Вы тут

Іван Ціхан: Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам


Прывабнасць спорту заключаецца ў тым, што гэта не толькі сухія лічбы метраў, секундаў, балаў, але і лёсы людзей. Жыццёвым гісторыям, якія стварае спорт, можа пазайздросціць нават самы вопытны сцэнарыст. І таму зусім не дзіўна, што з цягам часу, згадваючы пэўны від спорту, мы ўспамінаем імёны, а толькі потым — метры, секунды і балы. Беларуская лёгкая атлетыка, як і належыць каралеве спорту, звязаная з мноствам выдатных імёнаў. Адно з іх — імя Івана Ціхана, двухразовага чэмпіёна свету, двухразовага алімпійскага прызёра ў кіданні молата. Спартыўных падзей у яго біяграфіі хопіць не на адну кар'еру. А ён на адной кар'еры і не спыняецца. У верасні 2020 года Іван Ціхан узначаліў Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі, амаль год сумяшчаючы работу кіраўніка з падрыхтоўкай да пятых Алімпійскіх гульняў. Звычайна журналісты называюць такіх людзей «чалавекам-эпохай». Уласным бачаннем сваёй эпохі ў роднай лёгкай атлетыцы Іван Ціхан падзяліўся са «Звяздой».


— Іван Рыгоравіч, у спартыўным ужытку замацавалася паняцце «лёгкаатлетычная сям'я». Як гэта — быць «шматдзетным бацькам» настолькі вялікай сям'і?

— Гэтае паняцце ўзнікла, у першую чаргу, таму што лёгкая атлетыка даступная для ўсіх, яна — аснова многіх відаў спорту. Кожны чалавек у сваім жыцці займацца лёгкай атлетыкай — скача, бегае, ходзіць. Наша лёгкая атлетыка славіцца сваімі высокімі дасягненнямі, цікавымі масавымі спартыўнымі мерапрыемствамі. Яна на гэтым трымаецца. І, натуральна, што сям'я вялікая, лёгкая атлетыка ўключае 47 алімпійскіх відаў. А як быць кіраўніком такой вялікай сям'і? Шматдзетныя — заўсёды шчаслівыя. Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, які мае магчымасць развіваць свой спорт. Калі я быў спартсменам, я рабіў уклад сваімі вынікамі. А цяпер кірую развіццём спорту, дапамагаю ў прымяненні і рэалізацыі новых ідэй.

— Вы сказалі «быў спартсменам»?

— Сёння пакуль не канец года, кантракт яшчэ не скончыўся. Таму сёння я яшчэ дзеючы спартсмен. Для мяне быць прафесійным спартсменам азначае сапраўды займацца, працаваць, паказваць вынік. А той, хто проста займаецца фізкультурай для падтрымкі сваёй формы, — аматар.

— 2021 год быў даволі складаным: Алімпійскія гульні, цяжкая эпідэмічная сітуацыя, іншыя праблемы. Як вы можаце яго ацаніць?

— Вельмі цяжкі год. Мы працягваем сутыкацца з каранавіруснымі абмежаваннямі. Алімпійскі цыкл павялічыўся на год, наступны — стаў меншы на год. Вельмі цяжка планаваць работу і прагназаваць, што будзе далей. Але мы ўсе знаходзімся ў роўных умовах. Калі рабіць аналіз, пасля Алімпійскіх гульняў усе вядучыя атлеты рабілі год перапынку, не кідалі спорт, а проста памяншалі нагрузкі, каб паўнавартасна аднавіцца і зарадзіцца на далейшую работу. Для вопытных спартсменаў гэта вельмі важна. Пасля Алімпіяды ў Токіа такой магчымасці няма. А дадатковы год перад Алімпійскімі гульнямі мае вялізнае значэнне. Асабіста для мяне пяцігадовы алімпійскі цыкл быў яшчэ адной задачай, якую хацелася вырашыць са станоўчым вынікам. Кожны спартсмен успрыняў гэтую сітуацыю па-свойму. Калі чалавек баец, ён не здаецца перад перашкодамі, а пачынае працаваць, стараецца перамагаць, шукае слабыя месцы, якія трэба выпраўляць, каб перамагчы.

— Аднак усё, запланаванае на 2021 год, выканалі?

