Вы тут

Хто з беларускіх спартсменаў збіраецца ў алімпійскі Пекін


Наступны, 2022 год, зробіць спорт галоўнай тэмай сусветных навін. Іншае становішча ў алімпійскі год уявіць немагчыма. Галоўныя старты чатырохгодкі зноў збяруць мільёны аматараў спорту. Чакаць засталося зусім няшмат, да адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Пекіне — паўтара месяца. Беларускія спартсмены заўжды ўмелі здзіўляць і радаваць усіх, хто сочыць за «белай алімпіядай». Як разгорнуцца падзеі ў Пекіне — невядома. Але вядома — ці хоць бы можна выказаць здагадку, хто гэтыя падзеі будзе тварыць.


У цэнтры мішэні — алімпійская пуцёўка

Пакуль увесь свет чакае адкрыцця Алімпійскіх гульняў, уся ўвага біятлоннага свету прыкавана да Кубка свету, дзе ўдзельнічаюць і беларусы. За хрустальныя глобусы змагаюцца наступныя спартсмены: Ірына Лешчанка, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны, Антон Смольскі, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялетнаў, Максім Вараб'ёў і Дзмітрый Лазоўскі. На першым этапе Кубка свету Дзінара Алімбекава заняла чацвёртае месца ў спрынце. Ганна Сола на гэтай дыстанцыі прыехала да фінішу пятая. На другім этапе жаночая зборная Беларусі заваявала «серабро» ў эстафеце на этапе Кубка свету па біятлоне ў Эстэрсундзе. Нагадаем, што менавіта ў гэтай дысцыпліне беларускі заваявалі «золата» Алімпійскіх гульняў 2018 года. Прычым 50 працэнтаў таго «залатога саставу» захавалася. На змену Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіне да Дзінары Алімбекавай і Ірыны Лешчанкі прыйшлі Алена Кручынкіна і Ганна Сола. На гэтым жа этапе Кубка свету беларуская біятланістка Ганна Сола заняла трэцяе месца ў спрынце. Сапраўдная беларуская сенсацыя здарылася на трэцім этапе Кубка свету. Ганна Сола выйграла спрынтарскую гонку. Для 25-гадовай біятланісткі гэта першая перамога ў кар'еры на этапах Кубка свету. На гэтым жа этапе Кубка свету Ганна Сола заваявала «серабро» ў гонцы праследавання на 10 кіламетраў. Тады ж Антон Смольскі стаў бронзавым прызёрам спрынтарскай гонкі на 10 км з двума агнявымі рубяжамі на 20,5 сек. Антон Смольскі — першы з 2016 года беларускі біятланіст з мужчынскай каманды, які падняўся на п'едэстал.

Найлепшую пазіцыю ў агульным заліку Кубка свету па выніках 2021 года заняла Дзінара Алімбекава. Яна набрала 327 балаў і заняла трэцяе месца. Ганна Сола замкнула пяцёрку найлепшых, у яе актыве 320 заліковых балаў. У заліку Кубка нацый жаночая зборная Беларусі займае 5-е месца, маючы 2524 балы.

У мужчынскім заліку найлепшую пазіцыю сярод беларусаў займае Антон Смольскі. Ён размяшчаецца на восьмым месцы, маючы 256 балаў. У заліку Кубка нацый беларуская мужчынская каманда знаходзіцца на 6-м радку, набраўшы 2271 бал.

Перш чым збірацца ў алімпійскі Пекін, беларускія біятланісты выступяць яшчэ на трох этапах Кубка свету: у нямецкіх Аберхофе (6—9 студзеня) і Рупольдынгу (12—16 студзеня) і італьянскім Антхольцы (20—23 студзеня). Канчатковы састаў беларускай алімпійскай каманды па біятлоне пакуль дакладна невядомы. Таму і пра медалёвыя шанцы казаць яшчэ рана.

