Вы тут

Пяць абліччаў Уладкі. Да 130-годдзя Уладзіславы Луцэвіч


130 гадоў таму нарадзілася незвычайная жанчына, якая назаўсёды ўвайшла ў гісторыю, — Уладзіслава Францаўна Станкевіч.

Вядома, першае, што пра яе ўспамінаецца, — жонка Янкі Купалы... Але ж не ўсе жонкі вялікіх людзей уваходзілі ў гісторыю!

Уладзіслава Францаўна запомнілася сучаснікам, і вельмі па-рознаму.

Давайце адновім яе абліччы з дапамогай дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.


Аблічча першае. Станкевічанка

Уладзіслава Францаўна — напалову францужанка. Яе маці, Эмілія Манэ, прыехала з Парыжа на Беларусь працаваць гувернанткай з маленькай дачкой Марыяй на руках. Тут і пашлюбавалася з ляснічым, беларусам Францам Станкевічам, нарадзіла другую дачку, Уладзіславу.

Паслухаем паэтку Канстанцыю Буйло:

«Гэта было ў 1910 годзе. У мястэчку Вішнева жыла маці Уладкі — Эмілія Станкевіч. Маленькі чысценькі домік, каля яго садок і некалькі градак, а ў доме — прыгожая, сталая жанчына з пасівелымі валасамі, заплеценымі ў тоўстыя даўгія косы, укладзеныя ў цяжкі пук, які, здавалася, адцягваў назад яе маленькую, зграбную галоўку. Вялікія, уважлівыя вочы яе памятаю і цяпер. Яна была маёй настаўніцай, кіраўніком і другам».

Дарэчы, першы муж Эміліі быў сваяком мастака Клода Манэ.

Купала часцяком згадваў французскае паходжанне жонкі. Як Уладзіслава Францаўна дасць волю тэмпераменту — жартаваў: «Французы наступаюць».

А вось якой Канстанцыя Буйло першы раз убачыла тую, хто стане яе найбліжэйшай сяброўкай на ўсё жыццё:

«Уладка тады ўжо працавала ў Вільні, у дзіцячым прытулку, і рэдка прыязджала да маці ў Вішнева. Але аднойчы, вясной, прыйшоўшы як заўсёды на заняткі да маёй настаўніцы, я ўбачыла ў садку, пад расцвіўшымі яблынямі прыгожую маладую дзяўчыну ў доўгай цёмнай сукенцы, з іскрыстымі блакітнымі вачамі, з ясным ружовым тварам, з доўгімі, амаль да кален, пышнымі, залатымі косамі».

Аблічча другое. Уладка

Недарэмна я згадала пра тэмперамент... Яго Станкевічанцы было не пазычаць. У 14 гадоў Уладка едзе ў Варшаву, каб стаць, як маці, настаўніцай. У 1908 годзе заканчвае двухгадовыя курсы Стэфаніі Марцішэўскай і пачынае працаваць у віленскім дзіцячым прытулку.

А яшчэ ўдзельнічае ў беларускім руху. Як піша Алег Лойка ў кнізе «Як агонь, як вада», «Уладка Станкевічанка танцавала ў Вільні на беларускіх вечарынках... Уладка ў танцы была размашыстай: яна звонка стукала-прыстуквала абцасікамі, шчокі разгараліся ярчэй маку, ярчэй агністага андарака, ярчэй паластай шырокай спадніцы».

Былі не толькі вечарынкі... Канстанцыя Буйло кажа наступнае: «Мы з дзецьмі вучылі беларускія вершы і песні, якія тады забараняліся. Нам дапамагалі сябры. У нас была моцная сувязь з рэдакцыяй «Нашай Нівы», дзе тады працаваў Купала, Бядуля і куды, вядома, вельмі часта прыходзіла Цётка... Мы былі своеасаблівым актывам пры рэдакцыі, і ўсе справы «Нашай нівы» нас жыва цікавілі.

У прыюце мы з Уладкай працавалі з захапленнем, бо вельмі любілі дзяцей. Я пісала шмат вершаў. Першым суддзёй заўсёды была Уладка. Яна была звычайна і першым рэдактарам і крытыкам... Праз год мяне накіравалі настаўніцай у вёску Чаўшклі непадалёку ад Вільні. Уладка прыязджала да мяне і дапамагала мне наладзіць працу сярод сталых сялян і дзяцей».

