Вы тут

Усходні гараскоп на 2022 год. Што абяцаюць вам зоркі?


Запальчывасць і зменлівасць — ключавыя рысы характару заступніка надыходзячага 2022 года, Чорнага Вадзянога Тыгра. У свае правы Тыгр уступіць 1 лютага, і з гэтага дня мы ў поўнай меры адчуем яго нораў. Ды і колер надыходзячага года — чорны або сіні — сімвалізуе нестандартнае мысленне і рашучасць. Зрэшты, водная стыхія змякчыць непрадказальны характар Чорнага Тыгра, сцвярджаюць астролагі. І сюрпрызы ўсіх нас чакаюць усё ж у асноўным прыемныя. Наступны год — час смелых рашэнняў, але ўсе яны павінны быць папярэдне сур'ёзна абдуманыя.


Авен

2022 год падорыць вам магчымасць праявіць сябе ў той сферы, у якой вы захочаце. Але агрэсіўнасць (характэрная рыса знака) у надыходзячым годзе можа стаць прычынай сур'ёзных няўдач. Прымайце рашэнні, кіруючыся логікай і здаровым сэнсам. Але калі ў вас ёсць даўняя мара, якую вы многія гады адкладвалі на потым, менавіта ў 2022 годзе варта ператварыць яе ў мэту і пачаць упарты рух да яе. У гэтым выпадку зоркі будуць дапамагаць кожнаму вашаму кроку. Для адзінокіх найбольш спрыяльнымі перыядамі акажуцца лета і ранняя восень — менавіта ў гэты час вялікая верагоднасць сустрэць сваё каханне. Пошук партнёра на рабоце — няўдалая ідэя? Тыгр здолее пераканаць вас у адваротным. Што датычыцца фінансавай сферы, заступнік года ўзмоцніць матэрыяльную сферу знака і адкрые перад ім новыя крыніцы даходу.


Цялец

Вас чакае мноства нечаканых і прыемных падзей. Галоўнае месца ў вашым жыцці ў наступным годзе будзе займаць работа, з'явяцца прычыны паглыбіць веды і атрымаць новыя навыкі. Найбольш напоўненай падзеямі будзе першая палова надыходзячага года. Гэта час перамен і новых пачынанняў. З вашага жыцця паступова сыдуць людзі, з'явы і падзеі, якія не прыносяць радасці. Галоўнае — спрабуйце новае, наладжвайце новыя кантакты, дзелавыя і сяброўскія. Не бойцеся брацца за няпростыя задачы, бо такі шлях хоць і цяжкі, затое цікавы і прадукцыйны. Пошукі кахання ўвянчаюцца поспехам. Фінансавае становішча Цяльца палепшыцца: гэта звязана з яркай астралагічнай падзеяй — «абуджэннем» Венеры, планеты задавальненняў, прыгажосці і грошай. У год Вадзянога Тыгра Венера ўвойдзе ў сілу і абрыне на Цяльцоў свае даброты.


Блізняты

Надыходзячы год можа падарыць Блізнятам моцнае, але нераздзеленае пачуццё. Зоркі раяць успрымаць цяжкасці як магчымасць для самаўдасканалення і пошуку сябе. Але ў цэлым 2022 год для Блізнят будзе яркім і напоўненым пазітывам. Магчыма, вам прыйдзецца выйсці з зоны камфорту — змяніць работу, сферу дзейнасці або месца жыхарства, але ў канчатковым выніку ўсё будзе да лепшага. Рабочыя пытанні ў надыходзячым годзе Блізнятам важна вырашаць напорыста і мэтанакіравана, і тады фінансавы дабрабыт не прымусіць сябе чакаць. У 2022 годзе многія прадстаўнікі гэтага знака знойдуць сваю «палавінку», а шлюбны саюз прынясе шчасце і эмацыянальную бяспеку. Ад тых, хто ўжо знайшоў сваё каханне, год Тыгра запатрабуе цярпення і ўмення ісці на кампрамісы.


Рак

Тыгр не раз здзівіць прадстаўнікоў гэтага знака. Падзеі будуць развівацца неверагодна хутка, а перамены закрануць літаральна ўсе важныя сферы жыцця. Але па выніках года, сцвярджаюць астролагі, Ракі здабудуць гармонію ў адносінах, мір у сям'і і дакладнае ўсведамленне мэт, якіх хочуць дасягнуць. Не чакайце цудаў, дзейнічайце рашуча і ўпэўнена — і зоркі дапамогуць вашаму кар'ернаму росту. Фінансавыя пытанні ў 2022 годзе будуць з'яўляцца радзей, чым у 2021-, і ўсё ж у фінансавым плане год у Ракаў будзе складаным. Вучыцеся эканоміць, назапашваць зберажэнні, абдумвайце кожную пакупку. Так вы зможаце стабілізаваць сваё матэрыяльнае становішча. У цэлым, менавіта для прадстаўнікоў гэтага знака год Тыгра стане пераломным і вызначальным. Калі вы даўно не маглі перасягнуць нейкую перашкоду, надыходзячы год падорыць вам свабоду дзеянняў.


