Вы тут

Члены Канстытуцыйнай камісіі — пра змяненні ў Асноўны Закон


Праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. Думкі грамадзян Беларусі аб зменах у Асноўны Закон будзе акумуляваць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, магчымыя прапановы накіроўваюцца менавіта туды. Можна скарыстацца электроннай поштай sbor@ncpі.gov.by; можна запоўніць электронную форму, якая знаходзіцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале па адрасе https://sbor.pravo.by; можна даслаць па пошце на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Берсана, 1а, НЦПІ, з пазнакай «Канстытуцыя».


Прачытаць тэкст прапанаванай новай рэдакцыі можна ў сённяшнім нумары або на нашым сайце. А пакуль вы чытаеце, думаеце, аналізуеце, мы сабралі меркаванні людзей, якія не толькі ўжо ўважліва вывучылі ўсе змяненні і дапаўненні, — яны над імі працавалі. Слова — членам Канстытуцыйнай камісіі.

Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы:

— Новая рэдакцыя Канстытуцыі — гэта яшчэ адзін крок да ўмацавання незалежнасці краіны. Любы чалавек, які за незалежнасць дзяржавы, мусіць прыйсці і прагаласаваць за гэты варыянт Канстытуцыі, якая адлюстроўвае новы этап палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай эвалюцыі беларускага грамадства. Дакумент падводзіць рысу пад няпростым постсавецкім перыядам і стварае магчымасць для далейшага росту, развіцця і наступнага рыўка, прарыву ў незалежнасці, якую мы разумеем як годнасць, гонар, як высокія эканамічныя паказчыкі і вартаснае жыццё для ўсіх беларусаў.

Любы незаангажаваны чалавек, які ўважліва прачытае Канстытуцыю, супаставіць яе з той, якая сёння ёсць, пабачыць, што новая рэдакцыя Асноўнага Закона дае больш дэмакратычных магчымасцяў для самарэалізацыі. Яна не замінае тым, хто марыць пра партыйную палітычную дзейнасць, разгортвае новыя небакраі для развіцця эканамічнай дзейнасці, гарантуе многія рэчы, якія ўжо сталі беларускім брэндам. Той, хто хоча, каб было больш пераразмеркавання паўнамоцтваў і змяншэння пэўнай напружанасці, нагрузкі, таксама ўбачыць новаўвядзенні. Ад звышпрэзідэнцкай мы пераходзім да прэзідэнцкай рэспублікі, у якой важную ролю іграе выканаўчая ўлада, прэм’ер-міністр, Савет Міністраў. Вядома, мы бачым выразнае ўмацаванне заканадаўчай улады. У першую чаргу Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, паглыбленне іх аўтаномнасці, што будзе павялічваць іх незаангажаванасць, моц і ўменне стаяць арбітрам над палітычнымі бойкамі, калі яны будуць. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што беларускае грамадства пасталела: яно патрабуе ўдасканалення палітычнай сістэмы, а гэта магчыма толькі праз наш Асноўны Закон. Таму кожны, хто хоча для нашай дзяржавы дабра, дабрабыту і далейшай эвалюцыі, у якой улічваецца кожны пункт гледжання, а Беларусь маецца на ўвазе як краіна сэнсаў, той будзе галасаваць за новую стратэгію будучыні, якая адлюстравана ў нашым новым праекце закона.

Аляксей ТАЛАЙ, паралімпіец, грамадскі дзеяч:

— Кіраўнік дзяржавы паставіў нам задачу — пачуць кожнага беларуса, даведацца пра іх думкі, настроі, прыслухацца да жаданняў і прапаноў, якія варта было б унесці ў новую рэдакцыю Канстытуцыі. Я з першых дзён уключыўся ў гэтую працу. Мы правялі шмат сустрэч па ўсёй краіне. Я адкрыта меў зносіны з людзьмі, адказваў на ўсе пытанні. Ніякіх забароненых тэм — маё галоўнае правіла ў зносінах з людзьмі.

Мы сапраўды вельмі шмат працавалі, было шмат размоў, паток інфармацыі ад людзей, грамадзян, якіх хвалюе гэтае пытанне. 

