Вы тут

Марына Слуцкая завяршае спартыўную кар’еру


Найлепшая дзюдаістка Беларусі Марына Слуцкая аб’явіла аб завяршэнні спартыўнай кар’еры. Марына Слуцкая — двухразовая чэмпіёнка Еўропы, чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў, васьміразовая чэмпіёнка Беларусі, лідар сусветнага рэйтынгу. Яе дасягненні пакуль не паўтарыў і тым больш не пераўзышоў ніхто з беларускіх дзюдаістаў. Чым нам запомніцца спартыўная кар’ера гэтай «жалезнай лэдзі», якую яна сама назвала шляхам «з неспартыўнай пышкі ў найлепшую дзюдаістку краіны».


Пра тое, што Марына плануе развітвацца з дзюдо пасля Алімпійскіх гульняў у Токіа, яна казала год таму ў інтэрв’ю «Звяздзе». «Пакуль я не дайду да Алімпіяды, не злезу з гэтага віду спорту», — казала тады Марына. Дайшла, але галоўнай мэты, на жаль, не дасягнула. Усё сапсавала траўма рукі, атрыманая ў другім паядынку.

Гісторыя Марыны Слуцкай — прыклад таго, якімі жорсткімі бываюць алімпійскія багі. На Алімпіяду 2016 году ў Рыа яна не трапіла. Для адбору не хапіла 40 балаў, а гэта адна выйграная схватка на турніры ці паездка на чэмпіянат свету. Тады ў спартсменкі з’явіліся першыя думкі аб завяршэніі кар’еры. Але бацькі, сябры, малады чалавек у адзін голас раілі астыць ды вяртацца на татамі. І яна прыслухалася да іх. «У той час я адчувала сябе бутэлькай поўнай пяску, якую рэзка вытраслі, і я засталася пустая. Такая пустэча была ўнутры, але з цягам часу яна запоўніліся, і я вярнулася да сваёй маральнай і фізічнай формы. Адзін раз можна такое перажыць і застацца ў спорце, але другі амаль немагчыма», — успамінала Марына.

Першым стартам пасля Алімпіяды і заключным у кар’еры для Марыны Слуцкай стаў камандны чэмпіянат Еўропы ва Уфе. Вынік — пятае месца. «Пасля пройгрышу на Алімпійскіх гульнях я ўпершыню выходзіла на татамі разам з камандай. Вынік турніру — пятае месца, а я, прайграўшы сваю апошнюю схватку, са слязамі сыходзіла з татамі. І плакала не столькі ад пройгрышу, колькі ад разумення фінішу, ад бездапаможнасці і жалю», — падзялілася Марына ў сваім блогу.

Планавалася, што Марына выступіць і на яшчэ адным турніры — Залатой лізе Клубнага чэмпіянату Еўропы, яе запрасіў іспаснкі клуб «Валенсія». Але жыццё ўнесла свае карэктывы — за 12 гадзін да вылету ў Парыж памёр бацька спартсменкі. Паездку прыйшлося адмяніць.

«Цяпер ужо пачынаецца новая глава ў маім жыцці. Цяпер ужо ўсё будзе інакш. Я больш не выйду на татамі як спартсмен, не змагу папрасіць тату затапіць баню... А ён больш не павесіць медаль Альту на шэю і не спытае пасля майго прыезду са спаборніцтваў: «А што ты мне купіла?», — напісала Марына ў сваім блогу.

Сярод прафесіянальных спартсменаў простых людзей не бывае

На жаль, пакуль у беларускім дзюдо не вырасла замена Марына Слуцкай. У інтэрв’ю «Звяздзе» яна тлумачыла, чаму так атрымалася: «Магчыма, камусьці гэта будзе непрыемна. Але, я лічу, што ў нас не заўсёды правільна і дастаткова добра працуюць дзіцячыя трэнеры. Працуючы трэнерам, я сама зразумела, як гэта складана. У нас трэнер бярэ спартсмена і некалькі гадоў вырошчвае з яго алімпійскага чэмпіёна. Але гэта няправільна, на кожнай ступені павінен быць асобны трэнер — дзіцячы, юніёрскі, дарослы. У трэнераў таксама павінна быць пераемнасць пакаленняў ці ён павінен расці разам са спартсменам. А ў нас часта бывае так, што спартсмен вырастае да пэўнага ўзроўню, а трэнер не можа з ім працаваць. І спартсмен не раскрываецца. Варта праводзіць сумесныя трэніроўкі спартсменаў аднаго ўзросту, бо ў канкурэнцыі нараджаецца вынік. А ў нас так не заўсёды атрымліваецца праз фінансавыя цяжкасці. Цяпер ёсць некалькі маладых дзяўчат, якія прыйдуць праз 5–10 гадоў пасля мяне. А калі не прыйдуць, бо выйдуць замуж і кінуць спорт?».

Цяжка ўявіць Марыну Слуцкую без дзюдо, як і дзюдо без яе. Але, можа, гэта і не трэба. Некалькі гадоў Марына сумяшчала свае выступленні з працай дзіцячага трэнера ў клубе адзінаборстваў «Голд». Сябе яна называе добрым, але справедлівым трэнерам. І дзеці гэта адчуваюць. На ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску, яны гарачэй за ўсіх хварэлі за сваю настаўніцу. «Я вельмі строгі трэнер. Часам баюся сама сябе. Пасля Еўрапейскіх гульняз пра мяне здымалі передачу, і ў дзяцей спыталі, які я трэнер. І адзін хлопчык сказаў: „Марына Уладзіміраўна добрая, вучыць нас усяму, але мы ўсе яе крыху баімся“. У нас ёсць дзеці, якія праз праблемы са здароўем не могуць займацца дзюдо, але яны прыходзяць да нас у госці, віншуюць са святамі. Яны заўжды сочаць за маімі спаборніцтвамі. Я хоць і строгая, але я іх люблю, і дзеці гэта адчуваюць», — расказвала Марына.

Дарэчы, свой нялёгкі і насычаны спартыўны шлях Марына прайшла з адным трэнерам — Леанідам Фёдравічам Свірыдам. Па словах самой спартсменкі, не факт, што з іншым трэнерам яна был дасягнула такіх вынікаў: «Я спецыфічны чалавек, ён таксама. Але сярод прафесіянальных спартсменаў простых людзей не бывае. Наша сумесная праца дае вынік і гэта галоўнае».

Дзюдо, як філасофія, заснаванае на трох асноўных прынцыпах. І Марына Слуцкая, як усім сэрцам адданы сваёй справе чалавек, поўнасцю ім адпавядае. Першы прынцып — узаемная дапамога і разуменне для дасягнення вялікага прагрэсу. Яна ні раз адзначала, наколькі вялікую ролю ў яе кар’еры адыгралі бацькі, якія заўсёды сустракалі як чэмпіёнку, трэнер, сябры па камандзе. Другі прынцып — найлепшае выкарыстанне цела і духа. У сіле духу Марыне нават сумнявацца не прыходзіцца, яна дэманстравала яе ўсю сваю кар’еру. Трэці прынцып — паддацца, каб перамагчы. Марына паддалася і справілася з усімі выпрабаваннямі, якія падкінуў ёй лёс. А значыць, усе яе перамогі наперадзе.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.