Вы тут

«Цацкі»-гільзы і падарункі Радзіме. Як святкавалі Новы год беларускія партызаны


Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца сховішчам найбольш поўнага збору рукапісных партызанскіх часопісаў — 248 выданняў, прасякнутых гераізмам і самаахвярнасцю беларускіх партызан. Кожнае — у адзіным экзэмпляры! Унікальная калекцыя, якая ў 2009 годзе набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, знаходзіцца на спецыяльным захоўванні.


Гэтыя дакументы эпохі як зрэнку вока бераглі і ў гады вайны: разам са сцягам і дакументамі штаба, брыгады, атрада іх хавалі ў скрыні ад снарадаў і патронаў. Вялікую каштоўнасць рукапісныя часопісы, якія ствараліся самімі партызанамі, уяўляюць і сёння. Напісаныя ад рукі або надрукаваныя на машынцы сшыткі ці альбомы рознага фармату і аб'ёму раскрываюць раней невядомыя старонкі гісторыі партызанскай барацьбы, разбураюць некаторыя стэрэатыпы аб дзейнасці народных мсціўцаў. З іх можна даведацца не толькі аб дэталях падрыхтоўкі і ажыццяўлення баявых аперацый супраць ворага. Старонкі часопісаў дазваляюць акунуцца ў побыт партызан: з цікавасцю чытаеш, як яны адпачывалі, што елі, чым лячыліся, якім чынам пазбаўляліся ад паразітаў і нават як святкавалі Новы год.

Ставілі ёлку і частавалі дзяцей

Гэтае свята доўгі час не з'яўлялася ў краіне дзяржаўным. Аднак адзначалі яго ўсюды і заўсёды, нават у гады ваеннага ліхалецця. Вось як успамінаў лясны Новы год камандзір партызанскага атрада «За Родину» брыгады «Беларусь» Мінскай вобласці Пётр Ганчароў: «Наш атрад, у якім налічвалася да 400 партызан, быў створаны і дзейнічаў у раёне Рудзенска, гэта ўсяго 25 кіламетраў ад Мінска. Блізкасць праціўніка прымушала пастаянна думаць аб асцярожнасці. У лагеры ў абавязковым парадку ўпрыгожвалі ёлку, але не цукеркамі і арэхамі ў пазалочанай паперы. «Цацкі» на ёй былі ваенныя — прывязвалі за вяровачку стрэляныя гільзы, нават гранаты і міны. Акрамя таго, клеілі цацкі з дасланых з Вялікай зямлі часопісаў. Выкарыстоўвалі шышкі, якія засталіся на дрэвах з восені, атрымлівалася вельмі прыгожа. Пад Новы год кожная рота думала аб падарунку, які яна зробіць Радзіме — аб баявой аперацыі. Гэта былі спаленыя масты, падбітыя з супрацьтанкавай стрэльбы паравозы, забітыя немцы».

Пра ўсё гэта партызаны размаўлялі на навагоднім сходзе, які абавязкова праводзіўся. Як і ў іншае свята, на ім зачытваўся святочны загад-віншаванне, дзе партызанскае камандаванне аб'яўляла падзякі байцам, якія асабліва вызначыліся. Затым было сціплае застолле. Праўда, сабрацца ўсім разам не атрымлівалася: многія партызаны былі на баявых аперацыях.

«Я, як камандзір, даваў распараджэнне супрацоўнікам кухні прыгатаваць абед лепшы, чым звычайна, — успамінаў Пётр Ганчароў, які быў адным з першых супрацоўнікаў Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. — Атрад у навагоднюю ноч не спаў. Звычайна людзі збіраліся каля вогнішчаў, у зямлянках і ўспаміналі даваеннае мірнае жыццё. Віншавалі мы і мясцовае насельніцтва. Аднойчы мы з начальнікам штаба, апрануўшы маскіровачныя халаты, якія павінны былі адлюстроўваць касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі, прывозілі ў вёскі сані з хлебам і праснакамі для дзяцей».

У атрадзе «За Родину» быў свой ансамбль песні, які складаўся з сямі чалавек. Гармонік, скрыпка, бубен, барабан і дзве гітары ўпрыгожвалі партызанскія будні. У святочныя дні партызаны ўвогуле ладзілі ледзь не канцэрты. Прычым не толькі для сябе, але і для жыхароў навакольных вёсак. Безумоўна, гэта ўзнімала настрой і ўсяляла веру ў хуткую Перамогу. У навагоднім выпуску часопіса «Патриот Родины» П. Ганчароў падрабязна распавядае аб баявой дзейнасці свайго атрада напярэдадні свята.

«З Новым годам, з новымі перамогамі!»

З надзеяй на хуткую Перамогу сустракалі партызаны і новы 1944 год. Аб гэтым сведчаць не толькі рукапісныя часопісы, але і дзясяткі баявых лісткоў і сценгазет. У святочным баявым лістку пад нумарам адзін у 1944 годзе партызаны атрада «Мститель» брыгады «Народные мстители» Мінскай вобласці адзначаюць, што 1 студзеня 1944 года спаўняецца 25 гадоў з дня арганізацыі БССР. «25-я гадавіна БССР адбываецца ва ўмовах Айчыннай вайны, — пішуць аўтары. — Савецкі народ і Чырвоная Армія змагаюцца за разгром і выгнанне гітлераўцаў з нашай зямлі. Беларускія партызаны разбураюць тылы ворага, наносяць моцныя ўдары па яго камунікацыях, дапамагаюць Чырвонай Арміі граміць праклятых нямецкіх бандытаў. Блізіцца дзень канчатковага разгрому фашысцкай сволачы. Блізіцца доўгачаканы дзень адплаты немцам за кроў, за раны, за здзекі над беларускім народам».

