Вы тут

Экслібрысіст Сяргей Фарцінскі: «Я навуковы работнік. Жыву ў Тарусе толькі ў час адпачынку...»


У Беларусі добра вядомае імя мастака, аўтара многіх кніжных знакаў, зробленых на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, Анатоля Мікалаевіча ТЫЧЫНЫ (1897 — 1986), якога па праву называюць летапісцам Мінска, адным са стваральнікаў беларускай графікі XX стагоддзя. Патрыярх беларускай каляровай лінагравюры. У мастацкіх выстаўках майстра ўдзельнічаў з 1919 года Анатоль Мікалаевіч — аўтар кніжных знакаў М. Каспяровіча, М. Шчакаціхіна, В. Вольскага, А. Мальдзіса, У. Караткевіча, П. Глебкі, Я. Маўра, З. Азгура, М. Кацара... 


Радзей пра Анатоля Мікалаевіча згадваюць як пра калекцыянера і даследчыка экслібрысаў. У 1928 годзе ў Мінску пабачыла свет кніга А. Шлюбскага «Exlibrisы А. Тычыны». А ў 1975-м — кніга В. Шматава і А. Тычыны «Беларускі экслібрыс». 

У многім святло на калекцыянерскія і мастацкія памкненні Анатоля Мікалаевіча пралівае яго перапіска з калекцыянерамі, вядомымі савецкімі экслібрысістамі... Гэтыя лісты і цяпер захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Адзін з найболей актыўных карэспандэнтаў графіка — Сяргей Пятровіч ФАРЦІНСКІ (1906 — 1971). У калекцыянерскі рух Фарцінскі, які ў дарослым жыцці стаў дасведчаным юрыстам, абараніў доктарскую дысертацыю, быў дасведчаным выкладчыкам, напісаў мноства прац па сваёй спецыяльнасці, увайшоў з самай маладосці. З дзяцінства Сяргей бачыў перад сабою кнігі, багатую хатнюю бібліятэку. Бацька Сяргея Пятровіча меў кнігазбор болей чым з 6000 тамоў. У маладосці Фарцінскі сыйшоўся з дырэктарам бібліятэкі Наркамата асветы Мікалаем Юр’евічам Ульянінскім (1872 — 1937), рускім і савецкім бібліёграфам і бібліяфілам. Мікалай Юр’евіч сабраў унікальную бібліятэку ў 25 000 тамоў. Ульянінскі пазнаёміў Сяргея Фарцінскага з многімі маскоўскімі бібліяфіламі і кнігавыдаўцамі. Менавіта яны — Адарукаў, Арлоў, Сідараў, Эцінгер, Сабашнікаў — прывілі маладому чалавеку сапраўдную любоў да кнігі, кніжніцтва. Ужо ў 1926 годзе 20-гадоы Сяргей Фарцінскі меў калекцыю ў 500 кніжных знакаў. Праўда, праз некаторы час экслібрысіст пачаў займацца нумізматыкай. А да актыўнага збірання экслібрысісаў вярнуўся толькі ў пасляваенны час. Калекцыя С. П. Фарцінскага з часам налічвала 39 000 (! ) экслібрысаў. А ў бібліятэцы Сяргей Пятровіча мелася 6500 тамоў кніг па рускай гісторыі, мемуараў, выданняў па мастацтву, нумізматыцы і кнігазнаўства. Фарцінскі надрукаваў 15 кніг, прысвечаных экслібрысу, гісторыі кніжнага знака, калекцыянерам-экслібрысістам і мастакам — аўтарам кніжных знакаў. 

... 10 жніўня 1960 года Сяргей Пятровіч Фарцінскі піша Анатолю Мікалаевічу Тычыне з Тарусы: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! Прабачце, што звяртаюся да Вас, не маючы задавальнення быць з Вамі знаёмым. Вы верагодна прабачыце мне гэтую вольнасць, даведаўшыся, што я калекцыянер экслібрысаў і аўтар шэрагу невялікіх прац пра іх. 

З заметкі ў „Вечерней Москве“ я даведаўся, што вы наладзілі ў Мінску выстаўку кніжных знакаў, у сувязі з гэтым і звяртаюся да Вас з пакорнейшай просьбай: калі выйшаў каталог выстаўкі, ці нельга атрымаць 2-3 экзэмпляры яго? Калі гэта падасца магчымым, то буду Вас прасіць выслаць мне яго накладзеным плацяжом па майму маскоўскаму адрасу: Масква-цэнтр, вул. Чарнышэўскага, д. 2/1, кв. 15, Сяргею Пятровічу Фарцінскаму. У Маскве я буду да 1 верасня. 