Леў

Нялёгкі шлях, якім ішлі Львы ў апошнія гады, ператворыцца нарэшце ў роўную дарогу: вас чакаюць шчасце і росквіт. Праблемы не знікнуць, але яны будуць знаходзіць вырашэнне, часам нават без вашых намаганняў. Працягвайце рухацца наперад, і ўжо ў сакавіку заўважыце, што працэс даецца лягчэй і прыносіць усё больш плёну. Памятайце: у гэтым годзе лёс добразычлівы да вас, і не бойцеся ставіць сабе высокую планку. Асабліва калі вы — прадстаўнік творчай прафесіі: менавіта творчых людзей апякуе Вадзяны Тыгр. Так што адмоўцеся ад стэрэатыпаў, не жывіце чужым меркаваннем і не пераставайце вучыцца. Вас чакаюць кар'ерныя вышыні, цалкам верагодна — новае каханне і пазбаўленне ад фінансавых цяжкасцяў. Сямейныя Львы здабудуць, нарэшце, мір і гармонію.


Дзева

Пройдзены ў мінулыя гады шлях Дзеў прывядзе да поспеху ў 2022 годзе. Зрэшты, надыходзячы год запатрабуе ад прадстаўнікоў знака ўсіх сіл, але і шчодра ўзнагародзіць — і фінансава, і поспехамі ў прафесіі. Непазбежна прыйдзецца чымсьці ахвяраваць у імя сваіх задум. Зоркі раяць, аддаючы час кар'еры, не пакідаць без увагі сям'ю — вашы хатнія будуць мець патрэбу ў вас. Вельмі важна ў будучым годзе навучыцца заўважаць не толькі свае мінусы, але і плюсы, а таксама — час ад часу даваць сабе перадышку ад работы: ваша сям'я стане месцам вашай сілы. У адзінокіх Дзеў усе шанцы сустрэць сваё каханне ў 2022 годзе. У цэлым, Дзева ў год Тыгра зможа бліскуча аналізаваць схаваныя працэсы і атрымліваць тое, што даступна не кожнаму. Год будзе прыхільны да прадстаўнікоў гэтага знака, але не забывайцеся дзякаваць лёсу.


Шалі

Для вас надыходзіць час пераасэнсавання каштоўнасцяў. Асабліва гэта датычыцца кахання і сям'і, але вам прыйдзецца шукаць глабальныя сэнсы і ва ўсіх іншых сферах свайго жыцця і адказваць сабе на пытанні «Навошта я гэта раблю?» і « Да чаго на самай справе імкнуся?». Заступнік года будзе добры да вас, калі вы дадасце ў сваё жыццё больш адказнага стаўлення да справы і не будзеце кідаць пачатае на паўдарогі. Год Тыгра праверыць многіх прадстаўнікоў знака на трываласць. Але калі вы не будзеце здавацца, праявіце сабранасць і мэтанакіраванасць, 2022 год стане для вас самым прадукцыйным з апошніх гадоў — і ў фінансавым, і ў кар'ерным плане. У адносінах паўстане момант, калі вам спатрэбіцца зняць ружовыя акуляры і прыняць, нарэшце, і бытавую руціну, і неабходнасць падладжвацца адзін пад аднаго ў пары. Адзінокія Шалі змогуць уступіць у шлюб, калі перастануць чакаць ідэальных адносін.


Скарпіён

Скарпіёны ў 2022 годзе адназначна стануць багацейшыя. Увесь год іх даходы будуць пастаянна расці. Не забывайце адкладваць на чорны дзень, бо жыццё паласатае. Ва ўсіх сферах ваш галоўны саюзнік у надыходзячым годзе — інтуіцыя. Менавіта яна дапаможа пазбегнуць непрыемнасцяў і прасунуцца ўверх па кар'ернай лесвіцы. Можаце змяніць сферу дзейнасці або паглыбіцца ў раней выбраную сферу — у любым выпадку вынік будзе выдатны. На асабістым фронце ўсё будзе ярка, эмацыянальна, бурна. Сямейным Скарпіёнам зоркі раяць у гэтым годзе стрымліваць свае негатыўныя парывы і утаймаваць тэмперамент, каб не разбурыць тое, што дорага вам і вашаму партнёру. Адзінокім Скарпіёнам варта прыгледзецца да людзей у найбліжэйшым атачэнні — раптам ваш лёс проста побач з вамі?


