Вы тут

Кніжныя навінкі ад «Звязды». Новая сустрэча са знакамітым Нулікам


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет новае выданне добра вядомай аповесці-казкі лаўрээата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра ЛІПСКАГА «Прыгоды Нуліка». 


«Жыў-быў Нулік. 

Сумна жыў, абы-як. Спытаеце, чаму? Ды таму, што быў адзінокі. Ні з кім не сябраваў, ні да кога не хадзіў у госці. Ды як ён мог пайсці, калі ў яго не было нават ног? І рук не было. І вачэй. І носа. І рота. 

Ён уяўляў сабой роўны абадок, які нібыта саскочыў з курынага яйка. Было яно абкручана дроцікам ад „носіка“ да „пяткі“ — і раптам вылузнулася з палону. А тая абвязка і стала Нулікам. 

Да чаго быў падобны Нулік?

Ды багата да чаго. Да дзіркі ад абаранка. Да сярэдзінкі рамонка. Да гадзінніка пярсцёнка, абруча, кола. Да савіных вачэй. Да пятачка парасяці. Да кольцаў у нажніцах. 

Дзе жыў Нулік? 

Ды абы-дзе. Мог жыць у мыльных бурбалках-пульхірах. У клубах дыму. На пяску. На слівавых дрэвах. Нават на воблаках. 

А што рабіў Нулік?..»

Герой аповесці-казкі Нулік — складаная натура, характар мае няпросты. Мо таму і прыгоды ў яго адмысловыя, яркія, такія, што да разваг падштурхнуць цікаўных чытачоў. 

І хаця «Прыгоды Нуліка» выдаюцца не першы раз, «звяздоўскае» выданне прыцягвае. У ім чытача чакае сустрэча з новымі, арыгінальнымі малюнкамі таленавітага кніжнага графіка Святланы СТАХОЎСКАЙ. Дзякуючы яе ўяўленням і яе ўважліваму прачытанню аповесці-казкі Уладзімра Ліпскага, Нулік паўстае добрым, спагадлівым, разумным сябрам. І калі раптам ён нешта зрабіў не так, то ніхто крыўды да яго не меў. Вельмі добрая і лагодная аповесць атрымалася ў вялікага знаўцы дзіцячых душ і сэрцаў Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. І малюнкі Святланы Стахоўскай цалкам адпавядаюць вобразу Нуліка, самой ідэі аповесці-казкі. Літаратурныя крытыкі, якія займаюцца сучаснай дзіцячай літаратурай, ужо вызначыліся: «Прыгоды Нуліка» — кніга для юных чытачоў, іх бацькоў, настаўнікаў, выхавальнікаў, усіх тых, хто рыхтуе нашых дзяцей у вялікі свет жыцця. Дарэчы, аповесць-казка Уладзіміра Ліпскага ўключана ў вучэбную праграму па прадмеце «Беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)» для III класа ў спіс для пазакласнага чытання. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».