Калі Вы калекцыяніруеце экслібрысы, быць можа, я змагу быць Вам карысным: я вяду абмен. Вашы работы ў мяне маюцца, але, канешне, відаць, не ўсе. 

Пра сябе я магу паведаміць наступнае: я навуковы работнік, жыву ў Тарусе толькі ў час адпачынку. Збіраю рускія і савецкія кніжныя знакі, абмежаваныя тэрыторыяй б. Расійскай імперыі і СССР. <...> Памер калекцыі 15 тыс. нумароў. 

Укладваю мой апошні экслібрыс працы маст. А. І. Юпатава ў двух памерах. Іншых маіх экслібрысаў у мяне з сабою няма.

У чаканні адказу, 

з Павагай да Вас С. П. Фарцінскі». 

Так пачалося ліставанне і так пачалося фактычна эпісталярнае сяброўства двух захопленых экслібрысам і кнігай людзей. І хаця паміж імі была розніца па ўзросце ў дзевяць гадоў, усё адно яны былі людзьмі аднаго пакалення, аднаго часу... 28 верасня 1960 года Сяргей Пятровіч піша ўжо з Масквы: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! 

Вельмі ўдзячны за паштоўку, я атрымаў яе сёння і шмат разоў спрабаваў звязацца з „Домам мастака“ па тэлефоне, але дарэмна: тэлефон увесь час заняты, верагодна, ён проста сапсаваны. Таму, хаця я і ведаю, што пошта ў падмаскоўныя мясціны ідзе вельмі марудна, вымушаны прыбегнуць да гэтага ліста. 

Я быў бы вельмі рады, калі б Вы заехалі да мяне, папярэдне пазваніўшы мне па тэлефоне: Б — 8 — 33 — 56, у любы вечар, акрамя пятніцы і панядзелка. Я быў бы рады паказаць Вам сваю калекцыю і калі Вы не пярэчыце, то пачаць абмен. Кнігі пра Вас выдання 1923 года ў мяне няма...» Размова — зразумела, пра кнігу А. Шлюбскага выдання 1928 года... І далей: «Калі званіць мне лепей вечарам, то пра сустрэчу можна дамаўляцца і на дзень: у мяне бываюць вольныя гадзіны, а часам і дні. Знайсці мяне проста: побач з метро „Плошча Дзяржынскага“ Армянскага завулка. Справа, прадаўжэннем Армянскага завулка з’яўляецца Старасадскі завулак, у якім я жыву. Па завулку мой дом N 1 (кутавы), побач з маім парадным — уезд у двор. На 3-м паверсе кватэра N 15 і справа ад дзвярэй мой званок. Буду вельмі рады прыняць Вас у сябе. Дарэчы, сёння атрымаў ад Л. А. Літошанка Ваш хатні адрас...» Невялікае адступленне. Літошанка Леанід Аляксандравіч (1907 — 1972) архітэктар, старшыня праўлення Курскага аддзялення Саюза архітэктара (люты 1954 — красавік 1955). Бібліяфіл, калекцыянер экслібрысаў і паштовых марак. Літошанка быў першым, хто падняў пытанне пра стварэнне ў Курску помніка-аркі (зараз Трыумфальная арка) у гонар перамогі ў Прохараўскім баі — галоўным у Курскай бітве. Першы экслібрыс стварыў у 1936 годзе. Авалодаў мастацтвам лінагравюры, тэхнікай «сухой іголкі» і распрацаваў уласную тэхніку гравіравання. Усяго Літошанка выканаў каля 80 кніжных знакаў. Сярод іх — экслібрысы К. Паўстоўскага, К. Федзіна. Шырока вядомы экслібрыс, які курскі мастак выканаў для маскоўскага калекцыянера Матко, які сабраў ўнікальную калекцыю «Усё пра Гашака і Швейка». 

Але ж вернемся да лістоў Фарцінскага... 4 снежня 1960 маскоўскі калекцыянер піша ў Мінск: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! 

Удзячны Вам за дасланыя каталогі экслібрысаў. З задавальненнем разглядаў іх і з задавальненнем адзначыў, што экслібрысы ізноў пачынаюць атрымліваць права грамадзянства! Пры беглым праглядзе знайшоў некалькі памылак <...> А ўвогуле, каталог робіць добрае ўражанне. Ці нельга раздабыць яшчэ некалькі экзэмпляраў? 