— Калі казаць пра федэрацыю лёгкай атлетыкі, то прыйшлося прыпыніць работу над правядзеннем масавых спартыўных мерапрыемстваў. Удзел у Мінскім паўмарафоне быў лімітаваны да 10 тысяч. Зноў жа, спаборніцтвы адмяняліся, пераносіліся. На Алімпійскіх гульнях у нас быў адзін медаль Максіма Недасекава. Гэта першы медаль у скачках у вышыню ў гісторыі суверэннай Беларусі. Былі такія адкрыцці, як Павел Мялешка, Аляксей Каткавец. Былі спартсмены, як, напрыклад, Таня Халадовіч, якія не рэалізавалі свае магчымасці. Алёна Дубіцкая падчас сезона паказвала вынікі, якія на Алімпіядзе дазволілі б ёй быць у васьмёрцы найлепшых, а то і змагацца за трэцяе месца. Сто працэнтаў, кожны з іх, кожны 31 лёгкаатлет у Токіа хацеў прадэманстраваць свае найлепшыя выступленні. Але атрымалася так, як атрымалася. Мы бачым, што тыя спартсмены, якія сёлета не поўнасцю рэалізаваліся на Алімпіядзе, гараць жаданнем даказаць адваротнае на наступных Гульнях. Мы перагледзелі крытэрыі для пападання ў алімпійскую каманду, звярнулі ўвагу на дысцыпліну і парадак. Перагледжана і работа трэнерскага штаба. Мы зрабілі вывады, вынеслі ўрокі і працуем над рэалізацыяй новых ідэй і планаў.

Што датычыцца асабіста мяне, вядома, я незадаволены. Я заўсёды прыязджаў з медалямі. Плануючы свой трэніровачны працэс, прадбачыў тыя моманты, якія могуць паўплываць на вынік. Але, шчыра сказаць, з некаторымі не справіўся. Не хапіла не тое што вопыту... А хоць, можа, у нейкай ступені і вопыту. Апраўдвацца я не буду, маё выступленне нездавальняючае. Я незадаволены.

— Як вы можаце ацаніць развіццё лёгкай атлетыкі ў рэгіёнах краіны?

— Нядаўна прайшла «Шкаліяда», і мы ўбачылі, як добра сябе паказвае Гомель у выхаванні маладых спартсменаў. Яны ўжо не першы год выйграюць гэты турнір. Брэст на маладзёжным узроўні крыху прайграе, але брэсцкія спартсмены добра праяўляюць сябе на дарослым узроўні. Кожны рэгіён выкарыстоўвае ўсе магчымасці для развіцця свайго патэнцыялу. У кожнай вобласці ёсць свой старшы трэнер, свая федэрацыя. Мы плануем на сайце БФЛА зрабіць раздзел, дзе будзе сабраная інфармацыя па кожным рэгіёне. Налета запланавалі масавыя забегі ў кожнай вобласці. Гэта эфектыўны спосаб папулярызацыі нашага спорту.

Асноўная задача федэрацыі — работа ў спорце вышэйшых дасягненняў і падрыхтоўка спартсменаў. Аднак мы на гэтым не зацыкліваемся і ўсімі сіламі стараемся дапамагаць рэгіёнам інвентаром, тэхнічным абсталяваннем. Ідэй і планаў у нас шмат. Галоўнае, каб хапіла сіл і часу іх ажыццявіць. Мы засяродзілі намаганні на тых напрамках, якія дапамогуць нашым алімпійцам максімальна рэалізаваць свой патэнцыял. У нас шмат таленавітых спартсменаў, якія ўжо выйшлі на ўзровень міжнароднай эліты, але не могуць зачапіцца за медалі. І гэтую праблему мы павінны разгледзець, убачыць слабыя бакі і іх узмацніць. Вобразна кажучы, ураджай паспеў, а сабраць яго мы не можам. Мы любуемся нашымі атлетамі, бачым іх жаданні і магчымасці, а... медалёў няма, чагосьці не хапае. І наша асноўная задача — прыбраць гэты недахоп.

— Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі заўсёды шмат увагі ўдзяляла бегавым мерапрыемствам. Асабіста вы пранікліся бегавой культурай?

— Я сам пачынаў з бегу, удзельнічаў у Мінскім паўмарафоне, у забегах у Гродне. Акрамя таго, што я актыўны спартсмен, мне падабаецца працэс арганізацыі. Для таго каб арганізаваць бегавое мерапрыемства, трэба прыкласці шмат намаганняў. І мне падабаецца разам з людзьмі раздзяляць спартыўную радасць. Мы будзем яшчэ больш актыўна праводзіць бегавыя мерапрыемствы, прывіваць культуру бегу. Магчыма, распрацуем такую сістэму, каб нашы трэнеры праводзілі бегавыя трэніроўкі. Чым больш людзей будзе займацца бегам, лёгкай атлетыкай, тым лепшым будзе здароўе нацыі.

