Вы тут

Як медыкі дапамагаюць здзейсніцца самаму запаветнаму


Праводзячы мінулы год, кожны з нас згадвае падзеі, якія былі важнымі, ацэньвае ўласныя дасягненні і робіць высновы: удалы быў год ці не вельмі. Поспехі і няўдачы, набыткі і страты, хваробы — станоўчае мы запісваем сабе на рахунак, ну і дзякуем Усявышняму, што ўсё непрыемнае, нарэшце, мінула... Гэтыя жанчыны, як і сотні іншых, упрыгожылі навагоднюю ёлку, прыгатавалі святочны стол і апоўначы загадаюць жаданні, сярод якіх, хутчэй за ўсё, будзе самае запаветнае — каб тое, што адбылося з імі ў 2021-м, ніколі не паўтарылася. А магчыма, яны проста пастараюцца не ўспамінаць горшае: самае галоўнае, што сталі мамамі, а тое, што атрымалася гэта зусім не проста, цяпер не важна. Але можна не сумнявацца ў адным — кожная з іх бясконца ўдзячная тым людзям, якія выратавалі ім жыццё. Наш сённяшні матэрыял не пра хваробы, а пра тое, што цуды магчымыя, і людзі, якія дапамагаюць ім здзейсніцца, заўсёды побач.


Калі сітуацыя нестандартная...

Сярод тысяч пацыентак аднаго з самых буйных у краіне радзільных дамоў, які знаходзіцца на базе 5-й сталічнай бальніцы (штогод на свет тут з'яўляецца больш за пяць тысяч дзяцей), ёсць тыя, чыё мацярынства стала магчымым дзякуючы выключнаму прафесіяналізму медыкаў. Для Вольгі Т. (імёны жанчын зменены) жаданая цяжарнасць ператварылася ў выпрабаванне з першых тыдняў. Такая своеасаблівая (і досыць распаўсюджаная ў першым трыместры) рэакцыя арганізма, як таксікоз, не праходзіла ні праз тры, ні праз чатыры, ні праз пяць месяцаў. Сітуацыя, наадварот, з часам толькі пагаршалася. На трыццаць другім тыдні цяжарнасці жанчына ўвогуле не магла есці. А паступова рвоту пачала выклікаць і любая вадкасць, нават вада.

Загадчык аддзялення рэанімацыі Алег Фралоў.

— Пацыентка паступіла да нас з так званай нястрымнай ірвотай цяжарных і вялікім дэфіцытам масы цела — яна важыла ўсяго 48 кілаграмаў. Была выражаная анарэксія, жанчына не магла не толькі есці, нястрымная рвота пачыналася нават пры мінімальным прыё-ме вады, — згадвае ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчык аддзялення анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі гінекалагічных і родавых аддзяленняў 5-й гарадской клінічнай бальніцы Алег Фралоў. — Растлумачыць такі стан і знайсці яго арганічную прычыну складана, стройнай тэорыі ў навукоўцаў няма. Ірвота ўзнікае ў адказ на прыём ежы, аўтаматычна чалавек ад яе адмаўляецца, фарміруецца рэфлекторны ланцужок. Мы прынялі рашэнне перавесці пацыентку на парэнтэральнае харчаванне — праз кропельніцу.

Нягледзячы на тое, што жанчына, трапіўшы ў бальніцу, ацэньвала свой стан не так і дрэнна, змены ў аналізах сведчылі, што сітуацыя нестандартная і ў любы момант можа стаць крытычнай. Аднак і харчаванне праз кропельніцу аказалася не такім лёгкім рашэннем. Пры сваіх параметрах пацыентка магла атрымліваць не больш за 1 800 мл раствору ў суткі. Але ўлічваючы вялікі дэфіцыт масы цела, змясціць у гэты аб'ём неабходную колькасць калорый, вадкасці і амінакіслот аказалася той яшчэ задачай для медыкаў.

Рэанімацыйныя палаты, на жаль, не пустуюць.

— З такім вялікім дэфіцытам вагі цяжка падабраць інфузійную праграму, улічваючы тое, што цяжарным многае супрацьпаказана. Вырашалі праблему павелічэннем канцэнтрацыі раствораў, пільным апаратным кантролем, — кажа Алег Фралоў.

У выніку ва ўрачоў усё атрымалася. У пэўны тэрмін, калі жыццю дзіцяці ўжо нічога не пагражала, жанчыне было зроблена кесарава сячэнне. Сама яна хутка паправілася, змагла вярнуцца да нармальнага рэжыму харчавання. Праз некалькі месяцаў з рэанімацыі было выпісана і набраўшае вагу немаўля. Сёння, гледзячы на гэтую шчаслівую сям'ю, наўрад ці можна здагадацца, праз што ім давялося прайсці.

Настасся А. трапіла ў рэанімацыйнае аддзяленне з вострым панкрэатытам цяжарных на 28-м тыдні. Ён здараецца ў будучых мам з-за сціскання ўнутраных органаў. Аднак у дадзеным выпадку стан таксама быў цяжкім.

— Падстраўнікавая залоза — орган далікатны і адчувальны, да таго ж няпарны — замены яму няма. Парушэнне яго функцый вядзе да істотнай гарманальнай перабудовы, панкрэатыту, болевага шоку. Пацыентка была цяжкая, у яе пачала развівацца дэкампенсацыя па функцыі нырак і печані, — расказвае Алег Фралоў.

Аднак і з гэтай сітуацыяй медыкі справіліся. Праз колькі тыдняў стан маладой жанчыны ўдалося палепшыць настолькі, што яе вырашана было адпусціць дадому, дзе яна і знаходзілася да родаў.

