Вы тут

Два дакументы з міністэрскай пошты


Сёння ўсе пытанні, звязаныя з якімі-небудзь крытычнымі сітуацыямі ў стасунках пісьменніка з дзяржаўным выдавецтвамі, вырашаюцца ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У 1960-1980-я гады гэтыя кампетэнцыі знаходзіліся ў полі зроку Дзяржаўнага камітэта Савета міністраў БССР па друку. Некаторы час гэты орган дзяржаўнага кіравання, фактычна — міністэрства па кніжнай справе, узначальваў Рыгор Васільевіч КАНАВАЛАЎ (1912 — 1979). Відаць, да 1973 года, калі ў Дзяржкамдрук БССР старшынёй прыйшоў колішні галоўны рэдактар газеты «Звязда» Міхаіл Іванавіч ДЗЯЛЕЦ. 


Вопытны апаратчык, партыйны функцыянер, Рыгор Канавалаў меў і практычныя адносіны да кніжнай, выдавецкай справы. Нараджэннем з 1912 года, ён закончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску ў 1939 годзе. А ў 1933 — 1934 гг. працаваў у газеце «Чырвоная Полаччына». У 1939 — 1941 гг. — у Дзяржаўным выдавецтве БССР. 

А ўжо пасля Вялікай Айчыннай вайны з 1946 года — у апараце ЦК КПБ. Інструктар, загадчык сектара, намеснік кіраўніка аддзела прапаганды і агітацыі. З 1960 — намеснік старшыні Дзяржкамітэта па радыёвяшчанню і тэлебачанню пры Савеце Міністраў БССР. З 1963 года — старшыня рэспубліканскага Дзяржкамдруку. 

Цяпер пра лісты... У Нацыянальным архіве Рэспубдлікі Беларусь цяпер іх знайшлося ўсяго два. Магчыма, ёсць ці было і шмат болей... Дакладней — ліст і тлумачальная запіска. Кожны з дакументаў — па розных справах. Абодва — з 1972 года... 

У сакавіку (ліст без даты; але ўваходны нумар рэгістрацыі дакументаў сведчыць: у Дзяржкамітэт пісьмо прыйшло 16 сакавіка) 1972 года да старшыні звяртаецца знакаміты беларускі пісьменні Іван Пятровіч ШАМЯКІН. Чытаем зварот:

«Паважаны Рыгор Васільевіч! 

Я ўжо казаў Вам, што на любой сустрэчы з настаўнікамі мне задаюць нязменнае пытанне: у праграму X класа ўключана „Трывожнае шчасце“, а кніжак на беларускай мове няма, вучні чытаюць рускі пераклад, што нельга лічыць нармальным. 

Сёння я быў у школе N 2 г. Мінска пераканаўся, што ў адным дзесятым класе няма ніводнага арыгінальнага экземпляра, усе чытаюць па-руску. 

Сумна мне стала ад гэтага факта. 

Вельмі прашу Вас уключыць у план выдавецтва „Мастацкая літаратура“ ці „Народная асвета“ перавыданне „Трывожнага шчасця“ на беларускай мове. 

Мяркую, што можна сабраць масавы тыраж — тысяч трыццаць. 

З глыбокай павагай Іван Шамякін». 

Рэзалюцыя Р. В. Канавалава на пісьменніцкім звароце датавана 17 сакавіка: «Тав. Барушку А. Ф. Просьбу І. П. Шамякіна трэба падтрымаць. Р. Канавалаў». Разумнае і аператыўнае рашэнне пытання... 

17 ліпеня 1972 года нехта начальнік адміністрацыйна-гаспадарчай часткі ведамства спадар НАВУМЕНКА піша старшыні Дзяржкамдруку дакладную запіску.

«... Пісьменнікі Янка Брыль і Вячаслаў Адамчык ў лютым г. звярнуліся з заявамі ў Дзяржкамітэт пра выплату ім ганарара за выданне твораў на роднай мове як за першыя выданні, хаця гэтыя творы ўжо былі выдадзены на рускай мове. 

На гэты выпадак атрыманы тлумачэнні юрыдычнага аддзела Камітэта па друку пры Саўміне СССР ад 24 красавіка 1972 г. N 21-24. Аднак абедзве заявы да гэтага часу знаходзяцца на кантролі і аўтарам не паведамілі канчатковае рашэнне іх просьбы. Матэрыялы, якія датычныя гэтага пытання, знаходзяцца ў тав. Калбасіна Д. А. ...»

Можна толькі здагадвацца, як было вырашана гэта пытанне. Але ж, як падаецца з наступнай рэзалюцыі старшыні, Рыгор Васільевіч Канавалаў спрабаваў унікліва паставіцца да пытання, не «скідваць» яго з кантролю...

«Тав. Навуменка... Тав. Брыль І. А выклікаўся 17. VII. 72 г. у Дзяржкамітэт па друку і азнаёмлены з заключэннем юрысконсульта... Пытанні ўдакладняюцца. Р. Канавалаў». 

Пагадзіцеся, што афіцыйныя дакументы, рэзалюцыі на іх — не меней цікавыя сведчанні пра тую ці іншую асобу, чым асабістае ліставанне. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».