Вы тут

Уклад у рублях, безумоўна. Дзе і як лепш захоўваць грошы?


Незразумелае эканамічнае становішча ў рэгіёне, скачкі цэн на энерганосьбіты і ўвядзенне санкцый не дадаюць упэўненасці ў стабільнасці заўтрашняга дня. А складаная сусветная сітуацыя пры пандэміі ўнесла хаос на фінансавыя рынкі. На такім фоне кожны чалавек, які мае пэўную суму зберажэнняў, задаецца пытаннем: дзе і як лепш захоўваць грошы?


Банкаўскі дэпазіт — адзін з самых папулярных варыянтаў зберажэнняў. Многія лічаць, што захоўваць грошы выгадна менавіта ў банку. Паспрабуем упэўніцца ў гэтым з калькулятарам у руках.

Інфляцыя і долар не шкадуе

Галоўны вораг нашых грошай — гэта інфляцыя. Менавіта яна абясцэньвае зберажэнні. І хоць візуальна здаецца, што даходы і зберажэнні растуць, на гэтую суму мы можам купіць усё менш і менш тавараў.

Калі ж хтосьці думае, што гэта не датычыцца замежнай валюты, то ён памыляецца. Напрыклад, долар ЗША за перыяд з 1990 года да 2020-га абясцэніўся ў два разы. Гэта значыць, што за 30 гадоў мы б страцілі роўна палову сваіх зберажэнняў у амерыканскай валюце, калі б яна ляжала пад падушкай без справы. Сярэдняе значэнне інфляцыі долара за апошнія 30 гадоў склала 2,4 %. А апошнім часам долар страчвае ўжо на год каля 8 %, што значна перавышае памеры банкаўскіх укладаў у замежнай валюце. У нашай краіне самы выгадны доларавы ўклад — безадзыўны на 7 месяцаў, дзе даюць 4,5 % гадавых. Такі дэпазіт «без дурняў», гэта значыць, яго стаўка фіксаваная.

Выбіраючы дэпазіт, чытаем умовы вельмі ўважліва

Не так даўно мой сваяк выйграў у латарэю крыху больш за 10 тысяч рублёў. Упершыню за 30 гадоў гульні фартуна павярнулася да яго тварам. Цяпер ён вырашыў пакласці ў банк менавіта рублі і выбірае ўклад.

Я адразу прапанаваў родзічу безадзыўны ўклад «Падушка бяспекі» на тэрмін ад 395 да 732 дзён. Там фіксаваная стаўка даходнасці, роўная 18,1 % , таксама ёсць магчымасць папаўнення ўкладаў і штомесячная выплата працэнтаў. Гэтую тэму нам прапануе не самы рэйтынгавы банк нашай краіны, але ён з’яўляецца філіялам расійскай фінансавай структуры. А значыць, не давяраць яму ў нас няма прычыны.

«Усе банкі ў нашай краіне стабільныя, — кажа сваяк. — Вунь, адзін прапануе 24 % гадавых». Яно так, але ўмовы захоўвання грошай на гэтым дэпазіце занадта «смачнымі» здаюцца толькі на першы погляд. Уклад гэты пад назвай «Зігзаг у Br» на 13 месяцаў, з якіх першыя 6 месяцаў вы і напраўду атрымліваеце 24 % гадавых, а другая вялікая палова дэпазіту дае вам усяго толькі 12 % гадавых. Калі падлічыць да капейкі, то за ўвесь тэрмін укладу мы атрымаем гадавы даход нават крыху меншы за 18 %.

Ёсць у самага буйнога камерцыйнага банка краіны безадзыўны ўклад «Паспяховы». Ён мае на ўвазе захаванне грошай у банку на тых жа 13 месяцаў пад 18,25 % гадавых. Вось толькі мінімальная сума ўкладу пачынаецца ад 50 тысяч рублёў, тут ужываецца не фіксаваная, а пераменная стаўка. А гэта значыць, у любы час працэнтны даход можа паменшыцца. І гэта без права зняцця ўкладу датэрмінова.

Калі разглядаць больш кароткія тэрміны дэпазітаў, то найбольш выгадным выглядае ўклад на 190 дзён пад 17,5 %. Але ў гэтай прапанове адсутнічаюць капіталізацыя, папаўненне дадатковых укладаў, датэрміновае ці частковае зняцце і выплата працэнтаў. Безадзыўны ўклад на 170 дзён дае ўладальніку грошай ужо 16 % гадавых. Тут таксама не прадугледжаны «плюшкі», а значыць, паклаў грошы ў банк — на паўгода цалкам забыўся пра іх.

Цяпер самыя папулярныя ўклады ў беларускіх рублях, якія выбіраюць нашы суайчыннікі, прапануюцца на адносна кароткія тэрміны. Гэта безадзыўныя дэпазіты на 45 і 95 дзён. Яны маюць прыбытковасць 14 % і 14,5 % адпаведна.

Гэта мы разгледзелі безадзыўныя ўклады, адзыўныя ж дэпазіты маюць меншую прыбытковасць — на 3–5 %.

