Вы тут

Пра тое, што зроблена за апошні час і што чакае Случчыну далей расказаў старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі


Слуцкі раён мае багатую і цікавую гісторыю. Сёння ён з'яўляецца адным з лідараў сельскагаспадарчай і перапрацоўчай вытворчасці ў Мінскай вобласці.


— Год быў сапраўды складаны, — кажа Андрэй Уладзіслававіч. Тым не менш, калі адзначаць вынікі эканамічнага развіцця, ён выдаўся для нас добрым. Раён выконвае ўсе чатыры асноўныя паказчыкі, якія нам былі даведзены. Гэта, у прыватнасці, узровень заробку, які на сёння склаў 1163 рублі ў сярэднім па раёне (114,7 % да мінулага года).

Інвестыцыі ў асноўны капітал перавысілі 100 %. Стабільна пералічваюцца даходы ў бюджэт. Экспарт складае 110 %, і гэта яшчэ не канчатковая лічба. Дадатнае сальда знешняга гандлю — 280 мільёнаў долараў ЗША. Для Слуцкага раёна гэта даволі важкі паказчык, своеасаблівы рэкорд для нас. Сукупны ўклад раёна ў скарбонку Мінскай вобласці складае па сельскай гаспадарцы прыкладна 10 %, а па прамысловасці — 8 %.

Нягледзячы на тое што надвор'е было сёлета не вельмі спрыяльным, мы сабралі годны ўраджай. Па валавым зборы збожжа мы занялі першае месца ў вобласці і другое ў краіне. Дарэчы, лідарамі па валавым зборы збожжавых культур у Мінскай вобласці мы з'яўляемся на працягу чатырох гадоў. Сабраны рэкордны ўраджай рапсу (каля 30 тысяч тон пры ўраджайнасці 32,3 ц/га). Мы недарэмна зрабілі стаўку менавіта на гэту культуру і не прагадалі, атрымаўшы важкі прыбытак.

Добрай была сёлета і ўраджайнасць ільнотрасты. Мы цвёрда ўтрымліваем першае месца ў вобласці па валавой вытворчасці малака. У краіне па гэтым паказчыку мы займаем трэцяе месца. Павялічылася вытворчасць мяса: як свініны, так і ялавічыны.

Усе гэтыя дасягненні дазваляюць нам паспяхова развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельскагаспадарчых арганізацый. Тры гаспадаркі пры дапамозе абласнога выканаўчага камітэта пабудавалі новыя малочнатаварныя комплексы. Сёння туды завозяць жывёлу, і хутка гэтыя комплексы пачнуць дзейнічаць.

Прыемна, што 12 нашых найлепшых працаўнікоў атрымалі ўзнагароды на абласных «Дажынках». Гэта, безумоўна, радуе. Дарэчы, дэлегацыя Слуцкага раёна была на тым мерапрыемстве адной з найбуйнейшых.

— На якія рынкі накіроўваецца прадукцыя слуцкіх прадпрыемстваў?

— Мы актыўна дыверсіфікуем экспарт, асвойваем новыя рынкі збыту нашай прадукцыі. Напрыклад, значна пашырылі пастаўкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Туды накіроўваецца прадукцыя нашых мясакамбіната, сыраробнага камбіната, сахарарафінаднага камбіната і некаторых іншых прадпрыемстваў. Хачу адзначыць, што 77 % нашага экспарту дае менавіта сыраробны камбінат — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў дадзенага профілю ў рэгіёне. Дарэчы, яго сыравінная база складае ледзь не палову Мінскай вобласці.

Такія сельгаспрадпрыемствы Слуцкага раёна, як «Вясейскі Пакроў», «Казловічы-Агра», «Рачкавічы», аграфірма «Лучнікі», філіял сыраробнага камбіната, добра ведаюць за межамі Мінскай вобласці і нават краіны. Сёння яны актыўна развіваюцца, укараняюць новыя тэхналогіі, у прыватнасці рыхтуюцца значна пашырыць вытворчасць малака. Іх кіраўнікам я асабліва ўдзячны за дасягнутыя вытворчыя паказчыкі.

— А што ў апошні час зроблена для павышэння якасці жыцця насельніцтва Слуцкага раёна?

— Што датычыцца сацыяльнай сферы, то сітуацыя складваецца наступная: адпаведна з планам мы павінны пабудаваць
23 700 квадратных метраў жылля, і гэта заданне будзе выканана. На сённяшні дзень мы будуем чатыры шматкватэрныя дамы з усёй адпаведнай інфраструктурай. Значны крок зроблены і ў плане стварэння раёнаў індывідуальнай забудовы. Выканана поўнае добраўпарадкаванне двух такіх мікрараёнаў.

На працягу чатырох гадоў на Случчыне выконваецца даручэнне Прэзідэнта краіны аб паляпшэнні жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў. На дадзены момант засталося каля 300 сем'яў, якія павінны атрымаць новае жыллё. Сёлета змаглі палепшыць умовы жылля 66 шматдзетных сем'яў.

— Жыллё ў раёне будуецца даволі актыўна. А ці паспявае за гэтым неабходная сацыяльная інфраструктура: школы, дзіцячыя сады, амбулаторыі?

— У раёне і ў самім Слуцку з забеспячэннем насельніцтва дашкольнымі дзіцячымі ўстановамі праблем няма.

Наколькі дазваляюць магчымасці, выконваем рамонт цэнтральнай раённай бальніцы. Хоць і па адным аддзяленні ў год, але справа не стаіць на месцы. Будзем вырашаць пытанне паступова, бо гэта адна з найважнейшых задач.

— Якой вы бачыце будучыню Слуцкага раёна?

— Лічу, што Слуцкі раён, як і сёння, застанецца адным з лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці ў краіне. Будзе паступова развівацца яго перапрацоўчая галіна. Але мы плануем развіваць і такі напрамак дзейнасці, як турызм, у тым ліку і прамысловы. У нас ёсць некалькі прадпрыемстваў, дзе наведвальнікі маюць магчымасць не толькі азнаёміцца з сучасным вытворчым працэсам, але і пакаштаваць смачныя і арыгінальныя стравы. Адпаведныя планы ўжо ёсць. Не будзем забываць, што Слуцк — горад з багатай, старажытнай гісторыяй. Гэта таксама павінна прыцягваць шматлікіх гасцей. А яшчэ плануем пабудаваць агульнагарадскі цэнтр, дзе можна будзе займацца спортам альбо проста добра адпачываць. Плануецца далейшае добраўпарадкаванне горада, развіццё інфраструктуры. Упэўнены, што Слуцк стане яшчэ больш утульным і зручным для жыцця.

Хачу павіншаваць чытачоў газеты «Звязда» з надыходзячымі святамі. Жадаю, каб наступны год быў шчаслівым, багатым на добрыя падзеі, светлыя пачуцці, поспехі на карысць роднай Беларусі.

Сяргей РУЧАНАЎ

Загаловак у газеце: Новыя гарызонты

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.