Аб'ектыўна, кампетэнтна, актуальна — у агенцтве «Мінск-навіны» прайшла сустрэча дэпутацкага клуба. Дыскусійная пляцоўка сабрала экспертаў, каб абмеркаваць самыя важныя вынікі 2021 года і перспектывы на 2022 год.
«Мы запрасілі экспертаў, лідараў грамадскай думкі і кіраўнікоў буйных грамадскіх арганізацый, якія на працягу года былі на вастрыі найважнейшых, прынцыповых для горада і краіны кірункаў. Міграцыйны, гуманітарны крызіс з бежанцамі стаў выклікам не столькі для Рэспублікі Беларусь, колькі для нашай еўрапейскай і еўразійскай супольнасцяў. З аднаго боку, мы ўбачылі, як невялікая дзяржава Беларусь можа аператыўна і эфектыўна рукамі ўлады, дзяржавы вырашаць праблемы людзей. З другога боку, мы ўбачылі крывадушную, дзесьці варварскую пазіцыю краін-суседзяў, якія мала таго што не выконваюць свае міжнародныя абавязацельствы перад бежанцамі, дык яшчэ і ладзяць гібрыдныя інфармацыйныя атакі. Абмяркоўваецца найважнейшая для нашай будучыні, для будучыні краіны тэма паправак у Асноўны Закон Беларусі. Гэтай тэмай мы будзем жыць найбліжэйшыя тры месяцы, вядома, гэта вельмі цікавіць грамадзян», — падкрэсліў мадэратар дыскусійнай пляцоўкі, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-навіны» Андрэй Крывашэеў.
Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў на свае вочы бачыў, як разгортваецца міграцыйны крызіс на беларуска-польскай граніцы. Асобна ён пракаментаваў заявы польскага салдата Эміля Чэчкі аб забойствах бежанцаў і валанцёраў. Дзмітрый Шаўцоў расказаў, што падобныя размовы сярод бежанцаў у ТЛЦ вяліся яшчэ да з'яўлення Чэчкі ў медыяпрасторы, але гэта ўспрынялі як чуткі. А прызнанні польскага салдата прадстаўнік Чырвонага Крыжа назваў не проста інфармацыйнай бомбай, а вадароднай інфармацыйнай бомбай, якая бурыць усе чалавечыя ўяўленні аб маралі. «Калі салдаты страляюць у мігрантаў, валанцёраў, то мая псіхіка ўрача, нармальнага здаровага чалавека адмаўляецца ўспрымаць гэтыя падзеі. Цяпер беларускі бок праводзіць расследаванні па факце заяў ад пацярпелых. І калі гэтыя факты пацвердзяцца, то ім будзе дадзена вельмі сур'ёзная прававая ацэнка. Гэтыя факты будуць зафіксаваны і атрымаюць міжнародную агалоску. Гэта злачынства супраць чалавечнасці, такія рэчы павінны падвяргацца вельмі сур'ёзнай ацэнцы», — адзначыў Дзмітрый Шаўцоў. Ён заявіў, што неабходна гаварыць пра сітуацыю з мігрантамі, і падкрэсліў, што ніхто ніколі не забараняў СМІ асвятляць падзеі на беларуска-польскай граніцы. Але Дзмітрый Шаўцоў задаўся пытаннем, ці жадаюць чуць гэтую інфармацыю ў Еўрапейскім саюзе.
Адказала на дадзенае рытарычнае пытанне начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава: «Ні ў каго з заходніх краін ніколі не будзе жадання атрымліваць праўдзівую інфармацыю. Мы цяпер не можам даваць аб'ектыўную ацэнку таму, пра што заявіў Чэчка. Але факты, якія мы абмяркоўвалі яшчэ месяц таму, указваюць на праўдападобнасць яго слоў. Фактаў больш чым дастаткова, мы іх самі назіралі на граніцы — хімікаты, вадамёты і гэтак далей. Гэтага больш чым дастаткова», — заявіла яна.
Таксама Вольга Чамаданава заўважыла, што рэакцыя міжнародных арганізацый на падзеі на беларуска-польскай граніцы была затарможанай. Першымі на дапамогу бежанцам прыйшлі беларусы: «Гэта беларускія грамадскія арганізацыі, проста звычайныя людзі. Было вельмі шмат неабыякавых гараджан, якія прыносілі да нас разнастайныя рэчы, цацкі. Нават бацькі дзяцей тэлефанавалі і пыталіся, ці дайшлі тыя ж цацкі да адрасатаў. Вельмі шмат людзей кансалідавалася разам. І гэта не можа не цешыць». Яна падкрэсліла, што які б чалавек ні аказаўся ў Беларусі ў складанай жыццёвай сітуацыі, яго не пакінуць у бядзе, няважна, грамадзянінам якой краіны ён з'яўляецца.
«Уся краіна дапамагла. Мы, беларусы, такія. Мы ўжо ўбачылі гэты нацызм, яго парасткі. Няма сёння права ні ў адной арганізацыі не бачыць таго, што адбываецца. Свет сёння пахне порахам, мы каля вельмі небяспечнай рысы. Колькі разбураных краін — узяць, напрыклад, гэты блізкаўсходні кацёл. Я як дэпутат разумею: менавіта ў гэты час Беларусі выпала асаблівая місія. Так, мы церпім ад гэтых санкцый, ад гэтага несправядлівага стаўлення, але місія Беларусі вось гэтую праўду паказаць і адстаяць», — дадала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Лілія Ананіч.
У працяг тэмы намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Алег Гайдукевіч звярнуў увагу, што за ўсе гады свайго існавання Беларусь не прынесла ні для адной краіны нічога дрэннага. «Перакананы, што з беларусамі хочуць сябраваць усе народы. Кажу не пра асобных палітыкаў, а пра простых людзей. У той жа Літве чакаюць і любяць турыстаў з Беларусі. Ды і ў Польшчы таксама», — заявіў ён.
