Вы тут

Гаспадар прыватнага заапарка распавёў пра сваіх улюбёных гадаванцаў


За 10 кіламетраў ад Мінска, у вёсцы Падгай, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Вальготнае» год таму адкрыў кантактны заапарк. Кажа, з першага дня ведаў, што абавязкова абзавядзецца тыграмі. І ўжо вясной прывёз сабе двух васьмімесячных паласацікаў. З размовы высветлілася, што Юрый Карпіловіч нарадзіўся ў год Тыгра. І сваю «паласатую» мару выношваў даўно. Таму нават леапарда, які ў яго з'явіўся значна раней, назваў Тыгруля


«Хацеў бы прыручыць тыграў як ваўкоў»

— Я так моцна марыў пра тыгра, што, калі 2,5 года таму завёў леапарда, не раздумваючы даў яму мянушку Тыгруля, — усміхаецца Юрый. — Дальнеўсходні леапард — вельмі рэдкая жывёла. 90 штук у свеце засталося. Тыгруля прыехаў да нас ужо дарослым, амаль трохгадовым. Спачатку быў неспакойны, кідаўся на клетку. Год мы з ім шукалі агульную мову. Цяпер жа, калі чуе мой голас, падыходзіць, становіцца на заднія лапы, як быццам просіць: «Пагладзь мне пуза». Бачыце, якая ў яго бліскучая шэрстка, жывоцік ужо стаў як у «таты», правісаць (смяецца).

І нядзіўна: кормяць Тыгрулю ялавічынай, натуральнымі курынымі яйкамі ды казіным малаком.

— Дасябраваліся да таго, — працягвае мой суразмоўца, — што я асмялеў, сам заношу леапарду ежу ў вальер. Пры гэтым абавязкова гляджу яму ў вочы. І выходжу спінай наперад, каб бачыць рэакцыю драпежніка.

Калі ў клетку да Тыгрулі Юрый Карпіловіч заходзіць з асцярожнасцю, то да ваўкоў — бачыла на свае вочы — спакойна. Быццам гэта не ваўкі, а звычайныя сабакі. Багірка і Воўка абажаюць свайго гаспадара.

— Калі заходжу да іх у вальер, могуць залізаць да смерці (смяецца). Яны адданыя, больш чым сабака. Без боязі гладжу іх, абдымаю. Гэтак жа, зірні (паказвае фотаздымкі), дрэсіроўшчык Міхаіл Зарэцкі з Падмаскоўя абдымаецца са сваімі тыграмі. Я пра такое пакуль толькі мару. Хацеў бы прыручыць тыграў як ваўкоў.

«Выратаваў Амурку і Цімурку ад цыркавой будучыні»

Фермер шукаў паласацікаў па ўсім свеце. Потым знаёмыя падказалі, што ў цырку-шапіто, які гастраліруе па Каўказе, чатыры месяцы таму нарадзіліся тыграняты. У той момант яны знаходзіліся ў Чачні. Чатыры месяцы дабіваўся дазволу на ўвоз і нарэшце вясной прывёз двух тыгранят. Можна сказаць, выратаваў малых ад лёсу быць цыркавымі жывёламі.

Ездзіў па сваю мару на мікрааўтобусе разам з жонкай Святланай. Амаль 3 тысячы кіламетраў туды, столькі ж назад. У Мінскім заапарку ўзяў у арэнду клеткі для перавозкі.

— Памятаю, праз кожную тысячу кіламетраў спыняліся, набывалі ў краме курыцу ды малако і кармілі тыгранят. У цырку бедакі сядзелі ў маленечкіх клетках. Бачыце (паказвае фотаздымкі), якія худыя былі. Іх там практычна не кармілі — па курынай тушцы кожнаму ў дзень і крыху малака.

Зараз памужнелі. Бо «вусаты нянь» для іх нічога не шкадуе. Кожнаму дае па 7 кілаграм мяса ў суткі ды па літры малака.

— У малако ка́паю па кроплі рыбінага тлушчу, — удакладняе Юрый. — І раз на два тыдні даю паласацікам чырвоную рыбу. Ім трэба фосфар, таму купляю фарэль ці сёмгу. Жонка толькі рукамі разводзіць: «Самі так не ядзім, як твае тыгры» (смяецца).

Паколькі тыгры амурскія, дзяўчынку Юрый Карпіловіч назваў Амурка. А хлопчыка сугучна — Цімурка. На двух паласаціках фермер спыняцца не збіраецца. Адмыслова ўзяў самца і самку, каб у будучыні мець патомства.

Калі тыгранят прывезлі ў Падгай, яны былі дзікаватыя. Нейкі час не вельмі паміж сабой ладзілі. Самец паказваў, што ён тут галоўны, і не падпускаў дзяўчынку да мяса, рыкаў. Цяпер жа паглядзець на гэтую мілую парачку — проста «любоў-маркоў».

