Вы тут

Як кухар-тэхнолаг робіць крафтавыя ласункі да Новага году і Каляд


Каляднымі цацкамі-цукеркамі, ядомымі творамі мастацтва пакарае сэрцы гамяльчан чараўніца ізумруднага пераднавагодняга Гомеля. На сваім прыкладзе яна расказвае, як правільна загадаць жаданне пад Новы год: прафесійна развіцца праз хобі, прайсці шлях ад беспрацоўнай да самазанятай, а салодкія вырабы ператварыць у творы аўтара-кандытара.


Кухар, тэхнік-тэхнолаг харчовай вытворчасці гамяльчанка Кацярына Чувашава да Каляд рыхтуе салодкія боксы. У драўляныя скрыначкі, зробленыя ўручную, закладвае «бомбы». Гэта крафтавыя шакаладныя шары з самай неверагоднай начынкай, якая ўражвае выбухам смачных кактэйляў. Гэтыя шакаладныя бомбы-шары — тая яшчэ «дыверсія»: паспрабуй дачакацца свят і не з'еш! Маскіраваць ад дзяцей іх можна пад навагоднія цацкі. Шакаладныя шары і цукеркі цяжка адрозніць ад дэкаратыўных вырабаў — хоць ёлку упрыгожвай.

— У свой час атрымала прафтэхадукацыю па спецыяльнасці «кухар», потым — сярэднюю спецыяльную — тэхніка-тэхнолага. Паступіла ва ўніверсітэт, марыла займацца маркетынгам, паралельна працавала кухарам, — расказвае пра сябе Кацярына. — Я была цяжарная дачушкай, калі на рабоце скарацілі людзей, і я ў тым ліку стала беспрацоўнай. «Кухара з жыватом» браць на работу ніхто не хацеў. Менавіта тады любоў да прыгожага, імкненне ствараць нешта незвычайнае, крэатыўнае мяне літаральна выратавала. Я паспрабавала сваімі рукамі вырабляць дзіцячыя ўпрыгажэнні для валасоў, атрымалася вельмі добра. Пачала працаваць як рамеснік.

Расказвае майстрыха, і як «лёс шчоўкнуў па носе»: мама дзяўчыны ўсё жыццё прапрацавала кандытарам у вытворчым цэху. Сама ж Кацярына заўсёды падкрэслівала, што не пойдзе, як маці, у кандытары, работа аднатыпная — лісточкі ды ружачкі з крэму будуць сніцца па начах. Ды вось як выйшла.

— Паспрабавала рабіць спачатку торцікі, цікавілася аздабленнем кандытарскіх вырабаў. Потым для родных і сяброў зрабіла першыя цукеркі сваімі рукамі, шакаладкі з рознымі начынкамі, шакаладныя бомбы і так захапілася, — дзеліцца дзяўчына. — Брала ўдзел у хэнд-мэйд-выставах: прадстаўляла аўтарскія ўпрыгажэнні для валасоў і свае «салодкія работы». Там пазнаёмілася з гамяльчанкай, якая жыве ў Германіі. Яна была настолькі ўражаная маімі салодкімі боксамі з аўтарскімі вырабамі, што заказвала іх для ўсіх сваіх нямецкіх сваякоў і знаёмых. Маўляў, праз мае цукеркі можна расказаць пра Гомель, Беларусь. Казала, што не сустрэнеш такога ў іх.

Увогуле праз работу ў яе жыццё прыйшло шмат цікавых людзей — у іх вучылася, развівалася як мастак-кандытар. Сёння Кацярына рыхтуецца да афармлення сваёй «салодкай справы» ў статусе ўжо не рамесніка, а самазанятага. Яе такая магчымасць працаваць вельмі цікавіць, лічыць, што за гэтым будучыня.

— Хачу сказаць, што калі ты паглыбляешся ў модныя перадавыя тэхналогіі, ідэі «крафтавых ласункаў», то бачыш, што самыя прызнаныя, найлепшыя ў свеце ў гэтай тэме — якраз кандытары з Расіі і Беларусі, — адзначае Кацярына.

Расказвае яна і аб тым, як мяняюцца разуменне і адносіны людзей да салодкіх вырабаў ручной работы з «празрыстым» складам. Па яе назіраннях, большасць людзей падкупляе не сам натуральны склад цукерак ці шакаладак, а прыгажосць. Многія перадаюць аўтару пасля, што такія вырабы шкада было есці. Некаторыя прызнаюцца, што прыгожае раней успрымаў як штучнае — тое, што мы называем «хімія». Кацярына мяняе стэрэатыпы.

У яе свой стыль у падыходзе да інгрэдыентаў. У складзе салодкіх твораў толькі натуральны шакалад, але ні ў якім разе не глазура. Яна не выкарыстоўвае замяняльнікі, узмацняльнікі смаку, танныя неправераныя фарбавальнікі. Кажа, сёння ў продажы ёсць усё неабходнае для развіцця такой вытворчасці. Кацярына шмат эксперыментуе з начынкамі для шакаладу з розных відаў арэхаў, сухафруктаў, зефіру, нугі. Для яе гэта невычарпальнае поле для ўдасканалення сябе як майстра. Вельмі папулярныя шакаладныя «бомбачкі», якія ў малацэ, какаве ці вадзе паступова растаюць і раскрываюць розныя начынкі. Асабліва падабаецца такое дзецям.

— Мае кліенты робяць заказ, я прашу даверыцца мне — кожная цукерка ці крафтавая плітка шакаладу выходзіць унікальнай. Людзі прыходзяць зноў і зноў. Для мяне гэта вельмі важна, — дзеліцца Кацярына. — У мяне няшмат кліентаў. Але на такой дзейнасці цяжка зарабіць вялікія грошы, асабліва адразу.

Для яе ўласная жыццёвая гісторыя — гэта пра мастацтва, прыгажосць і пра тое, што калі ты творчы чалавек, ты можаш самастойна рэалізоўваць сябе, спрабаваць, не баяцца, што застанешся без работы ці без заробку.

— Мая дачушка, якой цяпер шэсць гадкоў, імкнецца мне дапамагаць, ганарыцца мной. Неяк назірала за маёй работай, а потым кажа: бачу, што гэта цяжка, але таксама вельмі хачу стаць кандытарам, калі вырасту. Ганарыцца мной і мой любімы муж. Памяняла меркаванне і мая мама, якая спачатку вельмі перажывала, як гэта кандытар працуе без цэха — дома, рызыкуе быць самазанятым, разлічваць на сябе.

Майстар-кандытар расказвае, што для яе вельмі важна любіць усё ў сваёй рабоце, шанаваць і канкурэнтаў. Кацярына, калі бачыць у сацыяльных сетках добрага «крафтавага» кандытара з годнымі вырабамі, абавязкова ў сваім профілі робіць спасылкі на аўтара, рэкамендуе людзям, імкнецца падтрымаць майстра.

— Здараюцца і кур'ёзы ў маёй «салодкай» справе, — расказвае гамяльчанка. — Калі быў папулярны расійскі тэлесерыял пра кандытара-індывідуальнага прадпрымальніка Пірагову, мае суседкі, паважанага ўзросту жанчыны, наглядзеўшыся кіно з унукамі ці дзецьмі, ахрысцілі мяне таксама Піраговай, трохі кпілі спачатку. Жартавалі, што хутка можна будзе і ў нас на раёне зняць такую кінастужку. Мне самой ідэя вельмі падабаецца, кансультацыі кандытараў нават не аднаго пакалення — гарантуем!

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».