Вы тут

Як будзе арганізавана святкаванне ў навагоднюю ноч у сталіцы і абслугоўванне адпачываючых


Агульны план гарадскіх святочных мерапрыемстваў да Новага года ўключае больш за 200 тэматычных мерапрыемстваў. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме начальнік аддзела ўстаноў культуры ўпраўлення культуры сталічнай мэрыі Кацярына Усава. 


Святкаванні стартавалі 14 снежня. Асноўныя пляцоўкі — каля Палаца спорту і ў Верхнім горадзе. А вось галоўныя мерапрыемствы распачаліся 25 снежня.

У навагоднюю ноч гулянні пройдуць на 22 пляцоўках ва ўсіх раёнах сталіцы. Кірмаш каля Палаца спорту стане цэнтральным месцам прыцягнення. Чакаюцца выступленні папулярных артыстаў, піратэхнічныя эфекты, сюрпрызы і падарункі.

Чакаюць сваіх гледачоў і ўстановы культуры, якія падрыхтавалі спектаклі і паказы для дзяцей і дарослых. 

Буйныя гіпермаркеты сталіцы напярэдадні Новага года падоўжаць рэжым работы. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная. Сфера гандлю падрыхтавалася да навагодніх святаў, стварыўшы неабходныя запасы запатрабаваных у гэты перыяд тавараў.

1 студзеня харчовыя крамы будуць працаваць у звычайным рэжыме. А 30 снежня некаторыя буйныя аб’екты гандлёвых сетак павялічаць рэжым работы для зручнасці пакупнікоў.

У прыватнасці, гіпермаркеты Green будуць працаваць да паўночы 30 снежня, да гэтага ж часу падоўжаць абслугоўванне буйныя крамы сеткі «Еўрагандаль» 29 і 30 снежня. Крама «Гіпа» на вуліцы Гарэцкага будзе працаваць 30 снежня да гадзіны ночы. Леташні досвед паказаў, што попыт ёсць нават у такі час, заўважыла Алена Нагорная.

Сталічныя ўнівермагі 31 снежня працуюць у звычайным рэжыме — да 21.00, а 1 студзеня будзе выхадным. На Каляды, 7 студзеня, ГУМ чакае наведвальнікаў з 9.00 да 21.00, іншыя ўнівермагі — з 10.00 да 20.00.

Галоўным транспартам у навагоднюю ноч стане метро. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме дырэктар ДП «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў.

Метрапалітэн будзе працаваць з паўночы да 4 гадзін раніцы. Чакаецца, што ён забяспечыць асноўныя транспартныя сувязі. Наземны транспарт будзе абслугоўваць пасажыраў да пятай гадзіны раніцы. Традыцыйна 1 студзеня чакаецца зніжэнне пасажырапатоку, таму з ранку будуць скарочаны некаторыя рэйсы.

Як будзе арганізавана бяспека ў месцах навагодніх гулянняў, расказаў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Сяргей Гарохаў.

Пры правядзенні святочных мерапрыемстваў у Мінску ў навагоднюю ноч узгоднена рэалізацыя алкаголю на разліў, але яна будзе спынена ў 3 гадзіны. Але пры гэтым знаходжанне ў месцах гулянняў у стане моцнага ап’янення будзе кантралявацца міліцыяй.

Асаблівая ўвага будзе звернута на гарантаванне бяспекі на буйных адкрытых пляцоўках, дзе чакаецца больш за 500 удзельнікаў. Уваход на асноўныя пляцоўкі — праз кантрольна-прапускныя пункты.

У Мінску ў месцах масавых навагодніх гулянняў будуць дзяжурыць 11 брыгад хуткай дапамогі. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Павел Удот. Акрамя таго, чатыры брыгады будуць знаходзіцца ў рэзерве на падстанцыях.

У бальніцах створаны неабходны рэзерв хірургічнага профілю, запас медыкаментаў і іншых сродкаў аказання дапамогі. Дзяжурныя брыгады прыёмных аддзяленняў узмоцнены кваліфікаванымі супрацоўнікамі.

Амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі 1-2 студзеня будуць працаваць паводле графіка святочнага дня. У суботу ў паліклініцы будзе знаходзіцца дзяжурны ўрач, выконваць прыёмы дома. У нядзелю дзяжурны ўрач будзе знаходзіцца на працы да 15.00.

Павел Удот дадаў, што традыцыйна ў навагоднюю ноч даводзіцца прыцягваць шмат працоўных рэсурсаў, але, як правіла, «нічога звышнатуральнага не адбываецца».

Міліцыя забяспечыць ахову грамадскага парадку ў месцах правядзення навагодніх свят і на тэрыторыі Міншчыны. Аб гэтым паведамілі ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама.

На маючых адбыцца выхадных на тэрыторыі Мінскай вобласці запланавана 356 мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Новага года. Нарады Дзяржаўтаінспекцыі будуць набліжаны да месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў для забеспячэння дарожнай бяспекі, арганізаваны маршруты аб’езду ўчасткаў, на якіх рух будзе абмежаваны, а таксама своечасовае інфармаванне аб усіх змяненнях арганізацыі дарожнага руху. У месцах вялікай колькасці грамадзян у мэтах бяспекі праход будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты.

Праваахоўнікі нагадалі, што ў адпаведнасці з законам аб правядзенні масавых мерапрыемстваў наведвальнікам забаронена мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую ці іншую зброю, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы. Каб пазбегнуць атрымання траўм у месцах правядзення запланаваных мерапрыемстваў забаронена выкарыстанне піратэхнічных вырабаў. Для камфортнага адпачынку лепш прыходзіць у месцы правядзення мерапрыемстваў загадзя. Асобы, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, да месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў дапушчаны не будуць. У выпадку выяўлення безгаспадарных або падазроных прадметаў неабходна неадкладна інфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».