Вы тут

Што разгледзелі на чарговым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў


Пытанні барацьбы з карупцыяй і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Акрамя таго, дэпутаты і прадстаўнікі іншых дзяржаўных інстытутаў абмеркавалі навацыі, якія неўзабаве закрануць сферу фізічнай культуры і спорту, механізм ліцэнзавання і іпатэчную дзейнасць.


Падарункі — з фіксаванай цаной

У першым чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях барацьбы з карупцыяй». Комплексны праект распрацаваны Генеральнай пракуратурай сумесна з Вярхоўным судом і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі з улікам практыкі прымянення Закона «Аб барацьбе з карупцыяй», які быў прыняты ў 2015 годзе.

Як адзначыў генеральны пракурор Андрэй ШВЕД, з'явіліся пытанні ў правапрымяненні, узніклі ініцыятывы і прапановы ў першую чаргу ад нашых грамадзян, якіх закраналі нормы і дзеянні Закона «Аб барацьбе з карупцыяй». «Дадзеным праектам удакладняецца прававое абавязацельства кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, у якіх доля ўласнасці дзяржавы 50 % і большая, у частцы адказнасці за выяўленне, прафілактыку карупцыйных правапарушэнняў і ліквідацыю наступстваў, — абазначыў канцэптуальныя лініі будучага дакумента генпракурор. — Акрамя таго, вызначаны парадак узаемадзеяння службовых асоб і органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй. У выпадку прыняцця закона не толькі яны будуць абавязаны прадастаўляць праваахоўным органам інфармацыю аб карупцыйных правапарушэннях, а і праваахоўныя органы будуць прадастаўляць звесткі кіраўнікам гэтых дзяржаўных органаў аб карупцыйных правапарушэннях для таго, каб яны праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы».

— Закон будзе прыняты дзеля павышэння эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і аптымізыцыі ўзаемадзеяння дзяржаўных і іншых органаў з мэтай прафілактыкі дадзенай негатыўнай з'явы, — удакладніла член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ. — Мы ўлічылі правапрымяняльны вопыт, міжнародны, а таксама ратыфікаваныя міжнародныя дагаворы. У прыватнасці, пашыраецца пералік асоб, якім дзяржаўны служачы не можа аказваць садзейнічанне ў сувязі з інтарэсамі сваёй службы. У гэты пералік асоб цяпер трапляюць муж і жонка дзяцей: зяці і нявесткі. З'яўляецца адказнасць юрыдычнай асобы. Калі службовая асоба здзяйсняе проціпраўныя дзеянні ў інтарэсах дадзенай юрыдычнай асобы, прадугледжваецца адказнасць апошняй. Калі раней пасады дырэктара, намесніка дырэктара, галоўнага бухгалтара, намесніка галоўнага бухгалтара, касіра нельга было займаць блізкім сваякам, мужу і жонцы ў дзяржаўных арганізацыях, то цяпер яшчэ і ў арганізацыях з пераважнай доляй дзяржаўнай уласнасці. Яшчэ цікавае змяненне — удакладняецца кошт падарунка, які могуць прымаць службовыя асобы ў ходзе правядзення афіцыйных і пратакольных мерапрыемстваў. Сума не павінна перавышаць пяціразовы памер мінімальнай базавай велічыні.

Новы закон

Праект Закона «Аб ліцэнзаванні», разгледжаны ў першым чытанні, у прыватнасці, прадугледжвае максімальнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у працэсе ўзаемадзеяння ліцэнзавальных органаў з саіскальнікамі ліцэнзій і ліцэнзіятамі. Акрамя таго, вызначаны падыходы да ліцэнзавання масажу, дзейнасці па нарыхтоўцы (закупцы) лому і адходаў чорных і каляровых металаў. Павышаецца самастойнасць ліцэнзавальных органаў. Карэкціруецца пералік кантралюючых (наглядных) органаў, якія маюць паўнамоцтвы праводзіць праверкі. Прадугледжаны іншыя змяненні.

— Да нядаўняга часу рэгуляванне праваадносін у сферы ліцэнзавання ажыццяўлялася на падставе шэрага ўказаў Прэзідэнта і Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», — паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар КАМАРОЎСКІ. — Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, цяпер гэтая сфера будзе рэгулявацца менавіта законам. Перш чым унесці законапраект у Палату прадстаўнікоў, над ім працавалі дзяржаўныя органы, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук. Натуральна, быў улічаны і міжнародны вопыт.

Правы асобы і жыллё ў іпатэку

У першым чытанні парламентарыі разгледзелі і законапраект «Аб змяненні кодэксаў» (па пытаннях прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці). «У сувязі з істотнымі зменамі і ў эканамічным жыцці, і ў заканадаўчай сферы комплексная прапрацоўка законапраекта праводзілася на працягу апошніх гадоў з улікам патрабаванняў сённяшняга дня, — заўважыла старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана ЛЮБЕЦКАЯ. — Законапраектам прадугледжваецца комплекснае ўнясенне змяненняў, якія датычацца змен у дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, страхавання, увядзення новых інстытутаў права, апцыёну, апцыённага дагавора, адзыўной даверанасці. Гэтыя інстытуты, як вывучалася ў ходзе прапрацоўкі законапраекта, фактычна дзейнічаюць. Яны ўспрынятыя бізнес-супольнасцю, і сёння стаіць пытанне іх фармалізацыі. Натуральна, вывучаліся пытанні рызык, звязаных з увядзеннем новых інстытутаў, кампетэнтнае меркаванне спецыялістаў».

Змяненні, якія датычацца простых грамадзян, звязаныя з раздзелам маёмасці паміж мужам і жонкай. Акрамя таго, чакаюцца новаўвядзенні, якія датычацца парадку атрымання ў спадчыну маёмасці. Прадугледжана і абарона правоў асобы. Асабліва гэта актуальна ў сувязі з прыняццем Закона «Аб абароне персанальных даных».

— Больш за ўсё насельніцтва хвалюе іпатэка жылля, — прадстаўляючы законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб іпатэцы» адзначыў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ. — І ў гэтай сферы іпатэка працуе. Сёння толькі ў Беларусбанку заключана больш чым 3,1 тысячы дагавораў на агульную суму блізу 120 мільёнаў рублёў. Пры гэтым сярэдняя стаўка вагаецца каля 21 %.

Раней іпатэку можна было выкарыстоўваць на куплю жылля, а не на яго будаўніцтва. Цяпер гэтае пытанне чакаюць карэктывы.

Акрамя таго, у першым чытанні быў разгледжаны законапрект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце». «Законапраект прадугледжвае ўдасканаленне Закона «Аб фізічнай культуры і спорце» ў мэтах стварэння спрыяльных умоў для развіцця ў нашай краіне фізічнай культуры і спорту, умацавання пазіцый Рэспублікі Беларусь у сусветнай спартыўнай супольнасці, а таксама для забеспячэння актуальнага, комплекснага і сістэмнага рэгулявання сферы фізічнай культуры і спорту», — заявіў, прадстаўляючы законапраект, міністр спорту і турызму Сяргей КАВАЛЬЧУК.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.