Вы тут

Кліматкантроль, інклюзіўнасць і творчая студыя: Чым здівіць новы корпус Нацыянальнага мастацкага музея


У Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся новы выставачны корпус, у якім будуць экспанавацца толькі часовыя тэматычныя праекты. Знаходзіцца ён побач з галоўным, па адрасе Карла Маркса, 24. Экскурсію па ім правяла для «Звязды» загадчыца сектара маркетынга Святлана Варапай:


— У новым выставачным корпусе чатыры паверхі. На першым знаходзіцца крама і кафетэрый, на другім размясціліся кабінеты навуковых супрацоўнікаў музея, відэазала і творчая студыя, якую ў далейшым мы плануем выкарыстоўваць для інклюзіўнай работы з дзецьмі і дарослымі. А трэці і чацвёрты паверхі адведзены пад экспазіцыі.

Ідэя стварэння музейнага комплекса ў межах аднаго квартала ў цэнтры горада з’явілася яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. І вось паступова яна ажыццяўляецца. У планах — перабудаванне галоўнага корпусу, каб зрабіць яго яшчэ больш камфортным для наведвальнікаў.

— Мы не спыняем развіццё музея. Разам з выставачным корпусам па вуліцы Кірава адкрыліся новыя рэстаўрацыйныя майстэрні, а таксама наша навуковая бібліятэка, — адзначыла Святлана Варапай. — Наступны этап — рэканструкцыя і аднаўленне галоўнага корпуса. Фасад застанецца такім жа пазнавальным, але ўнутраную залу музея пераробяць, каб наведвальнікам і супрацоўнікам было больш зручна. Але паўтаруся: архітэктурную ідэю будынка мы абавязкова захаваем. 

Адна з галоўных пераваг новага корпуса — асвятленне і кліматкантроль. На тых паверхах, дзе экспануюцца карціны, няма вокнаў — прыроднае святло шкодзіць мастацкім творам. Менавіта таму ў будынку ўсталяваны спецыяльныя лямпы, якія даюць прафесійнае асвятленне. Дзякуючы ім карціны быццам бы свецяцца знутры, а творы, якія захоўваюцца пад шклом, не блікуюць. Святлана Варапай адзначыла, што праз новыя функцыі музеефікацыя аб’ектаў адбылася ў поўнай ступені.

Яшчэ адна адметнасць новага корпуса, якую заўважыць кожны з наведвальнікаў, — магчымасць пазнаёміцца з рэстаўрацыйным працэсам дзякуючы часовай выставе:

— Зараз на трэцім паверсе экспануюцца выратаваныя мастацкія каштоўнасці. Гэта творы, з якімі працавалі нашы мастакі-рэстаўратары. Побач з карцінамі знаходзяцца тлумачальныя эксплікацыі. Яны дэманструюць першапачатковы стан карціны, а таксама паказваюць працэс аднаўлення твора, — распавяла Святлана Варапай. 

Выставачны корпус Нацыянальнага мастацкага музея — гэта і творчая пляцоўка. У спецыяльнай студыі займаюцца школьныя групы. Майстар-класы і інтэрактыўныя заняткі праводзяць супрацоўнікі музея. Ёсць і зала з вялікім экранам, дзе будуць адбывацца адукацыйныя лекцыі і сустрэчы. 

Пашырылася і крама музея. Калі раней прадукцыю можна было набыць ў галоўным будынку, то цяпер наведвальнікі знойдуць спецыялізаваную літаратуру, сувенірную прадукцыю і нават адзенне і на першым паверсе новага корпуса. 

Адметна, што нядаўна «Звязда» распавядала аб сацыяльна-інклюзіўным праекце «Карціны, якія ажылі». Ён дапамагае людзям з парушэннямі слыхавага апарату пазнаёміцца з творамі мастацтва. Музей працягвае ствараць зручную сераду — маламабільныя наведвальнікі могуць бесперашкодна трапіць з новага выставачнага корпуса ў галоўны праз спецыяльны калідор. А галоўны ўваход корпуса абсталяваны спецыяльным пад’ёмнікам і ліфтам. Але гэта далёка не ўсе новаўвядзенні, якімі могуць пахваліцца супрацоўнікі.

— Цяпер наша задача — зрабіць корпус на вуліцы Карла Маркса такім жа пазнавальным, як і галоўны. Каб ён таксама асацыяваўся з Нацыянальным мастацкім музеем, — дадала Святлана Варапай.

Арына КАРПОВІЧ

Фота: Аліна МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.