Вы тут

Як ахоўваюцца рэдкія віды рыб, каб іх папуляцыя не знікла


У нашай краіне дзевяць відаў рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта значыць, што іх лоўля цалкам забаронена. Два з іх — кумжа і атлантычны ласось — цяпер знаходзяцца пад пільным наглядам эколагаў. Рыба прыходзіць на нераст у басейн ракі Віліі Гродзенскай вобласці, дзе разглядаецца праект па будаўніцтве міні-ГЭС. Ці не стане гідратэхнічнае збудаванне перашкодай для папаўнення папуляцыі чырванакніжных рыб?


На нераст — у Беларусь

Як аказалася, у справе захавання гэтых відаў удзельнічае даволі шырокае кола прафесіянальных эколагаў і валанцёраў. Па словах каардынатара «Зялёнага дазору» па Астравецкім раёне Аляксандра Дарашэвіча, лічылася, што папуляцыя чырванакніжных рыб у Беларусі страчана з-за будаўніцтва ГЭС на Нёмане. Неўзабаве рыбакі заўважылі кумжу і атлантычнага, ці балтыйскага ласося ў прытоках ракі Віліі, куды яны з Балтыкі прыходзяць на нераст. Менавіта тады, гадоў 10 таму, пачалася актыўная работа па ахове рэдкай чырвонай рыбы.

— Вандроўніцы праходзяць сотні кіламетраў, перш чым апынуцца ў прыдатных для іх мясцінах. Яны, вядома, страчваюць сілы і прыплываюць ужо зняможанымі. Бывае, што ім даводзіцца пераадольваць бурлівыя патокі, яны літаральна скачуць, каб выбрацца з іх і плыць далей, — расказвае Аляксандр.

Чаму гэтыя рыбы такія настойлівыя? Аказваецца, у іх ёсць свая генетычная памяць, ці, як называюць эколагі, «смак ручая». Яны абавязкова прыходзяць на нераст туды, дзе вывеліся самі. Праўда, потым вяртаюцца назад у салёную ваду. Але пры вялікай папуляцыі рыбы могуць стаць трафеем для рыбака, як, напрыклад, у Літве. Там кумжу і ласося можна лавіць па спецыяльнай ліцэнзіі. Верагодна, такая сітуацыя стане магчымай і ў Беларусі, але пакуль пра гэта гаварыць рана. Цяпер усе намаганні скіраваны на тое, каб захаваць рэдкім рыбам зручныя і бяспечныя нерасцілішчы. Месцы нерасту маюць характэрныя гнёзды, па якіх падлічваецца памер папуляцыі.

— Ёсць шмат невялікіх рачулак, куды заходзіць кумжа на нераст, іх глыбіня 10-15 сантыметраў. Там яна стаіць на месцы і можа апынуцца лёгкай здабычай браканьераў. Некаторыя з іх карыстаюцца гэтым і выходзяць падчас нерасту з гарпунамі, але рыбу можна ўзяць і голымі рукамі. Таму прысутнасць валанцёраў значна ахалоджвае імпэт аматараў незаконнай лоўлі, — заўважае суразмоўца.

Назіраць і абараняць

Чарговы валанцёрскі лагер быў разгорнуты літаральна нядаўна — з канца кастрычніка па лістапад. У асноўным патруляванне вялося ноччу. Валанцёры з ліхтарыкамі праходзілі ўсе вызначаныя ўчасткі рачулак. Дарэчы, добраахвотнікі працуюць не толькі падчас нерасту, але і значна раней, каб стварыць умовы для праходжання рыбы.

Як аказалася, значную перашкоду на шляху міграцыі кумжы і ласося ствараюць бабровыя плаціны. Паколькі рыба не можа праз іх праскочыць, прыродаахоўнымі органамі прынята рашэнне падчас нерасту такія запруды разбіраць, хаця звычайна іх не чапаюць. Таксама прыбіраюцца іншыя перашкоды, якія трапляюцца на шляху рыбы. Бывае, што на кумжу нападае выдра. Такія моманты стараюцца ў нейкай ступені прадухіліць.

