Вы тут

Па-роднаму светла ў беларускіх адрасах


Праект «Адрасы Беларусі ў свеце» выдаецца ўжо болей пяці гадоў. За гэтыя гады склалася бібліятэчка кніг, якія расказваюць пра лёсы нашых землякоў у свеце, у розных далёкіх і блізкіх старонках. «Светлымі дарогамі братэрства: знаёмствы, адкрыцці, дыялогі» — адна з кніг серыі. Зборнік знаёміць з украінскімі адрасамі, дзе жылі і працавалі беларусы, дзе жывуць і працуюць пісьменнікі, мастакі, вучоныя, якія падтрымлівалі ці падтрымліваюць стасункі з Беларуссю і беларусамі. 


Нектаорыя развагі на тэму. Сістэмнасць выхаду кніжных серый сёння выклікае пэўныя сумненні і трывогі. Калі бачыш пачатак любога серыйнага выдавецкага праекта, то заўжды неўпрыкмет думаеш пра тое, што наколькі ён даўгавечны, наколькі паслядоўным будзе выдавецтва ў выпуску кніг з аднае пазнакай. Выдавецкі дом «Звязда» (а яго папярэднікам у кніжнай справе можна лічыць далучаную да рэдакцыі газеты «Звязда» рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Літаратура і Мастацтва») вылучыў у сучасную кніжную прастору некалькі кніжный серый: «Сябрына: паэзія народаў Расіі», «Святло мінуўшчыны», «Светлыя знакі: паэты Кітая», «Сяброўства без межаў», «Вясёлы карагод»... Пачала «Звязда» і яшчэ адзін новы праект — «Адрасы Беларусі ў свеце». Кнігі прысвечаны разгляду повязяў нашай Айчыны, нашых суродзічаў з усім светам.

«Светлымі дарогамі братэрства» — расказвае пра беларуска-украінскія стасункі. Разам з аўтарамі (многія тэксты належаць пяру лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесю Карлюкевічу) чытач атрымлівае магчымасць прайсціся тымі сцежкамі, якія раней засвоілі беларусы, ураджэнцы Беларусі у розных куточках Украіны. У прадмове да адмысловага гісторыка-публіцыстычнага зборніка вядомы расійскі і беларускі пісьменнік Валерый Казакоў піша: «З даўняга часу фарміруецца беларуска-украінскае супольніцтва. Да гэтага абавязвае і суседства, да гэтага вядзе і агульны славянскі лёс. Беларусы і ўкраінцы, Беларусь і Украіна — непарушнасць памкненняў аднае старонкі да другой здаўна вяла ўкраінцаў у Беларусь. У Мінску, іншых вялікіх і малых паселішчах заўсёды светла і сардэчна сустракалі сыноў і дачок з братняй прасторы. У беларускай навуцы, культуры, у беларускім мастацтве засведчаны дзясяткі імёнаў украінцаў, якія знайшлі сябе, выявілі сябе менавіта ў Беларусі. У нашых гарадах многія вуліцы і завулкі носяць імя Вялікага Кабзара. Лік — сапраўды на дзясяткі. На Беларусі нарадзіўся легендарны ўкраінец Піліп Орлік. У Вялікую Айчынную вайну завітвалі ў Беларусь з выратавальнымі рэйдамі супраць фашысцкай нечысці ўкраінскія партызаны.

Але ж і беларусам утульна, прасторна, па-роднаму светла ва Украіне на працягу многіх стагоддзяў. Толькі адзін Кіеў прытуліў, вывеў у свет навукі і мастацтва гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча... Некаторыя старонкі гэтай ўкраінскай, сяброўскай цеплыні — у расповедзе, які прапануецца ўвазе чытачоў. Несумненна, на гэтых старонках — толькі частка беларуска-ўкраінскай агульнай гісторыі.

Няхай жа і гэтая кропля ў акіяне ведання пра супольнае жыццё, супольныя здабыткі беларусаў і ўкраінцаў стане напамінам пра ўсё добрае і разумнае, што яднае нашы народы, нашы краіны».

