Вы тут

Зачыняць ці адчыняць цяпліцу на зіму, каб засцерагчы расліны налета


Нават калі ўвосень цяпліцу старанна памылі, то гэта зусім не заўсёды азначае, што там загінуць абсалютна ўсе шкоднікі і патагенныя мікраарганізмы. Ці варта трымаць усю зіму цяпліцу з адчыненымі дзвярыма ці фортачкамі? Усё залежыць ад клімату рэгіёна, ад канструкцыі самой цяпліцы, а таксама ад наяўнасці насякомых-шкоднікаў у вашым доміку для раслін.


Ці прамярзае грунт у закрытай цяпліцы

У пахмурнае надвор'е розніца тэмператур у звычайнай аднаслойнай цяпліцы з полікарбанату і на вуліцы складае ўсяго 3-5 °C, асабліва калі канструкцыя недастаткова герметычная. Гэта значыць, нават пры тэмпературы -10 °С грунт там усё роўна прамярзае, нават калі не адчыняць форткі. Таму калі ўсю зіму стаяць моцныя маразы, то адчыняць цяпліцу няма сэнсу.

Але цяпліцы бываюць розныя. І мікраклімат там бывае розны. У герметычных цяпліцах, а асабліва ў двухслойных, грунт прамярзае далёка не заўсёды, асабліва ў цёплую зіму. У цяпліцы з двума пластамі полікарбанату, асабліва ў сонечныя дні, паветра і грунт праграваюцца, і нават калі ноччу будзе мароз да -10 °С, то глеба ўсё роўна не замерзне, паколькі двухслойная цяпліца добра трымае цяпло. А калі грунт і замерзне, то толькі яго верхні пласт.

Нават пры начной тэмпературы -20 °С грунт у двухслойнай цяпліцы прамярзае толькі па перыметры, уздоўж падмурка, а ў цэнтры пры зачыненых вокнах і дзвярах практычна ніколі не прамярзае. З-за вялікай розніцы тэмператур у любых герметычных цяпліцах часта ўтвараецца кандэнсат і ствараюцца выдатныя ўмовы для развіцця патагенных грыбоў і зімоўкі многіх шкоднікаў: белакрылкі, павуцінных кляшчоў і іншых.

Каб пазбавіцца ад белакрылкі, дастаткова на працягу тыдня прамарожваць цяпліцу пры тэмпературы -15 °С. А каб справіцца з павуцінным кляшчом, патрэбен мароз не менш -30 °С.

Таму калі вы валодаеце герметычнай, а асабліва двухслойнай, цяпліцай, то яе лепш не зачыняць, асабліва калі няма суровай зімы, працяглых маразоў, а насякамых-шкоднікаў кожны сезон бывае шмат.

Калі цяпліцу нельга адчыняць на зіму

Часам цяпліцы ўстанаўліваюць проста на грунт, які з часам дае усадку, каркас перакошваецца, фортачкі і дзверы зачыняюцца няшчыльна. Вось такія канструкцыі не варта адчыняць на зіму, паколькі пры моцным парыве ветру цяпліца можа папросту «паляцець» да суседзяў, асабліва калі зямля яшчэ не прамерзла. А калі і не паляціць, то адчыненыя дзверы за зіму перакосяцца яшчэ больш. Аднак такую цяпліцу страшна трымаць адчыненай не толькі ўзімку, але і ўвесну, і ўлетку.

Акрамя таго, не варта адчыняць цяпліцу на зіму, калі яна размешчана на адкрытым, узвышаным месцы, якое моцна прадзімаецца. Асабліва калі ўсю зіму даглядаць цяпліцу няма магчымасці. Лепш закрыць яе і не перажываць наконт магчымых паломак.

Не варта таксама пакідаць цяпліцу адчыненай, калі полікарбанат ужо стары, крохкі, пашкоджаны ці калі ён прымацаваны да цяпліцы толькі шрубамі і шайбамі, без ужывання сцяжных стужак. У гэтым выпадку вялікая верагоднасць, што падчас парываў ветру лісты полікарбанату могуць адарвацца.

Адсюль выснова: ставіць цяпліцу на падмурак, выкарыстоўваць толькі якаснае пакрыццё і надзейна яго фіксаваць. У гэтым выпадку цяпліцу можна смела адчыняць у любую пару года.

Што лепш адчыняць: форткі ці дзверы

Калі вы — уладальнік герметычнай цяпліцы і прынялі рашэнне не зачыняць яе на зіму, каб грунтоўна прамарозіць, то можна пакідаць адчыненымі як фортачкі, так і дзверы, у залежнасці ад таго, што больш надзейна фіксуецца. Можна форткі зняць зусім, а дзверы шчыльна зачыніць. Аднак многія пакідаюць адчыненымі менавіта дзверы, паколькі падчас снегападаў дзверы дадаткова ўтрымліваюцца гурбамі снегу.

Дарэчы, калі дзверы ў цяпліцы зімой будуць адчыненыя, туды будзе зручна накідваць снег. Але рабіць гэта пажадана пасля таго, як зямля прамерзне: у другой палове зімы ці бліжэй да вясны. Снег увільгатніць і прамые градкі талай вадой, што дабратворна адаб'ецца на росце і развіцці раслін. Да таго ж увесну пры высадцы расады зямлю давядзецца менш паліваць.

Калі цяпліца стаіць каля дома, дзе вы пастаянна жывяце, то можна адкрыць яе зімой на нейкі невялікі перыяд, напрыклад, на некалькі тыдняў, падчас маразоў, калі няма моцнага ветру. Але калі вы з'язджаеце надоўга і не ўпэўненыя ў надзейнасці сваёй цяпліцы, то лепш яе шчыльна зачыніць. Усё ж такі ў першую чаргу трэба паклапаціцца пра захаванасць самой канструкцыі. А ад грыбкоў і шкоднікаў пры неабходнасці можна апрацаваць яе спецыяльнымі сродкамі.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.