Сямейнае свята Atom day: wіnter energy, арганізаванае Дзяржкарпарацыяй «Расатам» і Міністэрствам энергетыкі ў Інфармацыйным цэнтры па атамнай энергіі (ІЦАЭ), падарыла гасцям зарад бадзёрасці і цікавых ведаў. Прысутныя даведаліся пра сучасныя атамныя тэхналогіі, высветлілі, колькі радыяцыі знаходзіцца ў іх целе, і на свае вочы ўбачылі, на што здольная вада ў розных станах падчас крыа-шоу.
«Атамная» ёлка на тое і «атамная», што звычайныя карагоды і песні тут былі хутчэй для фону. Сапраўдныя дзівосы ў ІЦАЭ, натуральна, мелі навуковую прыроду. Напрыклад, невялічкая маланка, замарожаныя вадкім азотам ружа і мандарыны, сняжынка, якую пры вас надрукаваў 3D-прынтар... Госці сваімі рукамі стваралі незвычайныя падарункі накшталт адкрыткі з макароны, аздобленай «атамнымі» фарбамі, выпраўляліся ў віртуальнае падарожжа па атамнай станцыі, складалі зімовыя ўзоры з пазлаў-малекул.
Таксама на свяце ўзнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага фотаконкурсу «Чыстая энергія будучыні», які сумесна зладзілі Расатам, ІЦАЭ, Мінэнерга, Белэнерга, БелАЭС, Мінадукацыі, БелАЭС і Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Каля дзвюх тысяч работ, якія ўдзельнічалі ў трох намінацыях — «Энергія будучыні», «Энергія прыроды» і «Энергія здзяйсненняў», было аб'яднана тэмай энергіі вакол нас. Прычым удзельнічалі ў спаборніцтве не толькі дзеці, але і дарослыя.
Кожны з гасцей у канцы свята атрымаў падарунак з рук стыльнага Energy-Клаўса на ўспамін пра «атамную» ёлку і нясумную ядзерную навуку.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.