Вы тут

У чым сакрэт папулярнасці студатрадаўскага руху?


Па выніках рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» у намінацыі «Пераходны сцяг найлепшаму студэнцкаму атраду» зноў перамог будаўнічы атрад «Эўрыка» з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта, дарэчы, ужо пятая іх перамога ў адмысловым спаборніцтве. Будатрад, які стаў амаль легендарным, працаваў у Астраўцы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці».


— Узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Працоўны семестр» адбылося ў рамках фіналу рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», прысвечанага Году народнага адзінства. Сёлета была працаўладкавана рэкордная колькасць маладых людзей — больш як 33,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года, — з гонарам кажа камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзея ШАХОЎСКАЯ. — Дзейнічалі 2383 студэнцкія атрады розных профіляў: будаўнічыя, педагагічныя, сэрвісныя, сельскагаспадарчыя, медыцынскія, вытворчыя...

Мы рэалізавалі шэраг рэспубліканскіх маладзёжных працоўных праектаў, сярод якіх будаўнічы — «Горад маладосці» (Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы), сельскагаспадарчы — «Талачын» на базе Талачынскага кансервавага завода, вытворчы — «Атлант-2021». Статус абласной (гарадской) маладзёжнай будоўлі ў 2021 годзе атрымалі будаўніцтва шматфункцыянальнага медыцынскага цэнтра ў Брэсце, сярэдняй школы ў мікрараёне № 96 Гомеля, кардыятэрапеўтычнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, рэканструкцыя корпуса кадэцкага вучылішча ў Полацку і рэканструкцыя вуліцы Гагарына ў Віцебску, комплексу будынкаў Гарадской клінічнай бальніцы № 3 у Гродне.

Акрамя «Эўрыкі», яшчэ два атрады з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта занялі сёлета лідзіруючыя пазіцыі. Сярод будаўнічых атрадаў першынство ў рэспубліканскім конкурсе заваяваў атрад «Рытм», а таксама атрад «Дойліды» з гэтай жа ВНУ. Апошні працаваў на Міжнароднай студэнцкай будоўлі «Кузбас-300» у расійскім Кемераве і стаў там найлепшым. Беларускія студэнты разам з расійскімі і казахскім будатрадамі ўдзельнічалі ва ўзвядзенні спартыўных і сацыяльных аб'ектаў капітальнага будаўніцтва Кузбаса. На міжнароднай будоўлі сабраліся 18 атрадаў, канкурэнцыя была вельмі сур'ёзная...

У намінацыі «Найлепшы педагагічны атрад» перамогу святкавалі студэнцкія атрады «Новае пакаленне» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і «Сузор'е» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, у намінацыі «Найлепшы сельскагаспадарчы атрад» — атрады «Пушчанцы» тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Камянецкай раённай арганізацыі БРСМ і «Парэчанка» Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Першымі ў намінацыі «Найлепшы экалагічны атрад» прызнаныя студэнцкі атрад тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Чэрыкаўскага раённага камітэта БРСМ і атрад імя Віктара Пуганава тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Кобрынскай раённай арганізацыі БРСМ.

Найлепшым медыцынскім атрадам стаў «Медык» Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, найлепшым сэрвісным — «Ратавальнікі» Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, вытворчым — удзельнік маладзёжнага вытворчага працоўнага праекта «Атлант-2021» атрад «БРУклін» з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

А закрытае акцыянернае таварыства «Атлант» стала найлепшым у намінацыі «Пераходны сцяг найлепшай арганізацыі, якая прымае».

Надзея Шахоўская з задавальненнем адзначае, што сёлета сярод пераможцаў было некалькі атрадаў, куды ўваходзілі не вопытныя старшакурснікі, а падлеткі. Безумоўна, у такім узросце немагчыма трапіць на адзін з самых адказных аб'ектаў — БелАЭС у Астраўцы, таму часцей за ўсё школьнікі задзейнічаны ў сельскагаспадарчых і экалагічных атрадах. Але менавіта там загартоўваюцца будучыя камандзіры і камісары студатрадаў. А ёсць атрады, куды, наадварот, уваходзяць ужо практычна дарослыя людзі — размова ідзе пра педатрады, у якіх летам, падчас свайго водпуску, працуюць ужо выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў — сённяшнія педагогі.

Карына БАЗАН — камандзір студэнцкага педагагічнага атрада «Новае пакаленне» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (аднаго з пераможцаў конкурсу), расказала, што сёлета была ўжо пятая яе змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Арляня».

— Атрад складаўся амаль цалкам з навабранцаў. З мінулага года засталося толькі трое «вопытных байцоў». Таму было вельмі важна, каб яны падтрымалі і развілі нашы студатрадаўскія традыцыі, — канстатавала Карына. — У педатрадах ёсць свая спецыфіка. Тут вельмі важная наяўнасць педагагічнага досведу, якога «моладзі» яшчэ не хапае. Трэба падказваць навічкам, як лепш паступіць у той ці іншай педагагічнай сітуацыі, як размаўляць з дзіцем, каб яно не замкнулася, як выбудоўваюць зносіны з бацькамі выхаванцаў, каб тыя табе давяралі.

