Вы тут

Скарбы рускага рэалізму ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі


Праект «Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес», прымеркаваны да 150-годдзя з дня адкрыцця першай экспазіцыі Таварыства перасоўных мастацкіх выставак у Санкт-Пецярбургу, працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Калісьці суполка стваралася для таго, каб не толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, але і ў менш буйных гарадах людзі маглі ўбачыць, што ўяўляў сабой сучасны жывапіс. Спіс удзельнікаў таварыства ўключае імёны найлепшых жывапісцаў (а таксама скульптараў), якія тварылі ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя. Работы гэтых аўтараў з’яўляюцца гонарам Нацыянальнага мастацкага, а многія з іх знаходзяцца ў пастаяннай экспазіцыі. Да 23 студзеня 2022 года наведвальнік зможа ўбачыць сапраўдныя шэдэўры рускага мастацтва, змешчаныя ажно ў чатырох залах першага паверха.


Ісак Левітан «Яблыні цвітуць», 1896 г.

29 лістапада споўнілася 150 гадоў з часу першай экспазіцыі рускага Таварыства перасоўных мастацкіх выставак (ТПМВ). Сёння «перадзвіжнікі» — адны з самых знакамітых у гісторыі рускага мастацтва. Сапраўдымі зоркамі жывапісу лічацца Іван Крамской, Рыгор Мясаедаў, Міхаіл Клот, Аляксей Саўрасаў, Васіль Пяроў, Уладзімір і Канстанцін Макоўскія, Васіль Паленаў, Іван Шышкін, Ілья Рэпін, Ісак Левітан, Васіль Сурыкаў, Віктар і Апалінарый Васняцовы, Архіп Куінджы, Валянцін Сяроў і многія іншыя. Спадчына, якую яны пакінулі, шматгранная. Менавіта гэтыя творцы пачалі адлюстроўваць у сваіх карцінах жыццё простых людзей, іх побыт, звычаі, перажыванні і эмацыянальны стан. На палотнах таксама — сюжэты з рускай гісторыі, партрэты славутых асоб.

Няма сэнсу расказваць пра дзейнасць суполкі, аднак варта ўспомніць, што ўзнікненне ТПМВ было б немагчыма без так званага «Бунту чатырнаццаці», калі чатырнаццаць прэтэндэнтаў на залаты медаль вырашылі пайсці на адкрытае сутыкненне з Імператарскай акадэміяй мастацтваў. Гэта былі гістарычныя і жанравыя жывапісцы Іван Крамской, Багдан Веніг, Аляксандр Грыгор’еў, Мікалай Дзмітрыеў-Арэнбургскі, Фірс Жураўлёў, Пётр Забалоцкі, Аляксей Карзухін, Карл Лемах, Аляксандр Літоўчанка, Канстанцін Макоўскі, Аляксандр Марозаў, Міхаіл Пяскоў, Мікалай Пятроў і Мікалай Шустаў, а таксама скульптар Васіль Крэйтан. Тады на конкурсе была агучана тэма са скандынаўскай міфалогіі «Баляванне на Валгале». Гэта адпавядала акадэмічнай практыцы, але не задавальняла мастакоў, якія хацелі самастойна выбіраць тэму згодна з ідэямі і схільнасцямі. Так, творцы выйшлі з Акадэміі мастацтваў і аб’ядналіся ў першую пецярбургскую Арцель мастакоў. Нягледзячы на тое, што арцель стала смелым ідэйным творчым цэнтрам прагрэсіўнага мастацтва і атрымала прызнанне, праіснавала адносна нядоўга. Прычына распаду — канфлікт інтарэсаў удзельнікаў і пазнейшы выхад з аб’яднання Крамскога, заснавальніка і лідара.

Аляксей Саўрасаў «Ранняя вясна», 1880—1890-я гг.

Аднак яшчэ ў час існавання арцелі ўзнікла ідэя стварэння Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. Ініцыятарам у 1869 годзе выступіў Рыгор Мясаедаў, які захапіў сваёй задумай Пярова, Саўрасава ды іншых маскоўскіх мастакоў, а таксама заручыўся падтрымкай Крамскога. Той у сваю чаргу згуртаваў пад сцягам ТПМВ мастацкую моладзь Пецярбурга.

Як адзначаюць стваральнікі маштабнай экспазіцыі, збор Нацыянальнага мастацкага музея мае вялікую і разнастайную калекцыю работ аўтарства перадзвіжнікаў. Творы мастакоў, якія ўвайшлі ў музейную калекцыю, экспанаваліся на трыццаці сямі (з сарака васьмі арганізаваных) перасоўных выстаўках.

У залах Нацыянальнага мастацкага музея размясцілі больш за сто твораў, а таксама ілюстраваныя каталогі перасоўных выставак з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Выставачны праект прадстаўляе работы членаў і экспанентаў Таварыства перасоўных выставак з розных ракурсаў: мастакоў-рэалістаў, мастакоў-асветнікаў і мастакоў-бізнесменаў. Яго суправаджаюць штотыднёвыя куратарскія экскурсіі і лекцыйны цыкл. Між тым канал «Культура» Беларускага радыё сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем стварылі спецыяльны праект «Дыялогі пра культуру: Перадзвіжнікі», які знаёміць слухачоў з жыццём і творчасцю мастакоў-перадзвіжнікаў. У праграму ўключаны радыёсустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі музея, куратарамі, экскурсаводамі. Кожная перадача прысвечана асобнай тэме (партрэт, бытавы жывапіс, пейзаж, бізнес у дзейнасці перадзвіжнікаў, уплыў мастакоў таварыства на іншыя віды мастацтва).

