Спаконвек людзі прыдумвалі, як заняць сябе доўгімі зімовымі вечарамі. Мабыць, нездарма на гэты час прыпадалі самыя вясёлыя святы, а ў вёсках наставала пара вяселляў — каб на санях, ды са званочкамі-шаргунцамі на конях...
Зразумела, у герояў беларускай літаратуры таксама хапала чым сябе заняць — згодна з фантазіяй аўтараў. Нешта вартае пераймання, нешта — смеху ці суму.
Давайце ж паглядзім на іх зімовае баўленне часу.
Вялікі знаўца старажытных беларускіх святочных традыцый — Адам Мальдзіс, абавязкова прачытайце ягоную кнігу «Як жылі нашы продкі ў XVІІІ стагоддзі», напісаную на матэрыяле мемуараў і хронік тае эпохі. Мальдзіс распавядае пра культ госця, які панаваў у нашых продкаў. Праўда, некаторыя падарожнікі злоўжывалі звычаямі, і гэта пра іх склалі прымаўкі накшталт «Госць і рыба на трэці дзень смярдзяць».
«Асабліва нахабна паводзілі сябе госці ў час «карнавалу» — ад Каляд да Вялікага посту. Перад запустамі (Масленіцай) шляхта наладжвала так званыя кулігі. Іх удзельнікі рабілі вялікія спусташэнні, якія апісаны ў мемуарах Кітовіча. «Ніжэйшай заможнасці шляхта праводзіла кулігі. Яны выглядалі прыкладна так: два або тры суседы дамаўляліся паміж сабой, бралі з сабой жонак, дачок, сыноў, слуг — усіх дарослых, што былі ў доме, пакідалі ў ім толькі малых дзяцей пад наглядам якіх двух чалавек, мужчыны і жанчыны. Самі ж, напакаваўшыся ў санкі, калі ж саннай дарогі не было — у каляскі, карэты, вазочкі, а таксама на ездавых коней, як хто мог, кіраваліся да бліжэйшага суседа, які ані прасіў іх, ані папярэджваўся (бо мог скрыцца ці з'ехаць з хаты). Там, застаўшы яго знячэўку, загадвалі даваць ім есці, піць, коням і людзям, без ніякай цырымоніі — як салдаты ў час збору падаткаў. Да таго часу ў яго дэбашырылі, пакуль не апаражнілі ў яго склеп, камору, свіран. Калі ж ужо выелі і выпілі ўсё, што было, бралі таго небараку з сабой з цэлай яго сям'ёй і цягнуліся да іншага суседа, якому рабілі такое ж спусташэнне, затым ехалі далей, пакуль не даходзіла чарга да тых, хто пачаў куліг».
Карыстаўся даследаваннямі Адама Мальдзіса і ягоны сябар Уладзімір Караткевіч. Вось ужо хто ўмеў маляўніча апісваць старадаўнія святы! У рамане «Каласы пад сярпом тваім» маладыя шляхцюкі і на санях катаюцца, і ў прастанародную «Жаніцьбу Цярэшкі « гуляюць, і феерверкі ладзяць... Займаюцца таксама вось чым:
«Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.
Мсціслаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.
Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры».
На Каляды, вядома, і варажылі... Юная Майка Раўбіч, якую палохае пачуццё да Алеся Загорскага, хоча ведаць, што яе чакае.
«Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.
А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.
— Толькі ён такі, той, аб кім думаеш,— шаптала Тэкля.— Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до-оўгі..».
Сяргей Грахоўскі ў аўтабіяграфічным творы «Зімовыя сны» ўспамінае дзяцінства, калі яны з маці жылі па чужых кутах, а маці шаравала падлогі ў панскіх пакоях, мыла і прасавала бялізну.
«Зімою па разутасці я сядзеў дома і гартаў той адзіны часопіс, з бульбін і трэсачак рабіў «пільшчыкаў», рагатых кароў і расстаўляў на лаве цэлыя чароды. З бульбін зрабіў і пастуха, праўда, на чатырох нагах, бо на двух не стаяў».
Былі і іншыя радасці: «Седзячы на маленькім зэдліку, мама абірала картоплю, а я на падлозе расстаўляў бязрукіх і аднаногіх аблезлых і пагнутых алавяных салдацікаў. Мама паціху спявала: «Степь да степь кругом, путь далёк лежит...», і я далучаўся тоненькім галаском: «А в степи глухой паміраў ямшчык». Хто такі ямшчык, я не ведаў і не пытаўся ў мамы, — быў упэўнены, што чалавек, які капае ямы».
