Вы тут

Тую разламала снегам — што рабіць


Усім уладальнікам прысядзібных участкаў варта памятаць, што непатрабавальны — не значыць непаражальны. Якімі б марозаўстойлівымі не былі іглічныя культуры, яны гэтак жа, як і пладовыя дрэвы і кусты, могуць ламацца пад уздзеяннем неспрыяльных пагодных умоў.


Фота: pixabay.com

Алгарытм мерапрыемстваў па выратаванні паламанага дрэва будзе залежаць не столькі ад дыяметра галіны, якая адламалася, колькі ад лакалізацыі траўмы і габарытаў расліны. Усё-ткі ёсць вялікая розніца, паламалася галінка дыяметрам 2,5-3 см у 50-сантыметровага высадка або ў дарослага трохметровага дрэва.

1. Надламалася тонкая галінка дарослага дрэва. Мабыць, найменш траўматычная сітуацыя, якую можна лёгка вырашыць пры дапамозе абразання. Каб дапамагчы туі, адпілуйце галінку садовай нажоўкай або зрэжце абламаную галінку нажом. Калі вы выявілі рану да пачатку руху смалы, апрацуйце яе 3%-ным растворам меднага купарвасу, а калі сродак цалкам высахне, замажце рану садовым варам або адмысловай замазкай.

2. Надламалася тоўстая галінка буйнога дарослага дрэва. Пашкоджаную, але цалкам не адламаную галінку дарослага дрэва можна паспрабаваць выратаваць пры дапамозе шыны — дзвюх драўляных планак даўжынёй 15-20 см і шырынёй 2 см. Акуратна злучыце надламаныя часткі так, каб кара сумяшчалася з карой, а драўніна з драўнінай, і замажце разлом садовым варам або замазкай.

Затым прыкладзіце да галінкі з двух бакоў шыну. Для таго каб галінка не атрымала пашкоджанняў, але на гэты раз ужо ад саміх шын, пакладзіце паміж ёю і дзеравякамі пласт брызенту або тонкай гумы. Зафіксуйце шыну пры дапамозе пругкай павязкі, а затым стварыце ўсе ўмовы, для таго каб галінка заставалася ў патрэбным становішчы, напрыклад, пастаўце пад яе падпорку або падвяжыце да суседняй, мацнейшай, галінкі на неабходнай вам адлегласці.

Калі пры аглядзе дрэва вы выявілі надламаную галінку, у якой, да ўсяго іншага, не засталося іголак, можаце смела яе выдаляць. Іглічныя расліны, у адрозненне ад большасці ліставых, спячых пупышак не маюць. Таму пры адсутнасці зеляніны такія галінкі хутка спыняюцца ў развіцці і засыхаюць.

3. Галінка вялікага дрэва адламалася з часткай ствала. Для пачатку ацаніце маштабы пашкоджання. Калі галінка адламалася ад ствала і трымаецца літаральна на адной кары, мае сэнс разгледзець варыянт поўнага выдалення паламанай галінкі. У гэтым выпадку паступаюць гэтак жа, як і пры звычайным абразанні вялікіх галін: выдаліць, зачысціць, апрацаваць зрэз замазкай або варам. Гэты ж падыход будзе апраўданы і ў тым выпадку, калі надламалася галінка, размешчаная ў верхняй частцы кроны.

Калі ж абламаны сук размешчаны знізу і трымаецца пры гэтым досыць моцна, то яго акуратна прымацоўваюць да ствала, імкнучыся сумясціць кару з карой, драўніну з драўнінай, і, калі рух смалы яшчэ не пачаўся, замазваюць адмысловым сродкам. У выпадку калі галінка адшчапілася ад ствала толькі часткова, пэўныя шанцы на выратаванне дрэва захоўваюцца. Галоўнае — забяспечыць пашкоджанай галінцы фіксаванае становішча пры дапамозе падпорак і падвязвання.

Аднак калі галінка абламалася больш чым на палову, адзінае, што застаецца, гэта спілаваць сук вышэй за месца пералому, а тую яго частку, якая ўсё яшчэ не аддзялілася, замазаць па расколіне садовым варам і прыматаць пры дапамозе чыстай тканіны, замацаваўшы дротам. Галінку гэтыя маніпуляцыі, вядома, не выратуюць, аднак зберагуць дрэва ад утварэння дупла.

4. Адламалася галінка ў маладога саджанца або невысокай расліны. Добрая навіна ў тым, што нават калі ваша маладая туя зламалася амаль каля самага нізу, вы можаце паспрабаваць яе прыжывіць пры дапамозе ізастужкі або садовай стужкі для прышчэпкі.

Звярніце ўвагу, што абеззаражваць унутраную частку надлому не трэба. Калі вы гэта зробіце, то папросту спаліце здаровыя клеткі камбію і драўніны, з-за чаго новыя тканкі не нарастуць, а значыць, і сама галінка не прыжывецца. Калі ж вы заўважылі ў месцы разлому прыкметы грыбковых захворванняў, выратаваць галінку амаль дакладна не атрымаецца. Найлепшае выйсце з такой сітуацыі — выразаць галінку да здаровых тканак.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?