Вы тут

Дзе шукаць сакрэты Новага года?


Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі, у эфіры якіх ужо прадчуваецца набліжэнне самых чароўных свят, прадставяць сваёй аўдыторыі разнастайнае «меню» ў ноч з 31 снежня і 1 студзеня: канцэрты ў кампаніі зорак першага сезона шоу «X-Factor» і музычных калектываў медыяхолдынга, любімыя калядныя фільмы, а таксама спецвыпускі праграм.


Старт апошняму дню адыходзячага года на тэлеканале «Беларусь 1» дадуць у праграме «Добрай раніцы, Беларусь!». У вялікім святочным выпуску ранішняга шоу ўспомняць найлепшыя і самыя яркія падзеі 2021-га. А днём пра свой «Сэнс жыцця» распавядзе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, майстар пераўвасабленняў, гумару і галоўны Дзядуля Мароз краіны Уладзімір Радзівілаў.

Задаваць святочна-рамантычны тон фінальнай падрыхтоўцы будуць на працягу дня меладрамы «Навагодні экспрэс» і «За пяць хвілін да студзеня». А ў вячэрнім эфіры гледачоў чакае асаблівы падарунак ад творчай групы медыяхолдынга: музычная тэлепрэм'ера мінаючага года — талент-шоу «X-Factor у Беларусі» збіраецца «запаліць» навагодні эфір. Любімыя фіналісты і іх найлепшыя конкурсныя нумары, а таксама прафесійныя педагогі, зорныя настаўнікі і вядомыя артысты эстрады будуць спяваць для вас. У святочную ноч Руслан Аляхно, Вольга Бузава, Яўген Курчыч, Наталля Тамела, Хелена Мерааі, Дзяніс Клявер, Радыён Газманаў, Sevak, FІLATOV & KARAS, ВІА «Песняры», гурт «Dabro» і многія іншыя артысты збяруцца ў вялікім гала-канцэрце, каб павіншаваць тэлегледачоў з Новым годам.

У 23:50 на «Беларусь 1» і ў эфіры іншых тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі — Навагодняе віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Першыя хвіліны новага 2022 года музычную эстафету падхопяць тэлеканцэрты Яўгена Кунгурова і Севака Ханагяна з прэм'ернай серыі «Зоркі эстрады на «Беларусь 1», а вечарам 1 студзеня ўбачым фільм-канцэрт Аляксандры Гайдук з новага «зорнага» цыкла. У першы дзень новага года таксама пакажуць «Галоўную ёлку краіны» ў 10.50 з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а днём — тэлеверсію Навагодняга маладзёжнага балю ў Палацы Незалежнасці.

Насычаную праграму для ўсёй сям'і падрыхтаваў і тэлеканал «Беларусь 2».Святочнымі спецвыпускамі адзначацца праекты «Уключайся!», «На тыдзень» і «Тэлебарометр», а вядучыя і карэспандэнты праекта «ПІН_КОД» паспрабуюць аднавіць атмасферу 1980-х. Тут падзеляцца сакрэтамі прыгатавання страў таго часу, успомняць культавыя фільмы, а яшчэ правядуць спецыяльную прэмію «найлепшых гледачоў».

Апошнія імгненні 2021 года на «Беларусь 2» прапаноўваюць правесці з гумарам і песнямі і за праглядам інтэлектуальна-забаўляльнай шоу-віктарыны «Вежа», дзе спаборнічаць будуць арт-гурт «Беларусы» і каманда заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі. А ў навагоднюю ноч тут прапануюць прагляд трох першых частак франшызы «Адзін дома».

Сацыякультурны тэлеканал, у сваю чаргу, пакажа гледачам класіку кіно для дзяцей і дарослых, пазнаёміць з рэцэптамі навагодніх страў і парадуе музычнымі падарункамі. На «Беларусь 3» у 19:45 убачым тэлеканцэрт «Навагодні настрой» сімфанічнага аркестра медыяхолдынга, а ў 23:35 прагучаць хіты ансамбля народнай музыкі «Бяседа». Любімыя кампазіцыі і калядныя песні стануць душэўным суправаджэннем свята ў коле родных і блізкіх. З надыходзячымі, сябры!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.