Стралец

Стральцам надыходзячы год падорыць поспех. Зоркі абяцаюць мноства незабыўных уражанняў. Падзеі ўжо са студзеня пачнуць разгортвацца неверагодна хутка. Тыгр стане Стральцам сябрам і саюзнікам, дапаможа рэалізавацца самым дзёрзкім планам і ўвасобіць у рэальнасць мары. Асабліва калі прадстаўнікі знака не будуць чакаць ласкі ад прыроды і пачнуць ажыццяўляць мары сваімі сіламі. Стральцы перастануць сумнявацца ў сваім прафесіяналізме, прыйдзе і кар'ерны, і матэрыяльны поспех. Але калі не навучыцца эканоміць і адкладваць грошы, Тыгр можа перакрыць фінансавы струмень. А вось у адносінах вас чакае зацішша — год не абяцае Стральцам стварэння новых любоўных саюзаў. І для змены работы і сферы дзейнасці час неспрыяльны — калі рашыцеся, прыйдзецца складана. Лепш развіваць кампетэнцыі ў сваёй прафесійнай сферы, і поспех прыйдзе досыць хутка.


Казярог

Будучы год падрыхтаваў Казярогам два сцэнарыі — вельмі добры і... не вельмі: па якім з іх будуць развівацца падзеі, залежыць ад прыкладзеных вамі намаганняў. У прафесійнай сферы першыя паўгода магчымы поўны кавардак. А вось адносіны зайграюць новымі фарбамі, у ваша жыццё прыйдуць новыя знаёмствы, і, магчыма, новае каханне. Зоркі раяць Казярогам у новым годзе пазбягаць канфліктаў на рабоце і ў сям'і. Памятайце, калі вас крытыкуюць, значыць, ёсць чаму пазайздросціць. Яшчэ адна парада — мяняйце сферу дзейнасці, калі яна перастала вас задавальняць. Паглыбляйце веды і атрымлівайце новыя, змяняйцеся да лепшага, і Тыгр вас падтрымае. Вы не адразу зможаце ўлавіць сапраўдны сэнс і значэнне падзей, якія падорыць вам 2022 год, але пасля абавязкова будзеце дзякаваць за іх лёсу.


Вадаліў

У 2022 годзе Вадаліваў чакаюць радасныя падзеі. Сімвал года будзе спрыяць вашаму росквіту. Але поспех усміхнецца толькі тым, хто гатовы дзейнічаць і валодае актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Асабліва спрыяльны надыходзячы год для прафесійнага росту. Больш за ўсіх поспех чакае тых прадстаўнікоў знака, хто працуе ў сферы юрыспрудэнцыі, інжынерыі і будаўніцтва. Ці прыйдзе фінансавы дабрабыт, у першую чаргу залежыць ад вашага жадання працаваць: работа без жадання не прынясе сур'ёзных дывідэндаў. У адносінах зоркі раяць прыцішыць эмацыянальнасць і часцей прыслухоўвацца да халоднай логікі. І тады сямейныя Вадалівы здолеюць дасягнуць міру і гармоніі.


Рыбы

2022 год запомніцца Рыбам назаўсёды — іх чакае чарада эпахальных падзей, параўнальных па сваёй значнасці хіба з нараджэннем дзіцяці. Год, дарэчы, менавіта для Рыб якраз спрыяльны для нараджэння дзяцей. Як і для новых здзяйсненняў. Ужо ў студзені вы адчуеце ў сабе сілы кардынальна змяніць сваё становішча ў грамадстве. Магчымыя змена работы, развод або, наадварот, уступленне ў шлюб. Многія недасяжныя вяршыні акажуцца раптам на адлегласці выцягнутай рукі, у тым ліку ў вырашэнні фінансавых пытанняў. Даўнія крыўды застануцца ў мінулым. Будзьце гатовыя ўпусціць у сваё жыццё тых, каго ніколі не планавалі ўбачыць. І памятайце: усё, што адбудзецца ў 2022 годзе, у канчатковым выніку прынясе вам шчасце і дабрабыт. Год пройдзе пад заступніцтвам стыхіі вады, і Рыбы будуць адчуваць сябе менавіта «як рыбы ў вадзе»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».