Падарожжа па беларускіх адрасах Украіны пачынаецца ў кнізе з Кіева. Адзін з нарысаў так і называецца — «Кіеў. Беларускія літаратурныя адрасы: некаторыя згадкі». Хто ж з беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў звязаны з сённяшняй сталіцай Украіны? Паэт, мемуарыст, перакладчык Альгерд Абуховіч, літаратуразнаўца, філосаф Сямён Вальфсон, легендарная беларуская пісьменіца Зоська Верас, гісторык, этнограф, фалькларыст Мітрафан Доўнар-Запольскі, бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык Рамуальд Зямкевіч, пісьменнік-народаволец Дзмітрый Лапо, празаік, мовазнавец Мікола Лобан, паэт, празаік, драматург, класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч... Спатканні з Кіевам былі ў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Магчыма, трэба было б яшчэ дадаць і звесткі ў гэтую тэму пра іншых беларускіх літаратараў, якія так ці іначай спрычыніліся да горада на Дняпры. Размова — пра паэта і драматурга, кіраўніка польскай секцыі СП Беларусі ў 1930-ыя гг. Уладзіміра Кавальскага, які вучыўся ў вышэйшым музычна-драматычным інстытуце ў Кіеве напрыканцы 1920-х гг., славутага Яўхіма Карскага, якому савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў у 1893 г. ступень магістра рускай мовы і славеснасці (за першую ў гісторыі дысертацыю па беларускай мове), пра паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка Юзюка Фарботку, які ў 1914 — 1918 гг. вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага універсітэта, пра бібліёграфа, даследчыка літаратуры, бібліятэказнаўца Яўгена Хлябцэвіча (працаваў у Беларускім пададдзеле аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве) і некаторых іншых не меней яркіх асоб. Канешне ж, не спехам трэба было б весці гаворку і пра Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, з імем і творчасцю якога звязаны многія кіеўскія адрасы, а таксама ваколіцы Кіева.

Вядомы гістарычны пісьменнік, краязнаўца Алесь Марціновіч звяртае ўвагу чытача на знакамітыя гістарычныя постаці, якія ў кантэксце беларуска-украінскага пабрацімства аднолькава важкія для гісторыі Беларусі і Украіны. Нарыс «З першых друкароў» прысвечаны Міхаілу Слёзку. Беларус, ён заснаваў уласную друкарню ў Львове ў 1638 гшодзе. А перад гэтым у тым самым горадзе загадваў друкарняй стаўрапігіальнага львоўскага брацтва. У 1634 годзе надрукаваў Псалтыр. Нарыс Алеся Марціновіча «Мастацтва любіў душой» прысвечаны мастацтвазнаўцу Адрыяну Прахаву, які нарадзіўся ў 1846 годзе ў Мсціславе. Яшчэ ў маладыя гады будучы даследчык запісаў у сваім дзённіку як як галоўную мэту жыцця: «Мая задача ёсць параўнальнае вывучэнне гісторыі мастацтваў для пабудовы тэорыі мастацтва». А што ж яднае нашага суайчынніка з Украінай, Кіевам. Слова — Алесю Марціновічу: «А што ўжо казаць пра працу ў Кіеве?! Дзякуючы Прахаву, па прызнанні Несцерава, што прагучала праз шмат гадоў, гэты горад «стаў як бы цэнтрам мастацкай Расіі». І далей: «Права „цэнтра“ ён замацаваў за сабой яшчэ больш, калі з 1884 па 1886 год Прахаў кіраваў унутраным аздабленнем Уладзімірскага сабора, з 1887 па 1897 год загадваў кафедрай гісторыі прыгожых мастацтваў Кіеўскага універсітэта...» Гэтак жа захоплена, як і пра Прахава, Алесь Марціновіч расказвае пра паэта Сяргея Палуяна («Як месяц — адзінокі»), Браніслава Залескага («І Тарас Шаўчэнка як родны брат»), Іосіфа Гузікава («Арфей з Белай Русі»), Ота Шміта («Эдэльвейс — кветка недасягальная»), Іосіфа Сакалоўскага («Ізмаіл ягонага лёсу»), Еву Фялінскую («Адказам стала жыццё»), Міхаіла Кураку («Першым утаймаваў ... «казла») і інш. У кожнага з герояў шырокіх, панарамных нарысаў — свая ўласная повязь з Украінай, рознымі яе мясцінамі. Кожны з герояў — нашых суродзічаў зрабіў свой унёсак у гісторыю, культуру, асветніцтва Украіны. Як мне падаецца, такі след варты адзнакі і ў нашай суседняй дзяржаве. І Курака, і Залескі, і Прахаў, канешне ж, — усе яны вартыя таго, каб ведалі пра іх, каб шанавалі іх ва Украіне. Мо першым крокам магло б стаць выданне гэтых нарысаў у перакладзе на украінскую мову? Такі выдавецкі крок мог бы паспрыяць стварэнню болей шырокага маста дружбы нашых каультур, нашых літаратур. А некаторыя асобныя нарысы Алеся Марціновіча пра згаданых герояў варты, несумненна, развіцця ў асобныя кнігі і выдання ў Кіеве. Упэўнены, такія праекты будуць на карысць і працягу даследванняў пра лёсы нашых суайчыннікаў.

