Вы тут

Лукашэнка: Абсалютны прыярытэт — гэта шматдзетныя сем’і і людзі ў пагонах


Шматдзетныя сем’і і прадстаўнікі сілавога блоку будуць мець прыярытэт пры будаўніцтве жылля з дзяржпадтрымкай. Пра гэта паведаміў Прэзідэнт Беларусі падчас дакладу аб развіцці будаўнічай галіны профільнага міністра Руслана Пархамовіча і віцэ-прэм’ера Анатоля Сівака.


Аляксандр Лукашэнка пачаў размову з рэмаркі — без будаўніцтва няма развіцця краіны, і гэта зразумела ўсім, асабліва прысутным на сустрэчы. Прэзідэнт заўважыў, нягледзячы на асаблівую ролю галіны летась будаўнікі не паказалі выбітных вынікаў.

«У мінулым годзе, калі ўзяць будаўнічую галіну (магчыма нешта змянілася за снежань) на канец лістапада радасці, шчыра, няшмат. Магчыма, вы мне зараз даложыце, што ў снежні нешта змянілася», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён прывёў даныя за 11 месяцаў 2021 года. Так, удзельная вага галіны ў ВУП менш пяці працэнтаў, тэмпы інвестыцый (у жыллё) 94 %, аб’ём будаўніча-мантажных работ — менш 90 %, экспарту паслуг — 97 %, вытворчасці будматэрыялаў — крыху больш за 100 %, пералічыў Прэзідэнт.

«То-бок, ёсць праблемы. Мяне цікавіць, у чым прычына?» — задаў пытанне Прэзідэнт.

Другое пытанне — жыллё і прапановы чыноўнікаў па развіцці кірунку.

«Мы імкнёмся падтрымаць усіх. Што гэта значыць? Плячо падставіць — гэта адно, але гэта ж падтрымка — фінансаванне, рублём. А ў любой краіне заўсёды дэфіцыт грашовых сродкаў. Так і ў нас. У гэтай сітуацыі асаблівая. Таму, як будзем дзейнічаць у будучым?» — адзначыў кіраўнік краіны.

У дадзеных абставінах недахопу бюджэтных сродкаў, адзначае Аляксандр Лукашэнка, застаюцца прыярытэтныя катэгорыі ў дапамозе — шматдзетныя сем’і, сем’і сілавікоў.

«Ёсць абсалютны прыярытэт — гэта шматдзетныя сем’і. Ёсць абсалютны прыярытэт — гэта людзі ў пагонах, бо яны не могуць зарабіць больш, чым мы ім плацім і не маюць права зарабляць на баку. Таму іх неабходна ў нейкай ступені падтрымліваць», — мяркуе Прэзідэнт.

Ён таксама пацікавіўся ў прысутных спецыялістаў, якім чынам і якія катэгорыі грамадзян прапануюць падтрымліваць яны пры будаўніцтве жылля.

Яшчэ адна тэма для абмеркавання — зніжэнне колькасці даўгабудаў і кошту квадратных метраў.

«Колькі ў нас даўгабудаў увогуле? Калі мы пазбавімся гэтых даўгабудаў? Меры па скарачэнні тэрмінаў і зніжэнні кошту будаўніцтва — пытанні на кантролі. Ды і людзі адзначаюць у любых апытаннях, што будаўніцтва, часам, не падымнае для насельніцтва. Што мы можам зрабіць па скарачэнні не толькі тэрмінаў, але і кошту самога будаўніцтва?» — пытаецца Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаў ён і аб праблематыцы экспарту будаўнічых паслуг. Самы ёмісты рынак тут для беларусаў — Расія.

