Вы тут

Спартыўны год заканчваецца для Беларусі на мажорнай ноце


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем актуальныя спартыўныя навіны.


Фота: j48tennis.net

Гераіня тыдня. Беларуская спартсменка Яна Несцерава заваявала бронзавы медаль Кубка свету па хай-дайвінгу — скачках у ваду з экстрэмальных вышынь. Турнір праходзіў у рамках Фестывалю водных відаў спорту ў Абу-Дабі (ААЭ). За сваі скачкі з 20-метровай вышкі Яна Несцерава атрымала адзнаку 307,90 бала. Дзякуючы гэтаму выступленню беларуска адабралася на чэмпіянат свету—2022, які пройдзе ў маі ў Японіі.

Пазіцыя тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завяршае 2021 год у статусе другой ракеткі планеты. У апублікаваным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі яна займае 2-е месца, маючы ў сваім актыве 6380 ачкоў. У гэтым сезоне Арына Сабаленка стала пераможцай двух турніраў пад эгідай WTA, яна выйграла 45 паядынкаў і прайграла 18 сустрэч. Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка завяршае год на 27-й пазіцыі, у яе 2166 рэйтынгавых балаў. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 107-м месцы (755 ачкоў), Вольга Гаварцова займае 139-ю пазіцыю (564), у Юліі Гатоўкі 190-е месца (361).

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілья Івашка займае 48-е месца (1194), у Ягора Герасімава 113-я пазіцыя (665).

Цытата тыдня. «Медалістамі апошніх дзвюх Алімпіяд і чэмпіянатаў свету ў дысцыплінах алімпійскай праграмы станавіліся беларускія спартсмены ў 11 відах спорту. Ёсць віды, якія даўно не дасягаюць высокіх вынікаў, але ў той жа час маюць моцныя медальныя традыцыі. Іх падтрымка і развіццё стратэгічна важныя для нас. У 2022 годзе адной з асноўных задач будзе забеспячэнне якаснай падрыхтоўкі для заваявання максімальна магчымай колькасці ліцэнзій і паспяховага выступлення беларускіх спартсменаў на XXІV зімовых Алімпійскіх і XІІІ зімовых Параалімпійскіх гульнях у Пекіне, XXІV летніх Дэфлімпійскіх гульнях у Бразіліі і чэмпіянатах свету і Еўропы па відах спорту, — заявіў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук на пасяджэнні калегіі Міністэрства спорту і турызму па пытанні «Аб вызначэнні і падтрымцы прыярытэтных відаў спорту ў Рэспублікі Беларусь на 2022 год».

Каманда тыдня. «Цмокі-Мінск» сталі трынаццаціразовымі ўладальнікамі мужчынскага Кубка Беларусі. За трафей «цмокі» змагаліся з «Гродна-93». Вынік сустрэчы — 81:49. За трэцяе месца змагаліся прадстаўнікі магілёўскага «Барысфена» і віцебскага «Рубона». Бронзавыя ўзнагароды з'ехалі ў Магілёў. Матч скончыўся з вынікам 87:66. Акрамя кубкаў і медалёў, баскетбалістам былі ўручаны і спецыяльныя ўзнагароды. Прызы ад імя БФБ атрымалі найлепшыя гульцы турніру. Найлепшым абаронцам прызнаны Уладзіслаў Мікульскі («Барысфен»), найлепшым абаронцам — Кірыл Чумакоў («Гродна-93»). Найлепшым цэнтравым стаў Вадзім Стубяда («Цмокі-Мінск»), а найлепшым маладым гульцом — Уладзіслаў Швакель («Гродна-93»). Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Арцём Секушэнка («Барысфен»), а тытул самага карыснага іграка (MVP) атрымаў Джэйсан Кларк («Цмокі-Мінск»).

Імёны тыдня. Беларуская федэрацыя барацьбы назвала найлепшых спартсменаў года. Найлепшымі спартсменкамі года ў жаночай барацьбе названы сярэбраная медалістка Гульняў у Токіа Ірына Курачкіна і ўладальніца «бронзы» Ванеса Каладзінская. Найлепшым спартсменам сярод прадстаўнікоў вольнага стылю названы ўладальнік «серабра» Алімпіяды ў Токіа Магамедхабіб Кадзімагамедаў. Найлепшым сярод барцоў грэка-рымскага стылю стаў сярэбраны прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету Кірыл Маскевіч. Адкрыццём года названа чэмпіёнка свету U20 Алеся Гетманава. А ў катэгорыі «Прарыў года» найлепшым аказаўся чэмпіён свету U20, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы U20, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету U23 Павел Глінчук.

Няўдача тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» ўступілі хакеістам маскоўскага ЦСКА ў матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Вынік сустрэчы — 4:6. Цікава, што папярэдні паядынак з кітайскім «Куньлунем» скончыўся з такім жа вынікам, але на карысць «зуброў». У мінскай камандзе двойчы вызначыўся 20-гадовы нападаючы Ілья Усаў, яшчэ па шайбе на рахунку абаронцы Сяргея Сапегі і шведскага форварда Маціяса Тэдэнбю.

У Заходняй канферэнцыі «Дынама-Мінск» апусцілася з 7-й на 8-ю пазіцыю, маючы ў актыве 48 балаў. Гэта дазваляе камандзе захоўваць вынік ў зоне плэй-оф.

Апошні ў 2021 годзе матч падапечныя Крэйга Вудкрафта правядуць дома — 29 снежня прымуць на «Мінск-Арэне» магнітагорскі «Металург».

Аб'ява тыдня. Выканкам Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (ІWF) вызначыў, у якіх вагавых катэгорыях будуць разыгрывацца ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. У спаборніцтвах мужчын медалі будуць разыграныя ў пяці катэгорыях — да 61 кг, да 73 кг, да 89 кг, да 102 кг і звыш 102 кг. Жанчыны выступяць на Гульнях таксама ў пяці катэгорыях — да 49 кг, да 59 кг, да 71 кг, да 81 кг і звыш 81 кг. На Алімпіядзе 2020 года было па сем вагавых катэгорый у мужчын і жанчын.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.