Вы тут

Як выбраць падарункі да Новага Года


Давайце сёлета патурбуемся аб выбары падарункаў загадзя — хаця б за тыдзень да Новага года. Тады застанецца час падысці да выбару падарунка нефармальна — і можна будзе ў поўнай меры ацаніць, што «дарыць прыемней, чым атрымліваць».


Хацелася б не памыліцца

Каб пасля свята ваш падарунак не трапіў у разрад няўдалых, прыслухаемся да парад псіхолагаў. А яны дзеляць чалавецтва на візуалаў, аўдыялаў і кінестэтыкаў. Паназіраўшы за тым, каму вам трэба будзе абраць падарунак, нескладана вызначыць, да якой з гэтых трох груп ён належыць. Візуалы атрымліваюць інфармацыю аб свеце пераважна з дапамогай зроку. Гэтыя людзі заўсёды глядзяць у вочы суразмоўцу, а з любога падарожжа прывозяць мноства фатаграфій і відэа. Інстаграм прыдумалі менавіта візуалы. Відэаблогеры — таксама яны. Найлепшым падарункам візуалу стане тое, што цешыць вока: ад карціны да шляхетных прадметаў інтэр'еру, ад біжутэрыі, ювелірных вырабаў і стыльнага адзення (але гэта складаны варыянт — лёгка памыліцца) да плюшавых зверанят або больш сучасных «цацак» накшталт квадракоптара (калі фінансы Дзеда Мароза пацягнуць). А таксама візіт у салон прыгажосці або барбер-шоп, гантэлі і іншыя падарункі, што дапамогуць зрабіць адлюстраванне ў люстэрку яшчэ лепшым — выбіраць падарункі для візуала лёгка. Складаней з наступным псіхалагічным тыпам — аўдыяламі. Гэтыя ў першую чаргу чуюць навакольны свет. Яны рэдка глядзяць у вочы суразмоўцу — размаўляючы, любяць трымацца напаўабароту да суразмоўцы, як быццам падстаўляючы вуха. Такія людзі нярэдка маюць музычную адукацыю. Аўдыялу будзе прыемна атрымаць у падарунак тое, што радуе слых: можа быць, рарытэтную вінілавую пласцінку або смартфон (тут зноў жа — пытанне фінансавай заможнасці Дзеда Мароза), музычную шкатулку і нават музычны інструмент. Падыдзе і білет на канцэрт любімага выканаўцы.

Кінестэтыкі ўспрымаюць свет пры дапамозе нюху і дотыку, яны «спрабуюць жыццё на смак». Падзеі яны «архівуюць у памяці» ў выглядзе адчуванняў — гэта менавіта ім прынесены ветрам пах або смак стравы можа нагадаць пра нейкую даўнюю падзею. Рэкламны прыём пра «смак дзяцінства» адрасаваны ў першую чаргу гэтаму тыпу людзей. Кінестэтыкаў адорваем тым, што цешыць тактыльныя адчуванні і нюх. Што-небудзь мяккае: джэмпер, піжама, плед. Што-небудзь духмянае: духі, араматычныя свечкі ці рэдкія спецыі. Нешта, што адсылае да вашых агульных дарагіх успамінаў.

Законы дрэннага падарунка

Напярэдадні Новага года ў сацсетках актыўна абмяркоўваюць падарункі — у тым ліку самыя лепшыя і самыя горшыя. Спынімся на апошніх, каб перасцерагчы чытачоў ад неабдуманых рашэнняў.

• Падарункі... самому сабе

«Неяк на Новы год мая дачка падарыла мне кацяня. А мы толькі што скончылі рамонт — сапсаваныя сцены і падраная мяккая мэбля ніяк не ўваходзілі ў мае планы. Жывёлы могуць быць падарункам, толькі калі той, каму вы іх дорыце, загадзя папрасіў аб гэтым. Кот і зараз жыве ў нас, я яго палюбіла. Але падарунак усё роўна лічу няўдалым».

