Вы тут

Як у Строчыцах даведаліся пра лёс яшчэ аднаго забітага салдата часоў ВАВ


Строчыца — вёска ў Шчомысліцкім сельсавеце Мінскага раёна. Населены пункт знакаміты тым, што тут растуць дубы, якім, па розных звестках, прыкладна 300 гадоў, а таксама — алеяй 200-гадовых ліп. У гады рэвалюцыйнага руху ў Строчыцы хаваўся ад царскай ахранкі Фелікс Дзяржынскі. Вядомая Строчыца і тым, што тут знаходзіцца Этнаграфічны музей беларускага драўлянага дойлідства, створаны ў 80-х гадах XX стагоддзя.


Фота: Дзмітрыя Гадуна.

На радзіму праз 80 гадоў

Менавіта ў гэтай адметнай вёсцы ў 1919 годзе ў простай сялянскай сям'і нарадзіўся Іван Байдак. У 1939 годзе Івана Васільевіча прызвалі на службу ў рады Чырвонай Арміі. У 1941-м ён загінуў у баях пад Себежам Пскоўскай вобласці. Яго бацькі пры жыцці спрабавалі атрымаць хоць якую інфармацыю пра лёс сына, пасылалі запыты ў розныя інстанцыі. Але Васілю Станіслававічу і Вользе Трафімаўне так і не ўдалося даведацца, што стала з Іванам. І толькі сястра чырвонаармейца Ганна Байдак (Ісачанка) дачакалася звестак пра Івана. Астанкі салдата былі знойдзены 16 красавіка 2021 года, дзякуючы расійскім пошукавым атрадам «Вышыня 102» і «Забыты батальён». Як сведчаць трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, менавіта пад Себежам 9-10 ліпеня байцы Савецкай Арміі мужна стрымлівалі наступленне фашысцкіх войскаў, якія рваліся ў стратэгічна важным напрамку — да населенага пункта Ідрыца, дзе знаходзіўся чыгуначны вузел.

Пошукавікі Расійскай Федэрацыі ўстанавілі імя Івана Байдака па салдацкім медальёне, звязаліся з беларускімі калегамі і паведамілі пра тое, што стала вядомае месца гібелі Івана Байдака. Валанцёры Вольга Шабельнік і Аляксандр Снітко звязаліся з сястрой Івана Васільевіча, якая жыве ў Строчыцы.

22 чэрвеня адбылася афіцыйная цырымонія перадачы астанкаў салдата на Радзіму, у якой удзельнічалі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Беларусі. Астанкі байца змясцілі ў крыпту сталічнага Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны. Пасля адпявання прах загінулага быў перазахаваны на малой радзіме ў Строчыцы — 9 ліпеня. Так роўна праз 80 гадоў пасля апошняга яго бою пад Ідрыцай Іван Байдак вярнуўся ў родную вёску і знайшоў спакой на мясцовых могілках, непадалёку ад таго месца, дзе пахаваны яго бацькі. На цырымоніі ўрачыстага пахавання прысутнічалі землякі, прадстаўнікі Узброеных Сіл, ветэранскіх арганізацый, ваенкам Мінскага раёна Дзмітрый Гадун. Пазней на магіле героя з'явілася стэла. Ініцыятыва ўстаноўкі помніка належыць раённым уладам і ваеннаму камісарыяту Мінскага раёна. Пры вырабе стэлы ўлічылі пажаданні сястры Ганны Байдак і пляменніцы Маргарыты. На стэле ўверсе змешчаны партрэт чырвонаармейца, пад ім праваслаўны крыж і надпіс «Чырвонаармеец Байдак Іван Васільевіч, 1919—09.07.1941. Загінуў пры абароне Ідрыцы на Пскоўскай зямлі. Вечная памяць абаронцам Айчыны».

Ганна Байдак амаль што не помніць брата: калі ён пайшоў на вайну, яна была малой. Але аб ім нагадвае партрэт, які ўвесь час вісеў на пачэсным месцы ў адным з пакояў дома. Ніхто з родных не верыў, што Івана няма ў жывых. Бацькі да апошніх дзён спадзяваліся, што ён вернецца, бо не загінуў, а прапаў без вестак — такое паведамленне прыйшло ў 1946 годзе. Як прызналася Ганна Байдак, яна вельмі ўсхвалявалася, калі ёй патэлефанавалі валанцёры, нават не адразу дайшоў сэнс сказанага. Яна вельмі шкадуе, што бацькі не даведаліся аб лёсе сына пры жыцці.

