Вы тут

Паверыць у чалавека


Вось гісторыя з нядаўняй камандзіроўкі. У адной са школ райцэнтра вучыўся хлопчык. У сваім даволі моцным і паспяховым класе ён целяпаўся на ўстойлівых апошніх пазіцыях. Ну нічым не выдзяляўся, а калі і выдзяляўся, то хіба палахлівасцю, няўпэўненасцю, няўменнем адказаць на пастаўленае пытанне, а як адказваў — то часцей неўпапад. Было гэта ў тыя часы, калі пра дзесяцібальную сістэму яшчэ ніхто нават не згадваў.


Фота: pixabay.com

Настаўнікі ж, калі выклікалі хлапчука да дошкі, уздыхнуўшы, ставілі яму тройкі ды хутчэй звярталіся да вучня, які мог парадаваць бойкім адказам. Не, была і тады адна настаўніца, здаецца, гісторыі, якая гаварыла: «Складваецца ўражанне, што ты нешта ведаеш, толькі невядома чаму губляешся і не можаш талкова выказацца». Але дапамагчы яму пераадолець разгубленасць альбо страх, каб сфармуляваць адказ, у яе альбо рукі не даходзілі, альбо вялікага жадання не было. Ну і скончыў наш герой сяк-так сярэднюю школу. Забыліся пра яго аднакласнікі на доўгія гады, нават не на гады, на дзесяцігоддзі.

Не так даўно былая аднакласніца таго хлопца амаль выпадкова ўбачыла афішу выстаўкі старых здымкаў. Зайшла — выстаўка аказалася цудоўнай, яна раней ніколі не бачыла родны горад з такога ракурсу: 100-гадовай даўнасці. Хадзіла, разглядвала, здзіўлялася, а потым звярнула ўвагу на рэквізіты арганізатараў вернісажу, убачыла імя і прозвішча, затым у элегантным і рэспектабельным гаспадары імпрэзы, які прымаў віншаванні, пазнала свайго таварыша па школьных гадах. Вось гэта была сустрэча!

Ён расказаў, што мае невялікі ўласны бізнес, сетку магазінаў у розных гарадах краіны, як той казаў, на хлеб з маслам зарабіць можа. Але апошнім часам яго інтарэс да гандлёвай справы стаў слабець, ён нават прадаў ужо частку сваіх аб'ектаў, бо заняўся гісторыяй. І падштурхнула яго да гэтых заняткаў захапленне старымі здымкамі. Аднойчы зусім выпадкова ён купіў цэлы чамадан негатываў у нашчадкаў колішняга фатографа, які здымаў на Палессі з канца ХІХ да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Калі іх надрукавалі, заняўся вывучэннем, пошукамі, адкрыццямі. Як нярэдка бывае ў падобных сітуацыях, знайшліся аднадумцы. Арганізацыяй выстаўкі не абмежаваліся, сталі займацца асветніцкім турызмам. Вазілі па славутых мясцінах сваёй малой радзімы школьнікаў, моладзь. Арганізавалі і зладзілі шэраг цікавых праектаў. Дарэчы, сваіх былых настаўніц разам з іх вучнямі Віктар таксама раз-другі звазіў на экскурсіі. Цяпер у яго шмат планаў, задумак, новых праектаў.

Гісторыю, як вы здагадаліся, мне расказала былая аднакласніца гэтага ціхага троечніка. І было відаць, што яна да гэтай пары здзіўляецца такой метамарфозе: «Ну ніякіх прадпасылак не было, нават намёку на здольнасці, уменні, цікаўнасць. Здавалася, ён толькі сядзіць на ўроку, прысутнічае, а ў душы хвіліны лічыць, калі той урок скончыцца. За дзесяць гадоў вучобы руку ні разу не падняў, голасу не падаў, калі аб гэтым не прасілі».

Ды выходзіць, што не разгледзелі, не заўважылі здольнасцяў чалавека. А яны былі, драмалі недзе, бо як вядома, нічога не бярэцца ніадкуль і не ўзнікае на пустым месцы. Спрабавала гэта давесці сваёй выпадковай суразмоўніцы. Згадала нават вядомую ва ўсім свеце гісторыю вялікага вынаходцы Томаса Эдзісана, якая ўжо ўвайшла ў падручнікі. Гучыць яна прыкладна так: «Аднойчы Томас Эдзісан вярнуўся са школы і перадаў маці пісьмо ад настаўніка. Маці зачытала пісьмо са слязамі на вачах: «Ваш сын геній. Гэтая школа занадта малая і тут няма настаўнікаў, якія здольныя яго нечаму навучыць. Калі ласка, вучыце яго самі».

Праз шмат гадоў пасля смерці маці ён пераглядаў сямейныя архівы, наткнуўся на гэтае пісьмо і прачытаў яго: «Ваш сын — разумова адсталы. Мы не можам вучыць яго ў школе разам з усімі. Таму рэкамендуем вам вучыць яго самастойна». Ён разрыдаўся і запісаў у дзённіку: «Томас Эдзісан быў разумова адсталым дзіцем. Дзякуючы сваёй гераічнай маме ён стаў адным з найвялікшых геніяў свайго веку».

Гэтая гісторыя вельмі падобная на легенду, але вучыць яна верыць і падтрымліваць сваіх блізкіх, нават калі яны не дэманструюць здольнасцяў у іх прывычным праяўленні.

Такіх прыкладаў процьма. Пісалі, што Уолт Дысней, стваральнік знакамітага Дыснейленда быў троечнікам, у якога не верылі навакольныя. Ды што там азірацца на заморскіх герояў — сваіх можна знайсці колькі хочаш, калі прыгледзішся. З паўгода таму я пісала пра хлопца з кобрынскай вёскі, які падчас аварыі на падводнай лодцы задраіў люк у адсеку, каб застацца ў аварыйным, а выратавальнае паветра пакінуць таварышам. Былыя яго настаўнікі праз сорак гадоў не маглі ўспомніць хлопчыка Сашу. Казалі, у памяці застаюцца «зоркі»-выдатнікі альбо забіякі, парушальнікі дысцыпліны, ціхія і памяркоўныя забываюцца. Але менавіта яны часта і становяцца героямі. І ніколі не варта скідваць іх з рахункаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.