Перад клеткай Амуркі і Цімуркі на вуліцы, заўважыла, стаіць крэсла.

— Калі было цёпла, сядзеў там і размаўляў з тыграмі, — кажа Юрый. — І ўнутры, перад іх дамком, я зрабіў сабе трэніровачную, там яшчэ адно крэсла стаіць. Штодзень сам карміў іх мясам. Дзесьці праз месяцаў пяць яны пачалі мяне прызнаваць. Я іх ужо нават праз рашотку гладзіў. Але потым моцна захварэў, два месяцы праляжаў у бальніцы. Калі вярнуўся, не паверыў сваім вачам, так яны выраслі за гэты час. Паклікаў: Амурка падышла, а Цімур — не. Сталі мяне забываць. Зараз зноў прывыкаем адно да аднаго.

За колькі купіў сваіх тыгранят, фермер не сказаў. Але ў Маскве, кажа, за маленькага паласаціка прасілі 6 тысяч долараў. Браць дарослага накладна. Ды і прыручыць яго практычна нерэальна, давядзецца падладжвацца. Маленькіх жа тыгранят можна выхаваць пад сябе.

Паказаў Юрый і фотаздымак, на якім ён гладзіць вялізнага тыгра. Не так даўно мужчыну пашчасціла трапіць у славуты на ўвесь свет сафары-парк «Тайган».

— Там адных толькі дарослых тыграў штук 40, — кажа. — Калі яго заснавальнік Алег Зубкоў даведаўся, што я страшэнна захапляюся паласацікамі, запрасіў мяне ў вальер да аднаго са сваіх гадаванцаў. Мне было хоць і страшна, але пайшоў следам. Як толькі Алег падышоў да тыгра, той лёг каля яго ног як котка. «Падыходзь, — кажа, — пагладзь, не бойся». Я асцярожненька так дакрануўся, а драпежнік ляжыць і ў вус не дзьме, зусім не звяртае ўвагі. Менавіта ў той момант Алег і зрабіў гэты фотаздымак.

«Калі пачуў, як дзеці на каня сказалі «карова», ледзь інфаркт не схапіў»

Юрый Карпіловіч любіць усіх жывёл. Але найбольш, акрамя тыграў і ваўкоў, — коней. Ужо шмат гадоў разводзіць іх для душы. Гады тры таму напаўняў свежай вадой паілкі для жывёл і ўбачыў каля загарадкі хлопчыка гадоў 8 з мамай.

— Ён заўважыў мяне і сказаў: «Як жа шанцуе дзядзьку! Вунь колькі ў яго конікаў!» Эх, думаю, «дзіця асфальту». Калі ж аднойчы пачуў, як гарадскія дзеці на каня сказалі «карова», мяне ледзь інфаркт не схапіў. Вось тады і з'явілася думка адкрыць кантактны заапарк, каб дзеці знаёміліся з рознымі жывёламі.

На той час у мяне ўжо быў міні-заапарк для сябе і сяброў. Падумаў, пашыру яго, і няхай прыязджаюць людзі глядзець. І дзецям карысна, і прыбытак будзе. Год з хвосіцкам прайшоў, прыбытку пакуль і блізка не бачу. Можа, і пачаў бы зарабляць, калі б спыніўся. Але я не з тых. Не супакоюся, пакуль не зраблю ўсё, што задумаў.

Зараз у Юрыя Карпіловіча 38 відаў жывёл і птушак. Здавалася б, дастаткова. А ён ужо рыхтуе месца под новыя вальеры. Каго прывязе, не прызнаецца. Кажа — сюрпрыз. Ведаючы любоў гаспадара да драпежных жывёл, думаю, гэта будуць львы. Але пажывём-пабачым.

Вядома, утрымліваць цэлы заапарк вельмі затратна. Корміць жывёл пакуль што фермерская гаспадарка Юрыя. «Цукровы кароль» вырошчвае буракі, пшаніцу і авёс. Лішкі зерня прадае Мінскаму заапарку. Акрамя таго, фермер сам забяспечвае сваіх гадаванцаў сенам.

Галоўная памочніца Юрыя — жонка Святлана, яна ж спецыяліст па кадрах і бухгалтар. «Чалавек, без падтрымкі якога весці бізнес мне было б нашмат цяжэй, — кажа ён. — Ахвотна дапамагаюць малодшыя дзеці. Дачка Лера, ёй 10 гадоў, даглядае шэтлендскіх поні, а на выхадных катае на іх дзетак, якія прыйшлі на экскурсію. Дзяўчынка з лёгкасцю іх запрагае, ды і сама цудоўна трымаецца ў сядле.

— На сёння мы адзіная племянная гаспадарка ў краіне па развядзенні шэтлендскіх поні, — адзначае фермер. — Яны вельмі ласкавыя. Гэта проста цацка для дзетак.

