Вы тут

Падводзім вынікі чытацкага конкурсу «Хто каго?»


Калі б гэтага конкурсу не было, яго, далібог, варта было б прыдумаць... Каб атрымаць ад чытачоў тысячы пісьмаў, каб падарыць мільёны ўсмешак, каб з дапамогай газеты адкрыць сотні талентаў, каб пакінуць у мове цэлы росспып перлаў-залацінак, каб...

Сам сябе не пахвалі — так і памрэш.

Таму для нядаўніх чытачоў газеты «гістарычная даведка». Самы першы нечаканы ды смешны здымак з просьбай прыдумаць подпіс (не больш за восем радкоў) «Звязда» надрукавала гадоў 20 таму. Трохі пазней аб'явіла конкурс на найлепшы, стварыла журы, узнагародзіла пераможцаў, перазнаёміла, падружыла аўтараў...

Недахоп, як выглядала, быў хіба ў адным: здымкі ды найбольш удалыя варыянты подпісаў друкаваліся раней, аўтары самых-самых (у тым ліку пераможцы) называліся пазней...

І толькі ў апошнім нумары года «карціна» поўная. Такім чынам — выніковы агляд: конкурс «Хто каго?» 2021. Найлепшае. Каб «зацаніць» яго, калі ласка, уважліва паглядзіце на здымак, потым чытайце подпісы (крый божа, не ў гуглаўскім перакладзе на рускую мову).


«Чорт падбіў завесці дачу На дурную галаву...»

Мала рэчаў хлопцы ўзялі —

На два дні ўсяго паход.

А правізіі набралі,

Што хапіла б і на год!

Сала, бульбы, макароны,

Круп, згушчонкі і вяндліны...

Калі страўнік не галодны,

То... мілейшыя мясціны!

Віктар Сабалеўскі, г. Узда.

Як цудоўна быць турыстам,

Начаваць пад небам чыстым,

Песні весела спяваць

І душой адпачываць.

...Быць карысна й бульбаводам,

Пчаляром, жывёлаводам.

Бо калі пусты жывот,

Не захочацца ў паход.

Мікалай Старых, г. Гомель.

Ясь адкрыў у вёсцы краму,

Гандляваў...

І без падману...

Палічыў

пасля выдаткі, —

Няма сэнсу ў занятку,

Бо арэнда, бо крэдыты

Душаць горай за бандытаў.

А таму наш Ясь цішком

Зарабляе чаўнаком.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.

Чорт падбіў завесці дачу

На дурную галаву,

Я за ёй жыцця не бачу

І ўжо кінуць не магу!

Іван Астроўскі, г. Мінск.

У бутэльку цётка Света

Зазірае ўсё часцей.

Муж не вынес усё гэта

І сышоў...

Забраў дзяцей.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы.


«Уцякаў Іван так шпарка

Ад сям'і, ад гаспадаркі...»

Прыляцелі гусі з броду,

Скалацілі ў рэчцы воду,

Не збаяўся дзед вады.

Ён сказаў: «Такой бяды!»

...Каб яшчэ й трусы надзеў,

Можа б, ён яе й не меў?

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Накасіўшыся, Яўсей

Углядаецца ў гусей:

Маўляў, з яблыкам адну

Прыгатую і умну!

... Дам, браток, табе параду:

Не марнуй у рэчцы час.

Гуска — страва на Каляды —

А цяпер гуркі якраз.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы.

Змалку марыў Ясь пра мора —

Неабсяжныя прасторы,

Узбярэжжы, пляжы, дамы...

Ёсць жа — сажалка з гусямі...

Ды ці варта наракаць?

Трэ што маеш шанаваць!

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы.

Уцякаў Іван так шпарка

Ад сям'і, ад гаспадаркі.

Думаў збегчы ад Марусі...

Ды яго спынілі гусі:

— Ты куды гэта, Вано?

Не карміў ты нас даўно...

Брыдка стала Янку тут,

Што хацеў пакінуць кут:

Калі есці просяць гусі,

Тады ну яе з Марусяй!

Таццяна Новік, г. Клецк.


«...Збеглі двое на прыродуІ назад не клічце іх!»

Гаспадыню Рэкс раўнуе:

Адпусці ў клуб такую, —

Стопудова — быць бядзе,

Нехта возьме і звядзе.

Той жа Янка сёння рана

Ужо ля лавачкі з баянам...

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле.

Не вяселле сустракалі,

Не гасцей з замежжа —

Дзетак з горада чакалі

Цэлы доўгі снежань.

А яны ўсё не едуць,

Бо пытаецца дачка:

Як вы там, бабуля з дзедам,

Ці калолі парсючка?

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы.

Палюбіла я Івана —

Добра польку танцаваў!

Толькі вось адна загана:

Кожны вечар выпіваў...

А з п'яным якія скокі?

Хіба толькі «Падзі спаць»...

Ну й паслала...

Недалёка:

Лепей з цюцькам танцаваць!

