Вы тут

Як аднавіць арганізм, калі аб'еліся ў навагоднюю ноч


Навагоднія святы — выдатная падстава для адпачынку. Аднак дома — халадзільнік. І шафка з цукеркамі, чыпсамі і арэшкамі. Гэта незлічоная колькасць лішніх калорый. А яшчэ — застоллі ў сваякоў, сустрэчы з сябрамі, якіх не бачылі цэлы год, візіт да бабулі, нарэшце. У такой сітуацыі можна лёгка страціць усе вынікі дыетычных намаганняў ці проста наесці колькі лішніх кілаграмаў. Ды справа нават не ў лішняй вазе — пераядаючы ў святы, мы псуём сваё здароўе, наносім удар па страўнікава-кішачным тракце, парушаем звычайнае страваванне.

Пасля багатага навагодняга застолля дыетолагі не раяць звяртацца да разгрузачных дзён, дэтоксаў, ачышчэння арганізма і галадання. Гэта можа прывесці толькі да пагаршэння сітуацыі. Спецыялісты рэкамендуюць першапачаткова рабіць святочны стол прымальным і здаровым, а потым спакойна вярнуцца да звычайнага рытму жыцця і рэжыму харчавання.


Як вярнуць ранейшую лёгкасць?

— Што датычыцца дэтокс-дыеты, ці ачышчальнай, — гэта абсалютная выдумка, — кажа Наталля Сілівончык, доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры агульнай урачэбнай практыкі БелМАПА. — Калі ў чалавека нармальна працуе страўнікава-кішачны тракт, то ежа выдаляецца натуральным чынам і нічога дадаткова не патрабуецца.

Многія пасля багатага навагодняга стала, каб пазбегнуць цяжару ў жываце, уздуцця ці пякоткі, бачаць выйсце ў прыёме пэўных прэпаратаў накшталт «Мезіма» ці «Амеза». Доктар лічыць, што калі гэта адбываецца нячаста, то нічога страшнага тут няма.

Прамепразол (гэта міжнародная назва) звычайна прымаюць людзі, якія ведаюць, што ў іх будзе пякотка ці болі. Калі ў чалавека час ад часу ўзнікае пякотка і ён аднаразова прымае таблетку, гэта не забаронена. Што датычыцца ферментаў, таго ж «Мезіма», то найперш не варта пераядаць. Ферменты паляпшаюць усмоктванне ежы, але ж усе мы не хочам патаўсцець. Пры гэтым не можам трываць цяжар і ўздуцце. Таму забываем пра лішнія кілаграмы і прымаем фермент. Усё гэта супярэчыць ідэі здаровага харчавання, але, па вялікім рахунку, прыём ферментаў час ад часу не забараняецца.

Сярод найбольш прымальных сродкаў, якія дапамогуць прыбраць цяжар і пякотку пасля багатай святочнай вячэры, Наталля Сілівончык называе антацыды — лекавыя прэпараты, прызначаныя для лячэння кіслотазалежных захворванняў страўнікава-кішачнага тракту шляхам нейтралізацыі салянай кіслаты, якая ўваходзіць у склад страўнікавага соку.

— Калі пякотка ўзнікла пасля святочнай вячэры і гэта бывае раз на год, ёсць лёгкія сродкі, скажам, такі айчынны прэпарат як «Гефал-белмед», ён прадаецца ў вадкай форме. Ёсць аналагі ў рознай форме — таблеткі, пакецікі, пасцілкі для рассмоктвання. Ёсць прэпараты бар'ернага ўздзеяння, якія ўтрымліваюць гель — ён стварае бар'ер паміж кіслатой і слізістай страўніка. Словам, калі непрыемнасці са страўнікам здараюцца эпізадычна, тут можна абысціся без так званых інгібітараў пратоннай помпы.

Усім вядомы актываваны вугаль, дарэчы, падыходзіць як сарбент для кішэчніка, таксама ён пазбаўляе ад уздуцця.

Што датычыцца напояў, то тут важна ведаць меру. Напрыклад, у дачыненні да кавы гастраэнтэролагі не маюць ніякіх забарончых рэкамендацый. У адрозненне ад алкаголю.

— Хваробы печані, падстраўнікавай залозы ў многіх выпадках звязаныя з алкаголем. Мы бачым вялікую колькасць пацыентаў з захворваннямі печані, вострымі панкрэатытамі, і ў многіх выпадках іх прычына — у спіртных напоях. Але будзем рэалістамі — цалкам забараніць алкаголь немагчыма. Нават пацыенты, якія маюць захворванні печані і падстраўнікавай залозы, не заўсёды прыслухоўваюцца да нашых рэкамендацый. Таму важна хоць бы прытрымлівацца меры.

Што значыць здаровае харчаванне?