На што варта звярнуць увагу

Вядома, у банкаўскіх дэпазітаў ёсць і пэўныя недахопы. Многія ўклады аўтаматычна не падаўжаюцца, таму вам неабходна самастойна адсочваць тэрмін заканчэння. Да таго ж не ўсе банкі прапануюць капіталізацыю працэнтаў, а гэта істотна ўплывае на канчатковы вынік. Таксама апошнім часам банкі часта прапануюць безадзыўныя дэпазіты, дзе ўкладчык страчвае большую частку сваіх працэнтаў, калі яму трэба адклікаць уклад да яго завяршэння. Безадзыўныя ўклады пазбаўляюць вас адной з галоўнай вартасці грошай — высокай ліквіднасці.

Да дадатковых рызык можна аднесці верагоднасць банкруцтва банка, а таксама павышэнне працэнтных ставак па новых дэпазітах. У апошнім выпадку вы проста не атрымліваеце больш даходу.

Эксперты сыходзяцца на думцы, што інфляцыя і далей будзе «даганяць» працэнты па банкаўскіх дэпазітах у доларах, а магчыма, і ў рублях. Гэта не азначае, што банкаўскія ўклады хутка знікнуць, але ўсё больш людзей будзе выбіраць больш прыбытковыя інвестыцыі (акцыі, карпаратыўныя аблігацыі). У цэлым, мэтазгодна захоўваць пэўную суму ў банку на «чорны дзень» або на дарагую пакупку, калі вы яе плануеце на працягу года. Але ў такім выпадку лепш выбіраць адзыўныя ўклады з капіталізацыяй працэнтаў. Для абароны ад інфляцыі трэба разбірацца з акцыямі, што не так ужо і складана. Але зусім простага спосабу, на жаль, няма.

Рэкамендацыі Нацбанка

Па-першае, варта ведаць, што дзяржава гарантуе поўную захаванасць грашовых сродкаў грамадзян, размешчаных ва ўклады ў банках краіны, і пакрыццё 100 % сумы гэтых сродкаў у валюце ўкладу ў выпадку адклікання ў банка спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на ажыццяўленне банкаўскай аперацыі па прыцягненні грашовых сродкаў фізічных асоб.

Калі для ўкладчыка важная магчымасць датэрміновага зняцця ўкладу, варта разглядаць адзыўныя ўклады. Калі прыярытэтам з’яўляецца максімальная прыбытковасць, лепш заключыць дагавор безадзыўнага банкаўскага ўкладу. У выпадку датэрміновага зняцця ўкладу, як правіла, дагаворам банкаўскага ўкладу прадугледжаны пераразлік працэнтаў па стаўцы да запатрабавання.

У дагаворы банкаўскага ўкладу можа быць прадугледжана права банка змяняць памер працэнтаў па ўкладзе ў аднабаковым парадку. Падобнае памяншэнне памеру працэнтаў па ўкладзе ў беларускіх рублях магчымае ў выпадку зніжэння стаўкі рэфінансавання, якая ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам. Новы памер працэнтаў па ўкладзе ўжываецца пасля заканчэння не менш аднаго месяца з дня апавяшчэння ўкладчыка аб памяншэнні. Спосаб апавяшчэння ўкладчыка вызначаецца дагаворам банкаўскага ўкладу.

Падаткі вылічаць аўтаматычна

Падаткаабкладанне даходаў па ўкладах ажыццяўляецца падатковымі агентамі, яны ўпаўнаважаныя разлічваць і ўтрымліваць сумы падаходнага падатку з даходаў па ўкладах фізічных асоб на карысць бюджэту. Падаходны падатак утрымліваецца толькі з працэнтнага даходу (налічанага па стаўцы, якая перавышае стаўку да запатрабавання) па наступных укладах: у беларускіх рублях — на тэрмін меншы за 1 год; у замежнай валюце — на тэрмін меншы за 2 гады.

Для мэт падаткаабкладання пад пачаткам тэрміну ўкладу маецца на ўвазе дата ўнясення кожнай грашовай сумы на рахунак (першапачатковага ўзносу, дадатковага ўзносу), пад заканчэннем тэрміну — дата зняцця грашовай сумы з рахунку. Падаходны падатак таксама ўтрымліваецца з працэнтнага даходу, налічанага на суму дадатковага ўзносу па ўкладах, якія не падпадаюць пад падаткаабкладанне, пры фактычным размяшчэнні гэтага дадатковага ўзносу на тэрмін меншы за 1 год у беларускіх рублях і меншы за 2 гады ў замежнай валюце.

Напрыклад, дагаворам банкаўскага ўкладу прадугледжана магчымасць папаўнення ўкладу. Па ўкладзе ў беларускіх рублях тэрмінам на 1 год праз 2 месяцы пасля яго адкрыцця здзейснены дадатковы ўзнос. З працэнтнага даходу, налічанага на суму такога дадатковага ўзносу, будзе ўтрымлівацца падаходны падатак. Пры гэтым падаходны падатак не ўтрымліваецца з працэнтаў, налічаных на капіталізаваныя працэнты.