Сярод членаў Канстутыцыйнай камісіі былі спрэчкі па момантах, якія павінны з’явіцца ў Канстутыцыі ці, наадварот, быць выключаны з яе па прычыне таго, што свет мяняецца і некаторыя артыкулы страцілі сваю актуальнасць. Напрыклад, для нас неактуальны прыярытэт міжнароднага права, таго самага права, згодна з якім сёння не прызнаюць нашы выбары, нашага кіраўніка дзяржавы, вучаць нас жыць. Мы павінны ў Канстытуцыі замацаваць абсалютны прыярытэт нацыянальных законаў, нацыянальнага права. Гэта вельмі важны момант, які хвалюе людзей. Мы зразумелі, што жывём у канкурэнтным свеце, дзе ў кожнага ёсць нацыянальныя інтарэсы.

Я шмат працаваў з моладдзю, каб у яе замацавалася разуменне, што ў яе ёсць свой дом, які трэба абараняць і цаніць.

Мы бачым, як сёння ашчацініўся Еўрапейскі саюз. Магчыма, недзе і мы павінны ашчацініцца, абараняючы свае нацыянальныя інтарэсы, сям’ю, традыцыйныя каштоўнасці. Зыходзячы з гэтага, нам трэба дзейнічаць. Варта перагледзець тыя моманты, палажэнні, якія мы рэалізоўвалі, як мы думалі, разам з нашымі заходнімі партнёрамі. Перагледзяць і дзейнічаць самастойна. Я бачыў, што людзей хвалююць пытанні сямейных каштоўнасцяў, ювенальнай юстыцыі. Як традыцыяналіст, сем’янін, бацька, звяртаў увагу на пытанні, якія будуць уплываць на нашу моладзь.

Я вельмі спадзяюся, што мы зможам адстаяць тыя пазіцыі, якія ўмацуюць нашу краіну, абароняць нашу любімую Беларусь, і гэтыя пазіцыі будуць замацаваны ў Асноўным Законе. Веру, што людзі свядома зробяць важны для сябе выбар, прымуць новы праект Канстытуцыі. Тым самым мы зробім крок у новую рэчаіснасць нашай Беларусі, дзе будзем жыць у любові, шчасці з нашымі найбліжэйшымі саюзнікамі, сябрамі, будуючы добрыя адносіны ў агульных інтарэсах.

Кацярына ДУЛАВА, рэктар Беларускай акадэміі музыкі:

— У складзе камісіі мы працавалі больш за паўгода, і гэта, канешне ж, вельмі сур’ёзны этап. Адна з галоўных катэгорый, якая 
прагледжваецца ў новай рэдакцыі, — гісторыя і гістарычная памяць. Зараз мы, з аднаго боку, знаходзімся на новым этапе, які патрабуе сучасных вырашэнняў. З іншага — мы вельмі шануем нашы здабыткі і каштоўнасці, якія неабходна захаваць. 

У гэтым і была галоўная складанасць — злучыць розныя падыходы і вытрымаць паміж імі баланс.

Для мяне як для дзеяча культуры і грамадзяніна вельмі важнымі аспектамі з’яўляюцца нацыянальная самабытнасць, духоўнасць, гістарычная памяць — тое, што застаецца каштоўным на стагоддзі. Гэта таксама знайшло адлюстраванне ў новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Пытанне сямейных каштоўнасцяў таксама ўвасобілася на старонках новай рэдакцыі — мы не толькі дапоўнілі ўжо існуючыя тэзісы, але і прапісалі новыя падыходы, адкарэкціравалі састарэлыя.

Безумоўна, падчас работы над праектам ішла гаворка і аб падтрымцы таленавітай моладзі дзяржавай. Мне падаецца гэта вельмі важным. Пранізліва прагучала тэма Вялікай Айчыннай вайны. У новай рэдакцыі Канстытуцыі мы зафіксавалі гістарычную праўду, а таксама адзначылі немагчымасць перапісвання падыходаў да гэтай з’явы.

Адказ на дыскусійнае пытанне «Навошта нам атамная энергетыка?» таксама ёсць у новай версіі праекта. Мы выкарыстоўваем атамную энергетыку толькі ў мірных мэтах. Заслугоўвае ўвагі і 18-ы абноўлены артыкул: Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію ў адносінах да іншых краін. 

Прымаючы да ўвагі тое, што зараз адбываецца на нашых граніцах, новая версія канстатуе: палітыка Беларусі заключаецца ў непрымяненні сілы і пагроз.

Захаваліся і ўзмацніліся пытанні сацыяльнай падтрымкі. Але ў той жа час павялічваецца і сацыяльная адказнасць грамадзян.