У архіве захоўваецца шмат лістоў Уладкі да Косткі.

Почырк Уладкі пазнаеш адразу: незвычайна размашысты, паспешлівы, некаторыя словы скарочаныя, радкі кладуцца абы-як, звычайна ўпоперак лінеек. Пісала яна звычайна на рускай мове.

Вось ліст, які датуецца пачаткам 1940-х, мяркуючы па змесце, напісаны ў эвакуацыі:

«Дорогая Костка! Получила твое письмо. Спасибо, родная, что ты еще меня не забываешь. Я иногда думаю, что никому я уже не нужна! (Что я слышу каждый день). Пока новостей у меня мало! Янка сегодня едет на пару недель в Москву. Хорошо, пускай немного встряхнется, полечится! Я буду совершенно одна, но это уже для меня обычная вещ(ь)! Очень тяжело только, что не могу найти здесь себе такой работы, чтобы увлечься ей! Скорей бы ехать ближе к Белоруссии».

Вось паштоўка ад 22 снежня 1941-га. Уладка піша з Казані ў Маскву:

«Дорогая Костка! Пишу тебе второй раз! Жду с нетерпением хотя пару хороших слов. Очень скучаю и жалею, что уехала из Москвы! Янка немного хворает. Жду скорой весны! Целую».

Уладка больш ніколі не пабачыць Янку, прыляціць на ягонае пахаванне з Казані, а самалёт усё будзе затрымлівацца...

З тэмпераментнай Уладкай сябраваць было няпроста: «Прости меня за все, за мои нервы», «за все нехорошее с моей стороны прости». Але яна клапоціцца, каб Костку, мужа якой рэпрэсіравалі, друкавалі, каб яе становішча ў літаратурным свеце ўсталявалася.

«Сегодня я была на вечере, посвященном великому русскому писателю Гоголю. Была даже в президиуме. Вечер прошел очень хорошо — торжественно. Доклад делал М. Т. Лыньков. Вернувшись домой, пишу тебе письмо. Дорогая Костка, хотя я вредная, но я твой старый друг. Я советую тебе приехать на пленум».

«Дела с твоей книгой хороши, я передала дополнительный стихи тов. Майхровичу».

«Вчера говорила с главным редактором т. Шераховским, он читает твою поэму. Если положительный даст отзыв, он сказал, что постарается, чтобы её пока напечатали в «Полымя»... Я прошу, чтобы тебе дали хотя 1500 р.»

Перад Косткай Уладзіслава Францаўна не саромеецца выяўляць пачуцці, да яе скіроўвае вельмі асабістыя просьбы:

«Как тяжело, что Янки нет в живых. Мне очень и очень одиноко».

«Дорогая Костка! Сердечный привет тебе! Думаю, что к Янки годовщине приедешь к нам. Я тебя вызову телеграммой. Имею просьбу, Костка, к тебе. Подъедь в крематорий и посмотри, как там Янки памятник, дай руб. 100 женщине, которая там ухаживает, такая старуха».

Уладка паведамляе пра сваю руплівую працу: «готовимся к проведению годовщины с дня напечатания стих. «Мужык» Янки», «завтра еду в Ленинград устанавливать мемориальную доску на доме, где у Эпимаха-Шипилы жил Янка».

А вось вельмі кранальны ліст 1964 года пасля сустрэчы даўніх сябровак:

«Спасибо за эту хорошую сердечную атмосферу, в которой я прожила у тебя несколько дней. Я вспоминаю с «умилением» наши купания в холодной ванне, твою квартиру и всё! Даже не сержусь на сумасшедшую гимнастику!!!»

Аблічча трэцяе. Цётка Уладзя

Для маладзейшых Уладзіслава Францаўна Луцэвіч назаўсёды засталася цёткай Уладзяй... Вось што ўспамінае паэтка Зінаіда Бандарына. Яна, маленькая, пампавала ў садзе ваду, каб паласкаць бялізну:

«Бразнула брамка. У двор зайшлі мая маці і незнаёмая маладая жанчына...