Як не праехацца ўзімку на санях? Самы, бадай, бадзёры верш пра гэта напісаў Максім Багдановіч... Хоць быў ён хворы на сухоты, і наўрад паездка ў холад магла быць яму на карысць. Але няма сумнення, што зведаў такое задавальненне... Ён жа нават калі прыехаў у Мінск у 1916-м і кашляў ужо крывёй, настаяў, каб з'ездзіць у самыя халады з прадстаўнікамі Камітэта дапамогі бежанцам у Гародню, забраць дзяцей з беларускага прытулку. Тады Уладзіслаў Галубок выручыў, прынёс паэту, які меў толькі паношанае паліто, агромністы кажух...
Зімой
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
І рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.
Вялікі знаўца народных зімовых забаў — Якуб Колас. У паэме «Новая зямля» ён сакавіта апісаў сваё дзяцінства ў лесніковай сядзібе. Чытачы на памяць вучаць, як герой Костусь коўзаецца на лёдзе ракі, а бацька сямейства Міхал ідзе на паляванне... А вось у рамане «На ростанях» зіма іншая... Малады настаўнік Лабановіч, а менавіта выраслы Костусь, пачынае кар'еру вясковага настаўніка... На жаль, сярод правінцыйнай інтэлігенцыі няма аднадумцаў, пануе мяшчанства і абыякавасць да беларускай культуры. Лабановіча змушаюць завітаць у госці да пісара, дзе бавяць час тутэйшыя «падпанкі».
«Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Пераступіўшы парог і акінуўшы поглядам гасцей, Лабановіч прыпыніўся ў нейкім замяшанні: да каго наўперад падысці і з кім павітацца, проста не ведаў хлопец, куды дзецца — так многа было тут гасцей. Трэба б было пачаць з гаспадара, але гаспадар сядзеў за столікам, трымаў цэлую жменю карт і пільна ў іх углядаўся. Насупраць блішчаў урадніцкі каўнер. Збоку сядзеў фельчар Гарошка.
Ён падганяў пісара:
— Хадзі, хадзі, кум! Пад туза! Пад туза яму!»
Але карты і заляцанне да мясцовай прыгажуні Людмілы — не ўсе забавы...
«Вечар скончыўся гульнямі. Селі гуляць у «фанты». Было дамоўлена, што той, хто праштрафіцца, павінен па свайму выбару пацалаваць каго-небудзь з прысутных. Калі праштрафіцца хлопец, ён павінен выбраць дзяўчыну, і наадварот. Самым цікавым у гульні і быў гэты момант. Аматараў праштрафіцца знайшлося нямала. Праштрафілася і дваранка. З хітраватаю ўсмешкаю выйшла яна ў круг. Крадучыся, як кошка, яна абвяла поглядам хлопцаў і падышла да Лабановіча. Бедны настаўнік збянтэжыўся, чым і выклікаў дружны смех і воплескі».
І які ж хлопец шчаслівы, калі нарэшце выбіраецца з гэтага «духоўнага» асяродку...
Кандрат Крапіва пісаў не толькі байкі. У ягоным ранні апавяданні «Снег ідзе» малады камсамолец Якуб сутыкаецца з цяжкай дылемай: бацька намаўляе ісці ў лес і забраць сухую елку. А гэта ж крадзеж у народа! І бацькі-працаўніка шкада, і сумленне камсамольскае вярэдзіць... Таму Якуб ідзе на вячоркі, дзе дзяўчаты па традыцыі бавяць час за прадзеннем.
«А ў Змітравых зырка гарыць на камінку смаліна і пужае час ад часу дзяўчат, страляючы ім на прыпол. «Гасцінец будзе»,— цешаць яны адна другую...
Самі скачуць на панажах правыя ногі дзяўчат, зліваюцца ў адзін круг спіцы, жвава смычуць мокрыя пальцы сівую льняную бараду. Вілачак зусім не відаць: яны ў шалёным захапленні круцяцца наўкол свайго шпяня, ледзь спраўляючыся накручваць на шпулю мокрую нітку.
