Вы тут

Як працуе падаражанне і чаму з жыровак знікла колькасць жыхароў


Традыцыйнае штогадовае павышэнне кошту аплаты камунальных паслуг на пяць долараў жыхары адчуюць ужо ў студзені. Новая жыроўка за двухпакаёўку з трыма жыхарамі стане больш важкай на 11,1 рубля. А другі этап павышэння цаны на паслугі ЖКГ адбудзецца ў чэрвені — на 3,04 рубля павялічыцца плата за цеплавую і электрычную энергіі, а таксама прыродны і звадкаваны газ, што выкарыстоўваецца для ацяплення. Нагадаем: папярэднія змены ў аплаце ЖК-паслуг адбыліся ў верасні, калі плату за тэхабслугоўванне ліфта, прыборку пад'ездаў і электраэнергію на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання дома сталі налічваць зыходзячы з агульнай плошчы кватэры, а не колькасці зарэгістраваных у ёй жыхароў. Пра новаўвядзенні расказалі спецыялісты МЖКГ.


Фота: pixabay.com

Кожная капейка ў тарыфе апраўдана: напоўніцу і з субсідыямі

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) у Беларусі жорстка рэгулююцца і распрацоўваюцца зыходзячы з планава-разліковых цэн, за чым сочыць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, акрэсліў міністр МЖКГ Андрэй Хмель у праграме «Нічога асабістага»:

— Кожная капейка ў тарыфе павінна быць апраўдана, і мы вытрымліваем пастаўленую задачу — рост тарыфаў не больш як на пяць долараў у год. Гэта зроблена для таго, каб чалавек разумеў, як будуць расці тарыфы. Ва ўмовах падаражання энергарэсурсаў і росту заробку непазбежнае і павелічэнне кошту аказваных паслуг. Калі б цана на газ для беларусаў стала як у Еўропе, кошт за ацяпленне і падагрэў вады павялічыўся бы ў дзясяткі разоў.

Механізм разліку гэтых пяці долараў наступны. Бярэцца тыпавая аднапакаёвая кватэра памерам 48 м2 з трыма жыхарамі. За аснову бяруцца існуючыя тарыфы, згодна з якімі пралічваецца кошт паслуг па ўсіх іх відах у комплексе. І калі на 1 студзеня кошт складае, умоўна, 100 рублёў, то на гэтую дату наступнага года ён не павінен перавышаць 113,5 рубля (згодна з курсам долара). Зыходзячы з гэтага падыходу штогод прымаецца адпаведны ўказ прэзідэнта, які і фарміруе ўзровень тарыфаў, патлумачыў міністр.

Пры існуючых у краіне тарыфах на камунальныя паслугі жыхары Беларусі да канца года будуць аплачваць камуналку на 83 %. Фактычна гэта разлік па сабекошце, за выключэннем двух паслуг — ацяплення і падагрэву вады, за якія людзі аддаюць толькі 20 % ад іх сабекошту. Аднак ёсць і выключэнні. Грамадзяне, якія не занятыя ў эканоміцы, а таксама тыя, хто мае кватэру, дзе ніхто не зарэгістраваны, аплачваюць па сабекошце і гэтыя дзве паслугі.

У той жа час у краіне працягваецца практыка субсідзіравання (выдачы безнаяўных жыллёвых субсідый) грамадзян, сума ў жыроўках якіх перавышае 20 % ад іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15 % — на сяле. Каб разлічыць, хто мае права на такую дзярждапамогу, бярэцца тая ж двухпакаёўка ў 48 м2 з трыма жыхарамі, з якіх двое атрымліваюць сярэднямесячны па краіне заробак. Зыходзячы з гэтага разліку, затраты на камуналку складаюць у такім сямейным бюджэце 4,5 % (у Расіі — 10 %, ва Украіне — 15-16 %, у Прыбалтыцы набліжаюцца да 20 %).