Галоўным ньюсмейкерам апошніх двух гадоў застаецца пандэмія каранавіруса. Таму, падводзячы вынікі 2021 года, эксперты не маглі абмінуць і гэтую тэму. Сярод удзельнікаў дыскусійнай пляцоўкі была галоўны ўрач 3-й гарадской клінічнай бальніцы Наталля Саевіч. Яна расказала, як сталіца працягвае змагацца з каранавіруснай навалай. «Гэты год паказаў, наколькі сістэма аховы здароўя і медыцынскія работнікі гатовыя да складанай сітуацыі. Самае галоўнае дасягненне — гэта тое, што чацвёртая хваля для нас скончылася досыць хутка, хоць была складанай. Усё таму, што ў нашай краіне на вельмі высокі ўзровень пастаўлена сістэма вакцынацыі. Мы ўсе бачым, што пацыенты, якія былі прышчэплены і імунізуюцца цяпер, дастаткова лёгка пераносяць інфекцыю і не трапляюць у аддзяленне рэанімацыі», — адзначыла Наталля Саевіч. Яна звярнула ўвагу на работу медыкаў. Мяняюцца пратаколы, але імкненне дактароў і сярэдняга медыцынскага персаналу дапамагчы пацыентам з кожнай хваляй становіцца ўсё мацнейшым. Ведаў аб вірусе, дзякуючы інфекцыяністам, больш, таму сістэма працуе дастаткова зладжана. «Спадзяюся, налета, якая б хваля ні была, мы з ёй будзем спраўляцца хутчэй і яна будзе праходзіць значна лягчэй», — заявіла яна.
З 27 снежня ў Беларусі пачалі вакцынаваць супраць COVІD-19 і падлеткаў ва ўзросце 12-17 гадоў. Прышчэпліваць будуць інактывіраваным прэпаратам кітайскай вытворчасці Verо Cell. Па словах Наталлі Саевіч, разглядаецца магчымасць вакцынаваць і дзяцей, меншых за 12 гадоў. Дзеці — самая галоўная бессімптомная крыніца інфекцыі, таму ўзрост імунізацыі павінен зніжацца.
Удзельнікі дыскусійнай пляцоўкі не маглі абмінуць увагай важную для сучаснай Беларусі падзею — рэферэндум па змяненнях у Канстытуцыю. «Калі мы сёння гаворым аб новым эвалюцыйным этапе развіцця нашай краіны, мы адштурхоўваемся ад тых пераўтварэнняў, якія прыйдуць услед за канстытуцыйнай рэформай. Гэты працэс актуальны і ўнікальны для краіны. Па сутнасці, на палітычным полі адбываецца ўсенароднае нараджэнне сучаснай рэдакцыі Асноўнага Закона. Колькі было прапаноў яшчэ да стварэння Канстытуцыйнай камісіі, колькі прайшло сустрэч, дыялогавых пляцовак... І асноўнае, што ляжыць у падмурку дзяржавы, якую мы будуем, — гэта гістарычная памяць», — заявіла Лілія Ананіч. Дэпутат асобна спынілася на прынятых у 2021 годзе нарматыўна-прававых актах: «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і «Аб генацыдзе беларускага народа». Яна назвала іх найважнейшымі дакументамі, якія закліканы ўмацаваць нашу нацыю. «Адыходзячы год быў шмат у чым вяхой у яе развіцці. Многае было пераасэнсавана, многае было зроблена», — канстатавала яна.
З году ў год, нягледзячы ні на што, галоўным застаецца курс развіцця Беларусі як сацыяльнай дзяржавы. Лілія Ананіч назвала гэта «самым галоўным дасягненнем Беларусі». Гэта дазваляе беларусам быць упэўненымі: што б ні здарылася, чалавек будзе сацыяльна абаронены. Іншымі словамі, бюджэт сацыяльную сферу ніколі не пакрыўдзіць.
«У рэспубліканскі бюджэт на наступны год закладзена ўсё, што датычыцца выдаткаў на сацыяльную сферу — ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную абарону і многае іншае. Усе сацыяльныя праграмы забяспечаны фінансава. І гэта вельмі важна. Прычым забяспечаны гэтыя сацыяльныя праграмы пры любых сцэнарыях развіцця эканамічнага працэсу, — заявіла Лілія Ананіч.
Пагадзіўся з парламентарыем і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. «На гэтым фоне мы бачым, як мяняліся нашы суседзі, і, у сваю чаргу, сутыкаемся з велізарным ціскам. Спробу забраць дабрабыт беларускае грамадства ўспрыняла рэзка. Але як бы там ні было, неабходна рухацца наперад. Бо ключавая задача дзяржавы — рост дабрабыту яе насельніцтва», — заявіў ён.
Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў асобна засяродзіўся на дасягненнях сталіцы ў 2021 годзе, які назваў «няпростым». Але, разам з тым, на пачатак бягучага года бюджэт сталіцы складаў 5 млрд 550 млн рублёў. Пры гэтым 25 % бюджэту сталіцы расходуецца на ахову здароўя, а 22 % — на адукацыю. У 2022 годзе бюджэт Мінска застанецца сацыяльна накіраваным і складзе больш за 7 млрд рублёў. «Асноўная частка сродкаў, якія запланаваны на развіццё сталіцы ў 2022 годзе, — гаворка ідзе аб гэтых больш чым 7 млрд рублёў — пойдзе ў сацыяльную сферу, у асноўным на ахову здароўя і адукацыю, — расказаў Андрэй Бугроў.
Валерыя СЦЯЦКО
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.