Уклады можна завяшчаць

Правы на грашовыя сродкі, размешчаныя ва ўклад, могуць быць перададзены укладчыкам шляхам складання завяшчання альбо шляхам здзяйснення завяшчальнага распараджэння ў тым банку, у якім размешчаны ўклад. Звесткі аб рахунках і укладах, у тым ліку аб наяўнасці рахунку ў банку, яго уладальніку, нумары і іншых рэквізітах рахункі, памеры сродкаў, што знаходзяцца на рахунках і ва ўкладах, з’яўляюцца банкаўскай тайнай і не падлягаюць выдаванню.

Даведка аб памеры сродкаў, якія знаходзяцца ва ўкладзе ў банку, у выпадку смерці іх уладальніка выдаецца банкам асобам, названым укладчыкам у завяшчальным распараджэнні, натарыусам — па спадчынных справах, якія знаходзяцца ў іх вядзенні.

Таксама магчымае заключэнне дагавора банкаўскага ўкладу на імя іншай асобы. Гэта асоба набывае правы ўкладчыка пасля таго, як прад’явіць у банк у пісьмовай форме першае патрабаванне ў дачыненні да ўкладу. Калі ўкладчык хоча даць іншай асобе магчымасць распараджацца сваім укладам, варта аформіць даверанасць, якая можа быць засведчана тым банкам, у якім размешчаны ўклад. Калі ўкладчык плануе даверыць іншай асобе кіраванне ўкладамі ў розных банках, даверанасць падлягае натарыяльнаму сведчанню.

Аблігацыі, біткоін і іншыя

Мабыць, самым надзейным фінансавым інструментам на фондавым рынку з’яўляюцца аблігацыі. Гэта даўгавыя паперы, якія можа выпусціць як дзяржава, так і прыватная кампанія. Сэнс у тым, што эмітэнт заняў пэўную суму грошай у крэдытора, а праз пазначаны ў аблігацыі прамежак часу эмітэнт павінен вярнуць намінальны кошт пазыковай паперы і купонны даход. Гэта як даць грошы ў доўг пад распіску і за невялікае ўзнагароджанне. Прыбытак ад аблігацыі лічыцца такім чынам: складваюцца намінальная цана пазыковай паперы і купонны даход за час яе трымання.

У рэальнасці няма дакладнага адказу, якія аблігацыі больш выгадныя. Гэта кансерватыўны від інвестыцый — яны ўсё роўна нясуць у сабе мінімальныя рызыкі. Пры выкарыстанні аблігацый сур’ёзнай пагрозай для інвестара з’яўляецца дэфолт эмітэнта, простымі словамі — калі даўжнік не можа заплаціць. У дадзеным выпадку аблігацыі альбо страчваюць усякую каштоўнасць, альбо падлягаюць рэструктурызацыі.

Добрым варыянтам для захавання сродкаў інвестара будуць карпаратыўныя аблігацыі. Гэта доўгатэрміновы інструмент для інвеставання, і ў іх эмітэнтамі могуць выступаць як прыватныя, так і дзяржаўныя кампаніі. Дзяржаўныя лічацца больш надзейнымі, бо калі раптам у краіне здарыцца дэфолт, інвестары атрымаюць грошы назад, чаго нельга сказаць аб прыватных. Цяпер існуе шмат кампаній, якія прапануюць завоблачныя працэнты, з-за чаго павялічваецца рызыка для інвестара — верагоднасць, што яму вернуцца грошы, вельмі невялікая. Тут інвестару падчас набыцця аблігацый варта звяртаць увагу на крэдытны рэйтынг кампаніі або краіны.

Не так даўно на рынку з’явіліся новыя інструменты, такія як крыптавалюта, якая паступова заваёўвала цікавасць прасунутай часткі аўдыторыі. Пік інвестыцый у яе прыйшоўся на 2017 год, а затым імклівае падзенне даходнасці прывяло да расчаравання інвестараў. Крыптавалюта была моднай альтэрнатывай банкаўскім дэпазітам, але аказалася, што ў такіх інструментах занадта шмат падводных камянёў, так што іх можна лічыць не столькі даходнымі, колькі трэндавымі і «раскручанымі».

Біткоін і аналагічныя валюты пакуль для большасці ўяўляюцца чымсці новым і нязведаным, хаваючым у сабе вялікія рызыкі.

А калі захоўваць грошы дома?

Частка грамадзян не давярае банкам і іншым крэдытным установам. Таму яны аддаюць перавагу захоўваць грошы дома. Гэты просты спосаб не адрозніваецца надзейнасцю, бо з часам грошы абясцэньваюцца і не прыносяць чалавеку прыбытак. Да таго ж верагоднасць страціць або быць абкрадзенымі досыць вялікая. Нягледзячы на гэта, частка насельніцтва аддае перавагу мець пэўную суму наяўнымі на так званы чорны дзень. Дзе можна захоўваць грошы дома? Адзін з варыянтаў — пакідаць зберажэнні, каштоўныя паперы, каштоўныя металы ў сейфе або іншым надзейным месцы. Аднак у гэтага варыянту існуюць рызыкі, такія як крадзеж, пажар, а таксама пастаянная трата, паколькі даступнасць грашовых сродкаў правакуе часцей расходаваць іх.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.