Гэты аспект датычны да, напрыклад, адносін паміж дзецьмі і іх састарэлымі бацькамі. Таксама ў якасці прыкладу можна прывесці і 45-ы артыкул, які прысвечаны захаванню і ўмацаванню ўласнага здароўя. Грамадзяне могуць разлічваць на дапамогу органаў аховы здароўя, але павінны і самі клапаціцца аб сваім фізічным стане. Аспект, які патрабаваў неабходнай фіксацыі, — дапамога і падтрымка інвалідаў і пажылых, — знайшоў сваё адлюстраванне ў 47-м артыкуле новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Усебеларускі народны сход — важная структура на палітычнай карце нашай краіны. Гэта абсалютна аўтэнтычная для славянскіх народаў з’ява, якая нагадвае мне старажытнае веча. Магчымасць, якая дазваляе людзям абмеркаваць усе важныя пытанні. У новай рэдакцыі мы прапісалі абранне суддзяў і фарміраванне Цэнтральнай выбарчай камісіі, пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады.

Абавязкова звярніце ўвагу на 54-м артыкул — у яго ўнесены лёсавызначальныя рэчы, якія датычыцца патрыятызму і гістарычнай памяці.

Ягор МАКАРЭВІЧ, старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе:

— Праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на працягу практычна года распрацоўваўся Канстытуцыйнай камісіяй, рабочай групай пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы і з яго непасрэдным удзелам у гэтым важным працэсе. Усе прапанаваныя на гэтым этапе змены актыўна публікаваліся ў СМІ і сацыяльных сетках і сыходзілі ад саміх грамадзян. Прапановы агучваліся імі на сустрэчах з членамі Канстытуцыйнай камісіі і дыскусійных пляцоўках. Таму ўжо цяпер можна сказаць з упэўненасцю, што гэта народны праект нашага Асноўнага Закона.

Меркаваныя навацыі Канстытуцыі носяць прагрэсіўны характар. Яны арыентаваны на тое, каб зрабіць нашу дзяржаву больш моцнай, а палітычную сістэму — больш устойлівай. Праект Асноўнага Закона замацоўвае захаванне гістарычных і маральных вытокаў беларускага народа. Таксама захоўваецца сацыяльна арыентаваны курс развіцця Беларусі. Гэта значыць, што ў складаных эканамічных умовах наша краіна, як і раней, будзе падтрымліваць розныя катэгорыі грамадзян, аказваць адрасную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Вельмі важна, каб ва ўсенародным абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыю брала ўдзел і моладзь. Бо менавіта маладым людзям трэба будзе прыняць эстафету ад старэйшага пакалення і зрабіць усё магчымае, каб Беларусь развівалася як моцная суверэнная дзяржава. Сёння кожны малады чалавек можа выказаць свае прапановы ці заўвагі па праекце Асноўнага Закона. Можна накіроўваць свае меркаванні праз акаўнты Маладзёжнага парламента ў сацыяльных сетках або спецыяльную форму на сайце структуры mpns.by.

Бажэна ЯРЭМІЧ, дырэктар — мастацкі кіраўнік цэнтра «Нацыянальная школа прыгажосці»:

— Скажу без перабольшвання: работа ў складзе Канстытуцыйнай камісіі для мяне — вельмі вялікі гонар і адказнасць. У праект Канстытуцыі ўкладзена каласальная праца. Над кожным артыкулам і фармулёўкай усе члены камісіі працавалі гадзінамі, усё шчыльна абмяркоўвалі і вывяралі, выязджалі ў рэгіёны, наведвалі працоўныя калектывы, праводзілі дыялогавыя пляцоўкі.

Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на замацаванне на ўзроўні Асноўнага Закона захавання гістарычнай памяці і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Мне асабіста цікава было ўдзельнічаць у абмеркаванні і ўзгадненні важных аспектаў, якія датычылі Усебеларускага народнага сходу і пераразмеркавання паўнамоцтваў улады.

Паколькі Канстытуцыя — гэта Асноўны Закон дзяржавы, на якім базіруецца ўсё астатняе заканадаўства, любая фармуліроўка, якая будзе ісці насуперак існуючым нарматыўным прававым актам, пацягне іх перагляд і карэкціроўку.

Канстытуцыю можна параўнаць з трывалым падмуркам, на якім будуюцца сучаснасць і будучыня агульнага дома — Беларусі.

Запісалі Вольга АНУФРЫЕВА, Вераніка КАНЮТА, Арына КАРПОВІЧ, Валерыя СЦЯЦКО, Маргарыта УШКЕВІЧ.

Загаловак у газеце: «Абсалютны прыярытэт нацыянальных законаў, нацыянальнага права»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.