— Цяпер існуе трэнд на здаровае харчаванне — як для здаровых людзей, так і тых, хто мае захворванні. У нас няма такіх ужо строгіх дыет нават для тых, хто мае хваробы органаў стрававання, — адзначае Наталля Сілівончык. — Правілы здаровага харчавання простыя, праўда, пры іх выкананні нярэдка ўзнікаюць цяжкасці. Гэта кантроль каларыйнасці ежы, які адпавядае вашай фізічнай нагрузцы, пераважна раслінная, а не жывёльная ежа, абмежаванне вугляводаў, асабліва цукру, абмежаванне солі і жывёльных тлушчаў, ну і апрацоўка ежы — па магчымасці яе лепш варыць ці тушыць. Здавалася б, простыя правілы, але як іх выканаць, калі нам хочацца ўсяго смачнага — тлустага, салодкага, салёнага? І гэта абумоўлівае вялікую колькасць дыет і прыдумак, бо простае выконваць нецікава, хочацца чаго-небудзь закавырыстага. А ўсё вельмі проста — абмежаваць каларыйнасць, дабаўлены цукар (ці ўвогуле яго не ўжываць), жывёльныя тлушчы, соль, смажаніну.

Зрэшты, урач не бачыць нічога заганнага і ў саміх дыетах. Напрыклад, у раздзельным харчаванні.

— Ніхто не настойвае, што трэба харчавацца раздзельна. Але калі чалавек зацікавіўся такім метадам і з'есць асобна мяса і гародніну, ніхто не супраць. Дыеты — чырвоная, аранжавая, па прозвішчах асобных аўтараў — для кагосьці гэта прывабна і мае права на жыццё. Я не супраць посту, праўда, пры ўмове, што чалавек здаровы і не мае ніякіх супрацьпаказанняў. Ёсць захворванні, калі патрабуецца паўнавартаснае харчаванне, тады вегетарыянства ці пост немагчымыя.

Калі неабходнае абследаванне ў гастраэнтэролага?

— Самы зразумелы сімптом — болі ў страўніку, асабліва калі яны незнаёмыя і ўзніклі ўпершыню. Безумоўна, гэта нагода для звароту да ўрача. Калі з'яўляецца рвота — гэта абсалютны сімптом, асабліва калі яна неаднаразовая. Яшчэ адзін важны сігнал — парушэнне рэгулярнасці стула, дыярэя, запоры. У адносінах печані гэта жаўтуха, кожны чалавек яе ўспрымае як вельмі небяспечны сімптом і абавязкова звяртаецца, — пералічвае спецыяліст.

Аднак ці варта абследавацца ў прафілактычных мэтах? І што правяраць?

— У адносінах страўніка строгіх правілаў няма, калі не маецца ніякіх сімптомаў. Важна ўлічваць сямейную гісторыю: ці няма ў сям'і выпадкаў раку? У такім выпадку варта зрабіць фібрагастрадуадэнаскапію (ФГДС). А вось у адносінах да кішэчніка існуе строгае правіла: калі няма ніякіх сімптомаў, няма сямейнай гісторыі раку кішэчніка, то да 50 гадоў турбавацца не трэба. А вось у 50 гадоў варта выканаць каланаскапію. Ёсць нават такі медыцынскі жарт, што найлепшым падарункам на 50-годдзе з'яўляецца сертыфікат на каланаскапію. Калі ў анамнезе бацькоў, братоў ці сясцёр, нават бабуль і дзядуль ёсць рак тоўстай кішкі, то ў 40 гадоў варта выканаць каланаскапію. У адносінах да кішэчніка гэта сусветны стандарт і адпаведныя рэкамендацыі.

Як аднавіць страўнік пасля прыёму антыбіётыкаў?

Урач адзначае, што мікрафлора страўнікава-кішачнага тракту не заўсёды церпіць ад прыёму антыбіётыкаў.

— Калі няма ніякіх сімптомаў з боку страўнікава-кішачнага тракту, то мікрафлора адновіцца сама. Калі ж пацыент дрэнна пераносіць антыбіётыкі, напрыклад, ведае, што ад іх уздуваецца жывот і ўзнікае дыярэя, урач можам мінімізаваць дозу прэпарату, прызначыць прабіётык, парэкамендаваць кісламалочныя прадукты. Прабіётыкі, дарэчы, прызначаюцца, каб часова замяніць функцыю сваёй мікрафлоры, яны не прыжываюцца.

Калі ў вас знайшлі хелікабактар пілары...

Гэта небяспечная бактэрыя, якая прыводзіць да раку страўніка, перадаецца найчасцей унутры сям'і. Спачатку яна выклікае гастрыт — запаленне слізістай страўніка, а таксама можа прыводзіць да язвы.

— Калі выяўлена інфекцыя хелікабактар пілары, рэкамендуецца лячэнне, накіраванае на радыкальнае знішчэнне бактэрыі, і яно мусіць быць прапанавана ў кожным магчымым выпадку. Што датычыцца сямейнага атачэння, то няма такога правіла, што ўсіх абавязкова варта неадкладна абследаваць і лячыць. Калі маюцца сімптомы, то, вядома, варта прайсці дыягностыку і звярнуцца да ўрача, які прызначыць тэрапію, — лічыць Наталля Сілівончык.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.