Вы тут

Што пакінулі пасля сябе артыст Міхаіл Казінец і мастак Васіль Шаранговіч


У канцы мінулага года краіна страціла двух волатаў айчыннай культуры — народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца і народнага мастака Васіля Шаранговіча.


Абодва належалі да таго пакалення, стваральны талент якога раскрыўся ў пасляваенны час. Здавалася, што ўся драматычная гісторыя Беларусі прайшла праз іх свядомасць, абудзіўшы вастрыню пачуццяў і здольнасць уплываць на іншых. Кожны з іх быў асветнікам у сваёй галіне. Кожны дасягнуў вышынь у прафесіі, пашаны — як настаўнік і кіраўнік, падзякі — як творца, чыё мастацтва сапраўды служыла народу.

Міхаіл Антонавіч Казінец — музыкант і дырыжор, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча, фактычна стаў спадкаемцам першага кіраўніка гэтага калектыву. Дзякуючы Міхаілу Казінцу публіка атрымлівала асалоду ад сустрэч з творамі Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані ды іншых айчынных кампазітараў. Менавіта апантанасць Казінца дазволіла ажыццявіць маштабныя праекты, якія выходзілі за межы выключна музычных, бо былі значнай культурнай падзеяй для краіны наогул: калі ў выкананні аркестра прагучалі значныя творы легендарных «Песняроў»: рок-паэма «Гусляр» і рок-опера «Песня пра долю». Колькі выдатных праграм, складзеных з любоўю да беларускай песні, падрыхтаваў аркестр, узняўшы перліны, напісаныя ў розныя гады на словы нашых выдатных паэтаў, пачынаючы ад Багдановіча, Купалы і Коласа... Нездарма Міхаіл Казінец быў уганараваны шэрагам высокіх узнагарод, у ліку якіх Дзяржаўная прэмія Беларусі, прэмія «За духоўнае адраджэнне», медаль Францыска Скарыны. Вясковец па нараджэнні, Міхаіл Антонавіч ведаў, чым зачапіць публіку, каб яна праз музыку адчула душу Беларусі.

Душа Беларусі была галоўнай музай і мастака Васіля Шаранговіча. З маленства сын каваля пачаў выяўляць яе вобразы — гэта перадалося ад маці, як і павага да той праўды, што захоўвае родная зямля. Голас праўды ён потым будзе шукаць у кнігах беларускіх пісьменнікаў і здолее яго ўзмацніць сваімі творамі, стаўшы адным з самых шанаваных кніжных графікаў у краіне. Ён здолеў зрабіць так, што, разгарнуўшы кнігу і ўбачыўшы ілюстрацыю, чалавек адгукаўся эмацыянальна, хацеў зразумець прыроду яе глыбіні і уцягваўся ў змест. Сярод многіх кніг, што выпускалі выдавецтвы за савецкім часам, былі выдатныя творы беларускіх аўтараў, якія Шаранговіч ілюстраваў гэтак жа выдатна і з гонарам: Адама Міцкевіча, Максіма Гарэцкага, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча... Больш за пяць дзясяткаў праілюстраваных кніг, што не страцілі сваёй актуальнасці, як і кранальныя выявы да іх. Сёння можна сфарміраваць выстаўку з твораў кніжнай і станковай графікі Васіля Шаранговіча, якія знойдуць водгук у наведвальнікаў. Высокія адзнакі на выстаўках, медалі Францыска Скарыны — гэта прызнанне таленту і плёну яго працы. Дзяржаўная прэмія Беларусі за серыю гравюр «Памяці вогненных вёсак» — гэта ўзровень грамадскай значнасці, якога дасягнуў у выяўленчым мастацтве Васіль Пятровіч. Праўда, знайсці мастацкі вобраз да нацыястваральнага верша Купалы «А хто там ідзе?» — не менш значная грамадская справа.

Такія творцы як Казінец і Шаранговіч прыйшлі своечасова, калі нацыятворчыя працэсы трансфармаваліся ў дзяржаваўтваральныя. І што не менш істотна за іх уласную творчасць: яны вызначалі высокі ўзровень прафесійнай адукацыі Беларусі. Міхаіл Казінец узначальваў галоўную навучальную ўстанову ў галіне музыкі ў Беларусі, Васіль Шаранговіч кіраваў Беларускай акадэміяй мастацтваў. Засталіся творчыя нашчадкі, якія працягваюць справу майстроў.

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы.

Грамадства

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Калі 23 чэрвеня тэмпература паветра была блізкай да кліматычнай нормы.