У гэтым выпуску таксама расказваецца аб паспяховых баявых аперацыях атрада, пра дапамогу, якую партызанам аказваюць мірныя жыхары, пра падрыхтоўку да зімовых умоў вайны. «Усе партызаны роты забяспечаны кажухамі і рукавіцамі, — паведамляюць народныя мсціўцы. — Большасць партызан маюць добры абутак і цёплыя шапкі. Выраблены 42 маскіровачныя халаты. Усе партызаны забяспечаны «НЗ» і сумкамі для яго захоўвання».

А яшчэ сярод партызан было шмат таленавітых людзей: яны выдатна малявалі, складалі вершы, песні, прыдумлялі гумарыстычныя гісторыі. У навагоднім нумары часопіса «Народный мститель» Міншчыны, органа партыйна-камсамольскай арганізацыі і камандавання партызанскай брыгады імя Калініна, не абышлося без вершаў:

Наш Дед-Мороз, наш славный

 Дед,

Принёс нам чудеса побед.

Но внук, не уступая Деду,

Несёт нам полную Победу!

Дакументы эпохі

На працягу многіх дзесяцігоддзяў за калекцыю рукапісных партызанскіх часопісаў адказвае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Наталля ФІЛІПОВІЧ. Найстарэйшы супрацоўнік музея не толькі раскажа, як правільна захоўваць гэтыя артэфакты, яна добра ведае і тое, пра што напісана ў кожным нумары, у якіх умовах яны ствараліся. У свой час Наталля Іосіфаўна нават была знаёмая з аўтарамі некаторых публікацый, з людзьмі, дзякуючы якім многія з рукапісных часопісаў захаваліся.

Сярод іх — муж і жонка Дзідзенкі, якія былі партызанамі атрада імя Кутузава 2-й Мінскай брыгады. Да вайны Рыгор працаваў артыстам размоўнага жанру: чытаў на сцэне фельетоны, маналогі, спяваў частушкі, якія сачыняў сам. Невыпадкова гэты таленавіты чалавек стаў рэдактарам рукапіснага часопіса «Кутузовец». Сёння ў музейных фондах захоўваецца дзевяць нумароў выдання, якія захаваліся толькі дзякуючы гэтай сям'і. Падчас жорсткіх баёў Зінаіда і Рыгор Дзідзенкі загарнулі дзевяць выпускаў у трывалую мешкавіну і закапалі іх на ўзлеску. Пасля зняцця блакады і злучэння партызан з рэгулярнымі войскамі часопісы дасталі з надзейнага сховішча і аддалі ў Беларускі штаб партызанскага руху. Затым рэліквіі перадалі ў музей.

— Кожны часопіс — гэта жыццё, барацьба, творчасць партызан Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — заўважае Наталля Філіповіч. — Гэта своеасаблівая справаздача аб бавой дзейнасці, дакумент гісторыі аб той партызанскай вайне, аб чалавеку на ёй. Аб партызанскім руху шмат небыліц, аднак перад намі — сапраўдныя дакументы, рэліквіі, якія адлюстроўваюць тое, што было на самай справе. Рукапісным часопісам няма цаны, і з гадамі яны набываюць большую каштоўнасць.

Яны яшчэ ўнікальныя тым, што былі рукапісныя, ствараліся на сшытках, шпалерах, абгортачнай паперы і нават на бланках фашысцкіх дакументаў. У рэдакцыі набіралі пісьменных людзей, якія мелі прыгожы зразумелы почырк. Многія — з вышэйшай адукацыяй, некаторыя валодалі навыкамі журналісцкай работы.

— Партызаны пісалі аб тым, што падказвала душа, — удакладняе Наталля Іосіфаўна. — Адзін пісаў, як ён збег з палону, другі расказваў гісторыю свайго шляху ў партызанскі атрад, трэці распавядаў, як загінуў яго баявы таварыш... Былі адзначаны тыя, хто вызначыўся ў баях. Аднак выкрываліся і ўсе негатыўныя моманты партызанскага побыту: барацьба з марадзёрствам, пакаранне партызан за правіннасць. Усё, што ёсць у нашым жыцці, было і там. Гэтыя часопісы прызначаліся для ўнутранага карыстання. Невыпадкова захоўвалі іх беражліва, перадавалі з роты ў роту, з атрада ў атрад. Была чарга з ахвотных пачытаць часопісы. Так іх любілі партызаны.

Красамоўны факт — дзякуючы рукапісным часопісам многія народныя мсціўцы пасля вайны маглі даказаць сваю прыналежнасць да партызанскага руху. Дзясяткі, сотні прозвішчаў, апублікаваныя на пажаўцелых ад часу старонках, сталі сур'ёзным аргументам і дакументам у справе рэабілітацыі імёнаў тых, хто таксама набліжаў Перамогу.

Вераніка КАНЮТА

Фота Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.