пляцоўцы можна выкарыстоўваць піратэхніку. Пляцоўка, рэкамендуюць ратавальнікі, павінна быць большай, чым небяспечная зона. Памер гэтай зоны таксама павінен быць прапісаны ў інструкцыі вырабу. Калі простай мовай, запускаць феерверк можна ўдалечыні ад будынкаў і аўтамабіляў.

Асцярожнасць і падчас прыгатавання ежы

Перад Новым годам і Калядамі ў гаспыдынь адказнасць вялікая: трэба і парадак навесці ў доме, і застолле арганізаваць: каб там было ўсё самае смачнае, пажадана ўласнай вытворчасці. Будучы на кухні, таксама нельга забывацца аб правілах бяспекі. І калі ўсяго на пяць хвілін, як многія думаюць, трэба выскачыць у краму па інгрэдыент, ні ў якім разе нельга пакідаць пліту ўключанай.

— На жаль, такіх выпадкаў нямала, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Дзіяна ЖАЛЯЗНЯК. — І калі на месца здарэння выязджаюць нашы ратавальнікі, абмяжоўваецца не толькі згарэлай каструляй, але і пашкоджанай столлю, мэбляй на кухні. Кожная гаспадыня павінна ведаць: калі адбылося ўзгаранне алею, ні ў якім разе не тушым яго вадой! Першае, што трэба зрабіць, калі такое ўсё ж здарылася, трэба выключыць пліту, закрыць патэльню накрыўкай і пачакаць, калі адбудзецца самазатуханне. Падчас прыгатавання ежы неабходна сачыць і за дзецьмі на кухні, дзе нямала бяспечных зон.

Неабходна быць асцярожнымі і падчас карыстання бянгальскімі агнямі. Здаецца, простая рэч, без якой у навагоднюю ноч мала хто абыходзіцца. Аднак нямногія ўсведамляюць, якую небяспеку яны нясуць. Ад кожнай іскрынкі, што ляціць ад бенгальскага агню, можа адбыцца ўзгаранне. Таму трэба быць уважлівымі да іх запальвання, а калі агні адгарэлі, нельга класці іх ні на сурвэтку, ні на абрус, а трэба апусціць у ваду.

Ратавальнікі заўважаюць, што большасць пажараў адбываецца тады, калі людзі знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. Часта трагедыі здараюцца і па прычыне таго, што аматары згубнай звычкі кураць у памяшканні.

Навагоднія святы — не нагода расслабляцца. Адпачыць, вядома, трэба і нават неабходна. Аднак пра элементарныя правілы бяспекі забывацца нельга ні на хвіліну. У месцах масавага прыбывання людзей аб іх абавязкова нагадаюць ратавальнікі, якія будуць пастаянна там знаходзіцца. А вось у сваёй хаце за ўласную бяспеку, а таксама за здароўе і жыццё родных і блізкіх адказны кожны з нас. Галоўнае — за ўсёй гэтай святочнай мітуснёй не забыцца пра гэта.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Святы без непрыемнасцяў

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ.

Эканоміка

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Выконваючы праграму па імпартазамяшчэнні, зараз можна зарабіць сапраўды вялікія грошы.

Грамадства

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.