Сімпатычным упрыгожваннем кнігі «Светлымі дарогамі братэрства» з’яўляецца публікацыя вершаваных твораў украінскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову. Аўтары на ніве беларуска-украінскага пабрацімства прыкметныя — Іван Франко, Дмытро Паўлычка, Расціслаў Братунь, Галіна Турэлік, Вольга Кіс, Уладзімір Лучук, Раман Лубкіўскі, Іван Гнацюк, Аксана Сенатовіч. Перакладчыкі — Сяргей Панізнік, Вячаслаў Рагойша, Янка Сіпакоў, Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Уладзімір Караткевіч. Што цікава, шмат якія з вершаў — на беларускую тэму («Чаканне ў Зэльве» Аксаны Сенатовіч, «Снягі Беларусі», «Яблыкі Купалы» Рамана Лубкіўскага, «Над сіняю затокаю надзеі» Івана Гнацюка). Ізноў жа з гэтых паэтычных публікацый вынікае ідэя, якую проста нельга не ажыццявіць: трэба скласці сучасную анталогію вершаў украінскіх паэтаў пра Беларусь. Пагадзіцеся, што сёння як ніколі важна падкрэсліваць добрыя, сяброўскія стасункі, развіваць яднанне, умацоўваць супольнасць блізкіх славянскіх народаў. І такая анталогія была б добрай мастацкай ілюстрацыяй шчырых таварыскіх памкненняў творчай інтэлігенцыі ў справе ўмацавання добрасуседства.

Выданне серыі «Адрасы Беларусі ў свеце» вылучаецца і такім абсягам, як знаёмства з сучаснымі украінскімі пісьменнікамі, дзеячамі культуры, якія вядуць размову пра свае ўяўленні пра сучасную беларускую культуру, літаратуру, а значыць — пра Беларусь, яе надзённыя клопаты. Сярод персанажаў такіх дыялогаў, гаворак — Ігар Січовік, Яраслава Паўлычка, Аляксей Кананенка, Галіна Тарасюк, Віктар Баранаў, Міхайла Слабашпіцкі... Галіна Тарасюк — перакладчыца прозы Людмілы Рублеўскай на ўкраінскую мову. Аляксей Кананенка і як паэт-перакладчык, і як арганізатар выдавецкай справы ў апошнія гады паспрыяў выхаду не адной беларускай кнігі ў Кіеве, сам шмат перакладаў з сучаснай беларускай паэзіі. Міхайла Слабашпіцкі — дырэктар аўтарытэтнага ва Украіне кніжнага выдавецтва «Яраславаў вал». Дзякуючы асабістым намаганням пісьменніка і выдаўца ва Укріане шмат што зроблена для прапаганды беларускай кнігі. Ды і беларусы ў даўгу не засталіся, выдаўшы ў Мінску па-беларуску дзве дзіцячыя кнігі М. Слабашпіцкага. Шкада, што некаторы час назад Міхайла Слабашпіцкі пайшоў з жыцця... Пераклады прозы ўкраінскага аўтара друкаваліся і ў «Полымі», «Бярозцы». Яраслава Паўлычка стварае асяродак увагі да беларускай культуры, беларускага кніжніцтва ў Львове, Заходняй Украіне.

Вяртаюся ў пачатак размовы. Вяртаюся да разваг пра доўгажыхарства кніжных серый. Вельмі хацелася б, каб традыцыя захавалася і развівалася. Каб у дадатак да гэтага тома, пра які ішла гаворка, і кніг, што выйшлі ў серыі «Адрасы Беларусі ў свеце» раней («Сустрэчы з родным і блізкім» — пра беларускія адрасы ў Расіі, «Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі (1802 — 1889)» Пас Дамейкі Леа-Пласа) з’явіліся новыя творчыя праекты. Дарэчы, выдадзены яшчэ і кнігі пра адрасы беларускай прысутнасці ў гісторыі і сучаснасці ў краінах Цэнтральнай Азіі, у Манголіі, Японіі, Індыі... Якія ж постаці паўстаюць на іх старонках перад чытачом!.. Сярод стваральнікаў туркменскай мовы ў 1920 — 1940-ыя гг. адзначыўся беларус Аляксандр Пацалуеўскі. У XIX стагоддзі рукапісы вялікага Махтумкулі знайшоў у пустынных вандроўках Аляксандр Ходзька, радзіма якога — мядзельскія Крывічы. А ўраджэнец Лунінеччыны Мікола Калінковіч — даследчык беларуска-туркменскіх повязяў... Ён жа напісаў і выдаў у Туркменістане сапраўдную «бібліятэку дружбы» — і ў кніжным фармаце, і праз многія публікацыі ў туркменскім перыядычным друку. Возьмем яшчэ Узбекістан. У час Вялікай Айчыннай вайны Ташкент стаў прытулкам для народнага песняра Беларусі Якуба Коласа, ды і шмат каго яшчэ з дзеячаў беларускай культуры, беларускай навукі. Нямала «беларускіх кропак» і ў Казахстане. Так што, кнігі серыі «Адрасы Белаусі ў свеце» — высокая праява дружбы Беларусі і беларусаў з усім светам.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.