— Вядома, хацелася б убачыць свайго дзядзьку жывым, — кажа яго пляменніца Маргарыта. — Але мне пра яго расказвалі бабуля і дзядуля, якія ўвесь час яго шукалі і чакалі на парозе роднага дома. На жаль, я знаёмая з блізкім чалавекам толькі па яго здымку. Рамку для яго зрабіў мой дзед, бацька Івана Васільевіча. Дарэчы, гэты партрэт мы аддалі ваенкаму Мінскага раёна Дзмітрыю Гадуну, каб зрабіў з яго копію, якая змешчана на помніку. Пасля чаго арыгінал зноў вярнуўся на ранейшае месца.

Па словах Маргарыты, калі маці паведамілі, што знойдзены астанкі яе брата, яна расхвалявалася ад такой радаснай і адначасова трагічнай весткі, у яе падняўся ціск, як-ніяк ёй ужо 86 гадоў.

— Адразу ж мы з мамай паехалі ў храм Усіх Святых, паставілі свечку за спакой душы Івана яшчэ да таго, як яго астанкі даставілі з Расіі ў крыпту. Дарэчы, у Музеі памяці храма захоўваецца зямля з месца гібелі майго дзядзькі, а таксама прыбор для галення, які знайшлі разам з медальёнам расійскія пошукавікі, — удакладняе мая суразмоўніца.

Маргарыта расказала, што Іван нарадзіўся ў Строчыцы, а перад вайной яго тата і маці пераехалі да бацькоў у вёску Машніца Дзяржынскага раёна, адкуль у 1939 годзе Івана Васільевіча прызвалі ў Чырвоную Армію.

— Наша сям'я вельмі ўдзячная расійскім пошукавікам, беларускім валанцёрам, уладам Мінскага раёна, ваенкаму Дзмітрыю Гадуну за такую ўвагу да памяці нашага роднага, за дапамогу ва ўстаноўцы помніка, арганізацыю перапахавання астанкаў Івана Васільевіча, якое прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы, з воінскімі ўшанаваннямі. Такое не забываецца! А мы яго будзем помніць заўжды, для нас ён застаецца жывы, — сказала ў канцы Маргарыта Байдак.

Вернутыя з небыцця

У Беларусі аддаецца вялікая ўвага вяртанню імён загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны, прапаўшых без вестак байцоў, мірных жыхароў, перапахаванню праху палеглых і, па магчымасці, пошуку іх сваякоў. У 1992 годзе ў нашай краіне створана ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл.

— У 1995 годзе сфарміраваны 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён (АСПБ), якому 21 снежня споўнілася 29 гадоў. Гэта першы пошукавы батальён на постсавецкай прасторы. Пазней, у 2006 годзе, у Расіі з'явіўся 90-ы асобны спецыяльны пошукавы батальён. З 2015 года мы праводзім сумесныя пошукавыя работы. Групы расійскіх воінаў-
пошукавікаў прыязджаюць для абмену вопытам да нас, а нашы — да іх. У сувязі з пандэміяй каранавіруса гэтыя кантакты крыху прыпыніліся, — расказаў вядучы спецыяліст упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Аляксандр Лугін. — Раскопкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае права праводзіць 52-і АСПБ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый могуць толькі ўдзельнічаць.

Сёлета пошукавыя работы былі праведзены на 81 аб'екце ў 38 раёнах краіны і Мінску, у тым ліку на 55 з іх яны прайшлі адпаведна з гадавым планам, які зацвярджае начальнік упраўлення па ўвекавечанні на кожны пошукавы перыяд. Яшчэ на 26 аб'ектах — дадаткова, там, дзе падчас земляных або будаўнічых работ выяўлены астанкі. І калі пацвярджаецца, што гэта загінулыя ў гады вайны, 52-і АСПБ аператыўна рэагуе на гэта і прыступае да раскопак пасля атрымання неабходных дакументаў.