Аляксей Сцяпанаў «Жураўлі ляцяць», 1891 г.

Куратарам выстаўкі выступіла Алена Машчонак — старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы, сукуратар — Юлія Лісай, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва. Куратар падкрэслівае: за мінулы час тэма перадзвіжніцтва даследавалася ў розных ракурсах, аднак сёння, у век тэхнічных і эканамічных дасягненняў, перадзвіжніцтва паўстае перад намі не толькі як дзейнасць выбітных мастакоў, якія апявалі рэалістычныя традыцыі ў выяўленчым мастацтве і прапагандавалі ідэі асветы рускага народа, але і як паспяховы мастацкі бізнес-праект.

Не ў апошнюю чаргу хочацца адзначыць, што «Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес» прадстаўляе і некалькі работ мастакоў-пейзажыстаў, якія ўваходзілі ў склад таварыства і былі ўраджэнцамі Беларусі. Гэта Станіслаў Жукоўскі і Вітольд Бялыніцкі-Біруля — паслядоўнікі Аляксея Саўрасава, вучні Васіля Паленава і Ісака Левітана. Як адзначаюць даследчыкі, у перадзвіжніцтве яны працягвалі лірычную лінію пейзажа. Сярод палоцен — «Сумнае возера» (1913) Жукоўскага, няяркае, журботнае і «нешматслоўнае». Процілеглая па настроі «Хуткая рэчка» (1908) Бялыніцкага-Бірулі, ясная і поўная надзеі.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля «Хуткая рэчка», 1908 г.

Раскрыць у сваіх карцінах сапраўднае жывое жыццё прыгнечанага сялянства, якое пакутуе ад улады памешчыкаў і багацеяў, было адной з асноўных задач перадзвіжнікаў. Гэта дэманструюць такія палотны, як «Сялянскія дзеці ў панскай хаце» і «Дзе бадзяліся?» (1897) Карла Лемаха, «Радаўніца» (першая палова 1890-х) Абрама Архіпава, «Праля» (1895) Сяргея Вінаградава, «Каля вадапою» Сяргея Святаслаўскага і многія іншыя. Аднак пра жыццё вышэйшых саслоўяў мастакі таксама разважалі. Найярчэйшы прыклад — вядомы твор «Цар Іван IV Грозны просіць ігумена Кірыла (Кірыла-Белазерскага манастыра) благаславіць яго ў манахі» (1898) Клаўдзія Лебедзева.

Канстанцін Каровін «Восень», 1880-я гг.

Сярод вялікай колькасці найдасканалейшых карцін можна ўбачыць «Захад» (1862) Аляксея Саўрасава. Большая частка краявіду схавана за густой расліннасцю і дрэвамі, але гэта зроблена выключна дзеля таго, каб у поўнай меры паказаць усю прыгажосць колеру і буянства фарбаў. Відаць, што сонца ўжо не ў стане прабіцца праз шчыльную лістоту лясных дрэў, але з левага боку глядач усё ж мае магчымасць назіраць яго чырвань. Рэалістычны і ў той жа час быццам казачны куток прыроды адлюстраваны на знакамітым палатне Івана Шышкіна «Пясчаны бераг» (1879). Далёкі цёмны план карціны зачароўвае. Высокія і магутныя дрэвы стаяць сцяной і зацягваюць сваёй глыбінёй, вабяць у гушчар… На пярэднім плане ў цёплых і далікатных бела-залацістых тонах прыбярэжны пясок. На яго светлым фоне асабліва вылучаюцца карані дрэў, выгнутыя, кручкаватыя: яны прагна цягнуцца да вады. Гэтыя карані імкнуцца і паўзуць да гаючай вады. Аўтар не дапускае прыблізнасці — у яго ўсё выразна. Дадае рэалістычнасці і постаць чалавека, які стаіць на беразе і ўглядаецца ўдалячынь. Не пакідае раўнадушным і работа Аляксея Саўрасава «Зімовая дарога» (1870-я): асаблівую ўвагу мастак удзяліў адлюстраванню неба. Яно займае большую частку пейзажа. На ім — мноства адценняў сіняй гамы, аднак дзе-нідзе праскокваюць жоўтыя колеры, робячы аблокі яшчэ больш «цяжкімі». Пахмурныя шараватыя фарбы надаюць карціне атмасферу напружання і трывогі. І нібыта заключны акорд усёй выстаўкі — «Узбярэжжа Петрапаўлаўскага гаю ў Сестрарэцку» (1886) Івана Шышкіна. Удумлівы, суровы і насычаны пейзаж паказвае прыгажосць і казачнасць прыроды, а камяні на беразе як пацвярджэнне іх нязменнасці. Уражанні ад вышэйназваных твораў — толькі невялічкі працэнт ад таго, што чакае патэнцыяльнага гледача, якім хараством яму давядзецца любавацца.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.