Адкрыта пазіралі яе шэрыя ласкавыя вочы, па абодва бакі твару віселі вясёлымі абаранкамі светлыя, туга заплеценыя косы, апранута яна была ў белую палатняную сукенку, трымалася надзвычай проста і свабодна. Невялікія, зграбныя, у той жа час моцныя яе рукі, відаць, не ўмелі адпачываць, бо яна тут жа стала дапамагаць мне».

Тады цётка Уладзя пад канец гасцявання прапанавала жартам маці Зінаіды:

«— Аддайце мне яе за дачку. Пойдзеш?».

І маленькая, звычайна дзікаватая і негаваркая, Зінаіда з радасцю крыкнула: «Пайду!»

Цёткай Уладзяй была Уладзіслава Францаўна для маладых паэтаў, якіх заўсёды ў купалавым «доме пад таполяй» было поўна — чыталі вершы, дыскусіравалі...

Аблічча чацвёртае. Купаліха.

«Першая сустрэча мая з Янкам Купалам адбылася ў беларускай кнігарні на Завальнай вулицы, № 7. Даведаўшыся, што Купала знаходзіцца там, нас чалавек 10-15, у тым ліку Цётка, Ядвігін Ш., Бядуля і іншыя, пайшлі яго пабачыць. Калі я першы раз убачыла Янку Купалу, ён мне тады чамусь не спадабаўся. Захапляючыся яго вершамі, я стварыла ў сваім уяўленні незвычайны вобраз паэта. Сваім сціплым выглядам ён нагадваў звычайнага сялянскага хлапца», — прызнавалася Уладзіслава Францаўна.

Паўліна Мядзёлка, вялікае і горкае каханне Купалы, запісвае: «я... была здзіўлена, пабачыўшы ў кватэры Янкі Купалы ў Полацку (люты 1917 г.) Уладзю Станкевічанку ў якасці жонкі Янкі. Я ведала, што яшчэ ў 1914-15 г. Уладзя шалела з кахання да Чэся Родзевіча, а Янка больш чымся абыякава адносіўся да Уладзі, а бывала што і насміхаўся з яе».

Але ж у 1914-м менавіта Станкевічанцы Купала прысвяціў верш «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея»! Чаму ж Мядзёлка такая скептычная?

Паўліна ў свой час адпрэчыла каханне Купалы. Пабывала замужам за беларускім палітыкам Тамашом Грыбам, пажыла ў Латвіі, вярнулася ў Савецкі Саюз. І застала закаханага ў яе сціплага хлапца на вяршыні ягонай славы. А побач з ім — старая знаёмая, якую ніколі ўсур'ёз не ўспрымала як саперніцу. У архіве захоўваецца сшытак успамінаў Мядзёлкі, якія па волі аўтара не павінны быць ніколі і нідзе надрукаваныя. Нямала месца там прысвечана Уладзіславе Станкевічанцы і яе адносінам з Купалам і шмат сказана непрыгожага.

Зразумела, сямейнае жыццё з гарачай Уладкай не было мёдам. Адразу пасля шлюбу, які адбыўся ў 1916 годзе, Купала ў лісце да Эпімах-Шыпілы піша: «Жонка трохі на нервы хварэе... Чыстая бяда, і сама мучаецца, і мне не вялікае шчасце».

Але Уладзіслава гатовая была на ўсё, каб заставацца побач з Янкам. Алег Лойка кажа: «ва Уладзіславы Францаўны... была засцярога, страх перад кампаніяй, у якую па-за домам можа трапіць Янка, кампаніяй, якая можа звезці яе Янку з пуціны, адлучыць яго ад яе, такой вінаватай, што пры ўсёй сваёй гарачай французскай крыві яна не можа стаць маці... Няхай лепш застолле шуміць дома, а не дзе-небудзь, каб за чужым застоллем шукаць Янку, — вырашыла для сябе раз і назаўсёды Уладзіслава Францаўна. І раз і назаўсёды ёю была вызначана гадзіна абеду: чацвёртая гадзіна. І аб'яўляўся аўрал, незвычайная падзея, калі чатыры, а Янкі няма. Пошук пачынаўся самы аператыўны, не без бязлітасных ушчуванняў саджанаму нарэшце за стол Янку.

А дзень часта пачынаўся з таго, што Янка Уладку прасіў:

— А ці не схадзіла б ты, не прайшлася па вуліцы, можа, дзе якая сіраціна бядуе?..

