Вы тут

Фонд Аляксея Талая запускае глабальны патрыятычны праект


Чым далей у гісторыю адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш узрастае важнасць захавання памяці. Унікальны вопыт ветэранаў —тое, без чаго сёння немагчыма стварыць новую гісторыю, упэўнена рухацца наперад усёй краіне і кожнаму чалавеку паасобку.


Нездарма матывацыйны спікер Аляксей Талай у сваіх выступленнях і інтэрв'ю падкрэслівае: той страшны ўдар, страту рук і ног, ён перажыў дзякуючы свайму дзядулю, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны. Сваёй падтрымкай, парадамі, вынесенымі з суровага жыццёвага вопыту, ён навучыў любімага ўнука, што галоўнае — гэта само жыццё, якім бы складаным і несправядлівым яно ні падавалася.

Аляксея Трафімавіча Талая не стала ў 2017 годзе. Але любімы ўнук Аляксей не перастае цытаваць яго крылатыя выразы, кіравацца яго парадамі і прыводзіць дзядулю ў прыклад. Ён на гэтым вырас — і гэта яго арыенцір на ўсё жыццё. Каб такі арыенцір быў ва ўсіх, Дабрачынны фонд Аляксея Талая рэалізаваў грандыёзны праект «Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням».

У лютым 2021 года Дабрачынны фонд Аляксея Талая і Міністэрства адукацыі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. «Мы маем велізарны вопыт работы ў розных кірунках. Напрыклад, наш праект «Спартсмены Беларусі — сіла ў адзінстве!» быў адзначаны кіраўніком дзяржавы. Як заснавальнік фонду я атрымаў узнагароду з рук самога Прэзідэнта. Сёння мы хочам анансаваць важны праект «Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням» Гэты праект накіраваны на тое, каб нашы дзеці мелі вобраз Перамогі, пераадолення, здавалася б, немагчымага. Я ўспамінаю гісторыі пра вайну, якія расказваў мне дзядуля, яго апавяданні пра тое, як яны дзяліліся апошнімі крошкамі хлеба, адстойваючы нас, сучасных беларусаў, і разумею: нягледзячы ні на што, ідзі наперад», — адзначаў Аляксей.

«Сутнасць праекта «Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням» заключаецца ў аднаўленні гістарычнай памяці, захаванні сувязі пакаленняў, якая цяпер страчваецца, уцягванні моладзі ў вывучэнне гісторыі. Вялікая Перамога была агульнай, дзякуючы гэтаму яна і адбылася. Яна далася вельмі дарагой цаной, і наш святы абавязак — захоўваць памяць і павагу да продкаў-герояў. Выхоўваць маладое пакаленне не столькі словам, колькі справай і праз дзейнасць. Дзеці павінны нешта карыснае ствараць сваімі рукамі, нешта прыдумваць, мець дачыненне да агульнай дарослай справы. Тады ў іх застаецца важны практычны досвед. Веданне далёка не заўсёды становіцца навыкам, перакананнем, больш эфектыўна даць дзіцяці магчымасць прапусціць веды праз душу — быць уцягнутымі ў дзеянне», — адзначыла Алена Ярашэвіч, каардынатар сацыяльна-гуманітарных праектаў фонду імя Аляксея Талая.

Жамчужына праекта — зборнік дзіцячых эсэ аб вайне «Жывая памяць удзячных пакаленняў». Выданне на 45 тамоў стала самым вялікім зборнікам дзіцячых эсэ ў свеце. У Беларусі 3 тысячы школ, у фонд прыйшло каля дзвюх з паловай тысяч эсэ. Удзел у конкурсе быў добраахвотны. Дзеці дасылалі сямейныя гісторыі, дзяліліся сваімі думкамі. У эсэ вельмі шмат асабістай сямейнай інфармацыі, таму самая вялікая намінацыя — «Вялікая Айчынная вайна ў сямейнай гісторыі». Эсэ на гэтую тэму занялі ажно 18 тамоў. Шмат асабістых гісторый і ў іншых намінацыях.

Па словах Алены Ярашэвіч, у сваіх эсэ школьнікі не проста расказваюць вядомыя ім ваенныя гісторыі, не толькі дзеляцца сваімі думкамі на гэтую тэму, але і ўзнімаюць актуальныя пытанні. «Намінацыя «Чаму я святкую 9 мая» ўзняла актуальную на сёння праблему. У апошнія гады, у асноўным, у моладзі ўзнікаюць пытанні накшталт: «навошта мы святкуем Дзень Перамогі, столькі людзей загінула, а мы весялімся, парад праводзім» і іншыя. І ёсць некаторыя эсэ, дзе падобная думка прасочваецца. Яны паказваюць, наколькі лёгка змяніць успрыманне дзяцей, якія не зведалі вайны. Думаючы чалавек знойдзе ў гэтых дзіцячых разважаннях шмат карыснага для сябе. Мы свядома іх не рэдагавалі. Імкнуліся максімальна захаваць усё, як ёсць, каб паказаць, якія гісторыі расказваюць бабулі і дзядулі, як сучасныя дзеці ўспрымаюць вайну».

Плануецца, што выданне дзіцячых эсэ будзе ў кожнай бібліятэцы, у кожнай школе. Арганізатары праекта ўпэўненыя, што яго можна і трэба выкарыстоўваць на класных гадзінах, на школьных мерапрыемтсвах.

Дабрачынны фонд Аляксея Талая ініцыіраваў і стварэнне памятнага знака «Жывая памяць удзячных пакаленняў». У конкурсе, які праводзіўся разам з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, перамог эскіз скульптара Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава. Арганізатары сцвярджаюць, што гэта будзе помнік з вялікім сэнсам. «Дрэва — сімвал жыцця, якое нягледзячы ні на што, працягваецца, а трохвугольны ліст — вестка з мінулага ў будучыню. Галоўная ідэя помніка — жыццё працягваецца, і нашчадкі ўдзячныя за гэта. Прадугледжваецца, што помнікаў будзе тры — у Мінску, у Брэсце і ў Маскве. Вельмі хацелася падключыць да гэтага праекта дзяцей. Мы прапанавалі ім сабраць савецкія манеты, якія ёсць у кожным доме, і перадаць нам. Гэтыя манеты ўвойдуць у сплаў помнікаў. Важна даць дзецям магчымасць мець дачыненне да чагосьці вялікага. І як выдатна будзе, калі праз гады гэтыя ўжо пасталелыя дзеці прывядуць да помнікаў сваіх дзяцей і раскажуць, што ў іх стварэнні ёсць і іх унёсак», — раскрыла падрабязнасці Алена Ярашэвіч. — Мы нікога ні да чога не прымушаем, усе ўдзельнічаюць у нашых праектах добраахвотна. Наша задача — матываваць людзей. А яны, бачачы, што ёсць магчымасць стаць часткай вялікай, патрэбнай справы, загараюцца новымі ідэямі».

«Звязда» далучаецца да праекта «Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням». Хутка на старонках газеты з'явяцца эсэ, напісаныя яго ўдзельнікамі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».