Вы тут

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»


Умілаваныя браты і сёстры! Наш адвэнтавы шлях новага літургічнага года завяршыўся. Перад намі — святы Божага Нараджэння, пасля якіх мы сустрэнем новы каляндарны 2022 год — год, што распачаў свой адлік ад нараджэння Езуса Хрыста.


Праз літургічныя чытанні да свята Нараджэння Пана нас вялі прарок Ісая, святы Ян Хрысціцель, апостал Павел, а каля брамы надыходзячых свят літургія набліжае нам Марыю, Маці Месіі — Абранніцу Бога, і св. Юзафа, апекуна Пана Езуса і апекуна нашай сёлетняй адвэнтавай вандроўкі. І паколькі мы стараліся выконваць слушныя заахвочванні і парады, то сёння чуем радасны спеў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Гэты спеў Анёлаў, які гучаў у ноч нараджэння Хрыста, мы паўтараем у пачатку св. Імшы з першых стагоддзяў хрысціянства.

Мае дарагія! Давайце паразважаем, на чым грунтуецца і да чаго нас абавязвае дыялог Бога і чалавека, які распачаўся ў Віфлееме.

Значэнне выразу: «На зямлі спакой людзям добрай волі» можа быць перададзена таксама фразай «спакой людзям, якіх Пан умілаваў», як гэта тлумачаць некаторыя экзегеты Святога Пісання. Бо менавіта Бог першым праяўляе да чалавека сваю добрую волю, жадаючы вызваліць яго ад граху і смерці. І таму спакой, які Анёлы абвясцілі ў віфлеемскую ноч, прасякнуты радасцю.

Мы ведаем, што чалавек здольны выбіраць паміж дабром і злом, але гэты выбар часта звязаны з вялікім намаганнем. Мы жывём у пастаянным духоўным змаганні, а пыха і прывязанасць да ўласнай волі, што шукае задавальнення і асабістай выгады, часта прыводзяць нас да выбару зла.

Таму Бог, ведаючы чалавечую слабасць, чакае ад чалавека запрашэння; чакае, каб падштурхнуць яго добрую волю. Толькі тады, калі чалавек добраахвотна дасць згоду, каб Хрыстус нарадзіўся ў ягоным сэрцы, ён знойдзе жаданы спакой. Падобны стан у сваім жыцці перажыў і святы Аўгусцін, які знайшоў Бога пасля доўгіх гадоў пошукаў: «Неспакойнае чалавечае сэрца, пакуль не супакоіцца ў Пану».

Дарагія браты і сёстры! Урачыстасць Божага Нараджэння — гэта асаблівы час, калі «слабая добрая воля» вернікаў павінна заглыбіцца ў акіян Божай дабрыні. І трэба прасіць Нованароджанага Езуса, каб гэтая дабрыня праз кожнага з нас пералівалася на іншых людзей, каб стала магчымым унутранае аднаўленне чалавека і духоўнае адраджэнне ўсяго грамадства. Гэта надзвычай важнае заданне для ўсіх, хто шукае і імкнецца да згоды і еднасці.

Умілаваныя! Сёння патрэбны людзі добрай волі, гатовыя да добразычлівага дыялогу ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця. Мы не можам чакаць, пакуль іншыя стануць добрымі. Папа Францішак пастаянна нагадвае, што сучасны свет чакае ад нас, веруючых хрысціян, «Евангелля на далоні», гэта значыць, чакае ад нас праведнага жыцця, у адпаведнасці з прынцыпамі Евангелля.

Аднак нельга забываць, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды, а гэта патрабуе намаганняў і мужнасці. Бо мы як хрысціяне абавязаны не толькі раскайвацца і перапрашаць за свае грахі, але найперш абавязаны выконваць запаведзь любові да кожнага блізкага. Бо ўсе мы — браты і сёстры. І ўсе мы з'яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, як падкрэслівае ў энцыкліцы Frаtеllі tuttі папа Францішак. Таму Пантыфік заклікае людзей добрай волі выходзіць па-за межы саміх сябе, адкрываючыся на блізкага, згодна з дынамізмам любові, якая штурхае да «ўніверсальнага адзінства». Папа Францішак заклікае да адраджэння «цуду ветлівасці» ў дыялогу, які называе «зоркай у цемры», вызваленнем з жорсткасці, страху і няўважлівай спешнасці, што дамінуюць у сучасным свеце.

Дарагія браты і сёстры! Людзі добрай волі, якія шукаюць спакою!

Наперадзе нас чакаюць радасныя дні свят Божага Нараджэння, да якіх мы рыхтаваліся ў Адвэнце, што, на жаль, быў пазначаны пандэміяй каранавіруса. Нягледзячы на няпростыя выпрабаванні сучаснасці, не выпускайма з-пад увагі галоўнага героя гэтых свят, — Езуса Хрыста, Спрадвечнага Сына Божага, які, не перастаючы быць Богам, стаўся для нас чалавекам. Яго нараджэнне на зямлі было самым важным нараджэннем у гісторыі свету. Ад яго мы адлічваем каляндарныя гады новай эры. Езус з'яўляецца для нас Дарогай, Праўдай і Жыццём.

Сёння таямніца нараджэння Бога-Чалавека заклікае чалавецтва: «Прыміце дар дабра ад Бога і дзяліцеся ім паміж сабою». Акуніцеся ў гэтую добрую волю, якую Бог аказаў людзям, сыходзячы на зямлю. Няхай яна паселіцца ў сэрцах і розумах, няхай будзе прысутнай ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця і няхай дзейсна супрацівіцца ўплывам зла. Няхай яна прынясе трывалы спакой, няхай захавае сям'ю і хрысціянскую традыцыю. Няхай паспрыяе нашаму паяднанню. Няхай дапаможа нам не расчараваць Бога, які ўмілаваў нас як людзей добрай волі.

Таму давайце больш актыўна далучацца да жыцця Касцёла, да жыцця нашых парафіяльных і сямейных супольнасцяў. Бо Касцёл — наш другі сямейны дом, гэта наша маці, якая корміць нас «малаком мудрасці і любові». Дакранемся ж сэрцам да Віфлеема з Немаўляткам Езусам у яслях.

Няхай святкаванне чарговай гадавіны зямнога нараджэння Сына Божага ў Віфлееме напоўніць усіх нас новым святлом і моцай Духа Святога, няхай адновіць нашыя сем'і і нашае грамадства, каб кожны дзень нашае сведчанне пра Хрыста было больш бачным і яскравым.

Жадаю вам Божага бласлаўлення, радасці і шчасця на святы Божага Нараджэння. Няхай у новым, 2022 годзе ад нараджэння Збаўцы, у людзях добрай волі, якіх Бог умілаваў, здзейсніцца дэвіз душпастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі «Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці», дзякуючы дыялогу людзей з Богам і паміж сабой.

Усіх вас, дарагія браты і сёстры, даручаю заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая пасля дыялогу з Нябесным Пасланнікам Арханёлам Габрыэлем нарадзіла свету Збаўцу Езуса Хрыста.

На знак паяднання і згоды, міру і еднасці дзялюся з вамі белай аплаткай — сімвалам Нованароджанага Даўцы спакою.

На радасць сустрэчы і дыялогу з Богам, чалавека з чалавекам, грамадзяніна з грамадзянінам у Новым 2022 годзе, сардэчна бласлаўляю вас: у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Архіепіскап Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.