— Асаблівасць будучых мам у тым, што яны, як правіла, недаацэньваюць цяжар свайго стану, — адзначае загадчык аддзялення рэанімацыі раддома. — Падчас цяжарнасці напружваюцца ўсе сістэмы арганізма, і калі ў жанчыны маюцца нейкія хранічныя хваробы, яны пачынаюць праяўляць сябе. Аднак трэба аддаць належнае той сістэме вядзення цяжарных жанчын, якая ў нас існуе. Нідзе ў свеце няма такога пільнага назірання цяжарнасці і такіх адносін да жанчыны і дзіцяці пасля родаў. У многіх, нават развітых, краінах іх выпісваюць дадому на наступны дзень, не існуе там і паняцця дэкрэтнага водпуску — мама працуе, а дзіця даглядае нянька, што таксама не надта добра.

Многае вырашае абсталяванне

Падобныя нестандартныя і складананыя выпадкі прадбачыць і спрагназаваць немагчыма, але медыкі да іх добра падрыхтаваныя. Варта адзначыць, што радзільны дом 5-й сталічнай бальніцы з'яўляецца адным з найлепш аснашчаных у Беларусі. Тут маецца самая сучасная апаратура для пералівання крыві, у тым ліку хуткага замяшчэння яе аб'ёмаў — яна дазваляе ўліваць раствор з хуткасцю да 500 мл у хвіліну. Прычым ён падаецца падагрэтым, з-за чаго пацыентка не пераахалоджваецца. Ёсць абсталяванне для хуткай дыягностыкі парушэнняў сістэмы згусання крыві. Выстаўляецца такі папярэдні дыягназ усяго за 10 хвілін — у той час, калі пацыентка на аперацыйным стале. Апаратура для рэінфузіі крыві дазваляе адкачаць з арганізма ўласную кроў пацыенткі пры назапашванні яе, скажам, у брушной поласці, сепарыраваць у спецыяльным апараце і вярнуць у кровазварот. У параўнанні з метадам пералівання гэта больш складаная і затратная працэдура, аднак для пацыенткі куды больш ашчадная.

Усе аперацыйныя радзільнага дома таксама аснашчаны на самым сучасным узроўні — дыхальныя апараты высокага класа, маніторынг стану пацыента адпавядае еўрапейскім стандартам. Пры неабходнасці праводзіцца BІS-маніторынг, што дазваляе вызначыць глыбіню седацыі і нават стадыю наркозу. Маніторынг асноўных паказчыкаў гемадынамікі, як і дыхання, праводзіцца па еўрапейскіх стандартах. Абсталяванне для хуткай інфузіі крыві, падагрэву раствораў, тэрмафены дазваляюць падчас аперацыі пазбегнуць развіцця тромбагемарагічнага сіндрому і іншых непрыемных наступстваў.

Усе мы ведаем, што абследаванне і падрыхтоўка да планавай аперацыі могуць заняць не адзін тыдзень. Калі ў аперацыйную трапляе экстранная пацыентка, гэтага часу няма. Яе падрыхтоўка ідзе літаральна на аперацыйным стале і разам з правядзеннем усіх неабходных лабараторных аналізаў займае не больш за 20 хвілін згодна са стандартамі.

Узровень адказнасці — удвоены

— У экстраннай сітуацыі няма часу на лішнія думкі і перажыванні, усё робіш хутка, дакладна і аўтаматычна, — кажа медыцынская сястра-анестэзіст Дар'я Брыкун.

— Больш за тое, такая работа зацягвае, і я не бачу сябе ні ў якім іншым аддзяленні, — дадае яе калега Яўгенія Ганчарова.

Абедзве медыцынскія сястры-анестэзісты ў медыцыне нядаўна, Яўгенія працуе другі год, Дар'я — шосты. Падчас вучобы ў медыцынскіх каледжах дзяўчаты марылі аб рабоце ў рэанімацыйных аддзяленнях і атрымалі туды размеркаванні.

— Для работы ў акушэрстве важна, па-першае, знаходзіць агульную мову з цяжарнымі жанчынамі і паводзіць сябе карэктна, па-другое, умець працаваць у камандзе, па-трэцяе — усведамляць свой узровень адказнасці. А ён удвоены — мы адказваем не толькі за жыццё маці, але і за немаўля, — лічыць Алег Фралоў.

Таму ў такіх аддзяленнях не ўсе медыкі затрымліваюцца надоўга — тыя, каму гэта работа не падыходзіць, рана ці позна сыходзяць у больш спакойныя месцы. Сёння ў аддзяленні працуе 15 урачоў, тры інтэрны і тры дзясяткі медыцынскіх сясцёр.

Алег Фралоў аддаў медыцыне больш за чатыры дзесяцігоддзі. У 1977 годзе ён пачынаў санітарам у брыгадзе хуткай дапамогі, пасля заканчэння медінстытута ў 1989-м працаваў у розных установах аховы здароўя, з 2010 года загадвае рэанімацыйным аддзяленнем у 5-й бальніцы. Актыўна перадае свой вопыт маладому пакаленню ўрачоў — штогод пад яго кіраўніцтвам удасканальвае свае навыкі некалькі інтэрнаў.


Паднімаючы ў навагоднюю ноч бакал з шампанскім, успомніце і падзякуйце медыкам за выратаванае здароўе — сваё ці вашых блізкіх. Памятайце, што цуды магчымыя, а людзі, якія дапамагаюць ім здзейсніцца, могуць зараз стаяць каля аперацыйнага стала. Ці проста папраўляюць падушку камусьці ў рэанімацыі — каб яму стала крыху лягчэй.

Алена КРАВЕЦ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ.

Эканоміка

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Выконваючы праграму па імпартазамяшчэнні, зараз можна зарабіць сапраўды вялікія грошы.

Грамадства

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.