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Нам прышчэпкі ад «кавід»

Раіць медыцына,

Але й танцы пад баян —

Файная вакцына!

***

Танцавала я з Валерам, —

Ногі потым — не пазнаць.

Чым такія кавалеры,

З цюцькам буду танцаваць!

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы.


«Ён на тое і ліпень, Каб да дзевак ліпнуць...»

Ясь — дзяцюк не малады...

Глянуў — дзеўка ля вады

Нічыя і модная...

Ды як лёд халодная!

Нецікава абдымаць...

Толькі й можна, што здымаць.

Мікалай Касмачэўскі, г. Наваполацк.

Муж абняў русалку?

Не зважае Алка,

Бо нічога ў іх... Наўпрост:

Там хіба што рыбін хвост.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

У адстаўцы...

Афіцэр...

І не зломак быццам...

Ды, як польскі кавалер,

Не бяжыць жаніцца.

За жыццё ён перабраў

Маладзіц нямала

«Вось такую б, кажа, узяў,

Каб яшчэ

й маўчала».

Віктар Сабалеўскі, г. Узда.

Ён на тое і ліпень,

Каб да дзевак ліпнуць.

А зімою мужычок

Шусь да жонкі пад бачок...

Бо русалка ёсць русалка:

Не абдыме гэтак палка.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.


«Жыгулі» ўжо аджылі, Ім на змену — «Джылі?»

Татка наш купіў аўто!

Ён цяпер не абы хто:

Ён кіроўца, ён персона!

Хоць машына не з салона,

А з дзясятых, можа, рук, —

Нос па ветры. І ў гару!

Віктар Сабалеўскі, г. Узда.

З вокнаў зырылі суседзі —

На машыне (?) Рома едзе?

— Быць не можа,

каб прыдбаў!

— Мо пазычыў?

— Ну не ўкраў!

— На пракат узяў у цёткі?...

Не пляціце, людзі, плёткі:

На камбайне першым стаў —

«Жыгулі» і атрымаў.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Вельмі файная машына:

Усё на месцы, чын па чыну,

І бензіну поўны бак,

А завесці... Ну ніяк!

***

Лёс жалезнага каня

Вырашае ўся радня:

Ці прадоўжыць яму жытку,

Ці ўжо выкінуць з ужытку?

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы.

Ясь не скажа вам

дакладна,

Колькі ездзіць гэта «лада»,

Але ж бачна — «Жыгулі»

«Падманулі, падвялі»:

Нехта міма прэцца

з шыкам,

А яго паездка — пшыкам...

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск.


«Жора кола вымыў чыста

І не трэба масажыста...»

Дзве педалі ў раварыста,

Дзве педалі ў шафёра...

Першы, бач, які плячысты:

Хоча ехаць — круціць колы.

А другі сядзіць, таўсцее...

Болей ездзіць, больш хварэе.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы.

Як цаглінка да цаглінкі —

Можна домік збудаваць,

Гэткім чынам і машынку

Янка вырашыў сабраць.

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск.

Ў раварыста не спытацца,

Куды чэрці павялі...

Пэўна, ён сваёй каханцы

Рамантуе «Жыгулі».

Эльяш Банель, г. Мінск.

Юлька — дзеўка не дурная,

Кавалераў прывячае:

Той, хто едзе ці ідзе,

Ёй хоць нешта ды вязе!

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён.

Дзядзька Жора малайчына,

Раз'язджае важна, чынна,

Прычапіўшы ззаду кола,

Каб у спіну не калола.

Паглядзіце: вымыў чыста, —

І не трэба масажыста.

Без бальніц і трэнажораў

Сам сябе ратуе Жора.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.


«Хоць і марыў пра кіта Ды лавіў Ясь... для ката»

У любімай у рыбалцы

Кожны мае інтарэс:

Хто ляшча смакуе ў шмальцы,

Для каго важней працэс...

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён.

Вабіць дзядзькаў тонкі лёд,

Нібы вос разліты мёд...

Мо ў палонцы лепей часам,

Чым у жонкі пад абцасам?

Мікалай Старых, г. Гомель.

Янка гэтак... Янка так...

Бач, не ловіцца шчупак!

Можа, ён на дне, унізе?

Падкажу: «У Чырвонай кнізе».

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Хай мароз і хай завея!

Ды рыбак жыве з надзеяй.

У палонку пазірае:

Раптам клюне залатая?

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы.


Чарговы конкурсны здымак (з мужчынкам на коле БелАЗа) надрукаваны 24 лістапада. Не дзіва, што многія з чытачоў ужо выканалі дамашняе заданне — даслалі свае варыянты подпісаў. Нехта яшчэ дашле. А значыць, конкурсу быць? Пішыце! Свет захаваўся, таму што смяяўся. І думаў.

Валянціна ДОЎНАР, са шчырай удзячнасцю да ўсіх, хто пісаў (і, магчыма, будзе), да ўсіх, хто чытаў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.