«На мінулы Новы год брат падарыў мне сертыфікат на квэст. Я цярпець не магу ўсякія загадкі і беганіну, і брат гэта ведае. У выніку я пайшла на гэты квэст з братам і яго сябрам, выбыла ў самым пачатку, таму што мне было нецікава ўсё гэта разгадваць. А брат з сябрам прайшлі квэст да канца, ім спадабалася. Я, вядома, выгляду не падала, але пакрыўдзілася на брата. Бо ён — блізкі чалавек і павінен быў бы ведаць мяне лепш».

• Касметыка з крам адной цаны

«Кожны год на святы знаходзяцца сваякі, якія вырашаюць парадаваць нас капеечнымі гель-душамі, крэмамі для рук і іншай дробяззю з танных крам. Мне кожны раз хочацца сказаць ім: «Не марнуйце грошы». З касметыкай у якасці падарунка ўвогуле не памыліцца цяжка. А калі яшчэ і мэта — проста выдаткаваць паменш, лепш такіх падарункаў наогул не рабіць».

• Адзенне (без уліку густаў таго, каму яго дораць)

«На пазамінулы Новы год муж падарыў мне якасны і дарагі касцюм для фітнесу. Але справа ў тым, што я спорт проста не пераношу. Улічваючы яго жарты адносна маіх формаў, гэты падарунак я ўспрыняла як намёк на маю лішнюю вагу. І не магла стрымаць слёз. Потым ён падарыў мне яшчэ адзін падарунак, які мне спадабаўся больш, але ўражанне ад першага было мацнейшым».

«Мая бабуля любіць дарыць дачцэ, сваёй прапраўнучцы, адзенне, якое, на яе думку, павінна насіць чатырнаццацігадовая дзяўчынка. І крыўдуе, што тая адмаўляецца гэта адзяваць. «Ты мяне зусім не паважаеш!» — вось яе аргумент. І бессэнсоўна тлумачыць, што адзенне, тым больш маладзёжнае, гэта вельмі складаная тэма. Але адзін раз яна ўгадала — калі падарыла нам усім звязаныя сваімі рукамі шкарпэткі».

• «Крыху не тыя» падарункі

«Помню, у дзяцінстве (гэта было вельмі шмат гадоў таму) на Новы год я папрасіў у бацькоў бумбокс. Але тата сказаў: гэта занадта, прагрэс так хутка не ідзе. І падарыў... касетны магнітафон. Але прагрэс, як аказалася, ідзе вельмі хутка: да таго часу, як бацькі ўспомнілі пра маю просьбу і спыталі, ці не падарыць мне прайгравальнік для дыскаў, на дысках музыку ўжо ніхто не слухаў. Ды і я вырас».

«Прасіла мужа аб часопісным століку, нават паказала ў Іkea, які хачу. Ён падарыў мне столік, але... зроблены сваімі рукамі. Яго столік быў падобны на выраб, які робяць школьнікі на ўроках працы. Ён стараўся, і я, вядома, сказала «дзякуй». І столік нават пастаяў трошкі ў зале, а потым я яго паціху сплавіла на балкон».

Каму што

Мы прайшліся па крамах і спыталі ў прадаўцоў, што выбіраюць нашы суайчыннікі ў якасці навагодняга падарунка. Адказалі нам так:

Электроніка (часам бытавая тэхніка). Цяпер праходзяць навагоднія акцыі. Людзі купляюць у падарунак мабільныя тэлефоны і смартфоны — часта ў растэрміноўку, расказаў прадстаўнік аднаго з мабільных аператараў. Паводле яго слоў, такі падарунак выбіраюць сапраўды тым, каго любяць, на каго не шкадуюць грошай і вельмі жадаюць парадаваць. Дзецям купляюць планшэты сёлета радзей, чым у мінулыя гады. У «топ» падарункаў трапілі аксесуары да гаджэтаў: ад бесправадных навушнікаў (адзін з самых папулярных навагодніх падарункаў) да трымальнікаў для тэлефона. Таксама папулярнасцю карыстаюцца power-банкі (партатыўныя зарадныя прылады для тэлефона).

З бытавой тэхнікі, як аказалася, самыя папулярныя з дарагіх падарункаў — робат-пыласос і кухонны камбайн.