«Я пастаянна з Пуціным (Уладзімірам, Прэзідэнтам Расіі. — „Зв.“) сустракаюся і падымаюцца пытанні — не хапае працоўных рук у Расіі. Так трэба прапанаваць працоўных з Беларусі. Ці вы саромеецеся туды паехаць? Ці там сапраўды ёсць праблемы? Дык скажыце, мы з Прэзідэнтам Расіі абмяркуем гэтыя пытанні і зрынем з мёртвай кропкі. Верагодна, ёсць праблемы і з нашага боку», — рэзюмаваў свае думкі Аляксандр Лукашэнка.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва на дакладзе адзначыў, што жыллёвае будаўніцтва было і застаецца асноўным прыярытэтам галіны. Па папярэдніх выніках работы за мінулы год будаўнікі адзначаюць, што ўсе паказчыкі па ўзвядзенні жылля будуць выкананы ў поўным аб’ёме.

«За мінулы год мы плануем у агульны ўвод чатыры мільёны трыста тысяч квадратных метраў жылля, пры даведзеных чатырох мільёнах. Гэта 108 % ад даведзенага задання і 104 % да ўзроўню пазамінулага года», — акцэнтаваў Руслан Пархамовіч.


Каменарый у тэму

На сустрэчы ў Прэзідэнта ўдалося прадметна перагледзіць усе праблемныя моманты ў галіне. Па выніках кіраўнік краіны паставіў важную задачу, пра якую расказаў журналістам міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.

«Змянненні, што мяркуюцца на працягу бягучага паўгода, будуць рэвалюцыйнымі, інавацыйнымі. Гэта будуць не штучныя карэкціроўкі нарматыўных актаў, а агульная, планавая работа над цэлым пакетам дакументаў, — паведаміў міністр. — Змяненні будуць датычыцца спрашчэння працэсу будаўніцтва. Гэта будзе мець дачыненне і да падрадных арганізацый, і да заказчыкаў, праекціроўшчыкаў, горадабудаўнікоў. У першую чаргу, гэтыя змяненні будуць накіраваны на тое, каб максімальна хутка і проста атрымаць вынік будаўніцтва».

Па словах міністра, асноўнай прычынай нязначных паказчыкаў па комплексе стала зніжэнне інвестыцый па рэспубліцы. І нават павелічэнне на 30 % да леташняга ўзроўню мантажных работ за мяжой не кампенсавала страт галіны. Таму ведамству пастаўлена задача актыўней выходзіць на рынкі іншых краін.

«Нам на 2022 год даведзены паказчык у 750 мільёнаў долараў ЗША па экспарце. Плануем яго выконваць, і ён перакрые недахопы леташніх вынікаў. Зараз экспарт на выніках 2021 года на лістапад складае 580 мільёнаў. Я мяркую, што на 610-615 мільёнаў долараў ЗША выйдзем па выніках усяго года», — падкрэсліў міністр.

Ён адзначае, што ў краіне плануюць нарасціць колькасць арэнднага жылля, бо не ўсе могуць дазволіць сабе пабудаваць уласную кватэру. У мінулым годзе «арэндных» квадратаў было пабудавана 120 тысяч. І гэтая лічба, на погляд міністра, вельмі малая. Яе будуць павялічваць у разы — мяркуюць за пяць гадоў выйсці на 600 тысяч квадратных метраў у год.

«Неабходна пабудаваць арэнднае жыллё, засяліць туды чалавека. Ён адносна з даходамі будзе прымаць рашэнне: працягваць арэндаваць кватэру ці праз нейкі час яе выкупаць. Для гэтага неабходна скарэктаваць дзеючае заканадаўства ў частцы выкупа арэнднага жылля», — сказаў Руслан Пархамовіч.

Зрабіў акцэнт суразмоўца на коштах жылля. Руслан Пархамовіч назваў іх лаяльнымі, бо ёсць даручэнне: кошт аднаго квадратнага метра з дзяржпадтрымкай не павінен перавышаць сярэднямесячны заробак па краіне. У мінулым годзе гэта прапорцыя склалася ў 0,9.

«Што датычыцца дзяржпадтрымкі, тут абсалютны кантроль. А вось на камерцыйнае жыллё кошты дыктуе рынак», — заўважыў міністр.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».