Вы тут

«Дзе... Адкуль... Хто...»: Гісторыі ад Святланы Татарнікавай


Нельга адразу не заўважць: такіх кніг проста не хапае — і самым юным чытачам, і маладым бацькам, якія выбралі як мову выхавання — родную, беларускую. Тры кнігі мастака Святланы ТАТАРНІКАВАЙ (а яна выступіла і аўтарам кароткіх, зусім лаканічных тэкстаў), выдадзеныя ў выдавецтве «Янушкевіч», прыцягваюць і літаральна па-добраму прымушаюць адкрыць іх, перагарнуць іх старонкі. 


«Трылогія» наступная: «Дзе расце пячэнне» (на апошняй вокладцы, што падаецца не лішнім, — тлумачэнне: «Вясёлая і пазнавальная гісторыя пра пшаніцу для маленькіх»); «Адкуль прылятае сыр?» (ізноў аўтар і выдавецтва патлумачваюць: «Вясёлая і пазнавальная гісторыя пра сыр для самых маленькіх»); «Хто нам дорыць рукавічкі?» («Вясёлая і пазнавальная гісторыя пра воўну для самых маленькіх»). Лаканічнасць тэкстаў, яснасць у вызначэнні адраса кнігі — гэтая рыса гаворыць пра добрую культуру кнігавыдання, пра культуру зносін выдаўца і чытача, пакупніка кнігі. Пацвярджае гэта і фармат анатацый на ўсе кнігі Святланы Татарнікавай: «Вясёлая і займальная кніжачка для самых маленькіх дзяцей пра тое, як на нашых сталах з’яўляецца смачнае пячэнне»; «Займальная кніжачка для самых маленькіх дзяцей пра тое, адкуль з’яўляецца на нашых сталах смачны сыр розных гатункаў»; «Карысная і займальная кніжачка для самых маленькіх дзяцей пра тое, як вырабляецца воўна, ніткі і розныя рэчы з іх». 

Агульная канструкцыя «трылогіі» трымаецца на тым, што цікаўнасць да той ці іншай тэмы праяўляюць мышаняты. «Цікаўныя мышаняты», якія вельмі вобразна вымаляваны аўтарам кніг.

«У цікаўных мышанят заўжды шмат пытанняў! Адкуль? Навошта?

— Дзе расце пячэнне? — спытала аднойчы мышаня ў свайго браціка. 

— Можа, на высачэзным дрэве, сярод зялёных лісточкаў? — адказаў ён. 

— А можа, пячэнне, як жоўценькія кветачкі, расце ў траве на лузе? — сказала яна. 

— Ах, мае вы фантазёры! — усміхнуўся мышка-тата. — Пойдзем са мной, я пакажу, дзе і як расце самае смачнае пячэнне.

— Хадзем! ..

Вось гэта пшанічнае зярнятка мы пасадзім у зямлю. Потым яшчэ адно, і яшчэ — шмат зярнятак. Засеем цэлае поле!..»

Пісьменніца і мастачка ў адной асобе запрашае юнага чытача пазнаёміцца з дзеяннямі мышанят у справе высвятлення, як нараджаецца пячэнне... Мышаняты збіраюць зерне, ссыпаюць яго ў сваю нару (яны не парушаюць звыклыя свае клопаты! Хто не ведае, што мышаняты збіраюць зерне, шукаюць яго ў полі і ў хаце і зносяць яго ў свае таямнічыя сховішчы, у свае норкі?!). «А ці хутка зярняты стануць пячэннем? — Пачакай трошкі. Спачатку зерне трэба змалоць. Тады з яго атрымаецца мука...» Мастачка паслядоўна, крок за крокам, паказвае ўсе дзействы, якія павінны прывесці да таго часу, пакуль на стале не з’яўляецца пячэнне. А напрыканцы вымалёўвае «шлях» як напамін паслядоўнасці адкрыцця мышанят: «Зярнятка... Колас... Зерне... Мука... Цеста... Пячэнне» Ёсць яшчэ — на адзін кніжны разварот — і заданне: «Дапамажы мышкам злучыць пячэнне з формачкамі». 

Святлана Татарнікава, узяўшы на ўзбраенне ідэю, як правіла скандынаўскіх аўтараў спалучыць у адным выданні тэкст, які адказвае на тое ці іншае важкае пытанне, на адно галоўнае пытанне, падкрэслім гэта, ілюстрацыямі паказаць паслядоўны шлях да адказу. Ёсць дзеючыя героі — мышаняты, ёсць мэта — знайсці адказ, ёсць памагаты ў пошуку адказу — мышка-тата. У пошуку ісціны, адкуль вылятае сыр, дапамагае мама-мышка. У кніжцы «Хто нам дорыць рукавічкі?» ізноў на сцэну жыццёвага спектакля ізноў выступае тата..: «Мышка-тата ўзяў вялікія нажніцы і пачаў састрыгаць кудзеркі адну за адной... » Зразумела, кудзеркі авечак... 

Але мастацкая стылістыка таленавітага кніжнага графіка — зусім не паўтарэнне пройдзенага яе папярэднікамі з іншых кніжных сусветаў. Ды калі і адчувальны пэўны грунт традыцый, то ён бачыцца хутчэй у ілюстраванні дзіцячых кніг беларускімі мастакамі. Напрыклад, Аленай Лось... У памяці ўзнікаюць вымаляваныя ёй кнігі беларускіх народных казак... Разглядаючы станаўленне почырка Алены Лось як мастака, вядомы мастацтвазнаўца Міхась Баразана на прыкладзе афармлення беларускай народнай казкі «Ох і залатая табакерка» (1967) заўважае: «У кніжку ўвайшлі 12 тэмперных ілюстрацый. У гэтай рабоце вельмі яскрава выявілася бачанне мастачкай прынцыпаў афармлення літаратуры для дзяцей. У палосных ілюстрацыях спалучаюцца інтэнсіўна гучныя колеры. Ад народнага мастацтва ў гэтым творы ўзяты плоскаснасць кампазіцыі, умоўнасць мадэліроўкі формы, гучнасць каларыстычнага вырашэння. Мастачка стварае ўмоўнае кампазіцыйнае асяроддзе, атмасферу казачнасці і чакання цудаў. Ілюстрацыя „вершнік“ сваёй пластыкай і дэкаратыўнасцю асацыіруецца з формамі народных размалёвак. Выкарыстанне прыёмаў народнага мастацтва дапамагае адлюстроўваць дух беларускай народнай казкі, удала раскрывае тэму — ілюстрацыя літаральна зліваецца са зместам...» 

Святлана Татарнікава прадстаўляе, зразумела, зусім іншае пакаленне беларускіх кніжных графікаў. Заўважым, не меней цікавых і не меней таленавітых, чым іх папярэднікі... І ўсё ж у колерах, пластыцы графічных рашэнняў адчуваецца выключна беларуская, нацыянальная стылістыка дзіцячай кніжнай графікі. І ў гэтым таксама — праява таго, што кнігі «Дзе расце пячэнне?», «Адкуль прылятае сыр?», «Хто нам дорыць рукавічкі?» сталі добрай мастацкай, кніжнай з’явай мінулага, 2021, года. А мо яшчэ — і пачаткам серыі, пачаткам адмысловай бібліятэчкі аднаго аўтара, які адрасам свайго ўзаемадзеяння абраў самага маленькага чытача?.. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.