У метрах, а не чалавеках

Адзінкай вымярэння паслуг у графах «Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў», «Электраэнергія на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, за выключэннем ліфтаў» і «Электраэнергія на работу ліфтаў» у кастрычніцкіх жыроўках сталі не чалавекі, а метры. Варта заўважыць, што праз гэта кошт на абазначаныя паслугі крыху паменшыўся. Так, у двухпакаёўцы дзевяціпавярховіка за прыборку памяшканняў сталі браць 1,7 рубля замест 2,14, за агульную электраэнергію — 1,05 рубля замест 2,13 і за ліфт — 2,36 рубля замест 2,37. Да 23 сакавіка 2016 года, дарэчы, аплата абазначаных паслуг так і налічвалася, як цяпер, — па метрах, а не колькасці жыхароў.

— Згодна з агульнымі падыходамі ў жыллёвым заканадаўстве, удзельнік сумеснага домаўладання абавязаны несці расходы па эксплуатацыі (утрыманні, тэхнічным абслугоўванні, бягучым і капітальным рамонтах) агульнай маёмасці прапарцыянальна яго долі ў праве агульнай уласнасці на гэтую маёмасць, — нагадала Ала РАМАНЬКОВА, начальнік упраўлення эканомікі МЖКГ. — Шматкватэрны жылы дом — сумеснае домаўладанне ўсіх уласнікаў, якія жывуць у ім. Дах, падвал, лесвіцы, уваходныя дзверы, лямпачкі ў пад'ездзе, ліфт, трубаправод і іншыя непадзельныя часткі шматпавярховіка — гэта калектыўная ўласнасць ці агульная маёмасць, абавязак па ўтрыманні якой распаўсюджваецца на ўсіх уладальнікаў. Калі б кватэра магла існаваць сама па сабе, гэта была б не кватэра, а асобная каробка з перагародкамі без даху, падмурка і іншых элементаў. Знайсці ахвотнікаў набыць такое жыллё было б, напэўна, няшмат. Менавіта спраўны ліфт, металічныя ўваходныя дзверы, уцепленыя сцены і новыя камунікацыі ствараюць прывабнасць для пакупніка. Набываючы жыллё, не трэба думаць, што ўласнасць — гэта тое, што за дзвярыма ўнутры кватэры, а ліфт, лямпачкі ў пад'ездзе, лесвіцы, трубы ў падвале «ніхто не набываў і не прыватызаваў». Усё гэта агульная ўласнасць, за якую прыйдзецца несці адказнасць кожнаму ўладальніку кватэры.

Такім чынам, чалавек, які становіцца ўласнікам, аўтаматычна становіцца і ўладальнікам агульнай маёмасці. Адпаведна, ён павінен плаціць арганізацыям, якія аказваюць паслугі абслугоўвання ўсіх элементаў дома. Прычым плаціць трэба адпаведна сваёй долі ў праве агульнай уласнасці на агульную маёмасць. І кошт абслугоўвання ліфта ці прыборкі пад'езда залежыць не столькі ад колькасці жыхароў, а ад пераліку і перыядычнасці правядзення рэгламентных работ, дадала спецыяліст:

— Тэхабслугоўванне ліфта, напрыклад, як і любога іншага абсталявання, праводзіцца ў пэўныя перыяды часу згодна з рэгламентам, а не залежыць ад колькасці перавезеных людзей. Тарыф, з якога складаецца канчатковая сума аплаты паслугі з кватэры, — 0,0584 рубля за адзін квадратны метр. Пры гэтым квадратны метр — гэта не адзінка вымярэння платы, а інструмент вызначэння долі ўласніка кватэры ў агульнай маёмасці сумеснага домаўладання. І справядліва, калі ўласнік трохпакаёвага жылля, які валодае большай доляй у праве агульнай уласнасці, будзе плаціць за абслугоўванне маёмасці больш, чым гаспадар аднапакаёўкі. Да таго ж механізм размеркавання гэтых расходаў прапарцыянальна плошчы жылля дазваляе больш справядліва браць грошы з уласнікаў, якія не жывуць у набытых кватэрах, бо маюць больш як адну.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?