Вы тут

Гісторыя на елцы


Чым адметна навагодняе свята? Хвояй, мандарынавымі скарынкамі і апетытнымі пахамі з кухні, дзе гатуюцца святочныя кулінарныя шэдэўры. Вакол мітусня, а на сэрцы радасна і крыху трывожна: вось-вось надыдзе новае жыццё, і так хочацца спадзявацца на лепшае!

Калі я была малой, мы жылі непадалёку ад ЦУМа, і з тых часоў гэта мой любімы ўнівермаг. Я гадзінамі зачаравана разглядвала прыгожыя вітрыны напярэдадні Новага года. Чамусьці верылася, што як і ў гісторыі пра Шчаўкунка, ёлачныя цацкі ноччу ажываюць і пачынаецца іх сапраўднае таямнічае, поўнае дзівосных прыгод жыццё. Хацелася застацца на ноч у краме, каб паназіраць за гэтымі пераўтварэннямі. Магчыма, адсюль у мяне вельмі беражлівыя адносіны да ёлачнай цацкі, прычым захаваліся не толькі цацкі з майго дзяцінства, але і больш раннія, яшчэ бацькоўскія.

Хочаце патрымаць у руках гісторыю жыцця некалькіх пакаленняў або нават цэлай краіны? Для мяне гэта магчыма, дастаткова толькі ўзяць скрынку са старымі цацкамі. І калі вымаю адну за другой, прыходзіць вострае адчуванне сустрэчы з блізкімі людзьмі, якія калісьці трымалі іх ў руках, збіраліся каля ўпрыгожанай імі елкі, каб за святочным сталом пад звон курантаў з бакалам шампанскага сустрэць "новае шчасце" ў новым годзе.

Крышку гісторыі

Упершыню першы дзень новага года быў абвешчаны выхадным у 1946 годзе. Навагодняе свята пачалі святкаваць шырока і не толькі дома, а ў клубах, тэатрах. З гэтай нагоды з'явілася вялікая патрэбнасць у ёлачных цацках.

У 1950—1960-х гадах адкрылася адразу некалькі фабрык па іх выпуску — у Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Кіраве і іншых.

У Мінску навагоднія цацкі пачалі вырабляць адразу ў 1946 годзе на мастацка-галантарэйнай фабрыцы, дзе быў створаны адмысловы цэх. Да сярэдзіны 1960-х ён знаходзіўся на вул. Нямізе, 13а. Мінскія цацкі былі і якасныя, і вельмі прыгожыя. Кожная фігура выдувалася і распісвалася асобна. У 1959 годзе газета "Советская Белоруссия" пісала: "К сведению покупателей. В Минском универмаге "Белунивермаг" организована продажа в широком ассортименте ёлочных украшений из стекла, ваты, картона и фольги. Имеются в продаже ёлочные электрогирлянды. Производится комплектование ёлочных наборов".

Напярэдадні я доўга сядзела ў інтэрнэце і праглядала каталогі, на якіх адлюстраваны старыя цацкі савецкіх часоў. Як дзіця радавалася, калі знаходзіла ўпрыгожанні, што ёсць і ў мяне, а пасля з хваляваннем чытала водгукі людзей, успаміны пра любімае зімовае свята.Нездарма яно стала такім сапраўды народным і любімым! Прыватныя калекцыі ёлачных цацак, зробленыя ў СССР — краіне, якой больш няма, сёння з'яўляюцца ўнікальнымі.

Дарэчы, рашэннем Міжнароднай арганізацыі калекцыянераў ёлачных цацак "Gоldеn Glоw", старадаўнімі лічацца цацкі, вырабленыя да 1966 года. Аказалася, што такіх цацак і ў мяне нямала.

Мае скарбы

Самым старэйшым упрыгожаннем аказалася просценькая з выгляду гірлянда з папяровых сцяжкоў канца 1940-х гадоў. Разглядаць сюжэты малюнкаў вельмі цікава. Адразу відаць, чым жылі савецкія людзі ў першыя пасляваенныя гады. (фота гірлянды)

Далей ідуць тэматычныя цацкі, вырабленыя ў арцелях Савецкага Саюза ў 1950—1960 гады пры Сталіне і Хрушчове. Гэта цацкі з выявай савецкай сімволікі, а таксама "харчовыя" цацкі хрушчоўскіх часоў. Матавыя, вельмі рэалістычна выкананыя перцы, яблык, кукуруза, вінаград, арэхі — мае любімыя з дзяцінства.

Асабліва ганаруся рэшткамі шкляруснай гірлянды і парачкай мантажных цацак, якія калісьці не лічыліся прыгожымі і таму іх мала захавалася. А гісторыя з'яўлення ў Расіі такіх вырабаў палягае ў часы Першай сусветнай вайны, калі палонныя немцы трапілі ў горад Клін. Там быў завод па вырабу шкла. Адпраўленыя на працу немцы навучылі рускіх майстроў выдуваць са шкла шары і пацеркі. Дарэчы, такімі дутымі пацеркамі ўпрыгожвалі не толькі ёлкі — савецкім жанчынам спадабаліся яркія маністы з клінскага шкла. Насілі іх і беларускі.

Картанажныя цацкі не былі рэдкасцю і каштавалі танна, таму розныя пеўнікі ды рыбкі не захоўваліся так беражна, як шкляныя. У крамах іх можна было набыць яшчэ ў 1980-я. Аднак паходзяць яны ад саксонскіх картанажных ёлачных упрыгожанняў. На рубяжы ХХ стагоддзя іх выраблялі з цяснёнага картону на фабрыках Дрэздэна і Лейпцыга. Лісты з выявамі розных фігурак можна было замовіць па пошце і самастойна выціснуць і склеіць палавінкі фігурак між сабой.

У 1970-х наступіла эра стандартызацыі і вытворчасць цацак стала серыйнай. Яны страцілі былую разнастайнасць, тым не менш я рада, што парачка цацак гэтага перыяду ў маёй скарбонцы ёсць.

Пройдзе колькі часу, і на рынак былога СССР хлынуць цацкі кітайскай вытворчасці, праз Польшчу трапіць еўрапейская цацка. А вось савецкая вытворчасць навагодніх цацак паступова прыйшла ў занядбанне. І беларуская ёлачная цацка пакуль не заявіла пра сябе.

Ларыса МЯТЛЕЎСКАЯ. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».