Грошы і сертыфікаты. Больш прагматычныя дарыцелі проста ўручаюць блізкім грошы ў канверце. На пошце гавораць: якраз зараз канверты для грошай з навагодняй тэматыкай актыўна раскупляюцца. Таксама папулярны эквівалент грошай — сертыфікат або падарункавая карта з пэўным наміналам. Як правіла, расказалі ў адным з мас-маркетаў адзення, сума сертыфіката складае 50—100 рублёў.

Парфума. Яе дораць мамам, каханым, братам і сёстрам. Зіма выдалася халодная, так што перавагу зараз пакупнікі аддаюць цёплым водарам, якія добра раскрываюцца на марозе. Марка залежыць ад бюджэту: ад Dіlіs да Paco Rabanne, падзялілася прадавец крамы касметыкі ў ГЦ «Грын».

Яшчэ адзін хадавы падарунак гэтай зімы, прадыктаваны марозным надвор'ем, — тэрмабялізна. Падарунак асабісты, дораць яго, вядома, самым блізкім. Што датычыцца колеру, у перавазе чорны. Прадавец сказала, што ў гэтым колеры ўжо раскупілі практычна ўвесь размерны шэраг.

Па-ранейшаму ў модзе ў якасці падарунка настольныя гульні для дзяцей і дарослых. Іх продажы перад Новым годам узраслі, і так бывае кожны год. Папулярныя старыя добрыя «Манаполія», «Джэнга», «Манчкін».

Для малых самыя хадавыя падарункі — рознага роду прылады для малявання: ад фламастараў да 3D-ручак, розныя наборы для творчасці, канструктары і гульнявыя палаткі.

Без права на памылку

Зараз давайце пагаворым аб тых, каму складаней за ўсіх абраць сапраўды жаданы падарунак. Не, гэта не нашы дзеці — яны, як правіла, задоўга да Новага года паведамляюць аб сваіх «хачу». Гэта нашы пажылыя бацькі, а таксама сябры і калегі.

Падарункі бацькам не павінны быць фармальнымі і «халоднымі». Патэльня або набор інструментаў — гэтыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы нагадваюць аб справах і клопатах. Такі падарунак добры, толькі калі вас загадзя аб ім папрасілі. Таксама не падыдуць рэчы, якія намякаюць на хваробу або шаноўны ўзрост — танометр, лекавыя травы. Дрэнны і «дзяжурны прэзент» — шампанскае і цукеркі. Падарыце бацькам што-небудзь для хатняга інтэр'еру — карціну, падлогавую вазу, тэкстыль, увільгатняльнік паветра, можа быць, крэсла-качалку. Калі ў вашай мамы ці бацькі ёсць хобі — тады наогул усё проста. Выдатна падыдуць падарункі сваімі рукамі: напрыклад, прыгожа аформленая карціна з сямейных фатаграфій, сімвал вашай любові і падзякі.

З сябрамі самы лёгкі выбар: проста падарыць сертыфікат, і няхай сам купляе, што яму падабаецца. Варыянт, з аднаго боку, бяспройгрышны, з другога — без душы. Ды і эфект сюрпрызу знікае. Лепш рызыкнуць і паспрабаваць дагадзіць тым, каго жадаем парадаваць. Падумайце, што прыйдзецца па душы вашаму сябру, бо вы ведаеце яго лепш за іншых. Выдаткуйце на гэта час, і адказ прыйдзе.

Калі вырашылі адарыць калег, адмоўцеся ад няякасных цацак накшталт фігурак Тыгра, набытых на рынку. Дзіўнавата будуць выглядаць і асабістыя рэчы, нават калі ў вас з калегамі сяброўскія адносіны. Лепш невялікія афіцыйныя падарункі: прыгожы штодзённік, добрая ручка, стыльная падстаўка для канцылярскіх прылад, флэшка. З больш асабістых рэчаў цалкам дарэчы будзе тэрмакубак.

І самае галоўнае: мы дорым падарункі, жадаючы падарыць радасць. Добра прадуманы падарунак заўсёды дасягае гэтай мэты. Дарыце каханым цяпло сваёй душы!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Час падарункаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.