Вы тут

Двое — гэта не занадта! Як сям'я таксістаў сустракае Новы год


Новы год і Каляды — святы, якія прынята адзначаць дома, у коле родных і блізкіх. Але жыццё не замірае нават у самую чароўную ноч у годзе, і ёсць людзі, якія працуюць гэтымі днямі. Таксісты, дарэчы, часам вельмі нават задаволены работай у навагоднюю ноч. Не сакрэт, што ў святочныя дні тарыфы на перавозку ў таксі значна павышаюцца. З'яўляецца выдатная магчымасць зарабіць больш. Але грошы — не адзінае, што хвалюе людзей гэтай прафесіі.


Незвычайная сям'я таксістаў Наталлі і Паўла расказала аб асаблівасцях жыцця прадстаўнікоў такой прафесіі, пра тое, як ставяцца беларусы да таксістаў-жанчын, а таксама пра тое, якія святы яны лічаць не выгаднымі, а любімымі.

У Беларусь прывяло... каханне

Наталля: Я вырасла ва Украіне. Закахалася ў беларуса і паехала за ім. Мы з мужам аселі ў Гродне. Гэты горад не такі вялікі і яркі, як Кіеў, але затое ён утульны і зялёны. Там, у Гродне, я нарадзіла сваю цудоўную дачку. Працавала тады ў розных месцах, займалася PR, нават, была экскурсаводам... Але праз некалькі гадоў сумеснага жыцця мы з мужам зразумелі, што нам далей не па дарозе. Развіталіся, і неўзабаве я прыняла рашэнне прыехаць у Мінск. Гэта было няпроста, бо ў выніку я засталася ў чужой краіне з дзіцем на руках. Мне здавалася, што ў сталіцы работы больш, і я хутка знайду сябе ў гэтым горадзе. Але Мінск не песціў мяне спачатку. За фасадамі вакансій хавалася не зусім прыдатная работа для маці-адзіночкі. Мне патрэбны быў графік, які б дазваляў вазіць дзіця ў садок, і пры гэтым заробак на арэнднае жыллё, садок і харчаванне... Аказалася, гэта практычна немагчыма. Я амаль страціла надзею, як раптам знаёмыя прапанавалі паспрабаваць сябе ў таксі. І я адважылася, бо ў мяне якраз былі правы кіроўцы і патрэбны досвед.

Павел: Я ўжо працаваў у таксі некалькі гадоў. Звычайна мае калегі — мужчынская кампанія. І вось да нас прыйшла Наталля. Было зразумела, што яна прыйшла ў таксі вымушана. Выглядала крыху разгубленай. Мяне папрасілі дапамагчы дзяўчыне асвоіцца ў горадзе, расказаць ёй аб тонкасцях работы ў таксі. Так я стаў яе настаўнікам. Для Наталлі работа ў таксі была проста выратаваннем, таму што графік вольны — завозіць і забіраць малую з дзіцячага садка магчымасць ёсць, на бальнічныя, якія з дзецьмі здараюцца часта, адпускаюць свабодна, ну і зарплата здзельная. Гэта значыць, скончыліся грошы — выехаў, папрацаваў, і ўжо нешта ёсць у кішэні. Але ж калі хочаш арэндаваць жыллё, плаціць за дзіцячы садок і нешта есці, трэба працаваць і па 16 гадзін. Гэта вельмі цяжка, таму ў таксі так мала жанчын.

Пацалунак у аўто

Павел: Насамрэч таксісты не увесь час за рулём. У нашай службы ёсць база, дзе кіроўцы сустракаюцца і могуць разам выпіць кавы. Ёсць і чаты, дзе можам паміж сабой размаўляць. Мая задача была дапамагчы Наталлі засвоіць адмысловую праграму для таксістаў, навучыць хутчэй арыентавацца ў горадзе. Яна схоплівала ўсё адразу і гэтым выклікала не проста цікаўнасць, а захапленне! Зрэшты, мне захацелася з ёй сябраваць, бо побач з гэтым чалавекам было ўтульна.