Даўно пераказалі дзяўчаты ўсе вясковыя навіны, перапелі шмат песень і цяпер трохі прыціхлі. Адна з іх, што бліжэй да камінка на зэдліку, раз-пораз паглядае цераз плячо на дзверы. Яе сіняя крамная сукенка і русыя, чуць кучаравыя валасы ёй надта да твару. Левая шчака нагрэлася ад камінка — румяная і пульхная. Гэта той магнэс, які цягнуў Якуба да Змітравых».
Пасля спаткання з каханай Якуба чакае яшчэ адна прыемнасць: яму ўдаецца адгаварыць бацьку ад таго, каб красці елку!
У цудоўнай казачнай аповесці Пятра Васючэнкі пра прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, стылізаванай пад старажытныя беларускія мемуары і хронікі, галоўныя героі, лянотныя паны, сустракаюць зімовыя святы сумнавата... Бо няма ў іх нічога да стала, акрамя рэпы.
«У калядную ноч запальваюцца ў небе зоркі, бы тысячы сярэбраных свечак. Паны пакрываюць стол накрухмаленым ільняным абрусам, кладуць пад яго, як і мае быць, сена — каб наступны год пражыць у шчасці ды дастатку. Ставяць на стол сем посных страваў: рэпу печаную, рэпу смажаную, рэпу пражаную, салату з рэпы, рэпныя грыбы, рэпныя гарэхі; а ў галаве стала, у гліняным гаршку, нібы каралева якая, стаіць куцця з рэпы.
Пан Заблоцкі расчыняе вакно, стукае ў падваконне драўлянаю лыжкаю і кажа, як належыць па звычаю:
— Мароз, мароз, ідзі куццю есці!
— Зараз іду! — адгукаецца з цемры хтось».
Адказвае не хто-небудзь, а калядоўшчыкі. А чым іх сустракаць?
«— Ты што, пане, блёкату аб'еўся? — надта ветліва і далікатна адказвае пан Заблоцкі. — Не адкрыць калядоўнікам?! То ж смяротны грэх! Няхай рэпу апошнюю забіраюць, але я ім адчыню.
І ён кідаецца да дзвярэй ды рашчыняе іх наўсцеж. Імгненна ў хаціну ўвальваюцца калядоўнікі — разам з марознаю параю, ды снегам, адсталым ад валёнак, вясёлым скавытаннем ды кугіканнем. У панскай хаце робіцца цесна ад зыкаў ды спеваў».
Але не трэба даддаваць апошнюю рэпу: паноў чакае сапраўдны калядны цуд: гэта прыйшлі да іх сябры і прынеслі пачастункі. У адным кашы — кілбасы, булкі, цукеркі, марцыпаны, біклажкі з віном... «Вось другі кош, поўны фінікаў, хвігаў, мігдалаў ды іншых заморскіх пладоў, што ў Палястыне растуць. Вось куфар, на куфры надпіс: «Дзякуй за добрыя адносіны да жывёлаў». Адчыняюць, а ў ім — свінка, з лычыкам і крыльцамі, з чыстае чакаляды, ды важкая такая!
Вось торбачка, у ёй нешта прыемна так, меладычна дзвэнгае. Развязалі торбачку — а з яе глядзяць на паноў масляна-жоўтымі вочкамі залатыя дукаты, дукаты, дукаты... Вось дзежачка з мёдам, ладненькая такая... Вось мех з аўсом. Вось бочачка з селядцамі.
Ад такое раскошы паны проста розум губляюць. Пан Кубліцкі кажа: «Мама», пан Заблоцкі кажа: «Бабуля». І абодва пакаціліся на падлогу, як два снапы.
Ужо на іх пырскалі, хукалі, кілбасу пад нос падносілі. Нарэшце паны ачомаліся.
...Ну ж і Каляды ўдаліся ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага! Частаваліся хто чым хацеў: хто — кілбасамі, хто — аўсом, хто — марцыпанамі, хто цукеркамі. Мядзведзю асабліва рэпа спадабалася. Ён проста роў ад задавальнення, хоць вушы затыкай:
— Ды я за ўсё сваё мядзведжае жыццё такой рэпы не каштаваў! Салодкая, як мёд!»
Няхай жа і для вас, дарагія сябры, зімовыя святы пройдуць як найлепей — і ў кампаніі добрай беларускай літаратуры!
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.
Каб зрабіць шчаслівым дзіця, трэба спачатку зрабіць шчаслівым сябе.
Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.
Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.