Калі не знаходзіла сіраціны Уладка, знаходзіў яе Янка, і ў іх доме пад таполяй і днямі, і месяцамі, і гадамі мелі прытулак і ласку вельмі і вельмі многія».

Прыходзіла ў дом пад таполяй часта і Паўліна Мядзёлка, вяла доўгія бяседы з Янкам. І можна толькі здагадвацца, што адчувала Купаліха і ці так ужо не мела рацыі, калі забараняла яму чытаць госці пэўныя вершы і шчыра абмяркоўваць нейкія тэмы.

Аблічча пятае. Уладка — значыць Улада.

«Імя Уладзі як найлепш адпавядала яе характару. Уся паўната ўлады была ў яе руках. Дыктатар ды і толькі!» — піша пра сяброўку-саперніцу Паўліна Мядзёлка.

Гэтая якасць вельмі спатрэбілася, калі загінуў Купала. Буйло ўспамінае: «Я не пазнала Уладку. Яна неяк уся ўчарнела, быццам апаленая сонцам. Трымалася мужна, як заўсёды, але гора сушыла яе... Яна адразу пачала збіраць матэрыялы аб Янку, пісьмы яго, фатаграфіі, кнігі».

У сваёй дзейнасці Уладзіслава Францаўна магла зламаць любыя перашкоды. Паўліна Мядзёлка сведчыць у сваім таемным сшытку:

«Владка ў гэты час шукала, дзе магла, і збірала матэрыялы для будучага музея Я. Купалы. Яна ў якасці дырэктара музея мела доступ да закрытых фондаў Дзяржбібліятэкі імя У. Леніна.

Аднойчы паказала мне выразкі з газет «Наша доля» і «Наша ніва» з вершамі Купалы, газетнымі фота.

— Скуль ты гэта раздабыла? — пытаю.

— Ловкость рук и никакого мошенства, — адказвае, і паказала мне лязо брытвачкі, зашчэпленай паміж пальцамі ў кулаку.

— Слухай, — кажу здзіўлена, — за такія справы даюць 10 год, калі агледзяцца.

— А хто там глядзець будзе, правяраць? Не баюся гэтага».

Вось у папцы з фонду Лукі Бэндэ, злога генія Янкі Купалы, нумар газеты «Літаратура і мастацтва» за 29 чэрвеня 1946 года, да 4-х угодкаў смерці Купалы. Вялікі артыкул «Музей Янкі Купалы», аўтар — дырэктар і стваральнік музея Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Купалісе было пра што распавесці: як «паперка за паперкай, фатаграфія за фатаграфіяй, кніга за кнігай» ствараўся фонд, як адшукваліся матэрыялы ў Маскве, Ленінградзе, Вільні, Кіеве, як у матэрыялах, вернутых з Германіі, знайшлося 70 рукапісаў Купалы.

Паўліна Мядзёлка 25 лютага 1960 г. раптам злавіла сябе на думцы, што ёй трэба ў Мінск. Сама сабе здзівілася... Але пачуццё не знікала — трэба на станцыю, трэба ехаць... Каля 10 вечара зайшла суседка і паведаміла пра тэлеграму: памерла Уладзіслава Францаўна.

«Два гады ўжо Владка была моцна хвора, але да апошняга дня не пакідала працы, хацела хутчэй закончыць будову новага музея і дачакацца яго адкрыцця. Усюды сама мусіла дагледзець, паклапаціцца, не давяраючы сваім памочнікам. І ў гэты апошні дзень свайго жыцця збіралася пайсці на працу. А гадз.10-й пайшла ў свой пакой апранацца да выезду, пачула сябе дрэнна, павалілася на падлогу ля свайго ложка і не змагла падняцца».

У шпіталі Уладзіслава Францаўна прасіла доктара прынесці ёй паперы, каб напісаць якоесь распараджэнне. Доктар прынёс ёй паперы і аловак, ды яна была ўжо нежывая.

Калі скончыўся спектакль у тэатры Янкі Купалы, на сцэну паставілі катафалк, і назаўтра з 10 раніцы пачалася цырымонія развітання. Паўліна Мядзёлка стаяла ў ганаровай варце разам з Ржэцкай. Развітанне з цёткай Уладзяй ператварылася ва ўсенародную акцыю... Нібыта тым людзі кампенсавалі, што не маглі развітацца з яе мужам.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».