Наталля: Павел быў не проста настаўнікам, а паціху стаў праяўляць нейкі бацькоўскі клопат. Было відаць, што яму гэта вельмі падабаецца. І ён нічога лепшага не прыдумаў, як... паспрабаваць уладкаваць маё асабістае жыццё. Стаў нават сватаць сваіх сяброў, якія былі таксістамі (смяецца). Ён, вядома, пытаўся ў мяне дазволу перад тым, як даць мой нумар тэлефона каму-небудзь, а я пагаджалася, бо такім чынам разлічвала знайсці больш сяброў, якія дапамогуць у цяжкую хвіліну на дарозе. А Павел ніяк не мог здагадацца, чаму я не адказваю на іх заляцанні. Прыйшлося даць зразумець майму настаўніку, што я не шукаю адносін, бо мне вельмі падабаўся ён сам.

Павел: Цяжка сказаць, як, але мужчыны адчуваюць сімпатыю дзяўчыны. Па ўсмешцы, вачах... Я адважыўся. Гэта ж было на запраўцы, так?

Наталля: Так. Побач з запраўкай звычайна ёсць стаянка. Там вырашылі разам выпіць кавы, пабалбатаць... Памятаю, сядзелі ў Пашы ў аўто, калі да яго прыйшоў заказ і яму хутка трэба было ехаць. Ён пацягнуўся да мяне, каб пацалаваць... На шок і няёмкасць пасля пацалунка не было часу, бо Паўла дзесьці чакаў кліент, а я адразу выйшла з машыны.

Павел: Мы спачатку хавалі нашы адносіны, каб не бянтэжыць калег. Але потым не было сэнсу, усе разумелі, што нашы частыя сустрэчы — гэта ўжо не пра сяброўства.

Сям'я VS калегі

Наталля: Нягледзячы на тое, што мы ўвесь час на сувязі, мне не хапае стасункаў з мужам. Па сутнасці, мы сустракаемся ўжо амаль перад сном. Мозг разумее, што з раніцы трэба ўстаць крыху раней і паспець да гарадскога часу пік, таму вельмі трэба легчы спаць. Але з іншага боку, хочацца хоць бы пару гадзін пабыць разам з мужам, зазірнуць у вочы, пагаварыць ці проста фільм паглядзець... Вельмі не хапае часу, каб проста быць разам.

Павел: Але я ўжо прывык, што мая жонка працуе нароўні са мной. Таму і не даводзіцца чакаць цёплай хатняй вячэры. Мы разам увечары едзем у краму, выбіраем паўфабрыкаты ці тое, што можна вельмі хутка прыгатаваць і з'есці. Мы можам выехаць у 7-8 раніцы і вярнуцца дадому ў 10-11 вечара. Наталля часам можа з'ехаць крыху раней, калі ёсць неабходнасць дапамагчы дачцэ. Аднак мы абодва ведаем, што можам з'ехаць у любы час, каб пабыць
побач.

Наталля: Так... Але выбар часцей за ўсё падае на рашэнне падзарабіць. І паколькі мы калегі, то разумеем адно аднаго. Гэта значыць, ад мяне Павел не чуе папроку ў тым, што ён затрымаўся на рабоце ці што ён выйшаў на работу ў выхадныя. Бо я ведаю, што ў гэтыя дні мы заробім больш. Таму часцей за руль садзімся абое. Так трэба, каб пражыць.

Павел: У мяне надзейны тыл. Калі чакаецца далёкая паездка, я не хвалююся, бо ведаю, што Наташа прыедзе да мяне. Памятаю, вёз кампанію за горад у катэдж. У машыне «запаскі» не было, бо багажнік спатрэбіўся для прадуктаў кліентаў. Ад'ехалі кіламетраў дзевяць ад горада, і раптам шына лопнула.

Наталля: Мне ж пару слоў дастаткова, каб зразумець праблему, з якой ён сутыкнуўся. Пакуль хлопцам, якія сядзелі ў машыне ў Паўла, выклікалі іншае таксі, я паехала ў месца, дзе ён пакінуў запасное кола, і прывезла яго яму за горад.

Павел: У Наталлі не лопаюцца колы, у яе заканчваецца бензін!