— У Карыны вельмі моцны атрад, — заўважае Надзея Шахоўская. — Усе яго ўдзельнікі — яркія асобы. І гэты атрад змог перамагчы не толькі як прафесійны атрад, але і менавіта як студатрад — як калектыў аднадумцаў, дзе ўласныя інтарэсы падпарадкоўваюцца агульным. Бо ў студатрадах фарміруюцца не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але і чалавечыя каштоўнасці. Не сакрэт, што моладзь сёння хоча зарабляць, новае пакаленне дастаткова прагматычнае, але студатрад — гэта найперш калектывісцкія каштоўнасці. Я — але ўнутры калектыву... Вельмі важная роля адводзіцца лідарам — камандзірам і камісарам атрадаў. Многае залежыць ад іх здольнасці кіраваць калектывам, вырашаць агульныя праблемы.

Камісар студэнцкага будаўнічага атрада «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі Аляксей БАЧКО (Полацкі дзяржуніверсітэт) — таксама вельмі вопытны маладзёжны лідар. Прызнаецца, што пятая перамога запар у рэспубліканскім конкурсе накладае вялікую адказнасць. А сёлета большасць удзельнікаў атрада была навічкамі.

— У наш атрад заўсёды быў высокі конкурс. У розныя гады ён дасягаў і шэсць, і нават дзесяць чалавек на месца, — кажа Аляксей. — Гэтым летам мы працавалі ў Астраўцы на БелАЭС мулярамі другога разраду. Сярэдні месячны заробак склаў тысячу рублёў. Многія мараць трапіць у «Эўрыку», бо гэта вельмі ганарова. Для таго каб стаць байцом нашага атрада, трэба, па-першае, добра вучыцца і не мець ніякіх «хвастоў» па вучобе. Па-другое, чалавек павінен быць таленавітым ва ўсім. Мы заўсёды вітаем творчых, спартыўных, мэтанакіраваных.

— У нас часта пытаюцца, чаму з году ў год перамагае адзін і той жа атрад? Паверце, што ёсць шэраг крытэрыяў, якімі мы кіруемся, ацэньваючы дзейнасць студатрадаў, — запэўнівае Надзея Шахоўская. — Хлопцы з «Эўрыкі» выконваюць вялікія аб'ёмы работ на адказным аб'екце, прычым яны працуюць не 10 дзён: два месяцы — летам, а таксама і на працягу ўсяго года. Усе валанцёрскія працоўныя акцыі ў краіне праходзяць з іх абавязковым удзелам. Вясной яны ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні памятных мясцін. Зімой — у «Зімовым маршруце». Гэта адна вялікая, моцная і надзейная каманда.

Надзея Шахоўская нагадала, што ў 2023 годзе беларускі студатрадаўскі рух будзе адзначыць сваё 60-годдзе. Першыя студэнцкія атрады выехалі на цаліну ў Казахстан у 1963 годзе. А сёння студатрадаўскі рух з'яўляецца адным з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ.

Падчас рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства» была прэзентавана кніга «Наш трэці працоўны» з успамінамі ветэранаў студатрадаўскага руху. У розныя гістарычныя перыяды яны ўзначальвалі рэспубліканскія, абласныя, занальныя і лінейныя беларускія студэнцкія атрады. Іх успаміны даюць магчымасць адчуць дух часу, геаграфію, напружанасць працы і ўклад байцоў студатрадаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

«Новае выданне завяршае гістарычную трылогію кніг аб зараджэнні і развіцці студатрадаўскага руху ў краіне. З 2020 года былі выдадзены кніга «Студэнцкія будатрады Беларусі: гісторыя і сучаснасць» і аднайменны фотаальбом. Аўтарскі праект «Наш трэці працоўны» працягвае стварэнне летапісу беларускага студатрадаўскага руху», — адзначыла камандзір штаба. Кніга ілюстравана хранікальнымі фатаграфіямі з Нацыянальнага архіва, Музея гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі, асабістымі фота з архіваў ўтараў успамінаў.

Адказваючы на пытанне аб планах на найбліжэйшую перспектыву, Надзея Шахоўская расказала, што ў студзені ў другі раз пройдзе патрыятычны працоўны праект «Зімовы маршрут», арганізатарам якога выступае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і мясцовых органаў выканаўчай улады. Маладзёжная ініцыятыва арыентавана на прафарыентацыйную работу ў сельскіх школах, адрасную дапамогу пажылым людзям з акцэнтам на грамадзянска-патрыятычны вектар. У студзені 2021 года студэнцкія атрады «Зімовага маршруту» пераадолелі больш як 1,6 тысячы кіламетраў па Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях з правядзеннем прафарыентацыйных інтэрактываў і тэматычных заняткаў, канцэртных і сацыяльна значных праграм.

У сакавіку чарговы раз стартуе акцыя «Выбіраем студатрад». Ужо прапрацоўваюцца планы на наступнае лета. У прыватнасці, ёсць задума разгарнуць рэспубліканскі медыцынскі праект у Астраўцы, вытворчыя праекты на МАЗе і МТЗ накшталт праекта на «Атланце».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БРСМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.