Ці ўгаварылі Вас прадаць калекцыю? Калі ўгаварылі, не сумуйце: шляхам абмену ўзновіце яе. З цікавасцю чакаю атрымання ад Вас абяцаных знакаў: пасылаю Вам дваццаць экслібрысаў працы майго таварыша, мастака В. М. Багданава, да наступнага разу падрыхтую яшчэ адну партыю: ён выканаў шмат кніжных знакаў, за 30 гадоў сваёй працы — болей 200 штук...» Рукою А. Тычыны ўнізе ліста Сяргея Пятровіча — пазнака алоўкам пра тое, што 27 снежня адпраўлена 44 знакі і 8 выдавецкіх марак... 

І ўжо 3 студзеня 1961 года Сяргей Фарцінскі піша ў Мінск: «...Сардэчна дзякую Вам за пісьмо і экслібрысы. І ў мяне ўсе дасланыя Вамі знакі пайшлі ў калекцыю. Экслібрыс з літарамі: Е. В. выкананы В. М. Багданавым для Е. Велціставай і павінен адлюстроўваць сустрэчу Аксоль карабля з пунсовымі ветразямі. 

Адпраўляю Вам 36 экслібрысаў працы таго ж В. М. Багданава, шэсць прыбалційскіх, экслібрыс Брытанскага консульства ў Маскве працы невядомага мне мастака і, нарэшце, экслібрыс вядомага бібліяфіла М. А. Рубакіна, выкананы ім самім. Як Вы бачыце з дасланых знакаў, В. М. Багданаў любіць выконваць свае экслібрысы рознымі фарбамі. Паколькі я збіраю варыянты, то мне з яго экслібрысамі даводзіцца часам няпроста!

Ваш артыкул у „Советской культуре“ прачытаў з вялікім задавальненнем. Ён вельмі своечасовы і я лішні раз парадаваўся таму, што на кніжныя знакі пачалі звяртаць болей увагі. Мне даслалі выразкі з Уладзімірскай газеты і з Навасібірскай газеты, прысвечаныя экслібрысам. 

Тамбоўскага Нікіфарава ведаю праз свайго таварыша, які калекцыяніруе матэрыялы пра рускіх і савецкіх мастакоў. Нікіфараў збірае ўсё і як быццам, па сутнасці, нічога. Адзіны цікавы яго збор заключаецца ў малюнках Бурлюка, якія ў яго налічваюцца сотнямі. 

Мяне цікавіць Ваша меркаванне пра мой артыкул з 2-га тома „Кнігі“, канешне, Вы мне нічога за адбіткі не „абавязаны“. Як ставяцца іншыя беларускія мастакі да экслібрысаў, і ці не збіраюцца па Вашаму прыкладу выконваць іх? Ці цікавіцеся эстонскімі экслібрысамі? Калі так, то дашлю ў наступны раз. Не знойдзецца ў Вас яшчэ аднаго экзэмпляра кнігі пра Вас? Мяне пра яе просяць, калі знойдзецца і Вы зможаце даслаць, буду надзіва абавязаны...» І напрыканцы яшчэ вось пра што: «Рыхтуйце патроху артыкул для „Советской книжной торговли“ . Было б пажадана адзін з іх атрымаць у студзені». 

Анатоль Мікалаевіч даслаў Сяргею Пятровічу яшчэ адзін асобнік кнігі, за што Фарцінскі і вельмі дзякаваў ужо ў лісце ад 8 лютага 1961 года... На лісце Фарцінскага за 5 сакавіка 1961 г. — тычынаўская пазнака пра тое, што 22 сакавіка Анатоль Мікалаевіч адправіў у Маскву 25 кніжных знакаў і заметку з «Чырвонай змены»... А ў самім лісце Фарцінскага чытаем: «Днямі было пасяджэнне рэдакцыйнай калегіі часопіса „Советская книжная торговля“, у якую мяне ўвялі па лініі экслібрысаў. Галоўны рэдактар зацікаўлены ў Вашым артыкуле пра Беларускіх мастакоў-экслібрысістаў. Таму, вельмі прашу Вас, не пакідаючы ў доўгую скрыню, прыдумаць яго старонак на 7- 8 машынапіснага тэксту і разам з 12-14 фотаздымкамі экслібрысаў даслаць як найхутчэй...» І далей: «Як складваюцца справы з Вашай калекцыяй? Што новага выканалі? Ці не ўдалося падахвоціць іншых мастакоў заняцца экслібрысамі? Вілінбахаў паведамляе, што на выстаўцы твораў 1960 года будзе прадстаўлена 890 экслібрысаў. Гэта — відавочнае дасягненне. Рост экслібрыснай прадукцыі заўважны і акрамя таго, суадносіны, як быццам, пачынаюць складвацца на карысць рускіх, беларускіх і іншых, а не Прыбалційскіх, чаго я заўсёды баяўся...» 