Фігурны прарыў

У беларускім фігурным катанні пачынаецца новая гісторыя. Упершыню з 2002 года на алімпійскі лёд выйдуць беларускія фігурысты. У жаночым адзіночным катанні краіну будзе прадстаўляць Вікторыя Сафонава, у мужчынскім — Канстанцін Мілюкоў. Ёсць шанц паказаць сябе ў Пекіне ў спартыўнай пары Багданы Лукашэвіч і Аляксандра Сцяпанава, яны першыя запасныя на Гульні. Калі здарыцца так, што нейкая федэрацыя з розных прычын не зможа выставіць пару, беларусы ідуць наступнымі. Усе гэтыя спартсмены — легіянеры, запрошаныя з Расіі. Задумка з запрашэннем замежных спартсменаў заключалася не толькі ў тым, каб яны выступалі на міжнародных турнірах, але і падавалі прыклад маладому пакаленню. У спорце адно без другога немагчыма. І беларускае прадстаўніцтва на Алімпіядзе абавязкова зацікавіць і падштурхне маладых фігурыстаў да новых здзяйсненняў.

На далікатных жаночых плячах

У беларускага гарналыжнага спорту — жаночае аблічча, аблічча Марыі Шканавай. Яна — лідар і галоўная падзея спорту. Марыя — адзіны член нацыянальнай каманды, і асноўная ўвага ўдзяляецца менавіта ёй. Яна ж — адзіная прадстаўніца Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Пекіне. З 2008 года ўраджэнка расійскага Магнітагорска выступае за Беларусь. За 12 гадоў яна выступіла на трох Алімпійскіх гульнях, заваявала поўны камплект узнагарод Сусветнай універсіяды 2017 года, паказала высокія вынікі на многіх міжнародных спаборніцтвах. «Ліцэнзія ў мяне ўжо ёсць, план-мінімум выкананы, і я думаю аб плане-максімуме — не проста паехаць на Алімпіяду, а паказаць там дастойны вынік», — падзялілася Марыя Шканава ў інтэрв'ю «Звяздзе».

Дагнаць алімпійскую ўдачу

Напалову адкрытым застаецца пытанне з алімпійскай камандай па лыжных гонках. У Беларусі ўжо ёсць чатыры алімпійскія ліцэнзіі — дзве мужчынскія і дзве жаночыя. Але хто канкрэтна атрымае білет у Кітай, пакуль невядома, ліцэнзіі неімянныя. Многае вырашаць этапы Кубка свету. Плануецца, што канчатковы састаў беларускай каманды стане вядомы пасля Кубка Еўропы, які пройдзе ў Раўбічах у пачатку студзеня.

Палёт на Пекін

Традыцыйна сваімі медалямі на алімпіядах радуюць беларускія фрыстайлісты. Хочацца верыць, што гэтыя Гульні не стануць выключэннем. Тым больш што да алімпійскіх стартаў рыхтуюцца алімпійскія чэмпіёнкі Ганна Гуськова і Ала Цупер. Максімальна працуюць і лідары мужчынскай каманды: Павел Дзік, Дзмітрый Мазуркевіч, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік. У Пекіне будуць спаборнічаць 25 найлепшых лыжных акрабатаў у мужчын і жанчын. Іх імёны будуць вядомыя ў сярэдзіне студзеня пасля этапа Кубка свету ў амерыканскім Дыр-Вэлі, калі будзе канчаткова сфарміраваны алімпійскі рэйтынг.

Лёд да Пекіна давядзе

Вялікія надзеі на Гульні ў Пекіне ўскладаюць беларускія канькабежцы, якія набіраюць абароты не толькі на лядовых авалах, але і ў сваім развіцці. З 11 членаў нацыянальнай каманды, якія выступаюць у Кубку свету, ужо шэсць выканалі кваліфікацыйныя нарматывы. Цяпер ім засталося толькі замацаваць за сабой месцы ў алімпійскім рэйтынгу і пачынаць збірацца ў Кітай. Плануецца, што пакараць кітайскі лёд адправіцца 5-6 беларускіх канькабежцаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?