Вы тут

Чаму абітурыенты выбіраюць Барысаўскі дзяржаўны каледж


У Беларусі адчуваецца дэфіцыт рабочых кадраў. Не выключэнне і Міншчына. Таму старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын паставіў задачу забяспечыць прадпрыемствы, арганізацыі цэнтральнага рэгіёна добра падрыхтаванымі, канкурэнтаздольнымі кадрамі.


Фота: pixabay.com

Барысаўскі дзяржаўны каледж — адна з прэстыжных устаноў Мінскай вобласці, дзе атрымліваюць прафесіі, у тым ліку і рабочыя, маладыя людзі. Больш як 70 % выпускнікоў застаецца ў Барысаўскім раёне. А мясцовыя прадпрыемствы з задавальненнем бяруць іх на работу.

— Каледж рэалізоўвае адукацыйныя праграмы на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 17 спецыяльнасцях, 22 кваліфікацыях, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — па 8 спецыяльнасцях і 9 кваліфікацыях, — расказала дырэктар навучальнай установы Лілія Чэча. — За апошнія пяць гадоў падрыхтавана 2449 спецыялістаў для розных сфер народнай гаспадаркі. У 2021/2022 навучальным годзе ў каледжы вучацца 1778 юнакоў і дзяўчат. У тым ліку на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 1190, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 608. Мы праводзім штогадовы аналіз патрэб рынку працы ў кадрах неабходных прафесій і ўзроўняў кваліфікацый. У 2021-м былі падрыхтаваны і працаўладкаваны 762 выпускнікі.

Каледж наладзіў шматгадовае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі Барысаўскага раёна, чатырнаццаць з якіх з'яўляюцца базавымі. Іх прадстаўнікі бяруць удзел у рабоце педагагічных саветаў, саветаў каледжа, пасяджэннях камісій па размеркаванні і ў выніковай атэстацыі выпускнікоў. Сучасная высокатэхналагічная вытворчасць прад'яўляе прынцыпова новыя патрабаванні да падрыхтоўкі спецыялістаў. Напрыклад, пры адкрыцці сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «БЕЛДЖЫ» было вызначана, што прадпрыемству неабходныя рабочыя кадры вузкай спецыялізацыі і высокай кваліфікацыі, — падкрэслівае Лілія Чэча.

Гэта базавае прадпрыемства, з якім каледж заключыў дагавор аб узаемадзеянні. Наладжана даволі цеснае і эфектыўнае супрацоўніцтва. Завод выпускае легкавыя аўтамабілі, а каледж рыхтуе слесараў па рамонце аўтамабіляў, кіроўцаў аўтамабіляў, слесараў механазборачных работ, электразваршчыкаў на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. Падчас адкрыцця завода галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама, Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі распачаты сумесныя крокі па рабоце з вучэбнымі планамі з улікам умоў гэтага суб'екта гаспадарання. У праграмы ўнесены дадатковыя тэмы, якія вывучаюць юнакі і дзяўчаты. Навучэнцы каледжа праходзяць там аплачваемую вытворчую практыку, а затым уліваюцца ў працоўны калектыў. Пасля службы ў арміі хлопцы зноў вяртаюцца на завод. Тут прэстыжна працаваць, не апошнюю ролю ў замацаванні маладых кадраў выконваюць і дастойныя заробкі.

Такім чынам, штогод на «БЕЛДЖЫ» ўладкоўваецца каля 70 чалавек, якія закончылі Барысаўскі дзяржаўны каледж. І многія дабіваюцца значных вынікаў у рабоце. На Дошцы гонару прадпрыемства змешчаны фотаздымкі трох выпускнікоў навучальнай установы.

У асноўным у каледжы вучацца дзеці з Барысаўскага раёна, а таксама другіх раенаў Мінскай вобласці. Але ёсць і такія спецыяльнасці, як тэхнік лясной гаспадаркі, ляснік, настаўнік малодшых класаў, выхавацель дашкольнай адукацыі, якія карыстаюцца попытам сярод прадстаўнікоў не толькі Міншчыны, але і суседніх абласцей. Усе навучэнцы, якія маюць патрэбу, забяспечаны інтэрнатам.

Чаму многія абітурыенты выбіраюць менавіта Барысаўскі дзяржаўны каледж, з якіх крыніц чэрпаюць інфармацыю аб спецыяльнасцях, што прапаноўвае навучальная ўстанова? У гэтым дапамагае прафарыентацыйная работа з патэнцыйнымі навучэнцамі. Тут усё прадумана да дробязяў. У прыватнасці, заключаны адпаведныя дагаворы з установамі агульнай сярэдняй адукацыі Барысаўскага, Крупскага, Смалявіцкага, Лагойскага раёнаў, горада Жодзіна. У каледжы створана агітацыйная брыгада, якая выязджае ў школы, пачынаючы з верасня. Штомесяц у навучальнай установе ладзіцца Дзень адчыненых дзвярэй. Падчас экскурсій абітурыентаў знаёмяць з умовамі навучання, пражывання ў інтэрнаце. Для іх праводзяцца майстар-класы з арганізацыяй, як цяпер называюць, прафесійных проб. Гэта дае магчымасць патэнцыянальнаму навучэнцу паспрабаваць сябе ў прафесійнай дзейнасці, якой ён жадае заняцца. Распрацаваны таксама праграмы дней прафарыентацыі ў межах шостага школьнага дня. Гэта дазваляе падштурхнуць вучняў да асэнсаванага прафесійнага шляху. У выбары спецыяльнасці дапамагае і зала прафарыентацыі абласнога музея гісторыі развіцця прафесійнай адукацыі, куды ладзяцца экскурсіі для школьнікаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.