Наталля: І Павел ніколі мяне ў гэтым не папракнуў. Заўсёды прыедзе на дапамогу. Толькі пахіхікае.

«Баба» за рулём

Наталля: Звычайна да мяне пасажыры ставяцца вельмі добразычліва. Я акуратна ваджу аўтамабіль, і таму мной задаволены. Але ў таксі ёсць паслуга «цвярозы кіроўца», і вось там усякае бывае. Часам вельмі крыўднае. Не вельмі любяць мужчыны пускаць за руль свайго аўто жанчыну. Памятаю, у Раўбічах пад Новы год заказалі «цвярозага кіроўцу».
Ніхто з нашых туды не хацеў ехаць: зіма, складаная дарога... А кліент проста маліў дыспетчара дапамагчы, гатовы быў чакаць 40 хвілін. Гэта вельмі доўга, бо звычайна кіроўца прыязджае на працягу 10 хвілін. У выніку я пагадзілася на сваю галаву. Прыязджаю, а там трое падпітых мужчын каля «джыпа» стаяць. Вясёлыя такія. Я выйшла са сваёй машыны, прадставілася, і тут кліент кажа: маўляў, не пушчу «бабу» за руль. Я так злавалася... Памятаю, строга, амаль з пагрозай сказала, што выбару ў іх няма, бо ехала да іх 30 кіламетраў і назад проста не паеду. Селі ўсё ж. Усю дарогу ехалі моўчкі. Я была вельмі акуратная, каб не раздражняць пасажыраў. У выніку давезла іх на месца. Заказчык потым усё ж папрасіў прабачэння і падзякаваў, ну і заплаціў добра.

Павел: Вядома, стаўленне рознае бывае, залежыць ад кліента. Але ўсё ж дзяўчат у нас любяць! Мне, напрыклад, ніхто дарагіх шчанюкоў не дарыў.

Наталля (смяецца): Так, і сапраўды. Памятаю, падвозіла кліента, а ён у руках мопсіка трымаў. Такога прыгожага — проста цуд! Зрэшты, кліент, бачачы маё непрыхаванае захапленне, даў патрымаць яго. Мопсік сядзеў у мяне ўсю дарогу на каленях, такі міленькі, такі ціхенькі, як зайчык. І ўсё спрабаваў лізнуць. Клічка шчанюка была Боцман. І калі прыйшоў час вяртаць, я вельмі расстроілася, кажу: можа, аддадзіце мне сабаку? Кліент пасмяяўся, вядома, але ў выніку даў грошы на тое, каб я набыла сабе шчанюка. Што я і зрабіла. Цяпер у нас жыве цудоўны французскі бульдог Бруна.

Новы год і Каляды

Павел: Звычайна на Новы год мы працуем. Але бой курантаў слухаем разам са сваімі дзецьмі. Аднак мне больш падабаюцца Каляды. Я палюбіў гэтае свята, калі паехаў да Наталлі ва Украіну. Раство мы святкавалі ў хроснага жонкі. Там адчувалася столькі любові, цяпла і гасціннасці. Быў цудоўны калядны абед: перапёлкі, смачнае віно. За сталом весела жартавалі, расказвалі добрыя сямейныя гісторыі... У мяне засталіся з таго дня вельмі прыемныя ўспаміны, якія грэюць да гэтага часу. Думаю, справа была ў атмасферы любові, якая панавала ў тым доме.

Наталля: Так. Справа была ў людзях. Насамрэч не важна, дзе адзначаць свята, важна, каб побач былі блізкія, якіх ты любіш.

Павел: Новы год — таксама добрае свята, але звычайна мы працуем.

Наталля: Мы ж дамовіліся, што гэты Новы год адсвяткуем, як усе?

Павел: Так, сапраўды! Але хто ж будзе вазіць па горадзе Дзядоў Марозаў ці мужчын у касцюме Снягуркі?

Наталля. Ну, можа, на пару гадзін выедзем з раніцы 31 снежня... Дапаможам закупіцца мінчанам!

Павел. Так, пару гадзін папрацуем. Але максімум да трох дня! Вось ужо гэтая спакуса грашыма...

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.