Вы тут

Лукашэнка: Кожны малы беларус ведае, што ён бясконца дарагі і патрэбны сваёй роднай краіне


Аляксандр Лукашэнка далучыўся да дабрачыннага свята ў рамках акцыі «Нашы дзеці». На галоўную ёлку краіны па традыцыі прыехалі дзеці з усёй краіны — усяго амаль 2400 маленькіх беларусаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. У склад дэлегацый увайшлі выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, кадэты, пераможцы разнастайных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, лепшыя ў грамадскай дзейнасці, дзеці, што пражываюць у рэгіёнах, забруджаных ад аварыі на ЧАЭС, хлопчыкі і дзяўчынкі са шматдзетных сем’яў.


Галоўнай падзеяй навагодняга свята ў Палацы Рэспублікі стаў навагодні паказ «Цудоўная сіла». Праграма ўяўляе сабою яскравае казачнае музычна-сцэнічнае шоу, у якім удзельнічаюць лепшыя творчыя калектывы краіны. 

Дзяцей сабралі на спектакль загадзя. Але ім было чым заняцца — малыя і падлеткі гулялі па Палацы Рэспублікі, фатаграфаваліся на фоне ззяючых навагодніх дэкарацый у фае, дзяцей забаўлялі конкурсамі і міні-дыскатэкай.

Перад пачаткам паказу ў галоўнай зале палаца з’явіўся Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка па традыцыі прывітаў дзяцей са сцэны галоўнай залы нашай дзяржавы, Палаца Рэспублікі.

«Мы праводзім нашу ёлку ўжо больш за чвэрць стагоддзя. І нават самыя маленькія гледачы першых навагодніх спектакляў ужо самі сталі бацькамі. А хтосьці, можа, прывёў сюды свайго малога. Гэтая цудоўная традыцыя жыве. Дабрачынная акцыя „Нашы дзеці“ звязвае ўжо два пакаленні беларусаў. Беларусаў, якія растуць і сталеюць на добрых і прыгожых гісторыях, расказаных на гэтай сцэне нашымі любімымі артыстамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што для яго быць тут — таксама свайго роду падарунак, бо гэта магчымасць на імгненне пераключыцца ад палітычных спраў і разам з дзецьмі акунуцца ў свет дзяцінства, у якім ёсць казка, мары і цуды.

«І я шчаслівы, што за гады правядзення дабрачыннага праекта „Нашы дзеці“ кожны малы беларус не на словах, а на справе ведае, што ён бясконца дарагі і патрэбны сваёй роднай краіне», — падкрэсліў Прэзідэнт.

 

Ён, карыстаючыся магчымасцю, падзякаваў усім, хто робіць дзяцінства малых шчаслівым і бесклапотным. Сярод іх, па словах кіраўніка краіны, настаўнікі і выхавацелі, якія дапамагаюць асвоіць веды, урачы, якія клапоцяцца аб здароўі, будаўнікі, якія ўзводзяць школы, дзіцячыя садкі, палацы спорту, пляцоўкі і паркі для адпачынку. Аляксандр Лукашэнка сказаў дзякуй усім, хто вырабляе для дзяцей прыгожую вопратку, цацкі, любімыя прысмакі, карысныя прадукты, гатуе для іх сняданкі і абеды ў школах і дзіцячых садках. Падзякаваў

Аляксандр Лукашэнка міліцыянерам і вайскоўцам, якія берагуць мір на нашай зямлі.

Словы падзякі ад кіраўніка краіны і арганізатарам навагодніх дзіцячых свят, якія імкнуцца ўвасобіць у жыццё ўсе дзіцячыя пераднавагоднія чаканні і мары. «У гэтыя пераднавагоднія дні няма ў краіне ніводнага дзіцяці, якое б не было акружана нашым клопатам і ўвагай. Дарагія нашы дзеці! Заўсёды ведайце і памятайце: усё, што мы робім напярэдадні Новага года, і ў звычайныя працоўныя дні, — робім з любоўю і верай у вас», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пажадаў маленькім беларусам выдатнага настрою, моцнага здароўя і радасці ад святочнага спектакля і перадаў слова галоўнаму чараўніку свята — Дзеду Марозу.

У канцы падзеі дзяцей чакалі падарункі ад кіраўніка краіны. У адказ маленькія беларусы прэзентавалі Аляксандру Лукашэнку пано з роспісам па шкле «Студзень» і цацку — тыгра «Сімвал года».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.