Як турыст-воднік і гаспадар аграсядзібы, Аляксандр Дарашэвіч нават пачаў развіваць экалагічны турызм. Многія гараджане спецыяльна прыязджаюць, каб атрымаць новыя ўражанні ад начных экспедыцый і палюбавацца на маляўнічую дзікую прыроду ў басейне Віліі.

Ёсць і яшчэ адзін аспект. Захаваць рэдкія віды рыб — прэстыжна для Астраўца, бо на гербе горада ёсць і выява кумжы — рыбы з характэрнымі цёмнымі кропкамі на спіне. Гэтым зацікавіліся ў Варнянскай сярэдняй школе Астравецкага раёна. Сталі вывучаць гісторыю і сучасны стан чырванакніжных рыб. Старшакласнікі пад кіраўніцтвам педагогаў заняліся навуковымі працамі, якія выйшлі на абласны і рэспубліканскі ўзровень.

Ласасёвы цэнтр

Як расказала дырэктар Варнянскай школы Алена Юркойць, на базе ўстановы адкрыты экалагічны цэнтр пад назвай «Захаваем атлантычнага ласося», абсталяваны спецыяльны кабінет з экспазіцыяй. Сюды прыязджаюць вучні на экскурсіі, а педагогі даюць майстар-класы па вырабе макетаў рыб з падручных матэрыялаў, а таксама паштовак і магніцікаў. Школьнікі ахвотна ўдзельнічаюць у патруляванні рачулак у межах свайго пражывання. Дарэчы, пэўная работа праводзіцца з мясцовымі жыхарамі, бо з-за браканьерства каштоўная рыба ледзьве не знікла ў Беларусі. Цяпер ёсць надзея, што папуляцыя адновіцца. Як паведамілі ў Астравецкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, за апошнія гады выпадкаў браканьерства рэдкіх відаў рыб не назіралася. Нават можна гаварыць пра тое, што колькасць гэтых відаў павялічваецца. Разам з тым у інспекцыі зазначылі, што для захавання папуляцыі трэба выкарыстоўваць усе магчымыя рэсурсы. У прыватнасці, на месцы плацін абавязкова павінны быць рыбаходы — спецыяльныя шматкіламетровыя збудаванні ў выглядзе лесвіцы, якія дапамагаюць рыбам пераадольваць перашкоду.

Цяпер у Астраўцы вядуцца абмеркаванні праекта па будаўніцтве на рацэ Лоша міні-ГЭС. «Зялёныя» занепакоены: ці не стане гідратэхнічнае збудаванне тым аб’ектам, якіпагоршыць сітуацыю з рэдкімі рыбамі, і яны папросту не змогуць прайсці на свае традыцыйныя месцы нерасту? Па словах старшыні грамадскага аб’яднання «Экаманіторынг» Яўгена Філімонава, закон адназначна скіраваны на тое, каб падчас будаўніцтва малых і сярэдніх ГЭС усталёўваліся рыбаходы. На Лошы плаціна існуе некалькі дзесяцігоддзяў, але зараз на ёй будзе ўстаноўлена турбіна, якая выпрацоўвае электраэнэргію.

— Да прытока Віліі, дзе звычайна адбываецца міграцыя, гэта дамба не мае ніякіх адносінаў. Туды рыба не заходзіць на нераст. Што тычыцца турбіны, мы ў ходзе грамадскіх абмеркаванняў выказалі некалькі прапаноў па зніжэнні экалагічнага ўздзеяння гідраэлектрастанцыі. Адна з іх — правесці навуковыя даследаванні па нерасце ў вадасховішчы і яго зарыбленні. А яшчэ абсталяваць нерасцілішчы для рыб, у прыватнасці, для кумжы і ласося. Гнёзды робяцца з дамапогай галькі, якая сыплецца на дно рэчкі, — зазначыў Яўген Філімонаў.

Па яго словах, сёлета дарожнікі ўмацавалі праход для рыбы пад дарогай праз трубу. Прыведзены ў парадак схіл, зроблены насып і запруды, куды яна ідзе для нерасту.
Што тычыцца рыбахода, гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым. У сваю чаргу прыродаахоўнай інспекцыяй выдадзена тэхумова аб неабходнасці яго будаўніцтва.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлены Яўгенам Філімонавым

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.