Фарцінскі і Тычына высвятляюць прыналежнасць некаторых экслібрысаў, пытаюцца пра мастацкія вартасці кніжных знакаў, якія дасылаюць адзін аднаму. Відавочна, што Анатоль Мікалаевіч з’яўляецца для маскоўскага калекцыянера высокім аўтарытэтам. Фарцінскі дзеліцца інфармацыяй пра пашырэнне сваёй калекцыі: «Я, канешне, працягваю калекцыяніраванне. Яно крыху затармазілася ў гэтым годзе з-за моцнай занятасці і адсутнасці часу на лісты. Аднак, зараз я вызваліўся і буду навёрстваць страчанае. У мінулым годзе я набыў даволі вялікую калекцыю...» Гэта — з ліста ад 4 ліпеня 1963 года. 13 мая 1963 года Фарцінскі піша ў Мінск: «Дзякуй за дасланыя экслібрысы. Вашы працы заўсёды з вельмі прыемным пачуццём змяшчаю ў свой збор. Дасылаю Вам некалькі знакаў. Стараўся падабраць болей цікавае і найноўшае, хаця дублетаў вельмі мала з-за затрымкі перапіскі. Атрымаў ад Судлянкова другі выпуск яго „Беларускіх экслібрысаў“. Вітаю яго інціыятыву, з задавальненнем перапляту выпускі, калі іх стане болей...»

Размова — пра мінскага калекцыянера, шчырага прапагандыста экслібрысістыкі Алега Аляксандравіча Судлянкова, які і збірае кніжныя знакі на працягу, лічы, шасці дзесяткаў гадоў. І яшчэ актыўна па-ранейшаму выступае ў друку з матэрыяламі пра бібліяфільскія справы, кніжны знак. 

З ліста С. Фарцінскага ад 22 сакавіка 1969 года: «Дзякую Вас за ліст, каталог і экслібрыс Палікарпава... <...> Каталог выдадзены вельмі добра. З Вашай лёгкай рукі сталі з’яўляцца каталогі беларускіх знакаў і ў Мінску і ў Баранавічах. Вельмі гэта радуе: людзі разабраліся, што такое — экслібрыс і заіцкавіліся ім усур’ёз. 

Кніга Мінаева і Фарцінскага знаходзіцца ў друкарні...» Размова, пэўна ж, пра «Экслібрыс» Яўгена Мікалаевіча Мінаева і Сяргея Пятровіча Фарцінскага (Масква, «Книга», 1970)... Кніга пабачыла свет накладам 20 000 экзэмпляраў і даволі хутка разыйшлася. Зрэдзьчасу яе і зараз можна знайсці праз букіністычны гандаль у сетцы інтэрнэта... У «Экслібрысе» ёсць некалькі згадак пра А. Тычыну. Анатолю Мікалаевічу прысвечана і асобная старонка ў вельмі лаканічным раздзеле «Мастакі Беларусі» — з рэпрадукцыяй знака «З кніг літ. гуртка Колас». І — ўсяго дзевяць радкоў пра А. М. Тычыну... 

7 лютага 1970 года Сяргей Пятровіч Фарцінскі піша ў Мінск: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! 

Вельмі Вам удзячны за пісьмо і экслібрысы, а таксама і за калькі знакаў Радзівілаў...» Тэмы старых кніжных знакаў праходзіць і ў іншых лістах. «Калі будзеце ў Маскве, — піша Фарцінскі 9 красавіка 1970 года, — абавязкова заходзьце, незалежна ад фатаграфавання Радзівілаўскіх знакаў. Канешне, з задавальненнем прадастаўлю сваю калекцыю ў Ваша распараджэнне. Вы толькі павінны ведаць прозвішчы ўладальнікаў тых знакаў, якія Вам патрэбна будзе фатаграфіраваць: мая калекцыя размешчана па прозвішчах уладальнікаў...» 18 кастрычніка 1970 года: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! Вялікі Вам дзякуй за падборку Вашых экслібрысаў... <...> Вяртаю фота Радзівілаўскіх знакаў. На адвароце кожнага алоўкам запісаў тыя скупыя звесткі пра ўладальнікаў, якімі валодаю. Знакі ўнікальныя і, відаць, не часта сустракаюцца...»

Кніжная культура набывае сёння новыя характарыстыкі. Ранейшыя гістарычныя формы ўшанавання Яе Вялікасці Кнігі часам губляюцца. І як на маё прыватнае меркаванне постаці такіх апантаных служкаў кнігі варта згадваць як найчасцей... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ.

Эканоміка

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Выконваючы праграму па імпартазамяшчэнні, зараз можна зарабіць сапраўды вялікія грошы.

Грамадства

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.