Вы тут

Курорт у хатніх умовах. Як стварыць эфект адпачынку без паездкі на мора?


Марскія курорты вабяць наведвальнікаў, нягледзячы на пару года. Кожная паездка на мора — гэта маленькае жыццё. Калі адкінуць all inclusive і не злоўжываць гасціннасцю курортаў, то зразумела, што на ўзбярэжжа мы едзем за яркім сонейкам, марскім паветрам і салёнай вадой. Спалучэнне гэтых трох складнікаў дапамагае на пэўны час добра ўмацаваць імунітэт. Карэспандэнт Zviazda.by высвятляла, чым кампенсаваць смутак па моры і як працягнуць тэрапеўтычны эфект ад курорту?


Геліятэрапія

Дзе знайсці сонейка зімой? Гэтае пытанне вельмі актуальна для жыхароў умерана-кліматычнага пояса. На жаль, у Беларусі на працягу года колькасць ясных дзён складае ў сярэднім усяго 20-35. Як тут не засмуткаваць? У дапамогу некалькі варыянтаў. 

Вітамін Д. Як правіла, гэты вітамін утвараецца ў арганізме чалавека пад уздзеяннем сонечных прамянёў. Але, калі магчымасці атрымаць дастатковую колькасць ультрафіялетавага выпраменьвання няма, на дапамогу прыходзіць яго лекавы аналаг — халекальцыферол (D3). Ці патрэбна вам такая медыкаментозная тэрапія, вызначыць доктар. Аднак падсілкаваць арганізм карысным вітамінам можна і пры дапамозе ежы. Дадатковымі крыніцамі вітаміна Д з’яўляюцца малочныя прадукты, тлушчавыя віды марской рыбы, яе тлушч і печань, ікра, яечны жаўток, грыбы, бульба, пятрушка, люцэрна і іншыя. Сутачнае запатрабаванне ў вітаміне Д складае 2,5-5 мкг. 

Салярый

Штучнае сонейка можна знайсці ў салонах прыгажосці. Пры наведванні салярыю трэба разумець, што ваша мэта не бронзавая скура, а тэрапеўтычны эфект. Самае галоўнае не перабольшыць з тэрмінам сеанса. Дзвюх хвілін за раз будзе дастаткова. 

Шпацыры на свежым паветры. Пахмурнае надвор’е не азначае дзень без сонейка. Яго прамяні ўсё роўна праходзяць скрозь аблокі і дасягаюць паверхні зямлі. Таму выкарыстоўвайце любую магчымасць, каб апынуцца на свежым паветры. 

Спелеатэрапія

Вядома, салёнае марское паветра вельмі карыснае для арганізма чалавека. Яно мае высокі ўзровень іанізацыі, насычана кіслародам і вялікай колькасцю мінералаў, па сутнасці, з’яўляецца прыродным антысептыкам. Па словах медыкаў, адзін сеанс спелеатэрапіі адпавядае цэламу дню на марскім узбярэжжы. Але ж дзе знайсці такое цудоўнае месца недалёка ад дома? 

Раім наведаць саляную пячору. На шчасце, зараз іх шмат, як у санаторыях, так і ў гарадах. Знаходжанне ў саляной пячоры спрыяе насычэнню клетак арганізма карыснымі іонамі, тым самым аднаўляецца функцыя лёгкіх, мікрафлора дыхальных шляхоў ачышчаецца ад пылу і шкодных бактэрый, а кроў, насычаная кіслародам, фарміруе абаронныя сілы арганізму для барацьбы з інфекцыямі і вірусамі. У выніку адбываецца ўмацаванне імунітэта. 

Гідратэрапія

Пры гэтым слове адразу ўзнікае вобраз беларускага санаторыя з пахам хвойных і травяных ваннаў. Але дакладна такую працэдуру можна лёгка зрабіць дома. Дзеля гэтага вам спатрэбяцца марская соль і хвойны экстракт. З гэтага мінімальнага набору кампанентаў, які можна набыць у аптэцы ці супермаркеце, лёгка здабыць максімальную карысць для здароўя.

У ваннай на 120-140 літраў вады насыпаць 300-500 г марской солі. Дадаць 100 мл хвойнага экстракту. Добра перамяшаць. Наша лячэбная ванна гатова! Працягласць працэдуры 10-15 хвілін, аптымальная тэмпература вады 35-37 °С. Такую «зялёную» ванну можна прымаць штодзень ці праз дзень. Можна курсам 10-12 працэдур, а можна пры жаданні ў якасці Spa-рэлаксу перад сном. Для дасягнення большага тэрапеўтычнага эфекту завяршыць працэдуру лепш за ўсё кантрасным душам.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?