— Часта спартсмены, якія выдатна выступаюць на юніёрскім узроўні, на дарослым — губляюцца. Іван Рыгоравіч, у вас як у чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў спорту, ёсць адказ, чаму так атрымліваецца?

— Гэтае пытанне існуе даўно, як і адказ на яго. Так адбываецца, перш за ўсё, з-за чалавечага характару, падрыхтоўкі, кваліфікацыі, трэнера, яго ведаў і ўменняў. Трэнер бачыць маладога спартсмена, пачынае даваць яму нагрузку, але не тую, якая патрэбная ў яго ўзросце. Нават па жыцці відаць, што ёсць людзі, якія рана сталеюць, у 18-19 гадоў яны ўжо дарослыя. А некаторыя раскрываюцца пазней. І гэты фактар неабходна ўлічваць пры падрыхтоўцы.

Яшчэ адна прычына — гэта наша сістэма навучання. Пакуль чалавек вучыцца ў вучылішчы, ва ўніверсітэце, у яго ёсць усе магчымасці займацца спортам, трэніравацца. Калі ён выходзіць у самастойнае жыццё і не трапляе ў нацыянальную каманду, яму трэба шукаць работу, каб зарабляць на жыццё. Часу не хапае, і прыходзіцца рабіць выбар. Звычайна такая сітуацыя ўзнікае ў 22-23 гады, а тыя ж кідальнікі выспяваюць у 25-27 гадоў. То-бок яны не паспяваюць раскрыцца, а ім ужо прыходзіцца рабіць такі сур'ёзны выбар, і не заўсёды на карысць спорту. Спорт — гэта высокая канкурэнцыя, трэба пастаянна трэніравацца, паказваць вынікі, гэта пастаянныя раз'езды. А на звычайнай рабоце будзе зразумелы графік і стабільны даход. І трэнеры не заўсёды могуць прывесці патрэбныя аргументы, каб даказаць чалавеку, што ён таленавіты спартсмен, здольны паказваць вынікі.

Прычын, чаму так атрымліваецца, вельмі шмат: пачынаючы з навуковага падыходу і заканчваючы простымі жыццёвымі, бытавымі пытаннямі.

— На вашу думку як спартсмена і бацькі, наколькі вялікую ролю адыгрываюць бацькі ў кар'еры маладога спартсмена?

— Людзі аддаюць сваіх дзяцей у лёгкую атлетыку, таму што яна даступная, карысная для здароўя і не патрабуе вялікіх затрат. І вельмі добра, што аддаюць. Але на спаборніцтвах я вельмі рэдка віжу бацькоў. Здавалася б, аматараў павінна быць удвая больш, чым удзельнікаў. А тут — не. А чаму? На спаборніцтвах па гульнявых відах мама, тата, бабуля, дзядуля падтрымліваюць свайго малога, нават на трэніроўкі ходзяць разам з ім. А лёгкай атлетыкай нібыта сіроты займаюцца. Адправілі дзіця, яно само пайшло, выступіла, дадому вярнулася. З аднаго боку, так выхоўваецца самастойнасць. А з іншага боку, бацькі таксама павінны быць зацікаўленымі. Летам лёгкай атлетыкай зручна займацца, а зімой патрэбна больш сіл, умоў. Ніводныя бацькі не захочуць, каб іх дзіця зімой у мароз кідала молат, лепш яны яго ў басейн адвядуць. Усё трымаецца на трэнерскіх плячах, менавіта яны павінны зацікавіць, прыцягнуць у лёгкую атлетыку і дзяцей, і іх бацькоў. Усё трымаецца на звычайных чалавечых якасцях.

— Турнір па кіданні молата на прызы Івана Ціхана ў Жыровічах будзе працягвацца?

— Мы праводзім турнір з 2005 года. І за гэты час ён толькі аднойчы адмяняўся, калі пачалася пандэмія каранавіруса. Ён, безумоўна, будзе працягвацца. Асноўная мэта турніру — прыцягнуць маладых спартсменаў, зрабіць для іх свята, каб яны мелі яшчэ адну магчымасць паказаць свае здольнасці, парадаваць трэнераў, бацькоў. Жыровічы — цэнтр праваслаўя. І гэты турнір — выдатная магчымасць пабыць разам з сям'ёй, спалучыць прыемнае з карысным. Бацькі могуць не толькі паглядзець выступленні дзяцей, але і схадзіць на службу ў царкву, расказаць сваім дзецям пра гэтыя святыя мясціны, данесці да іх нешта важнае.

— Вашы дзеці, маючы такі генетычны падарунак, спортам займаюцца?