Фота: vk.com/prizyvgazeta

— У гэтым годзе выяўлены астанкі 3518 загінулых, з іх 1390 ваеннаслужачых, 2128 ахвяр вайны з ліку мірнага насельніцтва. Сёлета знойдзена таксама сем узнагарод, па якіх устаноўлены звесткі аб шасці загінулых. Таксама былі адшуканы 43 медальёны, 15 імёнаў устаноўлена па ўкладышах, змешчаных унутры іх. Звесткі па двух загінулых былі выяўлены па падпісаных асабістых прадметах і 19 — па дакументах, — працягвае Аляксандр Яўгенавіч. — Гэтыя імянныя спісы беззваротных страт змяшчае ў інтэрнэце Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Дапусцім, мы адшукалі медаль, па нумары медаля выявілі, каму ён належыць. Па імянных спісах устанаўліваем, што ў гэты час, у гэтым месцы, з гэтым чалавекам загінула яшчэ некалькі.

На цяперашні момант знойдзены сваякі 15 чалавек з 42 імёнаў загінулых, якія ўстаноўлены. У гэтым годзе астанкі 10 загінулых перададзены з Беларусі на радзіму: аднаго воіна — ва Украіну, 9-і — у Валгаградскую, Маскоўскую, Пензенскую, Самарскую, Тульскую, Ульянаўскую вобласці і Рэспубліку Карэлія Расійскай Федэрацыі.

— Аляксандр Яўгенавіч, цяжка знайсці сваякоў герояў? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— Блізкіх сваякоў цяпер рэдка знаходзім. Але здараецца, што яшчэ жывыя дзеці загінулых.

У асноўным адшукваем пляменнікаў, траюрадных пляменнікаў, унукаў. Устанаўліваем іх праз інтэрнэт, з дапамогай пошукавай супольнасці, ваенных камісарыятаў, — адказвае Аляксандр Лугін.

— І ўсё ж, калі не ўдалося выявіць радню, дзе перапахаваюць астанкі?

— Па акце яны перадаюцца ў сельскі або пасялковы Саветы, дзе і знаходзяцца да прыняцця рашэння раённым выканаўчым камітэтам аб часе і месцы перапахавання. Звычайна астанкі змяшчаюць у брацкую магілу. Калі такой няма ў населеным пункце, дзе яны былі выяўлены, то — у найбліжэйшы населены пункт, у якім ёсць воінскае пахаванне.

— Ці ёсць падлікі, колькі загінулых знойдзена?

— Яны прыблізныя. Ёсць звесткі пра тое, колькі чалавек загінула пры нямецкім наступленні, пры вызваленні Беларусі, падчас акупацыі, колькі трапіла ў палон. Прыкладна каля трох мільёнаў чалавек загінула на нашай тэрыторыі. З іх ваеннапалонных каля 810 тысяч, больш за 400 тысяч пры абарончых баях, больш за 200 тысяч пры вызваленні. Акрамя таго, — яшчэ партызаны, падпольшчыкі, і прыблізна 1,4-1,5 мільёна мірных жыхароў.

Тое, што сёння робяць воіны-пошукавікі, грамадскія пошукавікі, дапамагае захоўваць гісторыю і памяць пра тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду. Не так даўно, напрыклад, знойдзены астанкі 29 байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях пад Слаўгарадам Магілёўскай вобласці, па асабістых рэчах і медальёнах устаноўлены імёны семярых. На ўрачыстую цырымонію іх пахавання прыехалі сваякі трох знойдзеных байцоў з Расіі. Пляменнік Фёдара Папова расказаў, што 80 гадоў яго дзядзька лічыўся без вестак зніклым. Інфармацыю пра яго шукалі рознымі шляхамі. Пляменніца чырвонаармейца Васіля Самасюка, якая жыве ў Маскве, на пахаванні таксама расказала, што яго сям'я атрымала дакумент, які засведчыў: баец прапаў без вестак.

Адышлі ў іншы свет тыя, хто праводзіў сваіх сыноў на фронт. Але жывыя іх унукі, праўнукі, якія спадзяюцца даведацца, дзе і як скончыўся жыццёвы шлях іх сваякоў. Як той казаў, надзея памірае апошняй.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

Прыгажосць і трагедыя Краснага Берага

З'ядноўваюцца супрацьлеглыя рэчы: вялікая прыгажосць і вялікі боль...

Грамадства

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца

На пенсіі жыццё не спыняецца. А вось якім яно будзе — залежыць ад кожнага з нас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

ЛЕЎ. У вашым жыцці надыходзіць добры перыяд, можна нават сказаць, новы этап.