Навагоднія святы ў кожнага з нас асацыіруюцца з чымсьці сваім. Ёлачка, зімовыя забавы, чаканне падарункаў, а таксама кнігі, музыка і фільмы адпаведнай тэматыкі. І каб зрабіць чаканне Новага года атмасферным, прапануем падборку кінастужак для ўсёй сям'і, якую ўбачым 31 снежня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3».
Два фільмы «Дванаццаць месяцаў», знятыя па аднайменнай п'есе Самуіла Маршака, але ў розныя гады, убачым раніцай і днём на сацыякультурным канале. Фільм-казка ад рэжысёра Анатоля Граніка і мультфільм рэжысёраў Івана Іванова-Вано і Міхаіла Ботава — гэта дзве экранізацыі на адзін сюжэт, але кожная з уласным яго ўвасабленнем. Казка пра тое, як па жаданні каралевы злая мачаха адправіла сваю падчарку зімой у лес па падснежнікі, была напісана ў 1942-1943 годзе, а прэм'ера яе на тэатральнай сцэне адбылася толькі праз некалькі гадоў. Паводле ўспамінаў самога аўтара, асновай для яго твора стала чэшская легенда пра дванаццаць месяцаў. А што да таго, як літаратурная крыніца натхніла рэжысёраў на яе экранізацыю, першая такая спроба адбылася на «Саюзмультфільме», дзе ў 1956 знялі «Дванаццаць месяцаў». Мультфільм стаў восьмай работай кінастудыі і сёння яе можна па праве лічыць класікай савецкай мультыплікацыі. А ў 1972 годзе знялі мастацкі фільм з той жа назвай. Двухсерыйная каляровая кінастужка была пастаўлена на «Ленфільме». Што цікава, гэты твор натхніў яшчэ і японскіх аніматараў, якія знялі анімацыйны фільм у 1980 годзе.
Музычная камедыя «Чарадзеі» (1982 г.) Канстанціна Бромберга — гэта той фільм, які доўгі час заставаўся для многіх любімым сярод навагодніх кінатвораў. Знялі «Чарадзеяў» па матывах аповесці братоў Стругацкіх «Панядзелак пачынаецца ў суботу», а ў акцёрскім складзе тут задзейнічаны Аляксандр Абдулаў, Аляксандра Якаўлева, Валянцін Гафт, Кацярына Васільева і іншыя. Нагадаю і сюжэт: малады масквіч Іван Пухаў працуе на фабрыцы музычных інструментаў, а яго нявеста Алёна Саніна жыве ў Кіцежградзе і з'яўляецца супрацоўніцай Навуковага ўніверсальнага інстытута незвычайных паслуг. Там спецыялізуюцца на распрацоўцы і ўкараненні цудаў, а таксама на вырабе магічных аксесуараў. І да Новага года тут падрыхтавалі навінку — чароўную палачку. Выпрабаваць яе планавалі напярэдадні свята, а пасля Алёна хацела ляцець да свайго каханага. Тым жа рэйсам разам з дзяўчынай павінен быў адправіцца ў сталіцу і намеснік дырэктара па навуцы, магістр чарадзейства Іван Кіўрын... І гэтай сітуацыяй вырашыў скарыстацца яшчэ адзін іх калега, бо ён таемна закаханы ў Саніну. У выніку дзяўчыну зачароўваюць, і яна забывае пра свае пачуцці і пра Івана. Аднак Іван ні за што не адступіць, хоць і часу ў яго — толькі да наступлення Новага года...
А вось ужо ў першую ноч Новага года на сацыякультурным пакажуць казку-фантазію «Вечары на хутары паблізу Дзіканькі» рэжысёра Аляксандра Роў, якая ўбачыла свет у 1961 годзе. Цуды і неверагодныя гісторыі ў ноч перад Раством — добрая аздоба для свята.
Алена ДРАПКО
Фота з адкрытых крыніц
З чаго пачынаецца любоў да оперы?
Аднак бестурботнае стаўленне да мер бяспекі пры катанні на каньках і лыжах, санках і цюбінгах кожны год нярэдка прыводзіць да сур’ёзных траўмаў.
У БДПУ прайшла сустрэча рэктара са студэнцкім актывам.