— Трэнеры, якія бачылі маіх дзяцей, казалі, што здольнасці для спорту ў іх ёсць. Мама, тата прайшлі спартыўную школу, і ў дзяцей ёсць генетычна закладзеныя спартыўныя здольнасці. Але яны займаюцца на аматарскім узроўні, проста для сябе. Я іх не прымушаю, не настойваю. Проста прывіваю любоў да лёгкай атлетыкі, расказваю, як гэта карысна для здароўя, для характару. Я даводжу, што спорт фарміруе асобу і таму не трэба яго адстаўляць у бок. Я падтрымліваю сваіх дзяцей ва ўсіх іх жаданнях, у межах разумнага, вядома. Мне важна, каб мае дзеці займаліся сваёй любімай справай, а не маёй.

— У вас вельмі насычаны графік. Часта ўдаецца правесці час з сям'ёй?

— Мы з жонкай з самага пачатку зрабілі акцэнт на спорце вышэйшых дасягненняў, на маіх выніках. І я вельмі часта адсутнічаў. Калі ўзяць усе гады нашага сямейнага жыцця, працэнтаў 70 мы правялі паасобку. Зламаць такія традыцыі вельмі цяжка. Сёння гэта працягваецца. З панядзелка да пятніцы я ў Мінску на рабоце. Субота — нядзеля — у Гродне з сям'ёй. Але ў Гродне таксама ёсць лёгкая атлетыка і часам трэба там папрацаваць. Жонка ўжо пачынае сварыцца, але яна ўсё разумее. І я ёй за гэта вельмі ўдзячны. Жанчыны — гэта вялікая сіла.

— У інтэрв'ю «Звяздзе» алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы Валерый Шарый заўважыў, што ўмее кідаць дыск, ядро, але не разумее, як кідаць молат. У вас ёсць нейкі від спорту, які вы не можаце зразумець?

— Адказваючы Валерыю Пятровічу, адзначу, што ў кіданні дыска ці ядра ёсць кантакт са снарадам. Молат знаходзіцца на адлегласці. Магчыма, прычына ў гэтым. А так я нават не ведаю, што магло б у мяне не атрымацца. Калі ёсць жаданне развівацца, даследаваць, любы занятак скорыцца. Калі я пачынаю чымсьці сур'ёзна захапляцца і працаваць, абавязкова даходжу да сутнасці.

— Іван Рыгоравіч, вы заўсёды вельмі спакойны і ўраўнаважаны. Здаецца, у наш час гэта вельмі цяжка. У чым сакрэт?

— Са спакойным характарам прасцей прымаць правільныя рашэнні. У спорце вышэйшых дасягненняў пры высокай канкурэнцыі ўлічваеш кожныя дробязі, якія могуць паўплываць на вынік. На вынік значна ўплываюць настрой, сапернікі, якія могуць даць дадатковы стымул. Калі выступаеш і пачынаеш псіхаваць, сапернікі бачаць, што нешта не атрымліваецца. Яны таксама гэта ўлічваюць. Таму за столькі гадоў у спорце я навучыўся хаваць свае эмоцыі, каб не даваць сапернікам дадатковых шанцаў. А так у мяне, як у звычайнага чалавека, унутры кіпяць эмоцыі, хоць я гэта і не паказваю.

— У спорце вялікае значэнне мае матывацыя. У чым ваша матывацыя не як спартсмена, а як кіраўніка цэлага віду спорту?

— Я прысвяціў лёгкай атлетыцы амаль 30 гадоў. Як я магу сысці з гэтага спорту і змяніць сваю дзейнасць? Можна так зрабіць, але гэта амаль што здрада самому сабе. І вельмі цяжка развітвацца. Гэта як пражыць з чалавекам усё жыццё, потым разысціся, але пастаянна ў думках вяртацца, успамінаць. Дык навошта развітвацца, калі можна зрабіць нешта карыснае, дапамагчы ў развіцці. З пазіцыі спартсменаў я бачыў некаторыя нюансы, цяпер у мяне як у кіраўніка ёсць магчымасць іх выправіць. Для мяне сёння галоўная матывацыя — рабіць тое, што я ўмею, рэалізаваць нашы ідэі, папулярызаваць лёгкую атлетыку, каб не толькі на дарожках стадыёна скакалі і бегалі атлеты, але і на трыбунах былі аматары. Мая матывацыя — прывіць людзям культуру заняткаў лёгкай атлетыкай, прывіць інтарэс да каралевы спорту. І самая галоўная мэта — працаваць на карысць вышэйшых дасягненняў нашых спартсменаў, каб працягваліся нашы традыцыі і закладваліся арыенціры для маладога пакалення.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.