12-гадовы сын Юрыя Лёша кожныя выхадныя сядзіць у касе. Два старэйшыя сыны спачатку таксама дапамагалі, але іх хапіла ненадоўга.

— Сказалі, гэта не той бізнес, якім бы яны хацелі займацца, — кажа Юрый Карпіловіч. — Яны ж бачаць, што я не ведаю, што такое выхадныя. Фанатаў, гатовых працаваць на зямлі, трэба берагчы, бо яны выміраюць як маманты (смяецца).

У Падгаі, дарэчы, можна пакатацца не толькі на поні, але і на вярблюдах. Што і зрабіў Дзіма Білан. Расійскі спявак прыязджаў у заапарк са сваім беларускім сябрам. Частым госцем тут з'яўляецца і гумарыст Яўген Крыжаноўскі. А яшчэ на падвор'і Карпіловіча можна паабдымацца з самымі мілымі і прыязнымі жывёламі ў свеце — ламамі і альпакамі.

«Дабіўся, каб у Прылуках з'явілася вуліца графа Чапскага»

Назва аграсядзібы сям'і Карпіловічаў — «Графская спадчына» — невыпадковая. Усяго за кіламетр ад заапарка ў пасёлку Прылукі месціцца палац Чапскіх.

— На жаль, пакуль не ўсе ведаюць сваю гісторыю, — кажа Юрый Карпіловіч. — Адзінкі, калі чуюць пра графа Чапскага, згадваюць піва. Але граф Караль Ян Аляксандр Гутэн-Чапскі праславіўся не толькі тым, што заснаваў піваварны завод. Шмат добрага ён зрабіў для людзей на пасадзе мэра горада Мінска: запусціў конку — трамвай, які вазіла па рэльсах запрэжаная пара коней, дабудаваў Купалаўскі тэатр, адкрыў першыя тэлефонную і электрастанцыі, прытулак для бяздомных. Мой цёзка Юрый Чапскі быў кіраўніком дваранства Мінскай губерні і таксама шмат карыснага зрабіў, у прыватнасці, каб аблегчыць людзям працу ў вёсцы.

Юрый Карпіловіч паказаў сваю калекцыю рарытэтных сельскагаспадарчых прыстасаванняў. Фермер збірае іх па ўсёй краіне. Многае засталося з часоў графаў Чапскіх. У прыватнасці, прататып першага камбайна. Два кані цягнулі, а адмысловы механізм прыводзіў у рух касу. Ці хаця б сячкарня. Спачатку быў агрэгат расійскай вытворчасці. Жонка накладвала траву і падштурхоўвала. А насупраць муж круціў кола за ручку. Як мінімум у сям'і было дзве каровы, трое свіней. Паспрабуй нарэзаць столькі травы. Нават 10 хвілін пакруціш тое кола — спіна баліць. Юрый Чапскі падгледзеў і прывез з Германіі іншы, больш прадуманы, агрэгат. Здавалася б, усё тое ж самае: жонка падштурхоўвае траву. Але на іншым канцы сячкарні ўжо два колы з ручкай. З аднаго боку стаіць тата, з другога — сын, у дзве рукі круціць нашмат лягчэй.

Юрый штодзень сядзіць на крэсле і размаўляе з тыграмі.

Юрый Карпіловіч прызнаўся, што яму, як і графам, таксама хочацца пакінуць пасля сябе светлы след. За 20 гадоў, што фермер шчыруе на зямлі, ужо шмат добрага зрабіў. Падсыпаў дарогі ў вёсцы, бо было ні прайсці ні праехаць. Асабліва па ўвосень і ўвесну, згадвае, людзі да аўтобуснага прыпынку ішлі ў гумовых ботах, трымаючыся за плот, а потым пераабуваліся. Зрабіў мост праз раку Пціч, якая працякае побач. Шмат грошай уклаў у вясковы водаправод. Дапамог бабулям адстаяць мясцовую царкву — на яе месцы багатыя людзі хацелі адкрыць забаўляльную ўстанову. Зараз жа дапамагае святару добраўпарадкоўваць храм. Зрабіў алтар, званы, выразаў крыж з дубу. Дарэчы, менавіта дзякуючы Юрыю Уладзіміравічу ў Прылуках з'явілася вуліца графа Чапскага. Фермер сказаў, што, як толькі з'явяцца грошы, усталюе на ёй імянную мемарыяльную дошку.

Падчас зімовых свят, што вельмі сімвалічна, Юрый Карпіловіч надзявае касцюм Дзеда Мароза і ператвараецца ў чараўніка. Пакуль мы размаўлялі, патэлефанавала жанчына з Мінска. Хоча перад Новым годам прыехаць у Падгай з сям'ёй, прасіла, каб Дзед Мароз пакатаў іх на санках і павіншаваў дзяцей у лесе.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.