Вы тут

Пры праясненнях да 20 марозу і нават ніжэй: прагноз надвор'я на выходныя


У такое надвор'е месцамі прагназуецца моцны парывісты вецер. Будзе па-сапраўднаму холадна. Аднак у пятніцу часам будзе ісці мокры снег, а ўжо ў нядзелю маразы істотна ўзмацняцца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У перадсвяточны дзень, 24 снежня, Атлантыка адправіць на кантынент чарговы цыкланічны віхор і пад уплывам яго атмасферных франтоў у Беларусі павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Часам пройдзе снег, месцамі чакаецца слабая завіруха. У дзённыя гадзіны па паўднёвым захадзе краіны ападкі ў выглядзе мокрага снегу, не выключаны слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны, месцамі парывісты. Максімальная тэмпература паветра будзе 1—7 градусаў ніжэй за нуль, па поўдні ад нуля да 1 цяпла.

А вось у суботу наша краіна будзе знаходзіцца ў зоне халоднага атмасфернага фронту, які ссоўваецца з поўначы на поўдзень Беларусі. Услед за ім чакаецца паступленне больш халаднаватых паветраных мас з паўночнага захаду Еўропы. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы і раніцай часам пройдзе снег, удзень месцамі ён будзе  кароткачасовым. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 2 градусаў па поўдні да 12 марозу па поўначы краіны, уначы пры праясненнях магчыма паніжэнне тэмпературы да 13—15 градусаў ніжэй за нуль.

У нядзелю надвор'е ў асноўным будуць фармаваць няўстойлівыя паветраныя масы арктычнага паходжання. Месцамі, пераважна па паўночнай палове краіны, пройдзе кароткачасовы снег, слабая мяцеліца, у начныя і ранішнія гадзіны прагназуецца моцны парывісты вецер. На асобных участках дарог галалёдзіца. Чакаецца далейшае ўзмацненне маразоў. Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе мінус 6—13 градусаў, пры праясненнях да 14—19 марозу. Удзень будзе мінус 3—9 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у пачатку наступнага тыдня, 27 і 28 снежня, захаваецца зімовы характар надвор'я. Не абыдзецца без кароткачасовага снегу, які пройдзе месцамі па краіне. Захаваецца і ўзмоцніцца паніжаны тэмпературны фон. Мінімальная тэмпература паветра ўначы ў асноўным складзе мінус 7—14 градусаў, пры праясненнях да 15—21 марозу. Удзень будзе 4—10 градусаў ніжэй за нуль.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.